Кардынал-вікарый Рыма ўстанаўлівае інструкцыі адносна Amoris Laetitia

card-vallini-mini

Д-р Сандра Маджыстэр (Sandro Magister), дасведчаны італьянскі ватыканіст, апублікаваў вельмі важны артыкул, які яўным чынам дэманструе яшчэ адзін прыклад таго, якія намеры мог мець Папа Францішак, публікуючы сваю паслясінадальную адгартацыю Amoris Laetitia. Пасля прыкладу Аргентыны, калі Папа Францішак выказаў яўнае адабрэнне больш ліберальным адносінам да “паўторна жанатых” разведзеных асобаў, якія не змянілі свайго жыцця, аднак хочуць прымаць святую Камунію, — цяпер ягоная ўласная дыяцэзія Рыма выдала новыя інструкцыі ў святле Amoris Laetitia. Гэтыя новыя інструкцыі ў некаторых выпадках неахвотна дазваляюць разведзеным і паўторна жанатым асобам прымаць сакрамэнты.

Д-р Маджыстэр сцвярджае, што, у той час, як афіцыйны статус інструкцый аргентынскіх біскупаў застаецца з большага няясным, дзеянні кардынала-вікарыя Рыма такімі не з’яўляюцца. Маджыстэр кажа наступнае:

Тым часам у Рыме, у дыяцэзіі, дзе біскупам з’яўляецца сам Францішак, пачалі дзейнічаць абсалютна афіцыйныя інструкцыі наконт таго, як інтэрпрэтаваць і прымяняць Amoris Laetitia. Іх апублікаваў папскі вікарый, кардынал Агастына Валіні (Agostino Vallini), які ўрачыста абвясціў іх 19 верасня ў катэдральным саборы святога Яна на Латэране.

Маджыстэр справядліва дапускае, што новыя інструкцыі, выкладзеныя кардыналам Валіні, хутчэй за ўсё ўжо даўно атрымалі адабрэнне Папы: “Неверагодна, каб кардынал-вікарый дыяцэзіі Рыма выдаў афіцыйныя інструкцыі, якія б спачатку не прачытаў і не адобрыў вярхоўны гаспадар дыяцэзіі”. Таму цяпер, кажа Маджыстэр, мы ведаем, якой інтэрпрэтацыі Amoris Laetitia Папа Францішак хоча ў сваёй уласнай дыяцэзіі.

Д-р Маджыстэр дае спасылку на дакумент кардынала Валіні, які напісаны на італьянскай мове і мае 17 старонак, а таксама прыводзіць цытаты найбольш значных яго частак. Згодна з ягоным аналізам, Валіні займае больш стрыманую пазіцыю, але хістаецца ў пытанні разведзеных і паўторна жанатых асобаў, у той самы час адсылаючы да асноўных частак Amoris Laetitia, дзе дазваляецца пэўны доступ да сакрамэнтаў. Акрамя таго, знаёмства з новымі інструкцыямі таксама пакідае адчуванне вялікага замяшання, як і ў выпадку з тэкстам самой адгартацыі Amoris Laetitia.

Кардынал Валіні згадвае неадназначныя магчымасці для паўторна жанатых асобаў прымаць сакрамэнты, асабліва калі ён кажа такія няясныя словы:

Гэтае пастырскае распазнаванне індывідуальных асобаў з’яўляецца вельмі далікатным аспектам і мусіць улічваць “ступень адказнасці”, якая не з’яўляецца аднолькавай ва ўсіх выпадках, уплыў “умоваў і змякчальных фактараў”, з-за якіх магчыма, што ў аб’ектыўна грахоўнай сітуацыі можа адсутнічаць суб’ектыўная віна, альбо яна можа быць няпоўнай, і можа быць знойдзены шлях узрастання ў хрысціянскім жыцці, “атрымліваючы для гэтага дапамогу Касцёла” (AL, 305).

Тэкст апостальскай адгартацыі не дае падрабязнасцяў, але зноска 351 сцвярджае: “У некаторых выпадках гэта магла б быць дапамога сакрамэнтаў”. Папа выкарыстоўвае ўмоўны лад, то бок ён не кажа, што іх трэба дапусціць да сакрамэнтаў, хоць ён не выключае гэтага ў некаторых выпадках і пры пэўных умовах [падкрэслена ў арыгінале]. Папа Францішак распрацоўвае папярэдні магістэрый у адпаведнасці з герменеўтыкай працягласці і даследвання [sic], а не разрыву. [вылучэнне дададзенае]

Хоць Валіні і пярэчыць усякаму “неразборліваму доступу да сакрамэнтаў” і мякка прапануе, каб гэтыя паўторна жанатыя пары жылі разам у пастаянным ўстрыманні, ён усё ж прызнае, што ў некаторых выпадках доступ да сакрамэнтаў можа мець месца пасля доўгага перыяду распазнавання і з дапамогай святара на forum internum. Валіні кажа:

Размова неабавязкова ідзе пра прыняцце сакрамэнтаў: гэта можа быць арыентацыя ў кірунку пэўных формаў інтэграцыі ў жыццё Касцёла. Але калі канкрэтныя абставіны пары робяць гэта магчымым, то бок калі іхняе падарожжа веры было доўгім, шчырым і прагрэсіўным, можна прапанаваць, каб яны жылі ва ўстрыманні; калі гэтае рашэнне цяжка рэалізаваць на практыцы дзеля стабільнасці пары, “Amoris Laetitia” не выключае магчымасці доступу да пакаяння і Эўхарыстыі. Гэта азначае пэўную адкрытасць, як у выпадку, калі існуе маральная ўпэўненасць, што першае сужэнства было несапраўдным, але няма дастатковых доказаў, каб прадэманстраваць гэта ў судзе; але не ў выпадку, калі іхні стан выстаўляецца напаказ [на публічны агляд ці нават ім знарочыста выхваляюцца], як быццам гэта частка хрысціянскага ідэалу і г. д. [вылучэнне 1Р5]

Дазвол доступу да сакрамэнтаў, паводле Валіні, павінен знаходзіцца ў руках спаведніка, які ў такім выпадку мусіць “прыняць адказнасць перад Богам і пенітэнтам і папрасіць, каб доступ адбываўся абачлівым чынам”.

Калі б гэтую інструкцыю чытаў чалавек пабочны, ён адчуў бы сябе разгублена. Як гэтая неадназначная інструкцыя будзе ўводзіцца ў жыццё мясцовымі святарамі і спаведнікамі, ведае адзін толькі Бог. Д-р Маджыстэр мяркуе, што гэта можа прывесці да таго, што і так ужо ў вялікіх маштабах адбываецца ў Еўропе, кажучы наступнае: “учынкі часта гучнейшыя за словы. А таму ўсе ўмовы і перасцярогі, якія згадвае, напрыклад, кардынал Валіні, могуць быць адкінутыя альбо абмінутыя — і гэта ўжо здараецца ў шматлікіх месцах — практычнымі паводзінамі, якія выходзяць далёка за межы гэтых перасцярог“. [вылучэнне 1Р5]

Італьянскі журналіст таксама справядліва заўважыў, што адгартацыя Amoris Laetitia ўжо насамрэч адкрыла шлюзы і мяккае стаўленне да граху і сакрамэнтаў будзе распаўсюджвацца. Ён паказвае на гэтае развіццё, кажучы: “Паколькі Amoris Laetitia адкрыла шлюзы, фактычна робіцца цяжка абмяжоўваць Камунію для разведзеных і паўторна жанатых унутраным форумам і ўдзяляць яе абачлівым чынам”. [вылучэнне 1Р5]

Мы ўпартыя грэшнікі — нібы ўпартыя і нястрыманыя малыя дзеці — мы таксама патрабуем ясных інструкцый. Любая неадназначнасць будзе хутка выкарыстана для апраўдання больш мяккай дысцыпліны. Як кажа Маджыстэр, Папа, здаецца, і сам аддае перавагу больш мяккаму шляху, паколькі ён падтрымаў ліберальны “аргентынскі падыход” сваім яўна прыхільным лістом.


Крыніца: OnePeterFive
Аўтар: Maike Hickson
Ілюстрацыя: Pufui Pc Pifpef I, CC BY-SA (выразана)

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу рэдакцыі 1Р5.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

You may also like...

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: