card-cupich-mini

12 кастрычніка, пасля абвяшчэння таго, што Папа Францішак выбраў арцыбіскупа Чыкага Блэйза Супіча (Blaise Cupich) адным з новых кардыналаў, Супіч даў кароткае, але вельмі паказальнае інтэрв’ю выданню Vatican Insider італьянскай газеты La Stampa. Гэтае інтэрв’ю вельмі важнае, таму што Супіч тлумачыць сваё разуменне восьмага раздзела паслясінадальнай адгартацыі Amoris Laetitia.

Калі яго спыталіся, ці цяпер нешта змянілася ў адносінах да выпадкаў разведзеных і паўторна жанатых і іх магчымага доступу да святой Камуніі, Супіч растлумачыў:

Мая пазіцыя такая самая, як і пазіцыя Папы Францішка, які адзначыў, што адпаведную інтэрпрэтацыю Amoris Laetitia даў кардынал Крыстаф Шонбарн, а затым біскупы Аргентыны, аб чым Папа сказаў, што “далейшай інтэрпрэтацыі не патрабуецца”. Таму, калі людзі хочуць ведаць, што я думаю, ім след звярнуцца да гэтых крыніцаў. Я таксама звяртаю ўвагу на добры артыкул, напісаны прафесарам Рока Буцільёнэ (Rocco Buttiglione) у L’Osservatore Romano 19 ліпеня бягучага года і перадрукаваны мною ў архідыяцэзіяльнай газеце. Прафесар Буцільёнэ прыводзіць пераканаўчыя доказы таго, што Папа Францішак навучае пра гэтыя справы ў згодзе са сваімі папярэднікамі і Катэхізісам Каталіцкага Касцёла.

У гэтым кароткім каментарыі Супіч яшчэ раз ясна пацвярджае, што сам Папа Францішак падтрымлівае рашэнне аргентынскіх біскупаў даць разведзеным і паўторна жанатым асобам доступ да святой Камуніі, нягледзячы на тое, што гэтыя асобы вядуць сваё жыццё ў супярэчнасці з Божымі прыказаннямі і не раскайваюцца. Такім чынам, Супіч пацвярджае нам намеры Папы, якія ён мае ў сувязі з Amoris Laetitia. Больш няма ў чым сумнявацца.

Разам з тым становіцца больш ясна, чаму Папа Францішак выбраў Супіча для надання яму кардынальскай годнасці. Відавочна, ён бачыць у Супічу чалавека, які падтрымае ягоны “новы падыход” у Злучаных Штатах. Вось як сам Супіч кажа пра гэта ў кантэксце візіту Папы ў ЗША ў 2015 годзе:

У той жа час ён [Францішак] прапанаваў вымагальны погляд [challenging vision] на тое, чым пакліканы быць Касцёл, і таму ўсе мы, біскупы ЗША, павінны адказаць з адвагай і рашучасцю.

 

Арцыбіскуп Чыкага, які толькі нядаўна (у 2014 годзе) быў пастаўлены на гэтае месца самім Папам Францішкам, напэўна, прыкладзе намаганні, каб ажыццявіць адну з частак “вымагальнага погляду” Папы: прасунуць нядбайнасць у прымяненні маральнага вучэння Касцёла, што прывядзе да рызыкі згубіць яшчэ больш душаў.


Крыніца: OnePeterFive
Аўтар: Maike Hickson
Ілюстрацыя: Goat_Girl, CC BY (выразана)

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу рэдакцыі 1Р5.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz