№11. Альба

alb-mini

Другі элемент убрання, які апранае на сябе святар, — гэта альба, якая бярэ назву ад свайго белага колеру: albus па-лацінску азначае белы. Гэта шырокае, свабоднае адзенне з чыстага ільну, якое цалкам закрывае цела, а каля горла завязваецца матузкамі.

Выкарыстанне ўбрання такога тыпу паходзіць з вельмі старажытных часоў, бо мы знаходзім яго ва ўсіх народаў у адпаведных рэлігійных цырымоніях. Гэта тое самае ільняное ўбранне, якое было загадана насіць святарам Старога Закону (Зых 28; Лев 8). Кароль Давід насіў ільняную альбу (1 Кр 15:27).

Мы сказалі, што альба вырабляецца з ільну; прынамсі, такая цяпер практыка ў дачыненні да яе, але раней яе выраблялі з шоўку і ўпрыгожвалі залатым арнаментам. Кароль Этэльвульф з англасаксонскіх часоў, бацька Альфрэда Вялікага, у 855 годзе падарыў касцёлу св. Пятра ў Рыме некалькі шаўковых альбаў з такім багатым арнаментам (Dr. Rock, Church of Our Fathers, vol. i. p. 426). Старажытны рымскі абрад, які апісвае Хіторп [Hittorp], прадпісвае шаўковыя альбы на Вялікі Чацвер і Вялікую Суботу (ibid.).

Таксама альба змяняла свой колер у залежнасці ад асаблівых нагодаў. На спяваных Імшах у вялікія святы манахі ў Клюні насілі альбу з чыстай залатой тканіны. А ў сховішчах знакамітага кляштара Пітэрсбора ў Англіі мы знаходзім зялёныя, блакітныя і чырвоныя альбы (ibid., pp. 430-433 et passim).

Папа Бенедыкт XIV ў дакуменце De Sacr. Missae пацвярджае нашыя словы пра тое, што адзенне такога кшталту, але чорнага колеру, раней выкарыстоўвалі ў Вялікую Пятніцу.

Метафарычнае значэнне альбы. — Паводле Папы Інакенція ІІІ (De Sacr. Altaris Mysterio, 57), чысціня колеру альбы абазначае новае жыццё і нагадвае нам пра заклік св. Паўла да Эфесцаў, раздзел 4: “Адкіньце ранейшыя паводзіны старога чалавека… апраніцеся ў новага чалавека, створанага паводле Бога ў справядлівасці і святасці праўды”. Гэтая прыгожая ідэя новага жыцця, якое сімвалізуе альба, з моцай праяўляецца ў святым хросце, дзе новаахрышчаны атрымлівае белае адзенне з такімі важнымі словамі: “Прымі гэтае белае і незаплямленае адзенне, якое ты павінен прынесці на суд нашага Пана Езуса Хрыста, каб ты мог мець жыццё вечнае. Амэн”.

stichaarВыкарыстанне на Усходзе. — Грэкі называюць альбу poderis, бо яна даходзіць да ступняў (Bona, Rer. Liturg., 281). Але гэта не тая назва, пад якой яна вядомая, бо амаль ва ўсіх усходніх літургіях яе называюць стыхаром (Stoicharion) (Denzinger, Ritus Orientalium, pp. 129-405; Renaudot, Liturg. Orient., i. 161). Гэта першы элемент убрання для клерыкаў усіх ступеняў, і хоць раней стыхар выраблялі з ільну, цяпер у многіх усходніх Касцёлах яго вырабляюць выключна з белага шоўку (Denzinger, 129).

У Рускай Царкве ва ўсе дні Вялікага посту, акрамя свята Звеставання, Пальмавай нядзелі і Вялікай суботы, прадпісаны стыхар фіялетавага колеру (Neale, Holy Eastern Church, vol. i. p. 307).

У копта-якабітаў (альбо егіпецкіх монафізітаў) альба вядомая пад назвамі jabat і touniat, а ў сірыйцаў — koutino, відавочна, ад грэцкага χιτωνιον — бялізна (Renaudot, i. 161, ii. 54). Копты таксама часам называюць яе kamis (Denzinger, 129) ад лацінскага camisia і французскага chemise [1] — кашуля. Яны вельмі дысцыплінавана ставяцца да яе ўжывання. Ніводзін святар не асмеліцца ўвайсці ў прэзбітэрый без яе. Калі ён падыдзе, каб прыступіць да святой Камуніі, і не будзе мець на сабе гэтага ўбрання, яму скажуць выйсці і прымаць Камунію каля балюстрады са звычайнымі людзьмі. Адзін з дысцыплінарных канонаў на гэты конт кажа наступнае: “Святар не можа маліцца або прымаць святую Камунію [2] не апранутым у хітон. Гэта непрыстойна і разыходзіцца з канонам святой веры”. І іншы: “Святар няхай не прыступае да святой Камуніі на прыступках алтара, калі ён не апрануты ў стыхар. Калі ён не мае яго, ён павінен прымаць Камунію за загародай” (Renaudot, Liturg. Orient., i. 160).

Святары лацінскага Касцёла апранаюць альбу са словамі малітвы: “Выбялі мяне, Пане, і ачысці сэрца маё, каб, выбелены крывёю Баранка, цешыўся я радасцю вечнай”. У Рускай Царкве малітва наступная: “Усцешыцца душа мая пра Пана, Які апрануў мяне ў шаты збаўлення” (Romanoff, Greco-Russian Church, p. 89).


[1] Чытача зацікавіць, што camisia, альбо туніка, нашай Благаслаўлёнай Дзевы дагэтуль з вялікай пашанай захоўваецца ў срэбраным рэлікварыі ў Шартры (Францыя). На ім напісана “La Chemise de la Sainte Vierge”, а сама рэч настолькі даставерная, што было б паспешна ў гэтым сумнявацца. Поўнае апісанне яе цудоўнай гісторыі гл. Nicephorus Calixtus, Hist. Eccl., lib. xv. chap, xxxiv, альбо Cardinal Wiseman, the Truth of Supposed Legends.

[2] У гэтым месцы мы спяшаемся паведаміць чытачу, што на Усходзе зазвычай усе святары — як канцэлебранты (то бок тыя, хто цэлебруе тую самую літургію, што і цэлебрант дня), так і проста прысутныя — атрымліваюць Камунію з рук святара пры алтары. Калі ж на Імшы прысутнічае патрыярх, які не з’яўляецца цэлебрантам, ён сам падыходзіць да алтара і прымае Камунію (Denzinger, Rit. Oriental., p. 405). Такая ж практыка прыняцця Камуніі з рук цэлебранта ў нас захоўваецца ў Вялікі Чацвер, але не ў іншых выпадках.


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыйныя фота: U.S. Air Force photo/Staff Sgt. Andrew Lee (CC BY-NC), Broederhugo (CC BY-SA).

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

You may also like...

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: