02.11.2016 / Fr. Peter Mottola

Наконт трэцяй Імшы ва ўспамін усіх памерлых вернікаў🕑 2 хвілін

tomb-ww-i-mini

Як традыцыйны лацінскі Імшал, так і Імшал Novus Ordo згадваюць пра дазвол кожнаму святару цэлебраваць тры святыя Імшы ва ўспамін усіх памерлых вернікаў, цытуючы пры гэтым апостальскую канстытуцыю Папы Бенедыкта XV Incruentum Altaris sacrificium.

У гэтай канстытуцыі Папа пашырыў прывілей, перад гэтым дадзены каралеўствам Іспаніі і Партугаліі, на ўвесь Касцёл. Аднак канкрэтныя намеры, у якіх павінны служыцца гэтыя тры Імшы, часта апісваюцца недастаткова поўна альбо недакладна. Паводле канстытуцыі, першую Імшу можна ахвяраваць за таго, за каго пажадае святар, другая Імша павінна быць ахвяравана за ўсіх памерлых вернікаў, а трэцяя — “ad mentem Summi Pontificis, quam satis superque declaravimus“. Адзін папулярны каляндар кажа, што трэцюю Імшу трэба цэлебраваць “у інтэнцыі Папы”. Але канстытуцыя кажа, што трэцяя Імша павінна быць ахвяраваная не ў інтэнцыі цяперашняга Пантыфіка, а “згодна з намерамі” альбо “згодна з думкамі” Вярхоўнага Пантыфіка Бенедыкта XV, “пра якія мы дастаткова сказалі вышэй”, то бок якія ён пералічыў у гэтай канстытуцыі.

Публікуючы гэтую канстытуцыю ў 1915 годзе, Папа Бенедыкт XV меў на думцы наступнае:

“Намі рухае спачуванне, калі Мы бачым сёння, як вельмі смутны агонь вайны распаўсюдзіўся амаль на ўсю Еўропу, а перад Нашымі вачыма паўстаюць шматлікія людзі, якія напаткалі смерць у бітве, знаходзячыся яшчэ ў маладым узросце. І хоць пабожнасць іхніх родных напэўна выпрасіць адкупленне для іхніх душаў, хто можа ведаць, ці будзе гэтага дастаткова, каб задаволіць іхнія патрэбы? Але, гледзячы на гэта, Мы з Божай волі сталіся агульным Айцом для ўсіх і Мы жадаем з бацькоўскай шчодрасцю зрабіць гэтых дарагіх і ўзлюбленых дзяцей з абарваным жыццём удзельнікамі скарбаў бясконцых заслуг Езуса Хрыста”.

Такім чынам, трэцяя Імша ва ўспамін усіх памерлых вернікаў павінна была ахвяравацца за тых, хто страціў жыццё ў Вялікай вайне. Паколькі гэтая канстытуцыя працягвае мець моц, то кожнаму святару, які цэлебруе трэцюю Імшу ва ўспамін усіх памерлых вернікаў, ці то дзеля пастырскіх патрэбаў, ці то з жалю да бедных душаў, варта памятаць пра першапачатковую мэту гэтага прывілею. Замест таго, каб ахвяраваць гэтую трэцюю Імшу за ўсіх памерлых вернікаў, за якіх зазвычай ужо адслужана другая Імша, святару варта ахвяраваць гэтую трэцюю Імшу за тых, хто загінуў на вайне.


Аўтар: Fr. Peter Mottola, J.C.L.
Крыніца: Rorate Caeli
Ілюстрацыйнае фота: United States Library of Congress (PD)

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу аўтара.

Пакінуць каментар

Scroll Up