20.10.2016 / 45 аўтараў

Тэалагічная крытыка Amoris laetitia (2 з 3)🕑 13 хвілін

letter-mini

[ddownload id=”1428″]

(Частка 1Частка 2Частка 3)

Тэлагічныя цэнзуры сцвярджэнняў, выбраных з апостальскай адгартацыі Amoris laetitia

A. Ерэтычныя сцвярджэнні

1) AL 83: “Касцёл… рашуча адкідае смяротнае пакаранне”.

Калі зразумета ў тым сэнсе, што смяротнае пакаранне заўсёды і ўсюды з’яўляецца само па сабе несправядлівым, і таму ніколі не можа справядліва накладацца дзяржавай:

і) Haeretica, sacrae Scripturae contraria.

ii) Perniciosa.

Быц 9:6 [1]: “Хто пралье чалавечую кроў, кроў таго будзе праліта чалавекам; бо чалавек створаны на вобраз Божы”.

Гл. таксама: Лев 20:1; Дрг 13:21-22; Мц 15:4; Мк 7:10; Ян 19:11; Рым 13:4; Гбр 10:28; Інакенцій І, Ліст да Экзуперыя, PL 120: 499A-B; Інакенцій ІІІ, Вызнанне веры, прызначанае для вальдэнсаў (DH 795) [2]; Пій V, Катэхізіс Трыдэнцкага сабору, каментарый да 5-га прыказання; Папа Пій ХІІ, Пасланне для Першага міжнароднага кангрэса па патагісталогіі нярвовай сістэмы, AAS 44 (1952): 787; Ян Павел ІІ, Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 2267.

2) AL 156: “Важна выразна адкінуць усе формы сексуальнага падпарадкавання”. [У англійскім арыгінале ідзе мова пра sexual submission, што ў кантэксце параграфа хутчэй азначае не падпарадкаванне ў сэнсе цялесных адносінаў, а падпарадкаванне па палавой прыкмеце. — Te igitur.]

Калі зразумета не проста як адмаўленне таго, што жонка павінна аказваць нявольніцкую паслухмянасць свайму мужу альбо што муж мае ўладу над сваёй жонкай накшталт бацькоўскай улады, але таксама як адмаўленне таго, што муж мае якую-небудзь форму ўлады над сваёй жонкай, альбо як адмаўленне таго, што жонка мае які-небудзь абавязак падпарадкоўвацца разумным загадам свайго мужа на моцы ягонай улады як мужа:

і) Haeretica, sacrae Scripturae contraria.

ii) Prava, perniciosa.

Эф 5:24: “Таму, як Касцёл падпарадкоўваецца Хрысту, так і жонкі падпарадкоўваюцца мужам ва ўсім”.

Гл. таксама: 1 Кар 11:3; Клс 3:18; Ціт 2:3-5; 1 П 3:1-5; Пій V, Катэхізіс Трыдэнцкага сабору, каментарый да сакрамэнту сужэнства; Леў ХІІІ, Arcanum, ASS 12 (1879): 389; Пій ХІ, Casti connubii, AAS 22 (1930): 549 (DH 3708-09); Ян ХХІІІ, Ad Petri cathedram, AAS 51 (1959): 509-10.

3) AL 159: “Св. Павел рэкамендаваў цнатлівасць, бо спадзяваўся на хуткае паўторнае прыйсце Езуса Хрыста і хацеў, каб усе засяродзіліся выключна на евангелізацыі: “заканчваецца час” (1 Кар 7:29)… Замест таго, каб казаць пра вышэйшасць цнатлівасці ва ўсіх адносінах, належыць паказаць, што розныя станы жыцця ўзаемадапаўняюцца, так што хтосьці можа быць дасканалы ў адных адносінах, а іншы можа быць больш дасканалы з іншага пункта гледжання”.

Зразуметае як адмаўленне таго, што дзявочы стан жыцця, кансэкраванага Хрысту, як такі знаходзіцца вышэй за стан хрысціянскага сужэнства:

і) Haeretica, sacrae Scripturae contraria.

ii) Perniciosa, suspensiva gravis resolutionis.

Трыдэнцкі сабор, сесія 24, канон 10: “Калі хтосьці кажа, што жанаты стан пераўзыходзіць стан дзявочасці ці цэлібату і што не з’яўляецца лепшым і больш благаслаўлёным заставацца ў дзявочасці ці цэлібаце, чым быць з’яднаным у сужэнстве, няхай будзе адлучаны” (DH 1810).

Гл. таксама: Мц 19:12, 21; 1 Кар 7:7-8, 38; 2 Тэс 2:1-2; Ап 14:4; Фларэнтыйскі сабор, Дэкрэт для якабітаў (DH 1353); Пій Х, Адказ Біблійнай камісіі (DH 3629); Пій ХІІ, Sacra virginitas, AAS 46 (1954): 174; Другі Ватыканскі сабор, дэкрэт Optatam totius, 10.

4) AL 295: “Ян Павел ІІ прапанаваў г. зв. “закон паступовасці”, разумеючы, што чалавек “пазнае, любіць і здзяйсняе маральнае дабро ў адпаведнасці з этапамі свайго развіцця”. Гэта не “паступовасць закону”, але паступовасць у разважлівым выкананні свабодных чынаў суб’ектамі, якія не ў стане зразумець, ацаніць або ў поўні рэалізаваць [аб’ектыўныя] патрабаванні закону”.

AL 301: “Таму нельга сказаць, што кожны, хто знаходзіцца ў г. зв. “нестандартнай” сітуацыі, жыве ў стане смяротнага граху, пазбаўлены асвячальнай ласкі. Абмежаванні не залежаць толькі ад магчымага няведання нормы. Суб’ект, хоць і добра ведае норму, можа мець вялікія цяжкасці ў разуменні “каштоўнасцяў, змешчаных у маральнай норме”, або можа апынуцца ў пэўных умовах, якія не дазваляюць яму дзейнічаць інакш і прыняць іншыя рашэнні без новай віны”.

Зразуметае ў значэнні, што апраўданая асоба не мае сілы з Божай ласкай выконваць аб’ектыўныя патрабаванні Божага закону, як быццам некаторыя з Божых запаведзяў невыканальныя для апраўданых; альбо ў значэнні, што Божая ласка, калі яна апраўдвае асобу, не выклікае без выключэнняў і па сваёй прыродзе навяртання з усіх цяжкіх грахоў альбо з’яўляецца недастатковай для навяртання з усіх цяжкіх грахоў:

і) Haeretica, sacrae Scripturae contraria.

ii) Impia, blasphema.

Трыдэнцкі сабор, сесія 6, канон 18: “Калі хтосьці кажа, што Божыя прыказанні немагчыма захаваць нават чалавеку апраўданаму і ўмацаванаму ў ласцы, няхай будзе адлучаны” (DH 1568).

Гл. таксама: Быц 4:7; Дрг 30:11-19; Сір 15:11-22; Мк 8:38; Лк 9:26; Гбр 10:26-29; 1 Ян 5:17; Зосіма, 15-ы (ці 16-ты) Карфагенскі сабор, канон 3 аб ласцы (DH 225); Фелікс ІІІ, Другі Аранжскі сінод, DH 397; Трыдэнцкі сабор, сесія 5, канон 5; сесія 6, каноны 18-20, 22, 27 і 29; Пій V, була Ex omnibus afflictionibus, Пра памылкі Міхэла дэ Бая, 54 (DH 1954); Інакенцій Х, канстытуцыя Cum occasione, Пра памылкі Карнэлія Янсэна, 1 (DH 2001); Клімэнт ХІ, канстытуцыя Unigenitus, Пра памылкі Паск’е Кенэля, 71 (DH 2471); Ян Павел ІІ, апостальская адгартацыя Reconciliatio et paenitentia 17: AAS 77 (1985): 222; Veritatis splendor 65-70: AAS 85 (1993): 1185-89 (DH 4964-67).

5) AL 297: “Ніхто не можа быць асуджаны назаўжды, бо гэта не логіка Евангелля!”

Калі зразумета ў значэнні, што ніводзін чалавек не можа альбо не будзе асуджаны на вечнае пакаранне ў пекле:

і) Haeretica, sacrae Scripturae contraria.

ii) Scandalosa, perniciosa.

Мц 25:46: “І гэтыя адыдуць на вечнае пакаранне, а справядлівыя — да вечнага жыцця”.

Гл. таксама: Мц 7:22-23; Лк 16:26; Ян 17:12; Ап 20:10; 16-ы Таледскі сабор (DH 574); 4-ы Латэранскі сабор (DH 801); Бенедыкт ХІІ, канстытуцыя Benedictus Deus (DH 1002); Фларэнтыйскі сабор, дэкрэт Laetentur caeli (DH 1306); Ян Павел ІІ, Ліст да Кангрэгацыі дактрыны веры, Recentiores episcoporum, AAS 71 (1979): 941; Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 1033-1037.

6) AL 299: “Я прымаю разважанні многіх айцоў Сінода, якія пажадалі сцвердзіць, што “ахрышчаныя асобы, якія развяліся і заключылі новы грамадзянскі шлюб, павінны больш прыцягвацца рознымі спосабамі да хрысціянскай супольнасці, пазбягаючы розных нагодаў да згаршэння. Ключом пастырскага суправаджэння з’яўляецца логіка інтэграцыі, каб яны не толькі ведалі, што належаць да цела Хрыста, якім з’яўляецца Касцёл, але каб маглі мець радасны і плённы досвед гэтага. Яны ахрышчаны, з’яўляюцца братамі і сёстрамі, Дух Святы разлівае ў іх дары і харызмы дзеля агульнага дабра… Яны не толькі не павінны адчуваць сябе экскамунікаванымі, але могуць жыць і развівацца як жывыя члены Касцёла, адчуваючы, што ён з’яўляецца для іх як маці, якая заўсёды прымае, клапоціцца з любоўю і падтрымлівае іх на дарозе жыцця і Евангелля”.

Калі зразумета ў значэнні, што разведзеныя і паўторна жанатыя асобы, якія выбіраюць сваю сітуацыю з поўнымі ведамі і свабоднай згодай волі, не знаходзяцца ў стане цяжкага граху і што яны могуць атрымліваць асвячальную ласку і ўзрастаць у любові:

і) Haeretica, sacrae Scripturae contraria.

ii) Scandalosa, prava, perversa.

Мк 10:11-12: “Хто развядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з іншай, той чужаложыць супраць яе. І калі жонка развядзецца з мужам сваім і выйдзе замуж за іншага, чужаложыць”.

Гл. таксама: Зых 20:14; Мц 5:32, 19:9; Лк 16:18; 1 Кар 7:10-11; Гбр 10:26-29; Трыдэнцкі сабор, сесія 6, каноны 19-21, 29 (DH 1569-71, 1577); сесія 24, каноны 5 і 7 (DH 1805, 1807); Інакенцій ХІ, Асуджаныя сцвярджэнні “лаксістаў”, 62-63 (DH 2162-63); Аляксандр VIII, Дэкрэт Святога Афіцыя аб “філасофскім граху” (DH 2291); Ян Павел ІІ, Veritatis splendor, 65-70: AAS 85 (1993): 1185-89 (DH 4964-67).

7) AL 301: “Таму нельга сказаць, што кожны, хто знаходзіцца ў г. зв. “нестандартнай” сітуацыі, жыве ў стане смяротнага граху, пазбаўлены асвячальнай ласкі. Абмежаванні не залежаць толькі ад магчымага няведання нормы. Суб’ект, хоць і добра ведае норму, можа мець вялікія цяжкасці ў разуменні “каштоўнасцяў, змешчаных у маральнай норме”, або можа апынуцца ў пэўных умовах, якія не дазваляюць яму дзейнічаць інакш і прыняць іншыя рашэнні без новай віны”.

Зразуметае ў значэнні, што веруючы каталік можа мець поўныя веды пра Божы закон і дабравольна выбраць яго парушэнне ў сур’ёзнай матэрыі, але не знаходзіцца ў стане смяротнага граху ў выніку гэтага дзеяння:

і) Haeretica, sacrae Scripturae contraria.

ii) Prava, perversa.

Трыдэнцкі сабор, сесія 6, канон 20: “Калі хтосьці кажа, што апраўданы чалавек, якім дасканалым ён бы ні быў, не абавязаны захоўваць прыказанні Бога і Касцёла, а абавязаны толькі верыць, як быццам бы Евангелле было проста абсалютным абяцаннем вечнага жыцця без умовы, што запаведзі будуць захаваныя, няхай будзе адлучаны” (DH 1570).

Гл. таксама: Мк 8:38; Лк 9:26; Гбр 10:26-29; 1 Ян 5:17; Трыдэнцкі сабор, сесія 6, каноны 19 і 27; Клімэнт ХІ, канстытуцыя Unigenitus, Пра памылкі Паск’е Кенэля, 71 (DH 2471); Ян Павел ІІ, апостальская адгартацыя Reconciliatio et paenitentia 17: AAS 77 (1985): 222; Veritatis splendor, 65-70: AAS 85 (1993): 1185-89 (DH 4964-67).

8) AL 301: “Таму нельга сказаць, што кожны, хто знаходзіцца ў г. зв. “нестандартнай” сітуацыі, жыве ў стане смяротнага граху, пазбаўлены асвячальнай ласкі. Абмежаванні не залежаць толькі ад магчымага няведання нормы. Суб’ект, хоць і добра ведае норму, можа мець вялікія цяжкасці ў разуменні “каштоўнасцяў, змешчаных у маральнай норме”, або можа апынуцца ў пэўных умовах, якія не дазваляюць яму дзейнічаць інакш і прыняць іншыя рашэнні без новай віны”.

Зразуметае як сцвярджэнне таго, што асоба з поўнымі ведамі Божага закону можа зграшыць шляхам паслухмянасці гэтаму закону:

і) Haeretica, sacrae Scripturae contraria.

ii) Prava, perversa.

Пс. 18:8: “Закон Пана дасканалы, умацоўвае душу”.

Гл. таксама: Сір 15:20; Трыдэнцкі сабор, сесія 6, канон 20; Клімэнт ХІ, канстытуцыя Unigenitus, Пра памылкі Паск’е Кенэля, 71 (DH 2471); Леў XIII, Libertas praestantissimum, ASS 20 (1887-88): 598 (DH 3248); Ян Павел II, Veritatis splendor, 40: AAS 85 (1993): 1165 (DH 4953).

9) AL 303: “Аднак сумленне можа прызнаць не толькі тое, што дадзеная сітуацыя аб’ектыўна не адпавядае агульным пастулатам Евангелля, але можа таксама шчыра і сумленна прыняць тое, што ў дадзеную хвіліну з’яўляецца велікадушным адказам, які можна даць Богу, і адкрыць з нейкай маральнай упэўненасцю, што гэта дар, якога патрабуе сам Бог сярод канкрэтных складаных абмежаванняў, хоць гэта яшчэ не цалкам аб’ектыўны ідэал”.

Зразуметае ў значэнні, што сумленне можа праўдзіва судзіць, што ўчынкі, асуджаныя Евангеллем, а ў прыватнасці, сэксуальныя акты паміж каталікамі, якія заключылі грамадзянскі шлюб пасля разводу, могуць часам быць маральна правільнымі альбо іх можа жадаць ці патрабаваць Бог:

і) Haeretica, sacrae Scripturae contraria.

ii) Scandalosa, prava, perversa, perniciosa, impia, blasphema.

Трыдэнцкі сабор, сесія 6, канон 21: “Калі хтосьці кажа, што Езус Хрыстус быў дадзены Богам людзям як адкупіцель, якому яны мусяць верыць, але не як заканадаўца, якога яны абавязаны слухацца, няхай будзе адлучаны” (DH 1571).

Трыдэнцкі сабор, сесія 24, канон 2: “Калі хтосьці кажа, што хрысціяне могуць законна мець некалькі жонак адначасова і што гэта не забаронена якім-небудзь Божым законам, няхай будзе адлучаны” (DH 1802).

Трыдэнцкі сабор, сесія 24, канон 5: “Калі хтосьці кажа, што сужэнская сувязь можа быць разарвана з прычыны ерасі, цяжкасцяў у сумесным жыцці альбо з прычыны дабравольнай адсутнасці аднаго з сужэнцаў, няхай будзе адлучаны” (DH 1805).

Трыдэнцкі сабор, сесія 24, канон 7: “Калі хтосьці кажа, што Касцёл трапіў у памылку з-за таго, што навучаў і дагэтуль навучае, што, згодна з евангельскім і апостальскім вучэннем, сужэнская сувязь не можа быць разарваная з-за чужалоства з боку аднаго з сужэнцаў, і што ніводзін з дваіх, нават нявінны, які не даваў ніякіх прычын для нявернасці, не можа заключыць іншае сужэнства на працягу жыцця другога [сужэнца], і што муж, які адпускае жонку-чужаложніцу і жэніцца зноў, і жонка, якая адпускае мужа-чужаложніка і выходзіць замуж зноў, абодва вінаватыя ў чужалостве, няхай будзе адлучаны” (DH 1807).

Гл. таксама: Пс 5:5, Пс 18:8-9; Сір 15:20; Гбр 10:26-29; Як 1:13; 1 Ян 3:7; Інакенцій ХІ, Асуджаныя сцвярджэнні “лаксістаў”, 62-63 (DH 2162-63); Клімэнт ХІ, канстытуцыя Unigenitus, Пра памылкі Паск’е Кенэля, 71 (DH 2471); Леў XIII, Libertas praestantissimum, ASS 20 (1887-88): 598 (DH 3248); Пій ХІІ, Дэкрэт Святога Афіцыя наконт сітуацыйнай этыкі (DH 3918); Другі Ватыканскі сабор, Пастырская канстытуцыя Gaudium et Spes, 16; Ян Павел ІІ, Veritatis splendor, 54: AAS 85 (1993): 1177; Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 1786-87.

10) AL 304: “Горача прашу, каб мы памяталі тое, чаму вучыў св. Тамаш Аквінскі, і стараліся прымяняць гэта ў пастырскім распазнаванні: “Хоць існуе нейкая неабходнасць у агульных прынцыпах, аднак, чым больш сягаем да дэталяў, тым лягчэй парушаем… Што да сферы дзеянняў, калі гаворка ідзе пра дэталі, не ўсе маюць тую самую праўду ці слушнасць, толькі калі гаворка ідзе пра агульныя прынцыпы. Ды і тыя, якія маюць тую самую праўду і слушнасць, не ўсім вядомыя ў аднолькавай ступені… Чым больш сягаем да дэталяў, тым больш памнажаюцца спосабы парушэнняў”. Сапраўды, агульныя нормы з’яўляюцца нейкім дабром, якое ніколі нельга ігнараваць ці занядбоўваць, але ў сваіх фармуліроўках яны не могуць ахапіць абсалютна ўсе канкрэтныя сітуацыі”.

Зразуметае ў значэнні, што маральныя прынцыпы і маральныя праўды, заключаныя ў Божым адкрыцці і ў натуральным законе, не ўключаюць негатыўных забаронаў, якія абсалютна забараняюць пэўныя віды ўчынкаў пры любых і кожных абставінах:

і) Haeretica, sacrae Scripturae contraria.

ii) Scandalosa, prava, perversa.

Ян Павел ІІ, Veritatis splendor, 115: “Кожны з нас ведае, якім важным з’яўляецца вучэнне, якое прадстаўляе сабою цэнтральную тэму гэтай Энцыклікі і якую сёння аўтарытэтна паўтарае Наступнік Пятра. Кожны з нас можа бачыць, якую вагу — не толькі для паасобных людзей, але і для ўсяго грамадства — мае паўторнае пацвярджэнне універсальнасці і нязменнасці маральных прыказанняў, асабліва тых, якія заўсёды і без выключэнняў забараняюць унутрана дрэнныя ўчынкі” (DH 4971).

Гл. таксама: Рым 3:8; 1 Кар 6:9-10; Гал 5:19-21; Ап 22:15; Чацвёрты Латэранскі сабор, раздз. 22 (DH 815); Канстанцкі сабор, була Inter cunctas, 14 (DH 1254); Павел VI, Humanae Vitae, 14: AAS 60 (1968) 490-91; Ян Павел ІІ, Veritatis splendor, 83: AAS 85 (1993): 1199 (DH 4970).

11) AL 308: “Я разумею тых, хто жадае больш рыгарыстычнага пастырства, не пакідаючы месца ніякай блытаніне. Аднак шчыра веру, што Езус Хрыстус прагне Касцёла, які б звяртаў увагу на дабро, якое Дух Святы распаўсюджвае сярод слабасці: Маці, якая адначасова паказвае выразна аб’ектыўнае вучэнне і дзеля “дасягнення найбольшага дабра не баіцца запэцкацца вулічным брудам”.

Калі зразумета ў значэнні, што наш Пан Езус Хрыстус жадае, каб Касцёл адкінуў сваю спрадвечную дысцыпліну адмаўлення ў Эўхарыстыі разведзеным і паўторна жанатым асобам і адмаўлення ў адпушчэнні грахоў разведзеным і паўторна жанатым асобам, якія не выказваюць раскаяння з-за іхняга стану жыцця і цвёрдай пастановы выпраўлення ў гэтых адносінах:

і) Haeretica, sacrae Scripturae contraria.

ii) Scandalosa, prava, perversa, impia, blasphema.

1 Кар 11:27: “Таму той, хто будзе есці хлеб гэты ці піць з келіха Пана нягодным чынам, будзе вінаваты [ў граху супраць] Цела і Крыві Пана”.

Familiaris consortio, 84: “Паяднанне ў сакрамэнце пакаяння, якое адкрывае дарогу да Эўхарыстыі, можа быць дадзена толькі тым, хто, пакаяўшыся ў разрыве знака Запавету і вернасці Хрысту, сумленна гатовы прыняць стыль жыцця, які больш не знаходзіцца ў супярэчнасці з неразрыўнасцю сужэнства. На практыцы гэта азначае, што, калі па сур’ёзных прычынах, такіх як выхаванне дзяцей, мужчына і жанчына не могуць выканаць абавязку разысціся, яны “бяруць на сябе абавязак жыць у поўным устрыманні, гэта значыць, ва ўстрыманні ад актаў, якія належаць жанатым парам”.

Другі Латэранскі сабор, канон 20: “Паколькі існуе адна рэч, якая відавочна выклікае вялікую трывогу святога Касцёла, а менавіта фальшывае пакаянне, мы папярэджваем нашых братоў у біскупстве і святароў, каб не дазвалялі душам свецкіх падманвацца і сцягвацца ў пекла фальшывамі споведзямі. Пакаянне напэўна з’яўляецца фальшывым, калі ігнаруюцца многія грахі, а пакаянне адбываецца толькі за адзін, альбо калі яно адбываецца за адзін грэх такім чынам, што пенітэнт не выракаецца іншага” (DH 717).

Гл. таксама: Мц 7:6; Мц 22:11-13; 1 Кар 11:28-30; Гбр 13:8; Трыдэнцкі сабор, сесія 14, Дэкрэт аб пакаянні, раздз. 4; Трыдэнцкі сабор, сесія 13, Дэкрэт аб Найсвяцейшай Эўхарыстыі (DH 1646-47); Інакенцій ХІ, Асуджаныя сцвярджэнні “лаксістаў”, 60-63 (DH 2160-63); Ян Павел ІІ, Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 1385, 1451, 1490.

[1] У англійскай версіі Святое Пісанне цытуецца па Вульгаце і па Новай Вульгаце. У беларускай версіі Святое Пісанне цытуецца па перакладзе Камісіі пры ККББ.

[2] Спасылкі на Дэнцынгера ўзятыя з 43 выдання.

Пакінуць каментар

Scroll Up