Кардынал Кафара пра сужэнства, сям’ю, Amoris Laetitia і замяшанне ў Касцёле

card-caffarra-c

Ад рэдактара 1Р5: мы публікуем эксклюзіўнае інтэрв’ю з кардыналам Карла Кафара (Carlo Caffara), якое правяла д-р Майка Хіксан. Кардынал Кафара з’яўляецца арцыбіскупам Балоньі на пенсіі і былым членам Пантыфікальнай рады па справах сям’і. Менавіта ў лісце кардыналу Кафара сястра Луцыя з Фацімы распавяла, што канчатковая бітва паміж Панам і валадарствам шатана адбудзецца за сужэнства і сям’ю.

Майка Хіксан (MH): У нядаўнім інтэрв’ю вы выказваліся пра папскую адгартацыю Amoris Laetitia і сказалі, што асабліва няясным з’яўляецца раздзел 8 і што ён ужо выклікаў замяшанне нават сярод біскупаў. Калі б вы мелі магчымасць паразмаўляць аб гэтым з Папам Францішкам, што б вы яму сказалі? Што, на вашую думку, мог бы і павінен быў бы зрабіць Папа Францішак у гэтай сферы, улічваючы, якое замяшанне ўзнікла?

Кардынал Кафара (CC): У Amoris Laetitia [308] Святы Айцец Францішак піша: “Я разумею тых, хто жадае больш рыгарыстычнага пастырства, не пакідаючы месца ніякай блытаніне”. З гэтых словаў я раблю вывад, што Яго Святасць разумее, што вучэнне адгартацыі можа ўнесці замяшанне ў Касцёл. Асабліва я хацеў бы — і так думае таксама вельмі шмат маіх братоў у Хрысце (кардыналаў, біскупаў і свецкіх вернікаў таксама) — каб замяшанне спынілі, але не таму, што я жадаю больш рыгарыстычнага пастырства, але хутчэй таму, што я проста аддаю перавагу больш яснай і адназначнай пастырскай апецы. Таму — з усёй павагай, любоўю і адданасцю, якія я знаходжу неабходным падтрымліваць у адносінах да Святога Айца, — я б сказаў яму: “Ваша Святасць, калі ласка, праясніце наступныя пункты. а) Якая частка з таго, што вы сказалі ў зносцы 351 да параграфа 305 адносіцца таксама да разведзеных і паўторна жанатых параў, якія ўсё роўна жадаюць надалей жыць як муж і жонка; і, такім чынам, якую частку з таго, чаму вучылі Familiaris Consortio, 84, Reconciliatio Poenitentia, 34, Sacramenttum unitatis, 29, Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 1650, а таксама агульная тэалагічная дактрына, можна цяпер лічыць адмененай? б) Пастаяннае вучэнне Касцёла, што было таксама нядаўна паўторана ў Veritatis splendor, 79, кажа, што існуюць негатыўныя маральныя нормы, якія не дапускаюць выключэнняў, таму што яны забараняюць учынкі, унутрана ганебныя і непрыстойныя, такія як, напрыклад, чужалоства. Ці лічыцца сапраўдным гэтае традыцыйнае вучэнне дагэтуль, нават пасля публікацыі Amoris Laetitia?” Вось, што я сказаў бы Святому Айцу.

Калі б Святы Айцец сваім найвышэйшым суджэннем меў бы намер публічна ўмяшацца і скончыць гэтае замяшанне, ён мае ў сваім распараджэнні шмат розных сродкаў.

MH: Вы таксама з’яўляецеся спецыялістам у маральнай тэалогіі. Што вы параіце збянтэжаным каталікам наконт вучэння Каталіцкага Касцёла пра сужэнства і сям’ю? Чым мусіць кіравацца добра сфармаванае сумленне, калі мова заходзіць пра такія справы, як кантрацэпцыя, разводы і паўторныя шлюбы, а таксама гомасэксуальнасць?

CC: Сённяшні стан сужэнства на Захадзе проста трагічны. Грамадзянскія законы змянілі яго азначэнне, таму што яны знішчылі біялагічнае вымярэнне асобы. Але я скажу пра гэта пазней. Каталікам, якія адчуваюць збянтэжанасць адносна вучэння пра сужэнства, я скажу проста: прачытайце і паразважайце над Катэхізісам Каталіцкага Касцёла, 1601—1666. І калі вы пачуеце, як нехта кажа пра сужэнства — нават калі гэта святары, біскупы, кардыналы — а вы бачыце, што гэта не адпавядае Катэхізісу, не слухайце іх. Гэта сляпыя, якія водзяць сляпых.

MH: Маглі б вы растлумачыць нам у дадзеным кантэксце такую маральную канцэпцыю, што ніводная двухсэнсоўная рэч не з’яўляецца абавязковай для каталіцкага сумлення, а асабліва калі гэтая рэч, як высветлілася, зроблена такой наўмысна?

CC: Логіка вучыць нас, што сцвярджэнне з’яўляецца двухсэнсоўным, калі яго можна інтэрпрэтаваць двума рознымі і/або супрацьлеглымі спосабамі. Відавочна, такое сцвярджэнне не можа мець ані нашай тэарэтычнай згоды, ані практычнага падпарадкавання, таму што яно не мае пэўнага і яснага значэння.

MH: Каб дапамагчы каталікам у нашыя часы двухсэнсоўных ухіленняў ад адказу і намёкаў, ці ёсць што-небудзь, чаму Папа Пій ХІІ мог бы асабліва навучыць нас адносна пытанняў сужэнства і разводаў, адносна выхавання малых дзяцей да вечнага жыцця, бо ён так шмат пісаў пра гэтыя справы?

CC: Магістэрый Пія ХІІ пра сужэнства і выхаванне дзяцей вельмі багаты і змястоўны. Фактычна, пасля Святога Пісання Пій ХІІ быў найбольш цытаваным аўтарам на Другім Ватыканскім саборы. Мне здаецца, што ёсць дзве прамовы, якія могуць асаблівым чынам адказаць на вашае пытанне. Першая — гэта “Радыёпасланне аб правільнай фармацыі хрысціянскага сумлення маладых”, 23 сакавіка 1952 года, AAS vol. 44, 270-278. Другая — гэта “Allocution to the Fédération Mondiale des Jeunesses Feminines Catholiques“, там жа, 413-419Апошняя мае большае настаўніцкае значэнне, бо яна датычыцца сітуацыйнай этыкі.

MH: Нямецкі езуіт а. Клаус Мертэс у нядаўнім інтэрв’ю сказаў, што Каталіцкі Касцёл “павінен цяпер дапамагчы ўстанавіць права чалавека на гомасэксуальнасць”. Які мусіць быць адпаведны адказ Касцёла на гэтую прапанову? Можа быць, адпаведныя дысцыплінарныя санкцыі ці маральнае навучанне?

CC: Я шчыра не магу зразумець, як каталіцкі тэолаг можа думаць і пісаць пра права чалавека на гомасэксульнасць. Кажучы дакладна, права — гэта маральна легітымная і юрыдычна абароненая магчымасць выконваць дзеянне. Гомасэксуальная практыка па сваёй сутнасці ірацыянальная, а таму ганебная. Каталіцкі тэолаг не можа, не павінен думаць, што Касцёл мусіць прыкладаць намаганні, каб “устанавіць права чалавека на гомасэксуальнасць”.

MH: Гледзячы больш фундаментальна, да якой ступені чалавек можа мець людское права рабіць тое, што няправільнае ў Божых вачах, напрыклад, практыкаваць палігамію?

CC: Пытанне індывідуальных правоў сёння істотна змяніла сваё значэнне. Яно атаясамлівае права з жаданнямі. Але тут будзе не да месца разглядаць гэтае пытанне з пункту гледжання людскога заканадаўцы.

MH: А. Мертэс у сваім інтэрв’ю падкрэсліў важнасць аддзялення ўдзелу ў створчай функцыі ад сужэнскага акту, каб пракласці шлях для гомасэксуальнасці. Маглі б вы растлумачыць нам традыцыйнае маральнае вучэнне Касцёла пра мэты сужэнства і першаснае значэнне ўдзелу ў створчай функцыі і выхавання дзяцей для неба? Чаму ўдзел у створчай функцыі з’яўляецца такой важнай мэтай сужэнства? Чаму ўзаемная любоў і пашана паміж асобамі не могуць выйсці на першае месца? Якія практычныя наступствы таго, што чалавек пераварочвае мэты сужэнства, то бок калі ён ставіць узаемную любоў і пашану вышэй над нараджэнне і выхаванне дзяцей?

CC: Я б хацеў даць суцэльны адказ на гэтыя пытанні. Фактычна, яны закранаюць адну вялікую праблему, якая мае фундаментальную важнасць для жыцця Касцёла і грамадства. Адносіны паміж аспектамі сужэнскай любові з аднаго боку і нараджэннем і выхаваннем дзяцей з другога боку — гэта карэляцыя, як сказалі б філосафы. То бок гэта адносіны ўзаемазалежнасці паміж дзвюма асобнымі рэальнасцямі. Сужэнская любоў, якая выражаецца сэксуальна, калі двое сужэнцаў становяцца адным целам, — гэта адзінае этычна годнае месца для перадачы жыцця новаму чалавеку. Здольнасць даваць жыццё новаму чалавеку ўпісана ў практыку сужэнскай сэксуальнасці, якая з’яўляецца мовай узаемнай самааддачы паміж сужэнцамі. Калі казаць коратка, сужэнства і дар жыцця нельга раздзяліць.

Што сталася асабліва пасля Сабору? Супраць вучэння самога Сабору на сужэнскай любові рабілі такі акцэнт, што ўдзел у створчай функцыі сталі лічыць толькі спадарожным наступствам акту сужэнскай любові. Благаслаўлёны Павел VI скарэктаваў такі погляд у энцыкліцы Humanae Vitae, лічачы яго супярэчным здароваму сэнсу і веры Касцёла. І святы Ян Павел ІІ ў апошняй частцы сваёй прыгожай Катэхезы пра чалавечую любоў прадэманстраваў антрапалагічны падмурак навучання свайго папярэдніка, а менавіта тое, што акт кантрацэпцыі — гэта аб’ектыўны падман, выказаны сужэнскай мовай цела. Якія наступствы адкідвання гэтага вучэння? Першае і найбольш сур’ёзнае наступства — гэта раздзяленне сэксуальнасці і зачацця. Выйшлі ад “сэксу без дзяцей” і дайшлі да “дзяцей без сэксу”: поўнае раздзяленне. Біялогія пакалення аддзяляецца ад генеалогіі асобы. Гэта вядзе да “вытворчасці” дзяцей у лабараторыі і да сцвярджэнняў пра (нібыта) права на дзіця. Нонсэнс. Не існуе права на асобу, існуе толькі права на рэчы. І тут ужо існуюць усе перадумовы для акультурвання гомасэксуальных паводзінаў, таму што ніхто больш не бачыць іх унутранай ірацыянальнасці, а таксама ўсёй сур’ёзнай і ўнутранай ганебнасці гомасэксуальнага саюза. І вось мы прыйшлі да змены азначэння сужэнства, таму што мы адарвалі яго ад біялогіі асобы. Сапраўды, энцыкліка Humanae Vitae была вялікім прароцтвам!

MH: Што па сваёй сутнасці з’яўляецца мэтай сужэнства і сям’і?

CC: Гэта законны саюз аднаго адзінага мужчыны і адной адзінай жанчыны ў святле ўдзелу ў створчай функцыі і выхавання дзяцей. Калі абодва ахрышчаныя, менавіта гэтая рэальнасць — а не іншая — становіцца сапраўдным сімвалам саюза Хрыста і Касцёла. Яна дае ім статус у публічным жыцці Касцёла са сваім асобным служэннем: перадачай веры сваім дзецям.

MH: У святле сучаснага павелічэння маральнага замяшання: у якой ступені рэлігійная індыферэнтнасць (напрыклад, заява, што збавіцца можна ў любой рэлігіі) вядзе да маральнага рэлятывізму? Кажучы канкрэтней, калі нейкая рэлігія заахвочвае палігамію, але пра яе кажуць, што яна збаўляе, ці ў рэшце рэшт не азначае гэта, што палігамія законная?

CC: Рэлятывізм — гэта як метастазы. Калі вы згаджаецеся на ягоныя прынцыпы, кожны людскі досвед, ці то ён асабісты, ці то сацыяльны, будзе альбо станецца сапсаваным. Вучэнне благаслаўлёнага Дж. Г. Ньюмэна мае тут вялікую актуальнасць. Пад канец свайго жыцця ён сказаў, што патагенам, які разбурае рэлігійнае пачуццё і сумленне, з’яўляецца “ліберальны прынцып”, як ён яго называе. Маецца на ўвазе вера ў тое, што, калі мова ідзе пра пакланенне, якое мы мусім аддаваць Богу, не мае значэння, што мы думаем пра Яго; вера ў тое, што ўсе рэлігіі маюць тую самую каштоўнасць. Ньюмэн лічыць такім чынам зразуметы ліберальным прынцып супрацьлеглым таму, што ён называе “дагматычным прынцыпам”, які з’яўляецца пачаткам хрысціянскага суджэння. Ад рэлігійнага рэлятывізму да маральнага рэлятывізму адзін кароткі крок. Таму праблема не ў тым, што адна рэлігія апраўдвае палігамію, а іншая асуджае яе. Праблема ў тым, што фактычна адсутнічае абсалютная праўда, якая кажа, што добрае, а што дрэннае.

MH: Ці хацелі б вы пракаментаваць заўвагу кардынала Крыстафа Шонбарна, што Amoris Laetitia з’яўляецца абавязваючым вучэннем і што ўсе папярэднія настаўніцкія дакументы пра сужэнства і сям’ю неабходна адгэтуль чытаць у святле Amoris Laetitia?

CC: Я адкажу двума простымі назіраннямі. Па-першае, трэба не толькі чытаць папярэдні Магістэрый пра сужэнства ў святле Amoris Laetitia (AL), але таксама чытаць Amoris Laetitia ў святле папярэдняга Магістэрыя. Логіка жывой Традыцыі Касцёла біпалярная: яна мае два напрамкі, а не адзін. Другая частка больш важная. У сваім інтэрв’ю ў Corriere della Sera мой дарагі сябра кардынал Шонбарн не ўлічвае тое, што адбылося ў Касцёле з моманту публікацыі Amoris Laetitia. Біскупы і шматлікія тэолагі, верныя Касцёлу і Магістэрыю, кажуць, што асабліва па адным спецыфічным, але важным пункце адсутнічае неразрыўнасць — а хутчэй назіраецца супярэчнасць — паміж AL і папярэднім Магістэрыем. Акрамя таго, гэтыя тэолагі і філосафы не кажуць гэта з прыніжальнай або бунтаўнічай інтанацыяй у бок самога Святога Айца. А заключаецца гэты пункт у наступным: AL кажа, што пры пэўных умовах сэксуальны акт паміж разведзенымі і паўторна жанатымі асобамі маральна легітымны. Нават больш, яна кажа, што словы Другога Ватыканскага сабору пра сужэнцаў — наконт сэксуальнай інтымнасці — датычацца таксама і іх (гл. зноска 329). Такім чынам, калі хтосьці кажа, што сэксуальныя адносіны па-за сужэнствам законныя, то гэтая заява супярэчыць вучэнню Касцёла пра сэксуальнасць. І калі хтосьці кажа, што чужалоства не з’яўляецца ўнутрана ганебным учынкам і што, адпаведна, могуць існаваць абставіны, якія робяць яго неганебным, то гэта таксама заява, супярэчная Традыцыі і вучэнню Касцёла. У такой сітуацыі, як гэтая, Святы Айцец, на мой погляд, як я і казаў, павінен праясніць справы. Бо, калі я кажу “А — гэта Б”, а затым кажу “А — гэта не Б”, то другое сцвярджэнне з’яўляецца не развіццём першага сцвярджэннем, а яго супрацьлегласцю. Калі хтосьці кажа: дактрына застаецца, але яна прымяняецца толькі да некаторых паасобных выпадкаў, то я адказваю: маральная норма “Не чужалож” з’яўляецца АБСАЛЮТНАЙ НЕГАТЫЎНАЙ нормай, якая не дапускае ніякіх выключэнняў. Існуе шмат спосабаў рабіць дабро, але ёсць толькі адзін спосаб не рабіць зло — гэта не рабіць зло.

MH: Якая вашая агульная рэкамендацыя як пастыра да нас, свецкіх асобаў, наконт таго, што нам варта рабіць, каб захаваць каталіцкую веру цэльнай і непарушнай, а таксама каб выхаваць дзяцей да вечнага жыцця?

CC: Скажу вельмі шчыра, што па-за сям’ёй я не бачу месца, дзе ў дастатковай ступені можна перадаць веру, якую чалавек павінен мець і якой павінен жыць. Акрамя таго, тое, што ў Еўропе падчас падзення Рымскай Імперыі і падчас пазнейшых набегаў варвараў рабілі бенедыктынскія кляштары, сёння могуць зрабіць веруючыя сем’і — пры сённяшнім панаванні новага духоўна-антрапалагічнага варварства. І дзякуй Богу, што яны [веруючыя сем’і] дагэтуль існуюць і трываюць.

Мне на розум прыходзіць невялікая паэма, якую напісаў Чэстэртан; ён напісаў яе ў пачатку дваццатага стагоддзя: Балада пра белага каня. Гэта велічнае паэтычнае разважанне пра гістарычны факт. Ён адбываецца ў 878 годзе. Кароль Англіі Альфрэд Вялікі толькі што перамог караля Даніі Гутрума, які перад гэтым уварваўся ў Англію. І вось наступіў момант супакою і святла. Але ў ноч пасля перамогі кароль Альфрэд меў страшную візію: ён бачыць, як Англію захоплівае іншае войска, якое ён апісвае наступным чынам:

“What though they come with scroll and pen
[сапраўды дзіўнае войска, якое не мае зброі, а толькі ручку і паперу — кардынал Кафара],
And grave as a shaven clerk,
By this sign you shall know them,
That they ruin and make dark;
By all men bound to Nothing…
Know ye the old barbarian, The barbarian come again.”

Веруючыя сем’і — гэта сапраўдныя крэпасці. А будучыня ў Божых руках.


Аўтар: Maike Hickson
Крыніца: OnePeterFive
ФотаH. Guerrero

Інтэрв’ю перакладзена з англійскай мовы і перадрукавана з дазволу рэдакцыі OnePeterFive. Фота выкарыстана з дазволу аўтара. Лірыка Чэстэртана застаецца амаль не перакладзенай нават на рускую мову, між іншым, з-за незвычайнага англійскага стылю, які немагчыма перадаць пры перакладзе.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

You may also like...

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: