Кардынал Антанэлі забараняе спаведнікам рабіць выключэнні

card-antonelli-mini

Ад рэдакцыі:

У той час, як дыяцэзія Папы Францішка пачала ажыццяўляць ліберальную інтэрпрэтацыю восьмага раздзела Amoris Laetitia, італьянскі кардынал, былы арцыбіскуп Фларэнцыі Эніа Антанэлі (Ennio Antonelli) выдаў сваю інтэрпрэтацыю, у якой забараніў спаведнікам рабіць выключэнні для разведзеных і паўторна жанатых асобаў, а таксама растлумачыў, як мусіць выглядаць суправаджэнне параў у неўрэгуляваным становішчы. Новыя інструкцыі былі ўведзеныя ў архідыяцэзіі Фларэнцыі з поўнай згоды цяперашняга ардынарыя кардынала Джузэпэ Беторы (Guiseppe Betori). 13 кастрычніка кардынал Антанэлі таксама даў свой тэкст святарам дыяцэзіі Трыеста.

Сярод іншых аналагічных дакументаў дадзеную інтэрпрэтацыю адрознівае тое, што яе аўтар — былы старшыня Пантыфікальнай рады па справах сям’і (2008—2012), то бок напэўна можа прачытаць адгартацыю Amoris Laetitia правільна і даць парады, згодныя з мінулым навучаннем Касцёла.

З дазволу Пантыфікальнай рады па справах сям’і мы прыводзім беларускі пераклад дакумента кардынала Эніа Антанэлі. На вэб-старонцы Рады можна знайсці гэты дакумент на 5 іншых мовах.


AMORIS LAETITIA: інтэрпрэтацыя і ўвядзенне ў жыццё

Кастрычнік 2016

1. Любоў: падмурак сужэнства і сям’і

Сёння добра бачна, што сужэнства і сям’я праходзяць праз складаны крызіс: колькасць касцёльных шлюбаў памяншаецца, рэзка ўзрастае колькасць грамадзянскіх шлюбаў і выпадкаў сужыцельства, працэнт разводаў высокі, спад нараджальнасці не перастае непакоіць, і існуе тэрміновая неабходнасць у адукацыі.

Сужэнству не спрыяюць ані грамадства, пазначанае культурай індывідуалізму і непастаянства, ані абыякавае і карнае заканадаўства, ані жорсткія эканамічныя фактары, такія як беспрацоўе моладзі, няўпэўненасць у працы, кепскі доступ да жылля і арганізацыя працы, глухая да патрэбаў сям’і.

У гэтым кантэксце Amoris Laetitia бачыць сапраўдную людскую і хрысціянскую любоў як адзіную сілу, здольную выратаваць сужэнства і сям’ю. Яна павінна быць пастаўлена ў цэнтр сям’і (пар. AL 67), што ўжо прапаноўваў Другі Ватыканскі сабор (пар. GS 48-49), ды і сам Папа Францішак, па сутнасці, настойліва паўтарае гэта на працягу ўсёй апостальскай адгартацыі, а асабліва ў раздзелах IV і V.

Пасля гімна любові, які напісаў св. Павел (пар. 1 Кар 13:4-7), Папа разглядае некаторыя характарыстыкі сапраўднай любові, тлумачачы іх і прыкладаючы да сямейнага жыцця (пар. AL 90-119). Ён кажа, што сужэнская любоў з’яўляецца сапраўднай, калі сужэнец цэніць свайго партнёра такім, які ён ёсць, і жадае ягонага дабра (пар. AL 127). Сужэнская любоў, такім чынам, ахвярная і духоўная, але яна таксама ўключае прывязанасць, пяшчоту, інтымнасць, жарсць, эратычнае жаданне, аддадзеную і атрыманую асалоду (пар. AL 120; 123), а таксама адкрытасць да ўдзелу ў стварэнні новага жыцця і выхаванне дзяцей (пар. AL 80-85). Гэта сяброўства, якое ахоплівае ўсяго чалавека (пар. AL 125), і, як такая, сужэнская любоў з’яўляецца правобразам і прадчуваннем містычнага саюзу з Богам і прадстаўляе сабою асаблівы шлях святасці, спецыфічнае пакліканне (пар. AL 72; 74; 142; 316).

Адносіны пары з’яўляюцца пастаянным шляхам (пар. AL 325) са сваёй прыгажосцю і радасцю любіць і быць любімым, але таксама з памылкамі і грахамі, цяжкасцямі і пакутамі. Іх трэба разглядаць з рэалізмам і даверам як пастаянны працэс супольнага росту і развіцця (пар. AL 37), які здзяйсняецца малымі крокамі праз практыкаванні, з цярплівасцю і настойлівасцю (пар. AL 266-267). “Таму любоў рэалізуецца праз асабісты ўдзел” (AL 221), таксама як і адукацыя дзяцей (пар. AL 16; 271; 273).

Усе пакліканы да пакоры і працы ў кірунку большай дасканаласці (пар. AL 325). Гэты заклік адрасаваны не толькі да так званых неўрэгуляваных пар (Папа лічыць за лепшае казаць пра “сітуацыі слабасці і недасканаласці”, AL 296), але і да звыклых пар. Ніводная пара, ніводная сям’я не з’яўляецца дасканалай. Усе патрабуюць Божай ласкі; Бог любіць і дбае пра кожную з іх; усім ім Касцёл прапануе сваё пастырскае суправаджэнне на іхнім шляху.

Суправаджэнне азначае не аўтарытарнае накладанне абавязкаў, а выхаванне дзеля адказнай свабоды. “Мы пакліканыя фарміраваць сумленне, а не дабівацца яго замены” (AL 37). Людзям след дапамагаць, каб іхнія меркаванні і пазіцыі даспявалі, каб яны самі адкрывалі праўду, каштоўнасці і маральныя нормы, рэалізаваныя ў сыноўскай любові да Бога і братэрскай любові да іншых (пар. AL 264). Гэтаму спрыяюць шматлікія элементы: досвед, практычная парада, разумная думка і матывацыя веры (пар., напрыклад, AL 128; 133; 137; 139).

Пастырскае кіраванне павінна прымаць адказнасць за кожнага, але з рознымі формамі ўвагі. Яно павінна быць асабліва спакойным і міласэрным да тых, хто апынуўся ў цяжкім аб’ектыўным парушэнні. Да іх трэба ставіцца, як да бедных, слабых, пакутуючых і параненых гэтага свету. Аднак пастырскі прыярытэт, які ставіць Amoris Laetitia на дадзены час, гэта па магчымасці прадухіленне ранаў, падзелаў і сужэнскіх няўдач. “Сёння больш важным за пастырства няўдач з’яўляецца пастырская дзейнасць, скіраваная на ўмацаванне сужэнства, што прадухіляе разводы” (AL 307; пар. ibid., 211).

Мы павінны ўпэўнена і спакойна развіваць арганічную пастырскую апеку сем’яў, якая ўключае дальнюю і непасрэдную падрыхтоўку да сужэнства, а пасля вяселля — фармаванне пары і асабліва маладых сужэнцаў (пар. AL 200; 202; 207; 208; 227; 229; 230). Бо асабістая блізкасць і сустрэчы сем’яў, малыя групы і супольнасці больш карысныя, чым скліканыя сходы і цесныя паседжанні. З гэтай мэтай трэба спрыяць выхаду саміх сем’яў на першы план і іх місіянерскай адказнасці (“сем’і, якія выходзяць па-за свае межы”), у той жа час падкрэсліваючы, сярод іншага, супрацоўніцтва рухаў і касцёльных асацыяцый.

Навізна Amoris Laetitia, па-за восьмым раздзелам, як здаецца, заключаецца асабліва ў вялікай увазе, якая надаецца агульнаму людскому досведу, экзістэнцыйнаму, рэлігійнаму і духоўнаму жыццю, а таксама ў дэтальным аналізе і назіраннях, шматлікіх практычных парадах і канкрэтных прапановах для людзей і пастырскай працы. Пераважна педагагічны намер прагледжваецца праз жывую і прывабную дыскурсіўную мову, якая скіравана да кожнага і якую лёгка чытаць і разумець кожнаму, не асабліва дбаючы пра тэалагічную і навуковую дакладнасць. Гэты дакумент могуць плённа выкарыстаць свецкія людзі для асабістага фармавання, а працаўнікі пастырства — для катэхізацыі. Як такі, ён з’яўляецца добрым прыкладам касцёльнага суправаджэння.

2. Паслядоўнае развіццё дактрыны

Адносна двух Сінодаў на тэму сям’і Папа Францішак кажа: “Усе выступленні айцоў, якіх я выслухаў з вялікай увагай, здаліся мне каштоўным шматграннікам, сфармаваным многімі слушнымі клопатамі і пытаннямі, якія ставіліся сумленна і шчыра” (AL 4). Геаметрычны выгляд каштоўнага шматгранніка можа наводзіць на думкі пра разнастайнасць пунктаў гледжання, а таксама адпаведную прыроду праўды, на чым я і хацеў бы цяпер спыніцца.

Праўда з’яўляецца заўсёды частковай і заўсёды канчатковай. Яна заўсёды частковая, таму што мы выкарыстоўваем ідэі для інтэрпрэтацыі спасцігальных аспектаў рэальнасці. Яна заўсёды канчатковая, таму што праз дэкларатыўныя суджэнні яна з’яўляецца адкрыццём быцця. “Кожная праўда, нават частковая, калі яна сапраўдная, з’яўляецца універсальнай і абсалютнай” (св. Ян Павел ІІ, Fides et Ratio, 27, пар. таксама 84; 87; 95). “Праўда спасцігаецца ў гісторыі, але сама па сабе яна вышэйшая за гісторыю” (ibid., 95).

Сказанае тут з’яўляецца праўдзівым для ўсялякай праўды, але яно тым больш датычыцца дактрыны веры, якой беспамылкова навучае Касцёл. Развіццё павінна быць паслядоўным. Дапускаецца далучэнне новых перспектываў, але не дазваляецца адмаўляць папярэдняе значэнне; могуць існаваць новыя фармуліроўкі і дэталізацыі, але не можа быць супярэчнасцяў. Так кажа герменеўтыка рэформы ў неразрыўнасці. Гэтаму прынцыпу інтэрпрэтацыі трэба зазвычай следаваць таксама і ў выпадку вучэння, якое не з’яўляецца канчатковым. Адпаведна, Amoris Laetitia след чытаць у святле папярэдняга Магістэрыя і, наадварот, папярэдні Магістэрый трэба паўторна прачытаць у святле Amoris Laetitia, і гэта можа прывесці да развіцця новага і звязнага сінтэзу.

3. Маральнае вучэнне

Amoris Laetitia пацвярджае традыцыйнае вучэнне: хрысціянскае сужэнства з’яўляецца неразрыўным (пар. AL 86; 123-124; 291-292); неразрыўнасць — гэта не цяжар, а дар, які трэба цаніць і развіваць (пар. AL 62); развод з’яўляецца злом, а яго пашырэнне выклікае неспакой (пар. AL 246; 291); новыя саюзы разведзеных асобаў і кожны тып сэксуальнага сужыцельства, які адрозніваецца ад сужэнства, з’яўляецца сур’ёзным маральным парушэннем (пар. AL 297-298; 301; 305). (Пар. таксама суровае асуджэнне Папам “тэорыі гендэру” ў Тбілісі, Грузія, 1 кастрычніка 2016 года, як “глабальнай вайны супраць сужэнства” і “ідэалагічнай каланізацыі”).

На жаль, Amoris Laetitia нічога не кажа пра агульныя негатыўныя нормы, якія забараняюць рабіць зло. Яны з’яўляюцца абавязковымі ў кожнай сітуацыі без усялякіх выключэнняў, якія можна лічыць аб’ектыўна законнымі, як у згодзе з каталіцкай традыцыяй вельмі аўтарытэтна навучае св. Ян Павел ІІ ў сваёй энцыкліцы Veritatis Splendor: “Негатыўныя прадпісанні натуральнага закону дзейнічаюць універсальна. Яны абавязваюць усіх і кожнага, заўсёды і ў любых абставінах… Кожнаму і ў кожным выпадку забаронена парушаць гэтыя прадпісанні” (VS 52; пар. 78-82 і таксама ККК 1750-1761; 2072). Пераступаць іх не дазволена ніколі, нават з добрымі намерамі і пахвальнымі мэтамі (пар. VS 80 і таксама ККК 1753). Гэта так таму, што дзеянні, якія гэтыя нормы забараняюць, з’яўляюцца ўнутрана няправільнымі самі па сабе з-за свайго зместу. Гэта так, напрыклад, для блюзнерства, вераадступніцтва, прамога забойства нявінаватай асобы, аборту, катавання, крадзяжу, паклёпу, падману, чужалоства, сэксуальных злачынстваў і, вядома, саюзаў разведзеных і паўторна жанатых асобаў, а таксама розных тыпаў сужыцельства. Маўчанне Amoris Laetitia па гэтым пытанні можа лёгка прывесці да памылковай інтэрпрэтацыі і думкі, што ў некаторых выпадках гэтыя саюзы з’яўляюцца аб’ектыўна законнымі ў якасці добрай аналогіі сужэнству, хоць нават і не поўнасцю.

Amoris Laetitia выключае паступовасць закону, а таксама двайныя стандарты (пар. AL 295; 300); таму яна згаджаецца са папярэджвальнымі словамі Veritatis Splendor: “Было б вельмі сур’ёзнай памылкай лічыць… што вучэнне Касцёла, па сутнасці, з’яўляецца толькі “ідэалам”, які трэба адаптаваць, маштабаваць, сувымяраць так званым канкрэтным здольнасцям чалавека” (VS 103; пар. 104); прызнаючы, што з дапамогай ласкі выкананне запаведзяў сапраўды магчымае (пар. AL 295; 297; 303), дакумент пераважна знаходзіцца ў згодзе з вучэннем Трыдэнцкага сабору (пар. DH 1568) і вучэннем св. Яна Паўла ІІ (пар. VS 65-70; 102-103). Аднак мы знаходзім двухсэнсоўнай мову ў некаторых фрагментах, што можа быць апраўдана дыскурсіўным тонам і неабходнасцю камунікацыі. Напрыклад, другія саюзы разведзеных асобаў і іншыя тыпы сэксуальнага сужыцельства называюцца недасканалымі, але часова магчымымі (пар. AL 76; 78; 296; 303; 308), тады як, кажучы канкрэтнымі тэалагічнымі тэрмінамі, яны павінны лічыцца маральным злом, да якога дадаюцца пэўныя добрыя рэчы (пар. AL 308), то бок “канструктыўныя элементы” (пар. AL 292), і каштоўнасці, адпаведныя каштоўнасцям сужэнства (пар. AL 292), такія як сяброўства, узаемадапамога, адданасць дзецям.

У святле Amoris Laetitia і асабліва вучэння св. Яна Паўла ІІ ў Familiaris Consortio і Veritatis Splendor новыя саюзы разведзеных асобаў і іншыя тыпы сэксуальных партнёрстваў ніколі не павінны прызнавацца аб’ектыўна законнымі (пар. AL 291; 297; 303; 305). Аднак людзям, якія жывуць у такіх неўпарадкаваных сітуацыях, трэба дапамагаць інтэгравацца ў канкрэтнае жыццё Касцёла, паступова і рознымі спосабамі. Кожнаму трэба прапанаваць тое, што выдаецца добрым для яго ці яе (пар. AL 308), у той самы час стараючыся пазбегнуць скандалу (пар. AL 297; 299) і заахвочваючы да крокаў у правільным кірунку (пар. AL 305), — гэта можа быць асабістая, сямейная і супольная малітва, слуханне Слова, рэгулярны ўдзел у Імшы, адказны падыход да адукацыі сваіх дзяцей, учынкі міласэрнасці дзеля дабра іншых, валанцёрства, касцёльная паслуга (таксама ў партнёрскіх структурах) — каб яны маглі сустрэць Пана і Ягоную міласэрнасць “іншымі спосабамі”, адрознымі ад сакрамэнтаў (пар. св. Ян Павел ІІ, Reconciliatio et Poenitentia, 34).

4. Суб’ектыўная асабістая адказнасць

Amoris Laetitia ні ў якім разе не забываецца пра аб’ектыўны маральны закон. Аднак яна шырока развівае ідэю перспектывы сумлення і асабістай адказнасці і ставіць іх на пярэдні план, рэкамендуючы, сярод іншага, каб пастырская практыка больш прымала гэтыя рэчы пад увагу (пар. AL 303). Дакумент правільна тлумачыць, што захаванне нормаў без любові можа быць недастатковым перад Богам (пар. AL 304) і, наадварот, жыццё ў Божай ласцы можа быць дасягнута нават у сітуацыі аб’ектыўнага маральнага парушэння, калі існуюць змякчальныя абставіны або суб’ектыўная віна адсутнічае (пар. AL 305). Таму цяжкае аб’ектыўнае парушэнне — гэта адна справа, а асабісты смяротны грэх, які мае на ўвазе поўную свядомасць і дабравольную згоду, гэта зусім іншае.

Amoris Laetitia пацвярджае так званы закон паступовасці (пар. AL 295), раней сфармуляваны св. Янам Паўлам ІІ: чалавек “пазнае, любіць і здзяйсняе маральнае дабро ў адпаведнасці з этапамі свайго развіцця” (Familiaris Consortio, 34). Гэты закон мае на ўвазе, што сумленне можа часамі памыляцца, не перастаючы быць шчырым; асоба можа дзейнічаць супраць маральнай нормы, не з’яўляючыся вінаватай альбо прынамсі без поўнай віны. Асоба можа не ведаць агульнай нормы (напрыклад, што сэксуальны акт па-за сужэнствам заўсёды незаконны); яна можа не ўспрымаць каштоўнасць, заключаную ў норме, і таму быць няздольнай да свабоднага выбару дабра і пазбягання зла па ўнутраным перакананні (напрыклад, асоба можа не разумець, што сэксуальны акт належыць да сужэнства і мае каштоўнасць і людскую годнасць у межах сужэнства як выраз поўнага ўзаемнага дару і супольнага дару дзецям); нарэшце, асоба можа памылкова лічыць, што падпарадкаванне правілу ў яе канкрэтнай сітуацыі не з’яўляецца магчымым і нават можа быць нагодай да іншых грахоў (напрыклад, што сэксуальнае ўстрыманне, калі партнёр не згаджаецца з ім, можа прывесці да сэксу з іншымі людзьмі і да завяршэння сужыцельства з сур’ёзнымі наступствамі для выхавання і адукацыі дзяцей).

Я казаў, што захаванне маральнага закону можа лічыцца немагчымым для асобы памылкова, таму што насамрэч з дапамогай Божай ласкі заўсёды магчыма захоўваць запаведзі і нават жыць у чысціні паводле свайго стылю жыцця. Магістэрый Касцёла навучае, выкарыстоўваючы сваю ўладу ў найвышэйшай ступені: “Бог не загадвае немагчымага, але ў загадах заахвочвае цябе рабіць тое, што ты можаш, а просячы таго, чаго не можаш, Ён дапамагае, каб ты мог зрабіць гэта” (Трыдэнцкі сабор, DH 1536). “Калі хтосьці кажа, што Божыя прыказанні немагчыма захаваць нават чалавеку апраўданаму і ўмацаванаму ў ласцы, няхай будзе адлучаны” (DH 1568). “Захаванне Божага закону ў канкрэтных сітуацыях можа быць складаным, надзвычай складаным, але яно ніколі не з’яўляецца немагчымым. Гэта пастаяннае вучэнне традыцыі Касцёла” (св. Ян Павел ІІ, Veritatis Splendor, 102). Для тых, хто моліцца, развівае асабістыя адносіны з нашым Панам Езусам Хрыстом і з пакорай і даверам заклікае дапамогу Ягонай ласкі, выкананне запаведзяў становіцца магчымым. Як кажа вядомая метафара, якую часта выкарыстоўваў св. Ян Павел ІІ, хрысціянскае жыццё настолькі ж цяжкае, як і пад’ём на гару, але веруючы чалавек не павінен адмаўляцца ад пад’ёму; хутчэй ён павінен пачаць непасрэднае і адважнае імкненне да вяршыні. Фактычна, закон паступовасці не азначае, што закон будзе мець абавязковую сілу ў больш ці менш аддаленай будучыні. “Яны аднак не могуць глядзець на закон толькі як на ідэал, якога можна будзе дасягнуць у будучыні: яны павінны лічыць яго загадам Хрыста Пана настойліва пераадольваць цяжкасці. І таму тое, што называецца “законам паступовасці”, альбо паступовым прагрэсам, нельга атаясамліваць з “паступовасцю закону”, як быццам бы для розных асобаў і сітуацый існавалі розныя ступені ці формы ўспрымання Божага закону” (св. Ян Павел ІІ, Familiaris Consortio, 34). Таму ніхто не павінен заставацца ў сітуацыі, якая супярэчыць закону; не трэба заставацца ў падножжа гары. З іншага боку, навучаючы дактрыне, пастыры не павінны паніжаць гару, але, асабіста суправаджаючы індывідуальнага верніка, яны павінны дапамагаць яму падымацца з той хуткасцю, якую яму дазваляе ягоная моц, неадкладна адпраўляючыся ў шлях, дапамагаць быць гатовым падымацца пасля падзення і нацэленым на працяг з Божай дапамогай.

5. Пастырскае суправаджэнне

Amoris Laetitia просіць, каб святары і іншыя працаўнікі пастырства пры прапаведаванні і катэхізацыі прапаноўвалі цэласную канцэпцыю сужэнства (пар. AL 303; 307). З іншага боку, яна рэкамендуе пазбягаць далейшага пагаршэння сітуацыі людзей, якія ўжо змучаныя цярпеннем і пакутамі, не вымаўляючы іхняму сумленню (пар. AL 49). З гэтай нагоды трэба ўспомніць, што часам трэба цярпець меншае зло, каб пазбегнуць большага, і што ў споведзі ці пры персанальным суправаджэнні святар можа законна сваім маўчаннем пакінуць пенітэнта ў няведанні, калі ён лічыць, што прынамсі ў дадзены момант нельга выправіць пэўнае цяжкае аб’ектыўнае парушэнне (напрыклад, кантрацэпцыю або неўрэгуляванае сэксуальнае сужыцельства). Сваім маўчаннем ён не заахвочвае зло, ён не супрацоўнічае з ім; ён не дапускае пагаршэння, дбаючы пра тое, каб матэрыяльны грэх не стаў грахом фармальным. Міжасабовы дыялог не мусіць абавязкова быць такім жа поўным, як публічнае навучанне.

Аднак святар не павінен маўчаць нават перад абліччам індывідуальнага хрысціяна, які, жывучы ў сітуацыі цяжкага маральнага парушэння, якое з’яўляецца публічна вядомым, мае намер прымаць Святую Камунію, сакрамэнт духоўнага і бачнага касцёльнага адзінства, які патрабуе гармоніі ў вызнаванні веры і аб’ектыўнай паслядоўнасці ў форме жыцця. “Зразумела, ён [чалавек] сам ацэньвае свой стан ласкі, бо яна датычыць сумлення. Аднак у выпадках відавочных паводзінаў, якія сур’ёзна, яўна і пастаянна супярэчаць маральным нормам, Касцёл у душпастырскім клопаце пра сапраўдны парадак у супольнасці і пра пашану да сакрамэнту не можа ўстрымлівацца ад прыняцця адпаведных крокаў” (св. Ян Павел ІІ, Ecclesia de Eucharistia, 37). Аб’ектыўная і канчатковая супярэчлівасць стварае скандал і патрабуе адказнасці касцёльнай супольнасці і асабліва пастыраў. Калі святар ведае пра неўрэгуляваную сітуацыю, ён павінен з павагай і любоўю перасцерагчы асобу, таму што ён прымае пад увагу не толькі суджэнне яе сумлення; адпаведна, допуск асобы да Эўхарыстычнай камуніі можа быць адкладзены да таго часу, пакуль не будзе праведзена распазнаванне “са святаром на ўнутраным форуме” (AL 298; пар. 300), а асоба не завяршыць пад ягоным кіраўніцтвам адпаведны касцёльны працэс (пар. 294; 300; 305; 308).

Паколькі негатыўныя агульныя правілы абавязваюць заўсёды, без выключэнняў, хрысціянін ў неўрэгуляванай сітуацыі абавязаны перад Богам зрабіць усё магчымае, каб выйсці са стану аб’ектыўнага парушэння і пагадзіць свае паводзіны з нормай. Можа стацца, што ягонае сумленне, якое памылілася ў добрай веры, не бачыла гэтага; аднак святар, які суправаджае яго, павінен з любоўю і разважлівасцю правесці яго праз распазнаванне да Божай волі адносна яго, пакуль ён не прыме форму жыцця, згодную з Евангеллем. Крокі, якія могуць мець месца на гэтым шляху, наступныя: а) праверка сапраўднасці папярэдняга сужэнства і магчымае ануляванне праз працэдурныя нормы, прадстаўленыя Папам Францішкам 15 жніўня 2015 года ў двух motu proprio Mitis Iudex Dominus Iesus і Mitis et Misericors Iesus; б) цэлебрацыя рэлігійнага сужэнства альбо sanatio in radice грамадзянскага сужэнства; в) завяршэнне сужыцельства, калі для гэтага няма перашкодаў; г) практыкаванне сэксуальнага ўстрымання, калі іншыя рашэнні немагчымыя (пар. св. Ян Павел ІІ, FC 84); д) у выпадку часова непераадольнай памылкі і, адпаведна, адмовы ад сэксуальнага ўстрымання, ацэнка магчымай шчырасці сумлення ў святле асабовасці і глабальнага досведу (малітва, любоў да бліжняга, удзел у жыцці Касцёла і павага да яго вучэння, пакора і паслухмянасць Богу); патрабаванне ад асобы прысвяціць сябе прынамсі малітве і духоўнаму ўзрастанню, каб правільна зразумець і верна выканаць Божую волю адносна сябе, калі яна праявіцца; е) нарэшце, можна ўдзяліць сакрамэнтальнае адпушчэнне грахоў і святую Камунію, паклапаціўшыся аднак пра канфідэнцыйнасць і пазбягаючы скандалу (пар. AL 299); ж) святару патрабуецца любоў і мудрасць, каб сведчыць аб Божай міласэрнасці да ўсіх і заўсёды прапаноўваць прабачэнне, у той самы час распазнаючы, ці пенітэнт сапраўды прымае прабачэнне з неабходным навяртаннем. (Тым не менш, наўрад ці хрысціянін, які застаецца ў аб’ектыўна неўпарадкаванай сітуацыі, можа заяўляць права на прыняцце сакрамэнтаў, апелюючы да сваёй унутранай паставы і да суджэння свайго сумлення. Восьмы раздзел Amoris Laetitia, здаецца, жадае даць не загады, а толькі парады.)


Аўтар: кард. Эніа Антанэлі
Крыніца: Pontificium Consilium pro Familia
Герб: SajoR (CC BY-SA)

Перакладзена з афіцыйнай англійскай версіі дакумента і перадрукавана з дазволу Пантыфікальнай рады па справах сям’і.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

You may also like...

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: