13.10.2016 / WOTIW

Пералік касцёльных цэнзур: 3. Падрабязна пра цэнзуры🕑 12 хвілін

angelico

Пасля двух уступных запісаў мы пераходзім непасрэдна да пераліку касцёльных цэнзур [1]. Поўны пералік пададзеных ніжэй цэнзур разам з іх канкрэтным прымяненнем знаходзіцца ў сапраўды доўгай буле Пія VI Auctorem fidei ад 28 жніўня 1794 года, у якой асуджаюцца памылкі Сіноду ў Пістоі (DH 2600-2700). На жаль, польскай версіі прывесці не можам [2], бо нікому з 1794 года перакладаць на польскую мову яе не хацелася. “Рускія пайшлі, лянівыя засталіся”, як было напісана ў 1989 годзе ў пэўным малочным кафэ. Цяжка, але як ёсць.

Паводле кс. Танкерэ, цэнзуры, якія асуджаюць няправільныя тэалагічныя сцвярджэнні (propositiones doctrinales), падзяляюцца на тыя, якія:

а. накіраваныя на саму праўду (doctrinam ipsam) веры,

б. датычацца няправільнага спосабу (modum) прадстаўлення праўдаў веры,

в. адносяцца да наступстваў (effectum), якія могуць быць выкліканыя ў вернікаў [3].

Ad а. Цэнзуры, якія датычацца самой праўды веры (doctrina ipsa)

Цэнзуры, прадстаўленыя ў гэтай частцы, пералічаныя іерархічна, то бок наймацнейшае асуджэнне — гэта (1), больш слабое — гэта (2) і г. д. Паколькі часам ерэтыкі, пачынаючы ад янсеністаў, усё больш спрытна фармулявалі свае думкі, каб пазбегнуць асуджэння (1), Касцёл таксама, пачынаючы ад Auctorem fidei, развіваў свой асуджальны інструментарый. Больш нам мог бы расказаць які-небудзь дасаборны цэнзар, але хіба ніводзін ужо не жыве. Шкада.

1. Ерэтычнае сцвярджэнне (haeretica)

гэта такое сцвярджэнне, якое наўпрост (directe) і непасрэдна (immediate) супярэчыць праўдзе каталіцкай веры як сцвярджэнне

  • супрацьлеглае (contrarie) альбо
  • супярэчнае (contradictorie).

Тады, напрыклад, калі праўда веры гучыць “усе людзі ўваскрэснуць”, то супрацьлеглае сцвярджэнне (propositio contraria) гучыць так: “ніводзін чалавек не ўваскрэсне”, а супярэчнае сцвярджэнне (propositio contradictoria) гучыць так: “пэўны чалавек не ўваскрэсне”.

Супрацьлеглыя (і) (contraria) і супярэчныя (іі) (contradictoria) азначэнні — гэта азначэнні фармальнай логікі, якую цяпер тут выкладаць не будзем [4]. У выпадку (і) мае месца імплікацыя “калі не p, то не q” [5], у выпадку (іі) — імплікацыя “калі не q, то не p” [6].

Як азначэнне (i), так і азначэнне (іі) ерэтычныя, таму што ў абодвух выпадках наўпрост і непасрэдна ставіцца пад сумніў тое, што з’яўляецца праўдай каталіцкай веры. Калі нейкае сцвярджэнне было асуджана як ерэтычнае, то мусіць выконвацца супярэчнае сцвярджэнне (іі), а не толькі супрацьлеглае (і). Калі ж праўда веры складаецца з некалькіх элементаў, напрыклад:

“Хрыстус (А) — сапраўдны Бог, (Б) сапраўдны чалавек, (В) народжаны з (Г) Дзевы Марыі”,

то сумніў у якой-небудзь з гэтых частак (А), (Б), (В) альбо (Г) з’яўляецца сумнівам у праўдзе веры Касцёла. Бо няможна ў згодзе з верай сцвярджаць, што, напрыклад, Хрыстус быў сапраўдным Богам, сапраўдным чалавекам і нарадзіўся з Марыі, якая аднак не была Дзевай. Гэта супярэчанне частцы (Г) пры захаванні іншых элементаў.

З практычнага пункту гледжання, ерась звязаная з азначэннямі, што ўтрымліваюцца ў Дэнцынгеры — Хюнэрмане.

2. Сцвярджэнне, блізкае да ерасі (haeresi proxima)

гэта такое сцвярджэнне, якае супярэчыць праўдзе, прынятай у агульным меркаванні (ex communi sensu) тэолагаў, якая пры супраціве нямногіх лічыцца праўдай веры. Такім вядомым прыкладам агульнага меркавання (sensus communis) было сцвярджэнне большасці тэолагаў, што Найсвяцейшая Панна Марыя ў момант зачацця была захаваная ад першароднага граху. Што цікава, св. Тамаш Аквінскі быў тым, хто меў іншае меркаванне. Але ён меў на гэта права, бо гэтае пытанне было дагматызавана толькі ў 1854 годзе, калі Папа пайшоў за меркаваннем большасці тэолагаў. Аднак св. Тамаш не выказаў ані ерасі, ані сцвярджэння, блізкага да ерасі, бо ў ягоныя часы, а памёр ён у 1274 годзе, над гэтым пытаннем дыскутавалі. І хоць Касцёл прыняў большасць рашэнняў св. Тамаша, гэтага рашэння ён як раз не прыняў. А Папа, дагматызуючы Беззаганнае Зачацце, зважаў на больш за 500 гадоў тэалагічных разважанняў, якія схіліліся на карысць Беззаганнага Зачацця. Haeresi proxima — гэта таксама супраціўленне праўдзе, яшчэ не дагматызаванай, але якую ў дадзены перыяд могуць дагматызаваць. Перад Другім Ватыканскім саборам найбліжэй да дагматызацыі знаходзілася праўда пра Марыю як пасрэдніцу ўсялякіх ласк.

3. Сцвярджэнне, якое аддае ерассю (sapiens heresim)

гэта шматзначнае (aequivoca) сцвярджэнне, якое дапускае разуменне як каталіцкае, так і ерэтычнае, так што ягоны сэнс павінен выводзіцца з больш шырокага кантэксту, напрыклад, “адзін з Тройцы быў замучаны”, альбо “вера апраўдвае”.

4. Сцвярджэнне, якое спрыяе ерасі […сказаць якой] (favens haeresi …)

гэта сцвярджэнне, якое спрыяе канкрэтнай, ужо асуджанай ерасі. Шматлікія сцвярджэнні Сінода ў Пістоі былі асуджаныя як паўпелагіянскія, альбо, кажучы карацей, была асуджана навука аб тым, што чалавек збаўляецца сам. А наступнае сцвярджэнне, якое прадстаўляем у скарачэнні,

“чалавек, пакінуты на ўласнае святло […] можа схіляцца да прагнення дапамогі з боку вышэйшага святла” (DH 2618)

было акрэслена як suspecta, favens haeresi Semipelagiane — сцвярджэнне падазронае, якое спрыяе паўпелагіянскай ерасі.

5. Памылковае сцвярджэнне (erronea)

гэта такое сцвярджэнне, якое наўпрост супярэчыць нейкаму тэалагічнаму сцвярджэнню альбо праўдзе віртуальна [7], у разуменні implicite, у гэтым сцвярджэнні аб’яўленай. Так, як памылковае Піем VI было асуджана сцвярджэнне, быццам біскуп атрымаў ад Хрыста ўсе правы на кіраванне сваёй дыяцэзіяй (D. B 1506). Гэтае сцвярджэнне з’яўляецца памылковым таму, што кожны біскуп чэрпае сваю ўладу з еднасці як з Папам, так і з калегіяй біскупаў. Іначай быў бы ён суверэнным валадаром сваёй дыяцэзіі, а Хрыстус надзяліў усялякай уладай калегію апосталаў, а не паасобных апосталаў.

а. З гэтага вынікае, што існуюць таксама сцвярджэнні, блізкія да памылкі (errori proxima), а таксама

б. сцвярджэнні, якія аддаюць памылкай (errorem sapiens).

6. Станоўча легкадумнае сцвярджэнне (temeraria positive)

гэта сцвярджэнне, якое супярэчыць праўдзе, якая прынята паўсюдна ў Касцёле, сыходзячы з праўдападобных перадумоваў.

Так, Пій VI асудзіў сцвярджэнне, якое адкідае існаванне лімба, альбо limbus puerorum (адхлані дзяцей), то бок месца паміж чысцом і небам, куды трапляюць душы неахрышчаных дзяцей. Адкіданне лімба, хоць і шматкроць асуджана [8], сыходзіць з перадумовы паўсюднай збаўчай волі Бога, а таксама адсутнасці згадкі пра лімб у Святым Пісанні, бо гэтая навука з’яўляецца вынікам праўды пра першародны грэх і ягоныя наступствы. У 2007 годзе Кангрэгацыя дактрыны веры выдала дэкларацыю [9], у якой limbus, што праўда, не адкідаецца expressis verbis, але акрэсліваецца як тэалагічнае меркаванне (opinio theologica). Тэалагічная камісія Кангрэгацыі выказала надзею, што ўсе неахрышчаныя дзеці трапляюць у неба, маючы на ўвазе пераважна абартаваных дзяцей [10]. Мець надзею добра, але тэалогія створана не для гэтага. Паводле нашага сціплага меркавання, на жаль, атрымалася кепска, бо лімб і надалей з’яўляецца праўдай веры [11], што тэалагічная камісія таксама ведае, бо выказвае надзею, а не сцвярджае штосьці рашуча. Існаванне лімба з’яўляецца вынікам навукі пра першародны грэх і абавязковасць хросту. Калі неахрышчанае дзіця трапляе ў неба так жа, як і ахрышчанае, то навошта хрост? Запэўніваем усіх маці, што limbus puerorum — гэта ані чысцец, ані пекла, што дзеці там не церпяць і спазнаюць штосьці, што можна параўнаць да найвышэйшага шчасця на зямлі, як піша св. Тамаш Аквінскі (In Sent. 2 d. 33 q. 2 a. 2), аднак не могуць сузіраць Бога, бо гэта ўсё ж не неба. Лімб будзе знішчаны напрыканцы часоў, а дзяцей не пакрыўдзяць.

Існуе таксама негатыўна легкадумнае сцвярджэнне (temeraria negative), пазбаўленае ўсялякай праўдападобнасці. Напрыклад, калі нехта сцвярджае, што апрача Найсвяцейшай Панны Марыі хтосьці з людзей — Хрыстус быў Богам і Чалавекам — быў захаваны ад першароднага граху.

Ad б. Цензуры, якія датычацца няправільнага спосабу (modum) прадстаўлення праўдаў веры

Цэнзуры, якія датычацца спосабу прадстаўлення тэалагічных сцвярджэнняў, гэта:

  1. Сцвярджэнне шматзначнае (aequivoca)
  2. Сцвярджэнне няяснае (ambigua)
  3. Сцвярджэнне саманадзейнае (praesumptuosa)
  4. Сцвярджэнне падманлівае (captiosa)
  5. Сцвярджэнне падазронае (suspecta)
  6. Сцвярджэнне, якое кепска гучыць (male sonans)
  7. Сцвярджэнне, абразлівае для вуха вернікаў (piarum aurium offensiva)
  8. Сцвярджэнне, прынамсі памылковае (ad minus erronea)
  9. Сцвярджэнне несправядлівае (iniuriosa)
  10. Сцвярджэнне, асуджанае ў іншым месцы (alias damnata)

Іншыя аўтары ўводзяць яшчэ большую колькасць адрозненняў, падобна як гэта робіць була Auctorem fidei, ужываючы некалькі акрэсленняў адразу, напрыклад, falsa, scandalosa, impia, in Baio damnata — сцвярджэнне фальшывае, скандальнае, бязбожнае, асуджанае ў Бая (DH 2619).

Ad в. Цэнзуры, якія адносяцца да наступстваў (effectum), якія могуць быць выкліканыя ў вернікаў

Некаторыя цэнзуры адносяцца да дрэнных наступстваў (malos effectus), якія асуджаныя сцвярджэнні могуць выклікаць. Сярод іх адрозніваюць:

1. Сцвярджэнне скандальнае (scandalosa),

альбо тое, якое выклікае скандал (scandalum), то бок такое сцвярджэнне, якое, як піша кс. Танкерэ, пры найбліжэйшай магчымасці паспрыяе духоўнай шкодзе, схільнасці да граху і сыходу з дарогі цноты. І такім сцвярджэннем, на нашую думку, з’яўляецца выказванне Папы Францішка:

“Хто я, каб судзіць?”

у адносінах да гомасэксуалізму. Бо калі Папа яго не асуджае, то альбо хтосьці аддасца гэтаму граху, альбо хтосьці перастанне сур’ёзна трактаваць папскую ўладу ці Папу Францішка, бо “хто ён такі, каб асуджаць”. Відавочна, ёсць тут і іншыя магчымасці.

2. Сцвярджэнне схізматычнае (schismatica),

гэта сцвярджэнне, якое супярэчыць еднасці Касцёла і рыхтуе шлях падзелу, альбо схізмы. На наш погляд, такім сцвярджэннем з’яўляецца пункт 3 Amoris Laetitia:

[…] Акрамя таго, у кожнай краіне або рэгіёне можна шукаць рашэнні, больш звязаныя з інкультурацыяй, якая ўлічвае традыцыі і мясцовыя выклікі. Таму што “культуры істотна адрозніваюцца паміж сабою і кожны агульны прынцып […] патрабуе інкультурацыі для таго, каб ён захоўваўся і прымяняўся з жыцці” [12].

3. Сцвярджэнне бунтаўнічае (seditiosa),

якое можа давесці да сацыяльных хваляванняў. Уся Amoris Laetitia з’яўляецца seditiosa, бо як раз да хваляванняў у Касцёле і давяла, хоць пакуль што сярод блогераў.

4. Сцвярджэнне няпэўнае (non tuta)

гэта такое сцвярджэнне, якога, ацаніўшы ўсе акалічнасці і наступствы, не належыць падтрымліваць, бо яно можа давесці да памылак у іншай сферы. Так, Святы Афіцый асудзіў памылкі анталагістаў (DH 2841-2847), якія ў цэлым з’яўляюцца філасофскімі, але некаторыя з іх датычацца дагмата аб транссубстанцыяцыі, альбо аб Пераісточанні (DH 3121-3124). Звязаныя з гэтым справы вельмі і вельмі складаныя, таму не прыводзім тут падрабязнасцей. Дададзім толькі, што, апроч тамізму, кожнае іншае разуменне Пераісточання давяло ў кароткай ці доўгай перспектыве да сумніву ў Рэальнай Прысутнасці, чаго сведкамі мы сёння, на жаль, з’яўляемся.

Прашу прабачэння, але ці гэта ўжо ерась? Пантыфікаты да Францішка

Нарэшце, варта задаць сабе пытанне, якім узроўнем ерэтычнасці павінен адзначацца звычайны Магістэрый Папы, каб Папу можна было асудзіць у фармальнай ерасі на forum externum. Гэта добрае пытанне, на якое мы самі шукаем адказу. Пададзены вышэй спіс цэнзур паўстаў з мэтай ацэнкі тэолагаў, а не Магістэрыя, які з’яўляецца нормай і павінен быць вольны ад усялякіх сумніваў, не кажучы ўжо пра ерасі.

Паколькі неадназначнасцяў, пачаўшы прынамсі ад дакументаў Сабору, дастаткова, а ў энцыкліках Яна Паўла ІІ іх таксама нямала, таму шматлікія, у асноўным, польскія святары, ідучы шляхам найменшага супраціву, а таксама павялічваючы сваю папулярнасць і продажы сваіх кніжак, спецыялізаваліся ў часы Папы-паляка на інтэрпрэтацыі ягоных выказванняў: “Што нам Папа хацеў сказаць?” Аднак мова ішла не пра карэляцыю навучання Яна Паўла ІІ са спрадвечным Магістэрыем, а хутчэй пра існаванне коштам Папы. Мы лічым, што Ян Павел ІІ сказаў тое, што хацеў, бо сказаў бы што іншае, але ж напісаў тое, што напісаў. Апроч колаў зацятых традыцыяналістаў, якія часта пераходзяць усялякія дапушчальныя межы прадметнасці крытыкі, вялікіх сумніваў у прававернасці Яна Паўла ІІ не было, калі апусціць такія асаблівасці, як цалаванне Карана альбо іншыя выбрыкі адведвання паганскіх месцаў культу і слыннай “інкультурацыі” падчас папскіх літургій, а прынамсі не было такіх сумніваў у Польшчы. Аўтар гэтых словаў пакуль што падрабязна і з навуковага боку гэтай праблемай не займаўся, бо ўсяго не можа, але з таго, што ведае, існуюць прынамсі два сур’ёзныя выданні на тэму адступлення Яна Паўла ІІ ад Традыцыі Касцёла (кажам тут пра ягоны пантыфікат, а не час кардыналату). Першае выданне гэта:

  • Daniel le Roux, Pierre, m’aimes-tu? (Ці любіш мяне, Пётр?), Escurolles 1988 [13],

якую аўтар гэтых словаў прачытаў і якая ставіць сапраўды пытанні па сутнасці, не абражаючы Яна Паўла ІІ і не абвяшчаючы вакантнага пасаду. Другая кніжка, вартая чытання, якая, на жаль, яшчэ не прачытаная, гэта, падобна, вельмі салідная і дакументаваная праца Ёханэса Дзёрмана, прафесара місіялогіі з Мюнстэра (Германія), якую прапануе ў сваім выдавецтве нямецкае Брацтва св. Пія Х:

  • Johannes Dörmann, Johannes Paul II. Sein theologischer Weg zum Weltgebetstag der Religionen in Assisi (Ян Павел II. Ягоная тэалагічная дарога да малітоўнай сустрэчы рэлігій у Асізі), Штутгарт, 2011.

Гэта 868 старонак аналізу першых трох энцыклік, а таксама дарогі да спаткання ў Асізі, якія памерлы ў 2009 годзе прафесар Дзёрман прапанаваў у 1990-94 гадах у трох тамах [14]. Паколькі гэтай працы мы яшчэ не чыталі, то не ведаем, ці аўтар кажа пра якія-небудзь касцёльныя цэнзуры ці не. Калі прачытаем, распавядзём.

Наколькі Яна Паўла ІІ і Бенедыкта XVI можна было неяк ратаваць, што і рабілі некаторыя прафесійныя каталікі, так званыя неакансерватары, альбо каталікі пакалення Яна Паўла ІІ, настолькі ж Amoris Laetitia гэтую мажлівасць закрывае, а пра іншыя дзве энцыклікі Францішка можна падыскутаваць, калі будуць прачытаныя. Такім чынам, ці можна абвінаваціць Францішка на падставе Amoris Laetitia ў фармальнай ерасі, калі ён дапусціць:

  • Сцвярджэнне ерэтычнае (haeretica)?
  • Сцвярджэнне, блізкае да ерасі (haeresi proxima)?
  • Сцвярджэнне, якое аддае ерассю (sapiens heresim)?
  • Іншае?

Калі кропля перапоўніць келіх, ды і то ў тэалагічна-фармальным сэнсе, а не ў практычным. Не ведаем. Нам выдаецца, што (1) і (2) напэўна спаўняюць патрабаванні ерасі, але чаму б Папа меў дазвол на ўсё іншае, то бок на пункты

  • ад (3) да (6), калі ідзе размова пра (а) цэнзуры, якія датычацца саміх праўдаў веры (doctrina ipsa),
  • альбо на (б) цэнзуры, якія датычацца неадпаведнага спосабу (modum) прадстаўлення праўдаў веры,
  • а таксама на (в) цэнзуры, якія адносяцца да наступстваў (effectum), якія яны могуць выклікаць у вернікаў?

Бо Папа з’яўляецца Абаронцам веры, а не яе стваральнікам ці знішчальнікам, і таму ў дактрынальным сэнсе яму не дазволена ўсяго! Бо Amoris Laetitia — гэта дакумент Магістэрыя, які сапраўды ўтрымлівае цэлую гаму цэнзур і ў цэлым, на нашую думку, з’яўляецца ерэтычным in globo. Відавочна, калі існуе жаданне асудзіць, то і асуджэнне знойдзецца, дарагія ксяндзы-кардыналы і біскупы, а калі яго не існуе, дык і не знойдзецца. А таму, перад тым, як пераходзіць на пафасны і апакаліптычны тон, возьмем на сябе абавязак перагледзець мінулыя асуджэнні выказванняў Папаў, то бок Папы Ганорыя і Яна XXII, зважаючы на кваліфікацыі іх цэнзур і нешта на гэтую тэму напішам. Гэта зойме пэўны час, але, можа, хто іншы робіць тое самае, тады мы маглі б працытаваць і параўнаць вынікі. Наша рэдакцыя разумее, што тэалогія з’яўляецца “камандным відам спорту” і consensus theologorum, альбо згода тэолагаў, можа з’явіцца толькі там, дзе іх ёсць прынамсі два. А паколькі усе сядзяць ціха, нам няма з кім параўнаць нашых вынікаў. Увогуле шкада, што ў краіне, якая налічвае 23 тысячы святароў, не кажучы пра свецкіх прынамсі магістраў тэалогіі… Але, на жаль, колькасць не пераходзіць у якасць, як таго хацеў Гегель.

Калі хтосьці з прафесіяналаў нас чытае, вельмі просім адгукнуцца і штосьці напісаць. Апублікуем ананімна і пракаментуем альбо не. Бо мусіць некая іскра выйсці з Польшчы. Можа, гэта будзе тэалагічная іскра, а не выкрывальная, як зазвычай. Дай Божа!


[1] Польская тэрміналогія паводле: http://dlibra.kul.pl/Content/21125/RPsych_2001_vol04_179-191_TYSZKA.PDF

[2] На англійскай і італьянскай мовах: https://en.wikipedia.org/wiki/Auctorem_fidei

[3] Tanquerey, A., Synopsis theologiae dogmaticae, T. II, 117-118.

[4] Гл, напрыклад: https://www.google.de/url?sa=t&rct=j&q=&esrc=s&source=web&cd=5&ved=0ahUKEwjSgbLK76TMAhVIiiwKHZRjBSoQFgg9MAQ&url=http%3A%2F%2Fumcs.net.pl%2Findex.php%3Fact%3DAttach%26type%3Dpost%26id%3D1167&usg=AFQjCNEtIBuHAq-rocJ9C9khXD3914SSPA

[5] https://pl.wikipedia.org/wiki/Twierdzenie_przeciwne

[6] http://www.eioba.pl/a/1vlq/zwiazki-logicznehttps://pl.wikipedia.org/wiki/Twierdzenie_przeciwstawne

[7] Наконт тэалагічнага разумення тэрміна “віртуальны” гл.: https://wobronietradycjiiwiary.wordpress.com/2015/02/17/ufnosc-w-milosierdzie-boze-a-nauka-o-jednosci-przymiotow-bozych-w-bogu-2-z-6/

[8] Пар. Збор выказванняў дасаборнага Магістэрыя: http://www.piusx.org.pl/zawsze_wierni/artykul/1086

[9] На нямецкай мове: http://www.dbk.de/fileadmin/redaktion/veroeffentlichungen/arbeitshilfen/AH_224.pdf На італьянскай мове: http://www.vatican.va/roman_curia//congregations/cfaith/cti_documents/rc_con_cfaith_doc_20070419_bimbi-non-battezzati-de-rosa_it.html

[10] http://gosc.pl/doc/801200.Nadzieja-dla-nieochrzczonych-dziecihttp://info.wiara.pl/doc/165819.Nadzieja-zbawienia-dla-dzieci-umierajacych-bez-chrztu

[11] Diekamp-Jüssen, Katholische Dogmatik, 1179, 1181.

[12] Прамова на заканчэнне XIV Звычайнага агульнага сходу Сінода біскупаў (24 кастрычніка 2015): L’Osservatore Romano, 26-27 ottobre 2015, p. 13. Пар. Папская біблійная камісія, Fede e Cultura alla luce della Bibbia. Atti della Sessione Plenaria 1979 della Pontificia Commissione Biblica, Torino, 1981; Другі Ватыканскі сабор, Пастырская канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце Gaudium et spes, 44; Ян Павел II, Энцыкліка Redemptoris missio (7 снежня 1990), 52: AAS 83 (1991), 300; Апост. адгарт. Evangelii gaudium (24 лістапада 2013), 69.117.

[13] http://gdynia.fsspx.pl/2011/04/29/piotrze-kochasz-mnie/

[14] Цытаты з гэтай кнігі: http://www.piusx.org.pl/kryzys/katechizm-o-kryzysie-w-Kosciele/21 ihttp://www.antyk.org.pl/wiara/dzisiejszy_kosciol.htm


Крыніца: W Obronie Tradycji i Wiary
Ілюстрацыя: Фра Беата Анджэліка, Мадонна з дзіцем і Святымі Дамінікам і Тамашам Аквінскім, 1435.

Тэкст перакладзены з польскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу рэдакцыі блога.

Пакінуць каментар

Scroll Up