four-cardinals

Чацвёра кардыналаў звярнуліся да таго, што яны называюць “адвечным” працэсам, у якім яны паставілі Папу Францішку серыю пытанняў у надзеі, што ягонае тлумачэнне дапаможа праясніць “сур’ёзную дэзарыентацыю і вялікае замяшанне”, выкліканыя ключавымі часткамі яго дакумента па выніках сінода на тэму сям’і Amoris Laetitia.

19 верасня кардыналы Карла Кафара, арцыбіскуп Балоньі на пенсіі; Рэйманд Бёрк, патрон Мальтыйскага ордэна; Вальтэр Брандмюлер, старшыня Пантыфікальнай рады па гістарычных навуках на пенсіі; і Ёахім Майснер, арцыбіскуп Кёльна на пенсіі, даслалі пяць пытанняў, называных dubia (лац. сумневы), разам з суправаджальным лістом Святому Айцу і кардыналу Герхарду Мюлеру, прэфекту Кангрэгацыі дактрыны веры.

Кожнае з dubia накіравана на атрыманне ад Апостальскай Сталіцы праяснення па ключавых частках дакумента, асабліва наконт таго, ці дапушчальна дазваляць прымаць святую Камунію разведзеным і паўторна жанатым асобам без ануляванага сужэнства.

З прычыны розных інтэрпрэтацый гэтай і іншых частак апостальскай адгартацыі Amoris Laetitia (“Радасць любові”), некаторыя з якіх, як здаецца, супярэчаць папярэдняму папскаму вучэнню (у прыватнасці, вучэнню св. Яна Паўла ІІ), кардыналы вырашылі падкрэсліць гэтыя пункты “з любоўю і справядлівасцю”, дзеля еднасці Касцёла.

У згодзе са сваёй звычкай не адказваць на выразы заклапочанасці апостальскай адгартацыяй, Святы Айцец таксама не адказаў на іхнюю просьбу, хоць крыніцы пацвярджаюць, што ён яе атрымаў.

Таму кардыналы заявілі, што яны ўспрымаюць “ягонае суверэннае рашэнне як запрашэнне спакойна і з павагай працягваць рэфлексію і дыскусію”, і таму вырашылі паінфармаваць “увесь Божы люд пра нашую ініцыятыву і прадставіць поўную дакументацыю”.

Ніжэй прыведзена поўная дакументацыя, якая складаецца з “неабходнай прадмовы”, dubia, суправаджальнага ліста, дасланых Папу, а таксама тлумачэнняў кардыналаў.


У пошуку яснасці: заклік развязаць вузлы Amoris Laetitia

1. Неабходная прадмова

Ліст, накіраваны чатырма кардыналамі Папу Францішку, бярэ свой пачатак з глыбокай пастырскай занепакоенасці.

Мы заўважылі сур’ёзную дэзарыентацыю і вялікае замяшанне шматлікіх вернікаў адносна надзвычай важных справаў у жыцці Касцёла. Мы заўважылі, што нават у калегіі біскупаў існуюць супрацьлеглыя інтэрпрэтацыі восьмага раздзела Amoris Laetitia.

Вялікія Традыцыя Касцёла вучыць нас, што выйсцем з сітуацый накшталт гэтай з’яўляецца зварот аб дапамозе да Святога Айца і просьба да Апостальскай Сталіцы вырашыць тыя сумневы, якія выклікаюць дэзарыентацыю і замяшанне.

Таму наш зварот з’яўляецца ўчынкам справядлівасці і любові.

Справядлівасці, бо сваёй ініцыятывай мы вызнаём, што Пятрова служэнне з’яўляецца служэннем еднасці і што Пятру, Папу належыць служэнне ўмацавання ў веры.

Любові, бо мы жадаем дапамагчы Папу пазбегнуць падзелаў і канфліктаў у Касцёле, просячы яго рассеяць усялякую двухсэнсоўнасць.

Мы таксама выканалі свой асаблівы абавязак. Згодна з Кодэксам кананічнага права (349), кардыналам, нават паасобку, даверана заданне дапамагаць Папу клапаціцца пра універсальны Касцёл.

Святы Айцец вырашыў не адказваць. Мы інтэрпрэтавалі ягонае суверэннае рашэнне як запрашэнне спакойна і з павагай працягваць рэфлексію і дыскусію.

І таму мы інфармуем увесь Божы люд пра нашую ініцыятыву, прадстаўляючы поўную дакументацыю.

Мы спадзяемся, што ніхто не вырашыць інтэрпрэтаваць гэтую справу згодна з парадыгмай “прагрэсівізму/кансерватызму”. Гэта было б цалкам няправільна. Мы глыбока занепакоеныя сапраўдным дабром душаў, найвышэйшым законам Касцёла, а не прасоўваннем якой-небудзь формы палітыкі ў Касцёле.

Мы спадзяемся, што ніхто не асудзіць нас несправядліва як ворагаў Святога Айца і людзей, пазбаўленых міласэрнасці. Тое, што мы зрабілі і робім, мае сваім вытокам глыбокую таварыскую прывязанасць, якая яднае нас з Папам, а таксама гарачае дбанне пра дабро вернікаў.

Кардынал Вальтэр Брандмюлер

Кардынал Рэйманд Л. Бёрк

Кардынал Карла Кафара

Кардынал Ёахім Майснер

2. Ліст чатырох кардыналаў да Папы

Яго Святасці Папу Францішку

і для інфармацыі Яго Эмінэнцыі кардыналу Герхарду Л. Мюлеру

Святы Ойча,

Пасля публікацыі вашай апостальскай адгартацыі Amoris Laetitia тэолагі і навукоўцы прапанавалі інтэрпрэтацыі, якія не толькі разыходзяцца, але таксама і супярэчаць адна адной, асабліва гэта датычыцца восьмага раздзела. Акрамя таго, СМІ падкрэслілі гэтую дыскусію, такім чынам справакаваўшы няпэўнасць, замяшанне і дэзарыентацыю сярод шматлікіх вернікаў.

З гэтай прычыны мы, ніжэйпадпісаныя, а таксама многія біскупы і святары атрымалі шматлікія запросы ад вернікаў з розных сацыяльных слаёў наконт карэктнай інтэрпрэтацыі восьмага раздзела адгартацыі.

Цяпер, змушаныя ў сумленні нашай пастырскай адказнасцю і жаданнем увесці ў жыццё яшчэ больш той сінадальнасці, да якой Ваша Святасць заклікае нас, з глыбокай пашанай мы дазваляем сабе прасіць вас, Святы Ойча, як вярхоўнага настаўніка веры, пакліканага Уваскрослым умацоўваць сваіх братоў у веры, вырашыць няпэўныя моманты і ўнесці яснасць, велікадушна даўшы адказ на dubia, якія мы прыкладаем да гэтага ліста.

Няхай Ваша Святасць пажадае благаславіць нас, а мы абяцаем пастаянна памятаць вас у малітве.

Кардынал Вальтэр Брандмюлер

Кардынал Рэйманд Л. Бёрк

Кардынал Карла Кафара

Кардынал Ёахім Майснер

Рым, 19 верасня 2016 года

3. Dubia

1. Пастаўлена пытанне, ці, згодна са сцвярджэннямі Amoris Laetitia (300-305), стала цяпер магчыма ўдзяляць адпушчэнне грахоў у сакрамэнце пакаяння і, такім чынам, дапускаць да святой Камуніі асобу, якая, будучы звязанай сапраўднай сужэнскай сувяззю, жыве разам з іншай асобай more uxorio без выканання ўмоваў, пададзеных у Familiaris Consortio, 84 і потым пацверджаных у Reconciliatio et Paenitentia, 34 і Sacramentum Caritatis, 29. Ці можа выраз “у некаторых выпадках”, які знаходзіцца ў зносцы 351 (305) адгартацыі Amoris Laetitia, прымяняцца да разведзеных асобаў, якія заключылі новы саюз і якія працягваюць жыць more uxorio?

2. Пасля публікацыі паслясінадальнай адгартацыі Amoris Laetitia (304) ці трэба яшчэ лічыць сапраўдным вучэнне энцыклікі св. Яна Паўла ІІ Veritatis Splendor, 79, заснаванай на Святым Пісанні і на Традыцыі Касцёла, наконт існавання абсалютных маральных нормаў, якія забараняюць унутрана дрэнныя ўчынкі і абавязваюць без выключэнняў?

3. Пасля Amoris Laetitia (301) ці ўсё яшчэ можна сцвярджаць, што асоба, якая пастаянна жыве ў супярэчнасці з прыказаннем Божага закону, напрыклад, з тым, якое забараняе чужалоства (Мц 19:3-9), знаходзіцца ў аб’ектыўнай сітуацыі пастаяннага цяжкага граху (Пантыфікальная камісія па заканадаўчых тэкстах, “Дэкларацыя”, 24 чэрвеня 2000 года)?

4. Пасля сцвярджэнняў Amoris Laetitia (302) наконт “акалічнасцяў, якія змяншаюць маральную адказнасць”, ці трэба яшчэ лічыць сапраўдным вучэнне энцыклікі св. Яна Паўла ІІ Veritatis Splendor, 81, заснаванай на Святым Пісанні і на Традыцыі Касцёла, згодна з якім “абставіны ці намеры ніколі не могуць на моцы яго аб’екту перамяніць унутрана дрэнны ўчынак у “суб’ектыўна” добры ўчынак альбо ўчынак, які можна абараніць як выбар”?

5. Пасля Amoris Laetitia (303) ці трэба яшчэ лічыць сапраўдным вучэнне энцыклікі св. Яна Паўла ІІ Veritatis Splendor, 81, заснаванай на Святым Пісанні і на Традыцыі Касцёла, якое выключае крэатыўную інтэрпрэтатыўную ролю сумлення і якое падкрэслівае, што сумленне ніколі не мае права апраўдваць выключэнні з абсалютных маральных нормаў, што забараняюць учынкі, унутрана дрэнныя з прычыны свайго аб’екту?

4.  Тлумачэнні чатырох кардыналаў

Кантэкст

Dubia (лац. “сумневы”) прадстаўляюць сабою пытанні, якія ставяцца перад Папам і Кангрэгацыяй дактрыны веры і накіраваныя на праясненне па асаблівых пытаннях адносна вучэння і практыкі.

Асаблівасцю гэтых запросаў з’яўляецца тое, што яны сфармуляваныя такім чынам, што патрабуюць адказу “так” альбо “не” без тэалагічнай аргументацыі. Такі спосаб звароту да Апостальскага Пасаду не з’яўляецца нашым вынаходніцтвам; гэта адвечная практыка.

Пяройдзем да таго, пра што канкрэтна ідзе размова.

Пасля публікацыі паслясінадальнай апостальскай адгартацыі Amoris Laetitia пра любоў у сям’і паўстала дыскусія, асабліва наконт восьмага раздзела. Параграфы 300-305 сталі асаблівым аб’ектам розных інтэрпрэтацый.

Па меркаванні многіх — біскупаў, святароў, вернікаў — гэтыя параграфы намякаюць альбо нават ясна навучаюць пра змену дысцыпліны Касцёла адносна разведзеных асобаў, якія жывуць у новым саюзе, тады як іншыя, прызнаючы адсутнасць яснасці ці нават двухсэнсоўнасць сумнеўных урыўкаў, тым не менш кажуць, што тыя самыя старонкі можна прачытаць у неразрыўнасці з папярэднім магістэрыем і што яны не ўтрымліваюць мадыфікацыі практыкі і вучэння Касцёла.

Матываваныя пастырскім клопатам пра вернікаў, чацвёра кардыналаў даслалі ліст Святому Айцу ў форме dubia, спадзеючыся атрымаць яснасць, бо сумневы і няпэўнасць заўсёды вельмі разбуральныя для пастырскай апекі.

Той факт, што інтэрпрэтатары прыходзяць да розных заключэнняў, назіраецца таксама з-за рознага разумення хрысціянскага маральнага жыцця. У гэтым сэнсе, размова ў Amoris Laetitia ідзе не толькі пра пытанне таго, могуць ці не разведзеныя асобы, якія ўвайшлі ў новы саюз, пры пэўных умовах быць дапушчанымі да сакрамэнтаў.

Але інтэрпрэтацыя дакумента таксама мае на ўвазе розныя, кантрастныя падыходы да хрысціянскага стылю жыцця.

Такім чынам, у той час, як першае пытанне dubia датычыцца практычнага пытання адносна разведзеных і паўторна жанатых асобаў, астатнія чатыры пытанні закранаюць фундаментальныя пытанні хрысціянскага жыцця.

Пытанні

Сумнеў № 1:

Пастаўлена пытанне, ці, згодна са сцвярджэннямі Amoris Laetitia (300-305), стала цяпер магчыма ўдзяляць адпушчэнне грахоў у сакрамэнце пакаяння і, такім чынам, дапускаць да святой Камуніі асобу, якая, будучы звязанай сапраўднай сужэнскай сувяззю, жыве разам з іншай асобай more uxorio без выканання умоваў, пададзеных у Familiaris Consortio, 84 і потым пацверджаных у Reconciliatio et Paenitentia, 34 і Sacramentum Caritatis, 29. Ці можа выраз “у некаторых выпадках”, які знаходзіцца ў зносцы 351 (305) адгартацыі Amoris Laetitia, прымяняцца да разведзеных асобаў, якія заключылі новы саюз і якія працягваюць жыць more uxorio?

Пытанне 1 робіць асаблівую спасылку на Amoris Laetitia, 305 і на зноску 351. Тады як зноска 351 канкрэтна кажа пра сакрамэнты пакаяння і Камуніі, ані яна, ані асноўны тэкст не згадваюць разведзеных і паўторна жанатых асобаў у гэтым кантэксце.

Апостальская адгартацыя Папы Яна Паўла ІІ Familiaris Consortio, 84 ужо разважала над магчымасцю допуску разведзеных і паўторна жанатых асобаў да сакрамэнтаў. Яна згадвае тры ўмовы:

  • Згаданыя асобы не могуць разысціся без здзяйснення новай несправядлівасці (напрыклад, яны могуць быць адказнымі за выхаванне сваіх дзяцей);
  • Яны бяруць на сябе абавязак жыць у згодзе з праўдай аб сваёй сітуацыі, гэта значыць, перастаць жыць разам, як муж і жонка (more uxorio), устрымліваючыся ад тых актаў, якія належаць сужэнцам;
  • Яны пазбягаюць стварэння скандалу (гэта значыць, яны пазбягаюць стварэння ўражання граху, каб пазбегнуць небяспекі звесці іншых да граху).

Умовы, згаданыя ў Familiaris Consortio, 84, а таксама ў наступных пералічаных дакументах, адразу здадуцца лагічнымі, калі мы ўзгадаем, што сужэнская сувязь заснавана не толькі на ўзаемнай прывязанасці, а сэксуальныя адносіны — гэта не адзіны занятак, які могуць мець пары.

Сэксуальныя адносіны належаць да сужэнскай любові. Яны з’яўляюцца нечым настолькі важным, настолькі добрым і настолькі каштоўным, што яны патрабуюць асаблівага кантэксту, кантэксту сужэнскай любові. Адпаведна, устрымлівацца павінны не толькі разведзеныя асобы, якія жывуць у новым саюзе, але кожны, хто не знаходзіцца ў сужэнстве. Для Касцёла шостае прыказанне — “не чужалож” — заўсёды адносілася да любой праявы людской сэксуальнасці па-за шлюбам, гэта значыць, да любога тыпу сэксуальных адносінаў, якія праяўляюцца не ў адносінах да сапраўднага сужэнца.

Здаецца, што допуск да Камуніі тых вернікаў, якія разышліся або развяліся са сваім сапраўдным сужэнцам і якія ўвайшлі ў новы саюз, у якім яны жывуць з кімсьці яшчэ, як быццам бы яны з’яўляюцца мужам і жонкай, азначаў бы, што Касцёл сваёй практыкай навучае аднаму з наступных сцвярджэнняў пра сужэнства, людскую сэксуальнасць і прыроду сакрамэнтаў:

  • Развод не разрывае сужэнскую сувязь, а партнёры ў новым саюзе не жанатыя. Аднак нежанатыя асобы могуць пры пэўных умовах законна мець акты сэксуальнай блізкасці.
  • Развод разрывае сужэнскую сувязь. Нежанатыя людзі не могуць законна мець сэксуальныя адносіны. Разведзеныя і паўторна жанатыя асобы з’яўляюцца законнымі сужэнцамі, і іхнія сэксуальныя акты з’яўляюцца законнымі сужэнскімі актамі.
  • Развод не разрывае сужэнскую сувязь, а партнёры ў новым саюзе не жанатыя. Нежанатыя людзі не могуць законна мець сэксуальныя адносіны, таму разведзеныя і паўторна жанатыя асобы жывуць у стане пастаяннага, публічнага, аб’ектыўнага і цяжкага граху. Аднак допуск асобаў да Эўхарыстыі не азначае для Касцёла прызнання іхняга публічнага стану жыцця; вернікі могуць прыступаць да эўхарыстычнага стала нават са свядомасцю цяжкага граху, а атрыманне адпушчэння грахоў у сакрамэнце пакаяння не заўсёды патрабуе пастановы змяніць сваё жыццё. Таму сакрамэнты аказваюцца аддзеленымі ад жыцця: хрысціянскія абрады і малітва знаходзяцца зусім у іншай сферы, чым хрысціянскае маральнае жыццё.

Сумнеў № 2:

Пасля публікацыі паслясінадальнай адгартацыі Amoris Laetitia (304) ці трэба яшчэ лічыць сапраўдным вучэнне энцыклікі св. Яна Паўла ІІ Veritatis Splendor, 79, заснаванай на Святым Пісанні і на Традыцыі Касцёла, наконт існавання абсалютных маральных нормаў, якія забараняюць унутрана дрэнныя ўчынкі і абавязваюць без выключэнняў?

Другое пытанне мае на ўвазе існаванне так званых унутрана дрэнных учынкаў. Энцыкліка Яна Паўла ІІ Veritatis Splendor, 79 сцвярджае, што асоба можа “прызнаць маральна дрэнным у адносінах да свайго прадмету… свядомы выбар пэўных відаў паводзінаў альбо канкрэтныя ўчынкі, не звяртаючы ўвагі на намеры, якія спрыялі гэтаму выбару, альбо на ўсю сукупнасць магчымых наступстваў гэтага выбару для ўсіх зацікаўленых асобаў”.

Такім чынам, гэтая энцыкліка вучыць нас, што існуюць учынкі, якія з’яўляюцца заўсёды дрэннымі, якія забаронены маральнымі нормамі, што абавязваюць без выключэнняў (“маральнымі абсалютамі”). Гэтыя маральныя нормы заўсёды негатыўныя, гэта значыць, яны кажуць нам, чаго нельга рабіць. “Не забівай”. “Не чужалож”. Толькі негатыўныя нормы могуць абавязваць без выключэння.

Згодна з Veritatis Splendor, у выпадку ўнутрана дрэнных учынкаў не патрабуецца распазнавання ані абставінаў, ані намераў. З’яднанне з жанчынай, якая замужам за іншым, ёсць і застаецца актам чужалоства, які ніколі нельга рабіць, нават калі, зрабіўшы так, агент мог бы выцягнуць каштоўныя сакрэты ў жонкі злачынцы і вызваліў бы каралеўства (хоць гэта гучыць, як прыклад з фільма пра Джэймса Бонда, св. Тамаш Аквінскі ў De Malo, q. 15, a. 1 ужо паразважаў над гэтым). Ян Павел ІІ кажа, што намеры (напрыклад, “вызваленне каралеўства”) не змяняюць віду дзеяння (тут: “здзяйсненне чужалоства”) і што дастаткова ведаць від учынка (“чужалоства”), каб ведаць, што яго нельга рабіць.

Сумнеў № 3:

Пасля Amoris Laetitia (301) ці ўсё яшчэ можна сцвярджаць, што асоба, якая пастаянна жыве ў супярэчнасці з прыказаннем Божага закону, напрыклад, з тым, якое забараняе чужалоства (Мц 19:3-9), знаходзіцца ў аб’ектыўнай сітуацыі пастаяннага цяжкага граху (Пантыфікальная камісія па заканадаўчых тэкстах, “Дэкларацыя”, 24 чэрвеня 2000 года)?

У параграфе 301 Amoris Laetitia згадвае, што “Касцёл мае грунтоўныя разважанні на тэму змякчальных умоў і абставінаў”. Дакумент робіць вывад, што “таму нельга сказаць, што кожны, хто знаходзіцца ў г. зв. “нестандартнай” сітуацыі, жыве ў стане смяротнага граху, пазбаўлены асвячальнай ласкі”.

У сваёй “Дэкларацыі” ад 24 чэрвеня 2000 года Пантыфікальная камісія па заканадаўчых тэкстах паясняе канон 915 Кодэкса кананічнага права, які сцвярджае, што тыя, хто “настойліва трывае ў яўным цяжкім граху, не павінен быць дапушчаны да святой Камуніі”. “Дэкларацыя” кажа, што гэты канон прымяняецца таксама да разведзеных і паўторна жанатых вернікаў. Яна сцвярджае, што “цяжкі грэх” трэба разумець аб’ектыўна, улічваючы той факт, што служыцель Эўхарыстыі не мае магчымасці судзіць пра суб’ектыўную віну асобы.

Такім чынам, для “Дэкларацыі” пытанне допуску да сакрамэнтаў зводзіцца да суджэння пра аб’ектыўную жыццёвую сітуацыю асобы, а не да суджэння, што гэтая асоба знаходзіцца ў стане смяротнага граху. Сапраўды, суб’ектыўна ён ці яна можа не несці поўную адказнасць альбо не несці адказнасці ўвогуле.

У тым жа духу, у сваёй энцыкліцы Ecclesia de Eucharistia, 37 св. Ян Павел ІІ згадвае, што “[чалавек] сам ацэньвае свой стан ласкі, бо яна датычыць сумлення”. Такім чынам, гэтая розніца, пра якую кажа Amoris Laetitia, паміж суб’ектыўнай сітуацыяй смяротнага граху і аб’ектыўнай сітуацыяй цяжкага граху сапраўды добра распрацавана ў вучэнні Касцёла.

Аднак Ян Павел ІІ працягвае, настойваючы, што “ў выпадках відавочных паводзінаў, якія сур’ёзна, яўна і пастаянна супярэчаць маральным нормам, Касцёл у душпастырскім клопаце пра сапраўдны парадак у супольнасці і пра пашану да сакрамэнту не можа ўстрымлівацца ад прыняцця адпаведных крокаў”. Затым ён паўтарае вучэнне канона 915, згаданае вышэй.

Такім чынам, пытанне 3 мае на мэце праясніць, ці нават пасля Amoris Laetitia ўсё яшчэ можна казаць, што асобы, якія пастаянна жывуць у супярэчнасці з прыказаннямі Божага закону, такімі як прыказанне супраць чужалоства, крадзяжу, забойства альбо ілжывага сведчання, жывуць у аб’ектыўнай сітуацыі пастаяннага цяжкага граху, нават калі па нейкіх прычынах няма ўпэўненасці, што яны суб’ектыўна адказныя за свае пастаянныя парушэнні.

Сумнеў № 4:

Пасля сцвярджэнняў Amoris Laetitia (302) наконт “акалічнасцяў, якія змяншаюць маральную адказнасць”, ці трэба яшчэ лічыць сапраўдным вучэнне энцыклікі св. Яна Паўла ІІ Veritatis Splendor, 81, заснаванай на Святым Пісанні і на Традыцыі Касцёла, згодна з якім “абставіны ці намеры ніколі не могуць на моцы яго аб’екту перамяніць унутрана дрэнны ўчынак у “суб’ектыўна” добры ўчынак альбо ўчынак, які можна абараніць як выбар”?

У параграфе 302 Amoris Laetitia падкрэслівае, што з прычыны змякчальных абставінаў “негатыўная ацэнка аб’ектыўнай сітуацыі не сведчыць пра адказнасць ці віну дадзенай асобы”. Dubia паказваюць на вучэнне Касцёла, выкладзенае ў энцыкліцы Яна Паўла ІІ Veritatis Splendor, згодна з якім абставіны і добрыя намеры ніколі не могуць перамяніць унутрана дрэнны ўчынак ва ўчынак, які з’яўляецца даравальным ці нават добрым.

Паўстае пытанне, ці згаджаецца таксама Amoris Laetitia, што кожны ўчынак, які перакрочвае Божыя прыказанні, такі як чужалоства, забойства, крадзеж альбо ілжывае сведчанне, не можа ніколі з прычыны абставінаў, якія змяншаюць асабістую адказнасць, стаць даравальным ці нават добрым.

Ці працягваюць гэтыя ўчынкі, якія Традыцыя Касцёла назвала кепскімі самімі па сабе і цяжкімі грахамі, быць разбуральнымі і шкоднымі для кожнага, хто іх здзяйсняе, незалежна ад таго, у якім суб’ектыўным стане маральнай адказнасці ён знаходзіцца?

Альбо ці могуць гэтыя ўчынкі, у залежнасці ад суб’ектыўнага стану асобы, а таксама абставінаў і намераў, перастаць быць шкоднымі і стаць пахвальнымі альбо прынамсі даравальнымі?

Сумнеў № 5:

Пасля Amoris Laetitia (303) ці трэба яшчэ лічыць сапраўдным вучэнне энцыклікі св. Яна Паўла ІІ Veritatis Splendor, 81, заснаванай на Святым Пісанні і на Традыцыі Касцёла, якое выключае крэатыўную інтэрпрэтатыўную ролю сумлення і якое падкрэслівае, што сумленне ніколі не мае права апраўдваць выключэнні з абсалютных маральных нормаў, што забараняюць учынкі, унутрана дрэнныя з прычыны свайго аб’екту?

Amoris Laetitia, 303 сцвярджае, што “сумленне можа прызнаць не толькі тое, што дадзеная сітуацыя аб’ектыўна не адпавядае агульным пастулатам Евангелля, але можа таксама шчыра і сумленна прыняць тое, што ў дадзеную хвіліну з’яўляецца [найбольш] велікадушным адказам, які можна даць Богу”. Пытанне змяшчае просьбу аб праясненні гэтых сцвярджэнняў, улічваючы, што яны дапускаюць розныя інтэпрэтацыі.

Для тых, хто прапаноўвае крэатыўнае бачанне сумлення, патрабаванні Божага закону і нормы індывідуальнага сумлення могуць знаходзіцца ў супярэчанні, а нават супрацьстаяць адно аднаму, тады як апошняе слова павінна заўсёды заставацца за сумленнем, якое канчаткова вырашае, што з’яўляецца добрым, а што кепскім. Паводле Veritatis Splendor, 56, “на гэтай аснове робяцца спробы легітымізаваць так званыя “пастырскія” рашэнні, супярэчныя вучэнню Магістэрыя, і апраўдаць “крэатыўную” герменеўтыку, паводле якой асобныя негатыўныя нормы не з’яўляюцца абавязковымі для сумлення ў кожным выпадку”.

З гэтай перспектывы, сумленню ніколі не будзе дастаткова ведаць: “гэта чужалоства” альбо “гэта забойства”, каб ведаць, што гэта тое, чаго чалавек не можа і не павінен рабіць.

Наадварот, чалавек павінен будзе глядзець на абставіны ці намеры, каб ведаць, ці не быў гэты ўчынак даравальным альбо нават абавязковым (пытанне 4). Згодна з гэтымі тэорыямі, сумленне магло б сапраўды справядліва вырашаць, што ў дадзеным выпадку Божая воля для мяне заключаецца ва ўчынку, якім я перакрочваю адно з Ягоных прыказанняў. “Не чужалож” успрымаецца як проста агульная норма. Ва ўмовах тут і цяпер, з улікам маіх добрых намераў, здзяйсненне чужалоства — гэта тое, чаго Бог сапраўды патрабуе ад мяне. У такіх абставінах можна прынамсі ўявіць выпадкі цнатлівага чужалоства, законнага забойства і абавязковага ілжывага сведчання.

Гэта азначала б, што сумленне ўспрымаецца як інстытут, які аўтаномна вырашае, што з’яўляецца дабром і злом, а Божы закон успрымаецца як ярмо, якое накладаецца дэспатычна і якому часам можна супярэчыць у нашым сапраўдным шчасці.

Аднак сумленне не вырашае пытанні дабра і зла. Уся ідэя “рашэння сумлення” няправільная. Адпаведнае дзеянне сумлення — судзіць, а не вырашаць. Яно кажа: “Гэта добра”. “Гэта дрэнна”. Дабрадзейнасць альбо кепскасць учынка не залежаць ад сумлення. Яно прызнае і распазнае дабрадзейнасць альбо кепскія ўчынкі, і для гэтага (для таго, каб судзіць) сумленне патрабуе крытэрыяў; яно па сваёй сутнасці залежыць ад праўды.

Божыя прыказанні найбольш дапамагаюць сумленню ведаць праўду і, адпаведна, судзіць праўдзіва. Божыя прыказанні з’яўляюцца выразам праўды наконт нашага дабра, наконт самога нашага існавання; яны адкрываюць нешта крытычна важнае пра тое, як жыць добра. Папа Францішак таксама выказваецца ў тым самым ключы, калі ў Amoris Laetitia, 295 ён кажа: “Закон — гэта таксама дар Бога, які ўказвае дарогу, дар для ўсіх без выключэння”.


Аўтар: Edward Pentin
Крыніца: National Catholic Register
Гербы кардыналаў: SajoR (CC BY-SA)

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу аўтара. Дакументацыя на англійскай мове прадстаўлена выданню NCR на англійскай і іншых мовах кардыналамі.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар