bread-mini

Ад рэдакцыі: шэймінг (англ. shaming) — выстаўленне на сорам.

Я быў здзіўлены, чытаючы гэты артыкул свайго старога сябра Уільяма Борнхафта пра людзей, што пакінулі негатыўныя каментарыі на старонцы парафіі ў Фэйсбуку, у фотаальбоме якой адлюстроўваліся надзвычай неадпаведныя і з большага незаконныя літургічныя свавольствы.

Калі магчыма, парафіяльныя праблемы трэба вырашаць на парафіяльным узроўні. Калі гэта не ўдаецца, іх трэба вырашаць на дыяцэзіяльным узроўні і гэтак далей.

Прабачце, але вы спрабавалі гэта?

Борнхафт — малады чалавек, і ён не ведае лепшага шляху. Сапраўды, можна сказаць, што ягоная наіўнасць у гэтым пытанні нават залічваецца яму ў плюс, паколькі гэта не ўпартая адмова глядзець фактам у вочы. Аднак рэальнасць такая, што рэкамендаваны ім спосаб дзеяння вельмі рэдка прыносіць адчувальны пазітыўны эфект, а калі ім карыстацца не вельмі акуратна, можа лёгка нарабіць шкоды.

Як старшыня Latin Mass Society, я штосьці ведаю пра апеляцыі да адпаведных уладаў, і я чуў гісторыі людзей, якія гуляюцца ў гэтую гульню з 1970-х гадоў. Ці гэта літургічныя злачынствы, ці ерэтычныя падручнікі, ці адмовы дазволіць традыцыйную Імшу — сцэнарый заўсёды той самы. Так, у нас здараліся і поспехі, але яны патрабавалі таго, каб збеглася камбінацыя фактараў, якія сустракаюцца рэдка.

1. Выключна разумны і смелы пробашч, біскупі ці чыноўнік Рымскай курыі, гатовы цярпець наступствы надта частага ажыццяўлення закону аж да страты працы. Вядома, такія людзі выбіраюць, з чым змагацца, а з чым не, таму існуюць дадатковыя ўмовы.

2. Гэта павінна быць сапраўды скрайняе і відавочнае парушэнне нормаў.

3. Трэба магчы прадставіць цалкам неабвержныя доказы таго, што парушэнне мела месца.

Па некалькіх пытаннях я пісаў у Рым, прайшоўшы праз усе адпаведныя каналы, падрыхтаваўшы поўную дакументацыю і маючы параду ад эксперта па кананічным праве. Гэта не было пустой стратай часу, але не трэба аўтаматычна чакаць за гэта падзякі. А пішу я ад імя асацыяцыі свецкіх асобаў, якая знаходзіцца ў добрых адносінах з Касцёлам і налічвае 2000 членаў.

Я думаю, што гэта варта рабіць, бо гэтая справа пакідае пісьмовыя доказы і трапляе ў архівы. Калі прыйдзе час пісаць гісторыю, ніхто не зможа сказаць, што свецкія маўкліва згаджаліся з тым, што адбывалася. Гісторыкі з доступам у архівы змогуць убачыць, што мы пастаянна апелявалі да сістэмы і што нам пастаянна — за невялікімі выключэннямі — адмаўлялі.

Але за такую актыўнасць мы плацім цану. Спадар Борнхафт будзе засмучаны, калі даведаецца, што такі спосаб дзеяння лічыцца і асуджаецца шматлікімі людзьмі, што чуюць нашыя скаргі і бачаць нашыя лісты, як агрэсіўны, жорсткі і супярэчны адпаведнай каталіцкай паставе. Ён абвінавачвае каментатараў у Фэйсбуку — але менавіта тыя самыя абвінавачванні выстаўляюць тым, хто дзейнічае ў адпаведнасці з ягонымі рэкамендацыямі. Гэта здаралася са мною, гэта здаралася з людзьмі, якія маюць нашмат больш прыроднага такту і манераў, чым я. Калі становіцца зусім цяжка, гэтыя абвінавачванні супраць выкрывальнікаў і “даносчыкаў” (тых, хто даносіць у Рым) могуць стаць публічнымі. Можа паўстаць публічны скандал, раздзяленне і горыч; выкрывальнік можа стаць persona non grata ў парафіі і дыяцэзіі; ён можа страціць сяброў, яго могуць пазбавіць заняткаў і служэнняў і выгнаць.

Дарэчы, гэта менавіта тое, што здарылася з тымі, хто скардзіўся на сэксуальныя злачынствы клерыкаў. Бо ў той час, як Касцёл праходзіў доўгі шлях прыняцця працэдур і змены адносінаў да сэксуальных злачынстваў, мала хто заўважыў аналогію. У літургічных злачынствах тыя, хто мае ўладу, несправядліва ставяцца найперш да свецкіх асобаў і семінарыстаў, але часта і да пасвячаных клерыкаў. Іх прыніжаюць і прымушаюць пакутаваць. Іх прымушаюць ісці супраць уласнага сумлення. Іх спрытна пераследуюць, калі яны не згаджаюцца альбо прынамсі не маўчаць. І, на жаль, многіх такая несправядлівасць адводзіць ад паклікання, ад практыкі веры і нават ад Касцёла. Няма нічога, што яны могуць зрабіць: “адпаведныя працэдуры” і “адпаведныя ўлады” не хочуць нічога чуць.

Цяпер, з прыйсцем сацыяльных медыя, сітуацыя змянілася. Стала магчыма выкарыстаць насмешку, прыпраўленую спасылкамі на кананічнае права і іншыя аўтарытэтныя дакументы, каб закрануць пытанне літургічнага злачынства не асабіста, не ў парафіі, дзе за гэта могуць пакараць, але з пэўнай ананімнасцю і наконт парафій з іншага боку зямнога шару. Парафіі, якія Борнхафт прыводзіць як прыклад, славяцца сваімі злачынствамі, хваляцца несправядлівасцю, якую яны прычыняюць зраненаму целу Касцёла, і лепяць на старонкі Фэйсбука фотаздымкі, каб не пакідаць нас у сумнівах наконт таго, на што яны здольныя. Ці павінны добрыя каталікі перастаць адказваць на такія рэчы? Дзеля любові?

Ведаеце, вось што. Я таксама непакоюся пра рэчы, якія кажуць на такіх лінчаваннях у сацсетках. Я таксама непакоюся пра дэфармацыі душы, якія могуць узнікнуць ад пастаяннага ўжывання лаянкі для атакі лёгкіх мішэняў накшталт літургічных танцаў. Як кажа Борнхарт, людзі надта хутка прыкладаюць базавыя матывы да таго, што яны бачаць, і не заўсёды разумеюць дэталі літургічнага закону. Асабіста я перастаў спрачацца пра літургічныя злачынствы: я дайшоў да стадыі “ліст пробашчу”, калі пачаў пераходзіць на традыцыйную Імшу ў якасці звычайнай формы сваёй малітвы. Таму далейшыя спрэчкі наконт Novus Ordo толькі ўмацоўвалі ўва мне ўпэўненасць у правільнасці свайго рашэння: было не вельмі прыемна глядзець на надужыванні, але яны больш не даводзілі мяне да адчаю. Я думаю, што для душаў тых няшчасных людзей, якія не любяць літургічных надужыванняў, лепш пераключыцца, калі гэта для іх фізічна мажліва, на рэгулярнае наведванне традыцыйнай Імшы. Часам мы не згаджаемся паміж сабою наконт пэўных літургічных практык, але надзвычай рэдка здараецца ўбачыць штосьці сапраўды блюзнерчае. Змяніце месца, супакойцеся і крыху памаліцеся.

Але я ведаю, што не кожны гатовы зрабіць гэта. Як сказаў мне адзін святар наконт сваёй цэлебрацыі абедзвюх формаў, нельга проста дазволіць Novus Ordo “разваліцца, як суфле”. І я не асуджаю тых, хто карыстаецца адзіным даступным сродкам, каб выразіць цалкам справядлівы гнеў і супрацьстаць літургічным злачынствам.

Больш за тое, у адрозненне ад таго, што кажа спадар Борнхафт, гэты метад працуе. Так, ён спрацоўваў не заўсёды, але ён працуе зноў і зноў. Святар з ховербордам на Філіпінах: забаронены ў служэнні. Аўстралійскі святар, які дазволіў бесцырымонную Камунію, што прывяло да таго, што Камунію ўдзялілі сабаку: экскамунікаваны. Нават у дзіўнай і цудоўнай дыяцэзіі Лінца перасталі праводзіць эўхарыстычную працэсію з факачай у вялікіх абцугах. Нельга сабе ўявіць, каб пісьмовая скарга біскупу дала б такіх ж вынік, як у гэтых выпадках, калі інцыдэнты абляцелі свет з дапамогай СМІ. У прыкладзе Борнхафта парафія выдаліла старонку ў Фэйсбуку. Дыякан, чыё казанне мела на ўвазе, што Папа Бенедыкт выпендрываўся, носячы чырвоныя туфлі, выдаліў сваё казанне з YouTube. Зноў жа, гей-актывісты, якія збіраліся ў касцёле Звеставання пры Уорвік-стрыт у Лондане, урэшце даведаліся, што не могуць вывешваць у Інтэрнэце свае малітвы вернікаў з падзякай за грамадзянскія шлюбы, не атрымліваючы ўзамен кепскую галоснасць. Малыя перамогі, падумаеце вы, але значныя, бо яны азначаюць, што гэтыя людзі больш ніколі не будуць радавацца сваёй прыкрытай ерасі альбо сваім літургічным злачынствам і казаць адзін аднаму: вось, правілы больш нікому не цікавыя, можна дзейнічаць настолькі адкрыта, наколькі хочацца.

Існуе агромністая розніца паміж тым, каб рабіць гэтыя мярзотныя рэчы сакрэтна, баючыся, што ў кагосьці з сабраных можа быць схаваная камера на лацкане альбо мікрафон у кішэні, і тым, каб хваліцца гэтым анлайн. Ці спадар Борнхафт гэтага не бачыць? Апошняе значна больш скандальнае, значна больш небяспечнае для душаў, значна больш падрыўное для веры значна большай аўдыторыі. Магчымасць рабіць такія рэчы адкрыта дае ім значна большую самаўпэўненасць, заахвочвае іх ісці далей і рабіць больш. Калі б толькі сацсеткі існавалі ў 1970-х, калі парафіі ЗША запрашалі людзей прыносіць мядовае печыва, якое яны рабілі для выкарыстання на Імшы, хоць яны з’яўляюцца несапраўднай матэрыяй. Гэты скандал, публічны ў тым сэнсе, што рэцэпты публікаваліся ў парафіяльных часопісах, цягнуўся гадамі і гадамі, пакуль ціск з боку Рыма нарэшце не паклаў канец гэтаму блюзнерству, якое складалася не толькі з пазбаўлення вернікаў святой Камуніі, але і з ідалапаклонства: малітвы печыву. Сацыяльныя медыя адкрылі б праўду на працягу тыдняў, а гнеў і насмешкі зрабілі б гэтую практыку нежыццяздольнай максімум за месяцы.

Кансерватыўныя пралаты і чыноўнікі Курыі ненавідзяць такі ціск. Але, калі б яны рабілі сваю працу, яго б не было. Гэта Саванарола, св. Кацярына Сіенская, Эразм, Роберт Гросэтэст нашага часу. Справу трэба рабіць з дбаннем, з любоўю, з халоднай галавой, са спасылкай на аўтарытэтныя дакументы, але цалкам няправільна казаць, што яе не трэба рабіць увогуле. Рабіць яе можна з гумарам, а супраць упартых злачынцаў можна ўжыць спланаванае абсмейванне, якім карысталіся шматлікія святыя і вялікія людзі Касцёла, прарокі і сам Пан, калі сутыкаліся з сітуацыяй, у якой апеляцыя да “адпаведных уладаў” нікуды не прыводзіла.

Таму не, дазваляць таптаць нагамі нашага Пана — часам даслоўна — і закрываць на гэта вочы — гэта не добрая велікапосная практыка. Няможна рэкамендаваць асобам, раззлаваным літургічнымі злачынствамі, проста глядзець на тое, як іхнія сабраты зноў і зноў становяцца ахвярамі надужыванняў, і маўкліва з гэтым згаджацца. Толькі калі вы робіце гэта выключна дзеля таго, каб давесці свой пункт гледжання, і ведаеце, як пісаць лісты, і маеце дапамогу добрага спецыяліста ў кананічным праве, літургічнага эксперта, лацініста і (перадусім) вам не могуць нанесці шкоду тыя, хто ўбачыць ваш ліст, тады можаце паспрабаваць. Інакш падумайце двойчы перад тым, як выкарыстоўваць “адпаведныя працэдуры”. Дарагі чытач, ты прынясеш значна больш карысці, калі падзелішся свежым скандалам са сваімі сябрамі на Фэйсбуку. Можа, гэта нават прывядзе да выніку.

Але не забывайся карміць сваю ўласную душу літургіяй і сакрамэнтамі. Не хадзі на Імшу, толькі каб скласці ліст надужыванняў. Не хадзі ў інтэрнэт, каб выліць гнеў. Прыходзь на традыцыйную Імшу, супакойся і крыху памаліся.


Аўтар: Joseph Shaw
Крыніца: LMS Chairman
Ілюстрацыйнае фота: Simon Chambers (CC BY-NC)

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу аўтара.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz