children-1

Убачыўшы ў інтэрнэце артыкул, дзе пратэстант абмяркоўвае дзіцячыя літургіі і робіць некалькі добрых заўваг, я таксама паспрабаваў прывесці ў парадак свае думкі наконт дзяцей на Імшы. Аднак гэты працэс яшчэ знаходзіцца на ранняй стадыі…

У гэтым блогу я пісаў пра тое, як Інструкцыя пра дзяцей 1974 года яўным чынам прасоўвала ідэю, што дзяцей трэба ўводзіць у літургію праз “людскія каштоўнасці”, і чакала ад іх, што яны “адкрыюць свае вочы” на звышнатуральную прыроду літургіі толькі ў больш позні перыяд. Думаю, што гэтая ідэя з’яўляецца пераважнай крыніцай непаразумення і памылак у сённяшніх спрэчках на гэтую тэму. Мне здаецца, што яна адпавядае аргументу Марыі Мантэсоры, быццам малыя дзеці не гатовыя да казак, таму што яны не могуць адрозніць выдумку ад рэальнасці. Таксама яна нагадвае ідэю, якую мы знаходзім у Літургічным руху, што “разуменне” з’яўляецца неабходным для ўдзелу ў літургіі. Калі пад “разуменнем” маецца на ўвазе здольнасць артыкуляваць пасыл, які перадаецца, то гэта аргумент для істотнага спрашчэння літургіі, спрашчэння, якое можа пайсці нават далей, калі літургія служыцца для “простых” людзей, а таксама для дзяцей. Менавіта гэта мы чуем у прагрэсіўных размовах, таму, магчыма, гэтыя людзі так сабе і думаюць, альбо думаюць нешта падобнае. Бедныя і неадукаваныя не могуць зразумець складаную тэалогію — дайце ім што-небудзь простае, кажуць яны.

Вядома, гэта жудасная памылка. Каб убачыць, што гэта сапраўды памылка, проста падумайце пра малітву без слоў: тып малітвы, які выкарыстоўвалі святыя і містыкі Касцёла, да якіх нас заахвочваюць уздымацца. (Катэхізіс Каталіцкага Касцёла ўтрымлівае цудоўны раздзел пра малітву, які шмат кажа пра гэта.) Чалавек, які паглыбляецца ў маўклівую малітву, ці можа ён артыкуляваць, выказаць словамі значэнне свайго досведу? Вядома, не. Ці азначае гэта, што ён не змог паўдзельнічаць у такой практыцы? Зусім не.

Тое самае можна сказаць і ў адносінах да любові да мастацтва. Ці трэба ўмець артыкуляваць, выказваць словамі тое, што ты атрымаў ад сустрэчы з цудоўнай мастацкай працай, каб гэта лічылася важным досведам? Няма пра што казаць.

У хрысціянскім свеце існуюць і рухі, якія вельмі супраціўляюцца сцвярджальнай, інтэлектуальнай, лінейнай, лагічнай тэалогіі. Напрыклад, квакеры ў сваіх тэалагічных разважаннях не вельмі робяць націск на лагічную аргументацыю. Каталіцкая ж традыцыя спалучае містыцызм з інтэлектуальнай дакладнасцю — даволі выдатнае дасягненне, калі так падумаць. Лібералы хацелі б знішчыць і першае, і другое за раз, што таксама робіць уражанне, хоць і па-іншаму…

Так ці інакш, як толькі мы пазбавімся няўдалай ідэі, што людзі нічога не атрымліваюць з досведу, калі яны не могуць запісаць яго значэнне ў шэрагу сцвярджэнняў, тады мы зможам успрымаць цэлую групу рэчаў больш здаровым спосабам. Напрыклад, адносіны бацькоў з дзіцём з сіндромам Даўна. Бясслоўнае сяброўства закаханых людзей. Сацыяльны досвед спартыўных спаборніцтваў. Свет сапраўды робіцца цікавым месцам, калі мы не абмяжоўваем камунікацыю да словаў, а значны досвед — да рэчаў, якія можна без астатку перакласці на словы: і ўсе мы ведаем гэта, калі не дазваляем літургічным маньякам дурыць нам галаву.

Адпаведна, не існуе прычыны лічыць, што малыя дзеці нічога не атрымліваюць з літургіі, і зусім няправільна казаць, што яны не разумеюць яе. Разуменне складанага досведу — гэта рэч паступовая, і малыя дзеці ўспрымаюць рэчы на сваім узроўні, сваім спосабам і паступова прыходзяць да большага разумення, калі падобны досвед у іх паўтараецца. Так яны вучацца. Няма сэнсу казаць “ім не трэба быць на Імшы (альбо на звычайнай Імшы), таму што яны не разумеюць”, бо тады трэба казаць і пра тое, што ім не трэба слухаць размовы дарослых, глядзець на карціны, атрымліваць дамашняе заданне і адчуваць любоў. Як яны ўвогуле мусяць вучыцца, калі яны не атрымліваюць доступу да гэтых рэчаў?

30554407010_81f02e1e1e_k

Каб паглыбіць свае разважанні, я хачу прадставіць тры катэгорыі досведу, які маюць дзеці.

Першая катэгорыя — гэта ўспрыманне рэчаў, якія асабліва ім падабаюцца. Дзеці могуць пільна прыслухоўвацца да казак, а часам і запамінаць іх з вялікай дакладнасцю. Іх могуць захапляць дзікія і дамашнія жывёлы. І, вядома, іх можа цалкам паглынаць гульня. Гэтыя прыклады паказваюць, што дзеці здольныя ў даволі вялікай меры засяроджвацца. Магчыма, гэтага няма ў дзяцей, задураных тэлевізарам, але ў непаталагічных дзяцей гэта ёсць.

Другая катэгорыя — гэта рэчы, якія дзяцей пераўзыходзяць. Калі вы прыводзіце малых дзяцей на мастацкую выставу, альбо дазваляеце ім гуляць у пакоі, дзе размаўляюць дарослыя, альбо даеце ім паспрабаваць шэраг іншых рэчаў, якія відавочна перавышаюць іхні ўзровень, здараецца наступнае. Яны робяць свае справы: глядзяць у свае кніжкі, малююць, гуляюцца з лялькамі і гэтак далей — а на дарослую справу, ці то мастацтва, размова ці што іншае, яны звяртаюць увагу час ад часу. Раз ці другі яны на нешта глядзяць, ці чуюць нешта, што ім падабаецца, могуць задаць пытанне альбо проста звярнуць увагу. У некаторых выпадках гэта можа прыняць форму працяглай канцэнтрацыі. Праз некалькі дзён ці тыдняў вы можаце заўважыць, што дзіця інтэнсіўна думала пра нейкую рэмарку, пачутую ў дарослай размове, а потым гэта сталася прадметам размовы ў групе дзяцей. Дзіця можа спыніцца на выставе і пачаць доўга ўзірацца ў нейкую карціну. Гэтая карціна можа з’явіцца ў марах дзіцяці.

З цягам часу такая спарадычная ўвага да дарослага матэрыялу становіцца больш частай па меры таго, як лінгвістычныя і канцэптуальныя бар’еры паступова здымаюцца. Дзеці растуць. Важна зразумець, што перыяд спарадычнага ўдзелу ў дарослых размовах, мастацтве і іншым з’яўляецца нармальным і не абавязкова нецікавым для дзяцей, розуму якіх не трэба перашкаджаць вандраваць. Гэта частка працэсу развіцця. Як кажуць некаторыя педагогі, можна ўявіць сабе, што дзяцей трэба аддзяліць ад дарослага свету да таго часу, пакуль сістэматычная школьная адукацыя дасць ім неабходныя навыкі, якія дазволяць ім удзельнічаць у гэтым свеце на роўных умовах. Вядома, гэта апошняя рэч, якую можа забяспечыць школьная адукацыя.

Трэцяя катэгорыя досведу працуе крыху іншым спосабам: гэта адносіны. Дзеці не вучацца любові і сяброўству, гневу, абурэнню, прабачэнню, суперніцтву і супрацоўніцтву, перапісваючы матэрыял з дошкі. Гэта рэчы, якія неабавязкова артыкулююцца на пэўным этапе жыцця. Сфармаваны дарослы чалавек з чуласцю і добрымі сацыяльнымі навыкамі не можа цалкам аформіць сваю мудрасць словамі, таму што гэта немагчыма, а большая “інтэлігентнасць” не азначае большай здольнасці вымавіць яе словамі. Гэта разуменне, якое чалавек атрымлівае з досведу і прыкладу — з такога досведу і такіх прыкладаў, якія неабавязкова перадаюць сцвярджэнні, але ўсё адно трапляюць у дзіця і змяняюць яго характар. Мы бачым, як дзеці, а таксама дарослыя, з часам становяцца больш чулымі і больш шчырымі, альбо больш жорсткімі, больш стрыманымі і эгаістычнымі. Гэта бачна ў іхніх паводзінах, у іхніх тварах. Гэта тлумачыцца найперш не накапленнем ведаў, а фарміраваннем характару.

Зноў-такі, я хачу сказаць, што гэта нармальна і што гэта надзвычай важны аспект адукацыі, дакладней, выхавання, якое не мае нічога супольнага з фармальнай адукацыяй.

Мая думка наступная. Літургія зазвычай не адносіцца да першай катэгорыі досведу: гэта крыху другая катэгорыя (спазнаванне рэчаў, якія пераўзыходзяць дзіця), а крыху трэцяя каэгорыя (адукацыя ў адносінах), і гэтыя два тыпы досведу не так ужо і адрозніваюцца адзін ад аднаго. Літургічны досвед дзіцяці — гэта адначасова прадмет спарадычнай увагі да вышэйшых рэчаў, а таксама нешта, што аказвае эмацыйны і духоўны ўплыў на развіццё дзіцячага характару.

Малыя рэчы, якія малое дзіця можа заўважыць на Імшы — спеў, прыгожае ўбранне, дзіця Езус у калысцы, — могуць не толькі стаць прадметам вялікай цікавасці, але і аказаць невялікі выхавальны ўплыў. Па меры таго, як увага дзіцяці да літургіі стане менш спарадычнай, акажацца, што тое, на што яно ўжо больш пільна звяртае ўвагу, яму ўжо дасканала вядома, як і ў выпадку з дарослай размовай ці карцінамі на сценах ягонага дома. Знаёмасць — гэта школа малітвы, таксама як эмацыйнае жыццё сям’і — гэта школа адносінаў.

Дзеці каталікоў, прывязаных да традыцыйнай Імшы, не праяўляюць надзвычайных здольнасцяў не бегаць (ці лазіць) сюды-туды, не кідаць цацкі на лаўкі і не цягаць адно аднаго за валасы. Яны не пачынаюць звяртаць увагу на ўсё, што святар кажа і робіць, з моманту свайго хросту. Вядома, іх выхоўваюць, каб яны былі ціхімі і праяўлялі пашану, калі яны наведваюць Імшу разам са сваімі бацькамі. Але асноўная рэч заключаецца ў тым, што яны здабываюць знаёмасць з самымі прыгожымі і самымі глыбокімі духоўнымі рэчамі ў кантэксце пашаны, і гэта не толькі робіць унёсак у іхняе большае разуменне (у кожным сэнсе) таго, што адбываецца, але і ўплывае на іхняе развіццё як асобаў. Іерархія, парадак і малітва ў літургіі; рэальнасць святых рэчаў і іх выкарыстанне; парадак радасці і смутку, пакуты і праслаўлення ў малітве Хрыста ў Касцёле: гэтым рэчам нельга навучыць па кнігах і іх нельга зразумець за некалькі тыдняў. Яны павінны паступова набіраць форму ўнутры ўспрымальнай душы, якая мае доступ да літургіі на працягу гадоў і дэкадаў.

Як амаль кожны каталік майго пакалення, дзіцём я быў пазбаўлены нашай вялікай літургічнай спадчыны. І нават тады мой ранні досвед літургіі аказваў на мяне ўплыў, і зусім не кепскі. Нароўні з некаторымі жудаснымі рэчамі я захоўваю глыбокія і кранальныя ўспаміны пра начныя Імшы, ранішнія Імшы, манаскія Нешпары, спеў Ave Regina Caelorum: гэтыя паасобныя рэчы заставаліся са мною і кармілі маё ўяўленне і душу. Які ж прывілей — магчы цяпер прыводзіць сваіх дзяцей на Імшу. Не знеахвочваю літургічнай катэхізацыі, абмеркавання чытанняў і ўсяго такога, але галоўная думка такая: проста дайце ім убіраць у сябе.

І, дзеля ўсяго святога, не аддзяляйце іх ад дарослай малітвы, каб даць ім штосьці “больш простае для разумення”.


Аўтар: Joseph Shaw
Крыніца: LMS Chairman
Ілюстрацыйныя фота: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA)

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу аўтара.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар