youth-mini

У нядаўнім інтэрв’ю з езуітам а. Антоніа Спадара Папа Францішак зноў паказаў сваё сталае неразуменне традыцыйнай лацінскай Імшы і яе прыхільнікаў. Як паведамляе Catholic News Service:

На пытанне пра літургію Папа Францішак адказаў, што Імша, рэфармаваная пасля Другога Ватыканскага сабору, застаецца нязменнай, а “казаць пра рэформу рэформы — гэта памылка”.

[…]

Папа Францішак сказаў айцу Спадара, што ён здзіўляецца, чаму некаторыя маладыя людзі, якія не былі выхаваныя ў старым лацінскім абрадзе, тым не менш аддаюць яму перавагу.

“І я пытаюся сябе: адкуль так шмат зацвярдзеласці? Ты капаеш, капаеш: гэтая зацвярдзеласць заўсёды нешта хавае, ненадзейнасць альбо нават штосьці яшчэ. Зацвярдзеласць абарончая. Сапраўдная любоў не цвёрдая”.

З гэтай заявай усё настолькі кепска, што цяжка зразумець, адкуль пачаць.

Па-першае, заўважым, што гэта аплявуха Папу Бенедыкту XVI і ягоным адважным высілкам у справе рэформы рымскага абраду падчас свайго пантыфікату.

Любы чалавек, знаёмы з літургічнай сітуацыяй апошніх пяцідзесяці гадоў, разумее, наколькі патрабуе рэформаў Імша Novus Ordo. Пераадоленне ўведзеных у літургію інавацый, некаторыя з якіх адмыслова накіраваныя на прафанацыю Імшы, у апошнія гады было цэнтрам увагі многіх людзей ва ўсім Касцёле. Менавіта гэтую спробу вярнуць месца святому мы і называем “рэформай рэформы”.

Аднак каментарыі Святога Айца наконт традыцыйнай лацінскай Імшы яшчэ больш збіваюць з панталыку і, шчыра кажучы, выводзяць з сябе.

Папа Францішак сказаў айцу Спадара, што ён здзіўляецца, чаму некаторыя маладыя людзі, якія не былі выхаваныя ў старым лацінскім абрадзе, тым не менш аддаюць яму перавагу.

Праўда? Папа пастырскага суправаджэння не можа высветліць, чаму маладых людзей прыцягвае традыцыя? Вось вам новы падыход: спытайцеся іх.

Гэта не першы раз, калі Папа Францішак паказаў адсутнасць разумення гэтай сітуацыі. Яшчэ больш трывожна тое, што ў яго, відавочна, адсутнічае цікаўнасць.

Тысячы словаў напісаныя пра аднаўленне традыцыі (некаторыя з іх — вашым пакорным слугою). Але яшчэ прасцей спытацца маладых каталікоў. Так, менавіта тых каталікоў, хто не паддаўся секулярызаванай культуры, застаўся верным і артадаксальным, адкрытым для жыцця і хто гарыць сардэчнай любоўю да нашага Пана і святога Касцёла.

Гэтая багатая, глыбокая духоўнасць, якая фарміруецца і выхоўваецца літургіяй на працягу дзвюх тысяч гадоў, заслугоўвае большай пашаны, а не грэблівага поціску папскіх плячэй.

“І я пытаюся сябе: адкуль так шмат зацвярдзеласці? Ты капаеш, капаеш: гэтая зацвярдзеласць заўсёды нешта хавае, ненадзейнасць альбо нават штосьці яшчэ. Зацвярдзеласць абарончая. Сапраўдная любоў не з’яўляецца цвёрдай”.

Тут мы даходзім да сутнасці справы.

Вельмі часта на працягу апошніх трох гадоў нам дэманстравалі розніцу паміж двухсэнсоўнасцю і яснасцю. Пачынаючы ад каментароў без падрыхтоўкі — і да апостальскіх адгартацый недахоп “зацвярдзеласці” даў магчымасць найбольш прагрэсіўным іерархам распарадзіцца лёсам вернікаў і Эўхарыстыяй беспрэцэдэнтным і небяспечным шляхам.

Традыцыйная літургія дае нашай малітве да Бога не зацвярдзеласць, а структуру. Розніца вельмі важная.

Кожны бізнэсмэн разумее, што працэс спрыяе эфектыўнасці і поспеху. Кожны выкладчык разумее, што структура стварае асяроддзе, прыдатнае для перадачы ведаў. Як працэс, так і структура — гэта ворагі хаосу. Хаос — гэта проста ілжывая свабода духоўна няспелых.

Сёння мы значна часцей сустракаемся з іншай распаўсюджанай зацвярдзеласцю — збітай ідэалогіяй старэйшага пакалення, якое адмаўляецца разумець тую традыцыю, якую адкрылі для сябе маладыя каталікі.

Сапраўдная любоў не з’яўляецца цвёрдай.

Гэтая банальнасць, якую вельмі проста магла б сказаць Элі Макгроу ў “Гісторыі любові”, таксама непакоіць.

Культурныя рэвалюцыянеры, якія прытрымліваюцца левай палітыкі, прыводзяць падобны аргумент, калі ім сказаць, што сужэнства задумана як саюз аднаго мужчыны і адной жанчыны. Таксама гэтыя словы нагадваюць касперытаў, якія шукаюць магчымасці ўдзяляць Камунію тым, хто знаходзіцца ў смяротным граху.

Верныя, пабожныя каталікі, якія пакланяюцца Богу ў надзвычайнай форме рымскага абраду, заслугоўваюць папскага псіхааналізу не больш, чым тыя, хто ўдзельнічае выключна ў звычайнай форме. Кропка.

Для тых, хто адкрыў для сябе прыгажосць, сакральнасць і духоўную глыбіню традыцыйнай Імшы, каментарыі такога роду больш не з’яўляюцца сюрпрызам. Зацвярдзеласць і настальгію і далей будуць выкарыстоўваць супраць нас.

Шкада толькі, што пастырскае суправаджэнне Святога Айца не распаўсюджваецца на шматлікіх адданых, самаахвярных маладых каталікоў.


Аўтар: Brian Williams
Крыніца: Liturgy Guy: Life, Liturgy and the Pursuit of Holiness
Ілюстрацыйнае фота: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA)

Пакінуць каментар