Чацвёра кардыналаў фармальным чынам просяць Папу праясніць Amoris Laetitia

cardinals-mini

Старэйшыя лідары Касцёла згадалі дыскусійныя аспекты апостальскай адгартацыі Святога Айца, якія датычацца прыняцця Камуніі.

ВАТЫКАН — З-за “глыбокай пастырскай занепакоенасці” чацвёра кардыналаў прадпрынялі вельмі рэдкі крок і апублікавалі пяць пытанняў, якія яны даслалі Папу Францішку, спрабуючы праясніць “сур’ёзную дэзарыентацыю і вялікае замяшанне”, якое акружае дакумент, выдадзены па рэзультатах Сінода на тэму сям’і, Amoris Laetitia (“Радасць любові”).

19 верасня італьянскі кардынал Карла Кафара (Carlo Caffarra), амерыканскі кардынал Рэйманд Бёрк (Raymond Burke) і нямецкія кардыналы Вальтэр Брандмюлер (Walter Brandmüller) і Ёахім Майснер (Joachim Meisner) даслалі Святому Айцу і кардыналу Герхарду Мюлеру (Gerhard Müller), прэфекту Кангрэгацыі дактрыны веры, пяць пытанняў, якія называюцца dubia (лац. сумневы), а таксама суправаджальны ліст.

Dubia — гэта фармальныя пытанні, якія ставяцца перад Папам і Кангрэгацыяй дактрыны веры і накіраваныя на атрыманне адказу “так” ці “не” “без тэалагічнай аргументацыі”. Такая практыка з’яўляецца даўно прынятым спосабам звароту да Апостальскага Пасаду, прызначаным для дасягнення яснасці па пытаннях вучэння Касцёла.

Па словах кардыналаў, мэтай было праясніць “супрацьлеглыя інтэрпрэтацыі” параграфаў 300—305 у восьмым раздзеле Amoris Laetitia, якія з’яўляюцца найбольш дыскусійнымі ўрыўкамі і датычацца допуску разведзеных і паўторна жанатых асобаў да сакрамэнтаў, а таксама маральнага вучэння Касцёла.

У заяве, выдадзенай 14 лістапада пад назвай “У пошуку яснасці: заклік развязаць вузлы Amoris Laetitia“, кардыналы кажуць, што “па меркаванні многіх — біскупаў, святароў, вернікаў — гэтыя параграфы намякаюць альбо нават ясна навучаюць пра змену дысцыпліны Касцёла адносна разведзеных асобаў, якія жывуць у новым саюзе”.

Але іншыя — кажуць яны — “прызнаючы адсутнасць яснасці ці нават двухсэнсоўнасць сумнеўных урыўкаў, тым не менш кажуць, што тыя самыя старонкі можна прачытаць у неразрыўнасці з папярэднім магістэрыем і што яны не ўтрымліваюць мадыфікацыі практыкі і вучэння Касцёла”.

Кардыналы падкрэслілі, што праясненне гэтых пытанняў “мае надзвычайную важнасць” для “жыцця Касцёла”.

З моманту публікацыі Amoris Laetitia ў красавіку некаторыя з касцёльных лідараў — галоўным чынам, кардынал Вальтэр Каспер (Walter Kasper) і папскі дарадчык езуіт Антоніа Спадара (Antonio Spadaro) — настойвалі, што адгартацыя знаходзіцца ў згодзе з вучэннем Касцёла, аднак адкрывае дзверы да допуску некаторых разведзеных і паўторна жанатых асобаў да сакрамэнтаў. Іншыя, як арцыбіскуп Філадэльфіі Чарльз Шап’ю (Charles Chaput), лічаць, што яе можна прачытаць у святле вучэння і жыцця Касцёла і што яна не дазваляе такой змены ў пастырскай практыцы.

Паколькі Папа не адказаў на dubia, чацвёра падпісантаў заявілі, што яны ўспрымаюць “ягонае суверэннае рашэнне як запрашэнне спакойна і з павагай працягваць рэфлексію і дыскусію”, і таму вырашылі паінфармаваць “увесь Божы люд пра нашую ініцыятыву і прадставіць поўную дакументацыю”.

Чаго датычыліся dubia?

Пяць dubia прадстаўляюць сабою кароткія і сціслыя пытанні па параграфах 300—305. Першае пытанне — гэта практычнае пытанне наконт разведзеных і паўторна жанатых асобаў; астатнія чатыры закранаюць фундаментальныя справы хрысціянскага жыцця.

Першае пытанне датычыцца таго, ці “стала цяпер магчыма” дапускаць да сакрамэнтаў разведзеных і паўторна жанатых асобаў, хоць яны і практыкуюць сэксуальныя адносіны, без “выканання ўмоваў”, выкладзеных у папярэднім вучэнні, пераважна св. Янам Паўлам ІІ, такім як ягоная апостальская адгартацыя пра сям’ю Familiaris Consortio (1981). Далей кардыналы пытаюцца, ці выраз “у некаторых выпадках”, які знаходзіцца ў зносцы 351 (параграф 305) Amoris Laetitia, павінен прымяняцца да разведзеных асобаў, якія заключылі новы саюз і якія працягваюць жыць more uxorio (практыкуючы сэксуальныя адносіны).

Касцёл вучыць, што разведзеныя і паўторна жанатыя каталікі могуць прымаць святую Камунію толькі жывучы ва ўстрыманні, як “брат і сястра”. Гэта так, таму што, згодна з вучэннем Хрыста, асоба, якая заключае паўторны шлюб без анулявання папярэдняга і мае сэксуальныя адносіны з іншай асобай, чыніць чужалоства і знаходзіцца ў стане смяротнага граху.

Другое пытанне датычыцца таго, ці засталося сапраўдным вучэнне св. Яна Паўла ІІ ў энцыкліцы Veritatis Splendor (“Ззянне праўды”), у № 79, “наконт існавання абсалютных маральных нормаў, якія забараняюць унутрана дрэнныя ўчынкі і абавязваюць без выключэнняў”.

Затым кардыналы пытаюцца, ці пасля Amoris Laetitia “ўсё яшчэ можна сцвярджаць”, што асоба, якая “пастаянна жыве ў супярэчнасці з прыказаннем Божага закону, напрыклад, з тым, якое забараняе чужалоства”, жыве “ў аб’ектыўнай сітуацыі пастаяннага цяжкага граху”.

Па-чацвёртае, яны хочуць праясніць, ці ў святле адгартацыі дагэтуль з’яўляецца сапраўдным вучэнне Veritatis Splendor наконт таго, што “абставіны ці намеры ніколі не могуць на моцы яго аб’екту перамяніць унутрана дрэнны ўчынак у “суб’ектыўна” добры ўчынак альбо ўчынак, які можна абараніць як выбар”.

Нарэшце, кардыналы спадзяюцца, што Папа праясніць, ці застаецца верным вучэнне Veritatis Splendor, № 56, “дзе падкрэсліваецца, што сумленне ніколі не мае права апраўдваць выключэнні з абсалютных маральных нормаў, што забараняюць учынкі, унутрана дрэнныя з прычыны свайго аб’екту”.

У dubia кардыналы тройчы паўтараюць, што энцыкліка Veritatis Splendor “заснавана на Святым Пісанні і на Традыцыі Касцёла”.

Учынак “справядлівасці і любові”

У сваёй заяве ад 14 лістапада чацвёра лідараў Касцёла падкрэсліваюць, што дзейнічаюць перадусім з пачуцця “справядлівасці і любові”: справядлівасці — таму што яны вызнаюць праз dubia Пятрова служэнне еднасці і пацвярджэння веры; і любові — бо яны хочуць “дапамагчы Папу пазбегнуць падзелаў і канфліктаў у Касцёле, просячы яго рассеяць усялякую двухсэнсоўнасць”.

Кардыналы таксама заявілі, што яны выконваюць свой абавязак, згодна з канонам 349 Кодэкса кананічнага права: дапамагаць Папу “апекавацца паўсюдным Касцёлам”. Яны падкрэслілі, што іхняя ініцыятыва не павінна інтэрпрэтавацца “згодна з парадыгмай прагрэсівізму/кансерватызму”, бо гэта будзе “цалкам няправільна”.

Наадварот, яны робяць націск на тым, што іхнія матывы заключаюцца ў тым, што яны “глыбока занепакоеныя сапраўдным дабром душаў, найвышэйшым законам Касцёла, а не прасоўваннем якой-небудзь формы палітыкі ў Касцёле”.

“Мы спадзяемся, што ніхто не асудзіць нас несправядліва як ворагаў Святога Айца і людзей, пазбаўленых міласэрнасці, — працягваюць яны. — Тое, што мы зрабілі і робім, мае сваім вытокам глыбокую таварыскую прывязанасць, якая яднае нас з Папам, а таксама гарачае дбанне пра дабро вернікаў”.

Ліст да Папы

У сваім лісце да Папы ад 19 верасня кардыналы растлумачылі прычыны гэтага дзеяння, настойваючы, што праясненне патрэбнае, бо “тэолагі і навукоўцы прапанавалі інтэрпрэтацыі” восьмага раздзела Amoris Laetitia, якія “не толькі разыходзяцца, але таксама і супярэчаць адна адной”.

Кардыналы кажуць, што СМІ “падкрэслілі гэтую дыскусію, такім чынам справакаваўшы няпэўнасць, замяшанне і дэзарыентацыю сярод шматлікіх вернікаў”. Яны таксама кажуць, што “многія біскупы і святары” атрымалі “шматлікія запросы аб праясненні ад вернікаў з розных сацыяльных слаёў”.

Падпісанты тлумачаць у лісце да Папы, што яны адчуваюць “абавязак сумлення” дзейнічаць згодна са сваёй “пастырскай адказнасцю”, а таксама яны хочуць “увесці ў жыццё яшчэ больш той сінадальнасці, да якой Ваша Святасць заклікае нас”.

Яны заканчваюць просьбай да Святога Айца “умацоўваць сваіх братоў у веры, вырашыць няпэўныя моманты і ўнесці яснасць, велікадушна даўшы адказ на dubia, якія мы прыкладаем да гэтага ліста”.

Поўны тэкст дакументаў у беларускім перакладзе даступны тут.


Аўтар: Edward Pentin
КрыніцаNational Catholic Register
Ілюстрацыя: Ёзаф Вагнэр-Хёхэнберг (Josef Wagner-Höhenberg), Сустрэча кардыналаў, 1864 (фрагмент).

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу аўтара.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

You may also like...

Пакіньце адказ

6 Каментары да "Чацвёра кардыналаў фармальным чынам просяць Папу праясніць Amoris Laetitia"

Leave a Reply

Сартаваць:   найноўшыя | найстарэйшыя | найбольш галасоў
Андрэй
Госць
Андрэй

Дзякуй вялікі, даволі глыбокі і ў той жа час просты для разумення артыкул, Шчыра рады, што знайшоў ваш сайт. Ніколі не чуў раней пра працэдуру dubia, было б цікава прачытаць, наколькі часта і па якіх спрэчных пытаннях яна прымянялася.
Дзякуй за вашу працу!

wpDiscuz

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: