letter-mini

У ліпені 2016 года група з 45 каталіцкіх навукоўцаў і пастыраў накіравала ліст дэкану Калегіі кардыналаў Анджэла Садана з просьбай заклікаць Папу, каб ён абвергнуў найбольш небяспечныя для каталіцкай веры сцвярджэнні Amoris laetitia. Гэты ліст быў задуманы як выкананне абавязку тэолагаў выказацца на карысць дабра Касцёла, адпаведна са сваёй кваліфікацыяй і ведамі. У хуткім часе тэкст быў раскрыты і надрукаваны некаторымі выданнямі, з нагоды чаго арганізатары выдалі прэс-рэліз з дадатковымі каментарыямі і тлумачэннямі. У святле выхаду беларускага перакладу адгартацыі мы адчуваем неабходнасць апублікаваць перакладзены ліст 45 аўтараў цалкам дзеля карысці чытачоў, якія будуць гэтую адгартацыю чытаць, а таксама для святароў, якім сказана яе “прымяняць”, што б гэта ні значыла. Усе тры часткі гэтага ліста з’явяцца цягам гэтага тыдня.


(Частка 1Частка 2Частка 3)

Апостальская адгартацыя Amoris laetitia, выдадзеная Папам Францішкам 19 сакавіка 2016 года і адрасаваная біскупам, прэзбітэрам, дыяканам, кансэкраваным асобам, хрысціянскім сужэнцам і ўсім свецкім вернікам, выклікала смутак і замяшанне сярод многіх каталікоў з-за яе відавочнага разыходжання з некалькімі пунктамі вучэння Каталіцкага Касцёла наконт веры і маралі. Гэтая сітуацыя стварае сур’ёзную небяспеку для душаў. Паколькі, як вучыць св. Тамаш Аквінскі, падначаленыя абавязаны публічна выпраўляць сваіх кіраўнікоў, калі існуе непазбежная небяспека для веры (Summa Theologiae, IIa IIae q. 33 a. 4 ad 2; a. 7 co.), а таксама вернікі-каталікі маюць права, а часам і абавязак, у адпаведнасці са сваімі ведамі, здольнасцямі і пазіцыяй, рабіць вядомымі свае погляды на справы, якія датычацца дабра Касцёла (лацінскі Кодэкс кананічнага права, кан. 212, пар. 3), каталіцкія тэолагі маюць пільны абавязак сказаць слова супраць відавочных памылак у дакуменце. Гэтая заява наконт Amoris laetitia задумана як выкананне гэтага абавязку і дапамога іерархіі Касцёла ў выпраўленні гэтай сітуацыі.

Аўтарытэт Amoris laetitia

Афіцыйны характар Amoris laetitia прыводзіць да таго, што яна можа ствараць сур’ёзную небяспеку для веры і маралі каталікоў. Хоць апостальская адгартацыя зазвычай ці ў асноўным належыць да выключна пастырскай улады, тым не менш, з увагі на сувязь паміж настаўніцкай і кіраўнічай уладай, яна таксама ўскосна належыць да настаўніцкай улады. Яна таксама можа ўтрымліваць непасрэдна настаўніцкія фрагменты, якія ў такім выпадку ясна пазначаюцца як такія. Так было ў выпадку папярэдніх апостальскіх адгартацый, такіх як Evangelii nuntiandi, Familiaris consortio і Reconciliatio et paenitentia.

Няма як такіх перашкод, каб Папа выкарыстоўваў апостальскую адгартацыю для беспамылковага навучання па пытаннях веры і маралі, але Amoris laetitia не ўтрымлівае беспамылковага вучэння, бо ніводнае з яе выказванняў не выконвае сціслых патрабаванняў да беспамылковай дэфініцыі. Такім чынам, гэта не выпадак беспамылковага папскага магістэрыя.

Некаторыя каментатары заявілі, што дакумент не ўтрымлівае настаўніцкага навучання як такога, а толькі асабістыя разважанні Папы на закранутыя тэмы. Калі гэтае сцвярджэнне і праўдзівае, гэта не адмяняе небяспекі для веры і маралі, якую стварае гэты дакумент. Калі Вярхоўны Пантыфік выражае асабістае меркаванне ў настаўніцкім дакуменце, гэты выраз меркавання безумоўна прадстаўляе дадзенае меркаванне як тое, якое каталікі могуць законна падтрымліваць. У выніку шматлікія каталікі прыйдуць да высновы, што гэтае меркаванне сапраўды згаджаецца з каталіцкай верай і маральнасцю. Некаторыя каталікі з павагі да суджэння Вярхоўнага Пантыфіка дойдуць да высновы, што гэтае меркаванне не толькі дапушчальнае, але і праўдзівае. Калі ж дадзенае меркаванне насамрэч не згаджаецца з каталіцкай верай і маральнасцю, гэтыя каталікі, такім чынам, адкінуць веру і маральнае навучанне Каталіцкага Касцёла ў той частцы, якая датычыцца гэтага меркавання. Калі меркаванне датычыцца пытанняў маральнасці, практычны рэзультат дзеянняў каталікоў будзе той самы, ці то яны будуць лічыць гэтае меркаванне законным, ці то правільным. Меркаванне па маральных пытаннях, якое сапраўды адпавядае Вярхоўнаму Пантыфіку, гэта такое меркаванне, за якім каталікам можна законна ісці. Вера ў законнасць маральнай пазіцыі будзе, такім чынам, прыводзіць каталікоў да высновы, што трэба захоўвацца так, нібы гэтая пазіцыя была праўдзівай. Калі ёсць моцная матывацыя дзейнічаць такім спосабам — а яна ёсць у выпадку згаданых пытанняў для тых асобаў, якіх гэтыя пытанні датычацца, — большасць каталікоў будзе дзейнічаць адпаведна. Гэта важны фактар для ацэнкі Amoris laetitia, таму што гэты дакумент закранае канкрэтныя маральныя пытанні.

Аднак няпраўда, што Amoris laetitia не мае іншых мэтаў, як толькі прадставіць асабістыя погляды Папы. Гэты дакумент утрымлівае сцвярджэнні пра асабістыя погляды Святога Айца, але такія сцвярджэнні несумяшчальныя з прадстаўленнем тых жа пазіцый як навучання Касцёла з дапамогай гэтага дакумента. Большая частка дакумента складаецца з простых сцвярджэнняў фактаў і імператыўных выразаў, якія не адносяцца да асабістых поглядаў Святога Айца, а таму маюць форму настаўніцкага навучання. Гэтая форма выкліча сітуацыю, калі каталікі будуць верыць, што гэтыя сцвярджэнні не проста дапушчальныя, але з’яўляюцца навучаннем аўтэнтычнага магістэрыя, якое патрабуе рэлігійнага падпарадкавання розуму і волі; навучаннем, на якое яны мусяць адказаць не ветлівым маўчаннем, якое суправаджаецца ўнутранай нязгодай, а сапраўднай унутранай згодай [1].

Небяспека Amoris laetitia

Наступны аналіз не аспрэчвае і не ставіць пад пытанне асабістую веру Папы Францішка. Нельга апраўдана ці законна аспрэчваць веру нейкага аўтара на падставе аднаго тэксту, а асабліва гэта так у выпадку Вярхоўнага Пантыфіка. Ёсць і іншыя прычыны, чаму тэкст Amoris laetitia нельга выкарыстоўваць як дастатковую прычыну для пацвярджэння таго, што Папа дапусціў ерась. Гэты дакумент выключна доўгі, і, верагодна, шмат з яго арыгінальнага тэксту было створана аўтарам або аўтарамі, якія не з’яўляюцца Папам Францішкам, што нармальна для папскіх дакументаў. Тыя сцвярджэнні ў ім, якія на першы погляд супярэчаць веры, маглі трапіць туды з прычыны простай памылкі з боку Папы Францішка, а не з-за дабравольнага адмаўлення веры. Аднак, калі мова ідзе пра сам дакумент, несумненна, ён стварае сур’ёзную небяспеку для каталіцкай веры і маральнасці. Ён утрымлівае шматлікія сцвярджэнні, недакладнасць і неадназначнасць якіх дапускаюць інтэрпрэтацыі, якія супярэчаць веры і маралі альбо якія прапануюць штосьці, што супярэчыць веры і маралі, не сцвярджаючы гэтага наўпрост. Ён таксама ўтрымлівае сцвярджэнні, натуральнае значэнне якіх выдаецца супярэчным веры альбо маралі.

Сцвярджэнні, якія знаходзяцца ў Amoris laetitia, не выказаныя з навуковай дакладнасцю. Гэта можа быць карысным для вельмі малой часткі каталікоў, якія маюць тэалагічную падрыхтоўку, таму што гэтыя каталікі змогуць распазнаць, што сцвярджэнні Amoris laetitia не патрабуюць ад іх рэлігійнага падпарадкавання розуму і волі, альбо нават ветлівага маўчання адносна іх. Каб паўстала абавязковае настаўніцкае навучанне, неабходныя дакладнае фармуляанне і адпаведная прававая форма, а яны з большага адсутнічаюць у дакуменце. Аднак гэты дакумент шкодны для абсалютнай большасці каталікоў, якія не маюць тэалагічнай адукацыі і не вельмі добра інфармаваныя пра каталіцкае навучанне па тых тэмах, якія абмяркоўвае апостальская адгартацыя. Недахоп дакладнасці ў сцвярджэннях гэтага дакумента дазваляе больш лёгка інтэрпрэтаваць іх як супярэчанне сапраўднаму вучэнню Каталіцкага Касцёла і Божаму адкрыццю, а таксама як апраўданне і патрабаванне ад каталікоў адкінуць гэтае вучэнне ў тэорыі і на практыцы. Некаторыя кардыналы, біскупы і святары, здраджваючы свайму абавязку ў дачыненні да Езуса Хрыста і да збаўлення душаў, ужо прапануюць інтэрпрэтацыі такога кшталту.

Праблема з Amoris laetitia заключаецца не ў тым, што яна законна ўвяла ў дзеянне абавязковыя, па сутнасці несправядлівыя правілы альбо аўтарытэтна навучае ілжывым абавязковым вучэнням. Гэты дакумент не мае ўлады ўводзіць несправядлівыя законы альбо патрабаваць згоды з ілжывымі вучэннямі, таму што Папа не мае ўлады рабіць гэтыя рэчы. Праблема з дакументам заключаецца ў тым, што ён можа давесці каталікоў да памылковай веры ў няпраўду і да дзеянняў, забароненых Божым законам. Дакумент сфармуляваны словамі, якія не з’яўляюцца ані юрыдычна, ані тэалагічна дакладнымі, але гэта няважна для ацэнкі ягонага зместу, таму што нават самая дакладная фармуліроўка не можа надаць законны і дактрынальны статус дэкрэтам, якія супярэчаць Божаму закону і Божаму адкрыццю. Што важна, дык гэта разбуральны эфект, які дакумент можа мець на веру і маральнае жыццё каталікоў. Характар гэтага эфекту будзе вызначацца значэннем, якое большасць каталікоў з яго вынясе, а не значэннем, выведзеным пры дапамозе дакладных тэалагічных крытэрыяў, і менавіта гэтае значэнне мы пададзім тут. Сцвярджэнні Amoris laetitia, якія патрабуюць цэнзуравання, павінны быць асуджаны ў тым сэнсе, які прыпіша іх словам сярэдні чытач. Пад сярэднім чытачом тут маецца на ўвазе той, хто не спрабуе перакруціць словы дакумента ў якім-небудзь накірунку, а прымае натуральнае ці непасрэднае ўражанне значэння словаў як уласцівае.

Мы прызнаём, што для некаторых цэнзураваных сцвярджэнняў у іншых месцах дакумента знаходзяцца супярэчныя сцвярджэнні і што Amoris laetitia ўтрымлівае шмат каштоўных навучанняў. Некаторыя з фрагментаў Amoris laetitia робяць важны ўнёсак у абарону і прапаведаванне веры. Прадстаўленая тут крытыка Amoris laetitia дазваляе гэтым каштоўным элементам набыць свой сапраўдны эфект, аддзяляючы іх ад праблематычных элементаў дакумента і нейтралізуючы пагрозу для веры, якую тыя ствараюць.

Дзеля тэалагічнай яснасці і справядлівасці гэтая крытыка шкодных частак Amoris laetitia будзе мець форму тэалагічных цэнзур паасобных выказванняў, якія ўтрымліваюць памылкі. Гэтыя цэнзуры трэба разумець у сэнсе, які традыцыйна падтрымліваў Касцёл [2]; яны прымяняюцца да фрагментаў prout iacent [без аднясення да кантэксту і аўтара — Te igitur] у парадку з’яўлення ў тэксце. Цэнзураваныя сцвярджэнні настолькі разбуральныя, што не прадпрымаецца спроба прадставіць поўны спіс цэнзур, якія да іх прымяняюцца. Большасць з іх, калі не ўсе, падпадаюць пад цэнзуры aequivoca, ambigua, obscura, praesumptuosa, anxia, dubia, captiosa, male sonans, piarum aurium offensiva, а таксама пад пазначаныя цэнзуры. Цэнзуры складаюцца: і) з цэнзур, якія адносяцца да зместу цэнзураваных сцвярджэнняў; іі) цэнзур, якія адносяцца да шкоднага эфекту сцвярджэнняў. Цэнзуры не задумваліся як вычарпальны спіс памылак, якія ўтрымлівае Amoris laetitia пры магчымым прачытанні; яны накіраваныя на вызначэнне ў дакуменце найбольшых пагрозаў каталіцкай веры і маралі. Цэнзураваныя сцвярджэнні падзяляюцца на ерэтычныя і тыя, якія падпадаюць пад цэнзуры меншай вагі. Ерэтычныя сцвярджэнні, цэнзураваныя як haeretica, гэта тыя, якія супярэчаць сцвярджэнням, што знаходзяцца ў Божым адкрыцці і акрэсленыя як праўды, аб’яўленыя Богам, пры дапамозе выказванняў Рымскага Пантыфіка ex cathedra, альбо калегіяй біскупаў, сабраных на саборы, альбо беспамылкова прапанаваныя для веры звычайным і універсальным Магістэрыем. Сцвярджэнні, якія падпадаюць пад цэнзуру меншай вагі, чым ерась, далучаныя як тыя, якія ствараюць асабліва сур’ёзную небяспеку для веры і маралі.

Цэнзуры гэтых сцвярджэнняў не з’яўляюцца цэнзурамі адміністратыўных, заканадаўчых альбо дактрынальных актаў Вярхоўнага Пантыфіка, бо цэнзураваныя сцвярджэнні не з’яўляюцца і не могуць з’яўляцца такімі актамі. Цэнзуры з’яўляюцца прадметам сыноўскай просьбы да Вярхоўнага Пантыфіка аб рашучым і канчатковым юрыдычным і дактрынальным акце, які б асудзіў цэнзураваныя сцвярджэнні. Нарэшце, некаторыя тэолагі, якія падпісалі гэты ліст, захоўваюць за сабою права рабіць невялікія карэктыроўкі ў некаторых цэнзурах, што адносяцца да некаторых сцвярджэнняў: іхнія подпісы трэба ўспрымаць як паказчык іхняга пераканання, што ўсе сцвярджэнні павінны быць цэнзураваныя, і як агульную згоду з прапанаванымі тут цэнзурамі.

[1] Пар. Lucien Choupin, Valeur des décisions doctrinales et disciplinaires du Saint-Siège, 2-е выд. (Paris: Beauchesne, 1913), с. 52—55; A.-M. Aubry, Obéir ou assentir? De la “soumission religieuse” au magistère simplement authentique, Paris, DDB, collection «Sed Contra», 2015.

[2] Гл. H. Quilliet, Censures doctrinales, DTC II, 2101-2113; Святая Кангрэгацыя дактрыны веры, Doctrinal commentary on the concluding formula of the Professio fidei, 29 чэрвеня 1998 года.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

2 Comments

Пакінуць каментар