amices

Пры цэлебрацыі Святой Ахвяры святар выкарыстоўвае шэсць прадметаў святога ўбрання, а менавіта амікт, альбу, пас, маніпул, стулу і арнат.

Амікт атрымаў сваю назву ад лацінскага слова amicere, апранаць або пакрываць. Гэта прастакутны кавалак тканіны даўжынею каля 1 м і шырынёю каля 60 см. Пры двух верхніх кутках амікт мае два матузкі, пры дапамозе якіх ён абвязваецца вакол плячэй таго, хто яго носіць, а пасярэдзіне верхняй грані на ім ёсць маленькі крыжык, які святар цалуе, калі апранаецца.

З-за свайго выкарыстання амікт атрымаў розныя назвы, такія як гумерал (ад лацінскага humerus, плячо); Anabolagium (ад грэцкага αναβολή, плашч, покрыва); і эфод (з-за падабенства да аналагічнага прадмету ўбрання Аарона).

Грэцкі Касцёл не выкарыстоўвае аналагічнага прадмету адзення, хоць раней выкарыстоўваў. Святары амбразіянскага, альбо міланскага, абраду, а таксама канонікі катэдры Ліёна накладаюць амікт пасля альбы, а не перад ёю, як гэта робім мы. Такая ж дысцыпліна назіраецца ў маранітаў гары Ліван.

Армянскі амікт называецца vakass і мае на сабе нагрудны знак, на якім напісаныя імёны дванаццаці апосталаў, падобна як габрэйскі эфод цудоўнымі колерамі адлюстроўваў імёны дванаццаці пакаленняў Ізраіля (Neale, Holy Eastern Church, vol. i. p. 306).

amice_2
Сярэднявечны спосаб апранання амікта

Ранняя гісторыя амікта. — Літургічныя аўтары кажуць, што ў ранейшыя дні амікт выкарыстоўваўся як пакрыццё для галавы і шыі і што так адбывалася да прыкладна дзесятага стагоддзя, калі на ягонае месца прыйшоў касцёльны галаўны ўбор — бірэта (Bouvry, Expositio Rubricarum, vol. ii. 216).

Гэта пацвярджаецца практыкай, якая ўсё яшчэ мае месца ў некаторых манаскіх законах, напрыклад, у капуцынаў і дамініканцаў, якія носяць амікт на галаве да пачатку Імшы, калі яны скідаюць яго назад на плечы і распраўляюць вакол шыі. Гэты прадмет старажытнага выкарыстання можна таксама ўбачыць падчас пасвячэння субдыякана, калі біскуп накладае яго кандыдату на галаву, а пасля дазваляе яму свабодна ўпасці на ягоныя плечы.

Два святары ў аміктах сучаснага крою
Два святары ў аміктах сучаснага крою

Містычнае значэнне амікта. — Містычнае значэнне амікта можна дазнацца з малітвы, якая прамаўляецца падчас яго апранання: “Ускладзі, Пане, на галаву маю шлем збаўлення для перамогі над д’ябальскімі спакусамі”. Такім чынам, амікт з’яўляецца часткай даспехаў жаўнера Хрыста і служыць, каб нагадваць святару пра ягоны абавязак быць падрыхтаваным у кожную гадзіну весці добрую бітву, паводле святога закліку Апостала язычнікаў: “Апраніцеся ва ўсю зброю Божую, каб вы маглі супрацьстаяць подступам д’ябла… і шлем збаўлення вазьміце” (Эф 6:11, 17).


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыйныя фота: Fr Lawrence Lew, O.P. (CC BY-NC), Joseph Shaw (CC BY-NC-SA).

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар