bishops-mini

[ddownload id=”1365″]

Першае паведамленне пра дэкларацыю тут.
Падпісаць дэкларацыю можна на сайце http://www.filialappeal.org/.

“Няхай ва ўсіх сужэнства будзе ў пашане” (Гбр 13:4)

Мы жывем у часы, калі шматлікія сілы імкнуцца разваліць або сказіць сужэнства і сям’ю. Сапраўды, секулярныя ідэалогіі карыстаюцца крызісам сям’і і абвастраюць гэты крызіс — рэзультат культурнага і маральнага ўпадку. Гэты працэс прымушае каталікоў адаптавацца да нашага неапаганскага грамадства. Гэтаму “дастасоўванню да гэтага свету” (Рым 12:2) часта спрыяе недахоп веры — і, адпаведна, звышнатуральнага духу, каб прыняць таямніцу Хрыстовага Крыжа, — а таксама адсутнасць малітвы і пакаяння.

Другі Ватыканскі сабор больш верна, чым калі, дыягнаставаў хваробы, якія закранаюць інстытут сужэнства і сям’і: “Яго азмрочвае палігамія, пошасць разводаў, г. зв. свабодная любоў і іншыя скажэнні. Больш за тое, сужэнская любоў вельмі часта прафануецца праз эгаізм, геданізм і недазволеныя метады кантрацэпцыі” (Другі Ватыканскі сабор, пастырская канстытуцыя Gaudium et spes, 7 снежня 1965 года, № 47).

Да нядаўняга часу Каталіцкі Касцёл заставаўся апораю сапраўднага сужэнства і сям’і, але сёння ў каталіцкіх колах распаўсюджаныя памылкі наконт гэтых двух Божых устанаўленняў. Асабліва гэта назіраецца пасля Надзвычайнага і Звычайнага Сінодаў аб сям’і, якія праводзіліся ў 2014 і 2015 гадах адпаведна, а таксама публікацыі паслясінадальнай апостальскай адгартацыі Amoris Laetitia.

Перад абліччам гэтага наступлення ніжэйпадпісаныя адчуваюць маральны абавязак дэклараваць сваё рашэнне заставацца вернымі нязменнаму вучэнню Касцёла па пытаннях маралі і сакрамэнтаў сужэнства, паяднання і Эўхарыстыі, а таксама ягонай спрадвечнай і дзейнай дысцыпліне адносна гэтых сакрамэнтаў.

І. Адносна чысціні, сужэнства і правоў бацькоў

1. Мы цвёрда паўтараем праўду аб тым, што ўсе формы сужыцельства more uxorio (як муж і жонка) па-за сапраўдным сужэнствам сур’ёзна супярэчаць Божай волі ў Яго святых прыказаннях і, адпаведна, не могуць рабіць унёсак у маральнае і духоўнае развіццё гэтых асобаў альбо грамадства. “Па сваёй сутнасці інстытут сужэнства і сужэнская любоў скіраваны на нараджэнне і выхаванне патомства, якое з’яўляецца як бы яе найвышэйшым вянцом. Такім чынам і мужчына, і жанчына, якія ў сужэнскім саюзе, «ўжо не двое, але адно цела» (Мц 19:6). Гэты глыбокі саюз і ўзаемная адданасць адно аднаму дзвюх асоб, а таксама дабро дзяцей патрабуюць цалкавітай вернасці ад сужэнцаў і неразрыўнай еднасці… Таму хрысціянскія сужэнцы ўмацоўваюцца і асвячаюцца для абавязкаў і годнасці свайго стану асаблівым сакрамэнтам” (Другі Ватыканскі сабор, пастырская канстытуцыя Gaudium et spes, 7 снежня 1965 года, № 48).

2. Мы цвёрда паўтараем праўду аб тым, што сужэнства і сужэнскі акт служаць як пракрэатыўнай, так і яднальнай мэце і што кожны сужэнскі акт павінен быць адкрыты для дару жыцця. Акрамя таго, мы пацвярджаем, што гэтае вучэнне канчатковае і нязменнае.

Недапушчальным з’яўляецца ўсялякае дзеянне, якое перад, падчас альбо пасля сэксуальнага акту мае на мэце альбо з’яўляецца сродкам, каб не дапусціць зачацця. Таксама нельга лічыць дазволенымі аргументы, якія прыводзяцца для апраўдання сужэнскіх актаў, дабравольна зробленых неплоднымі, а менавіта, што варта выбіраць меншае зло альбо што такія акты яднаюцца ў нейкую еднасць з актамі, адкрытымі для новага жыцця, у мінулым і будучыні і, такім чынам, лічацца такімі ж маральна добрымі, як і тыя. Сапраўды, часам дазваляецца цярпець меншае маральнае зло, каб пазбегнуць большага зла альбо паспрыяць большаму дабру, аднак ніколі не дазваляецца нават па самых сур’ёзных прычынах рабіць зло дзеля добрага выніку (Рым 3:8), іншымі словамі, накіроўваць волю на тое, што па сваёй прыродзе парушае маральны парадак; таму нягодна чалавека так разважаць, хоць ён і меў бы намерам абарону або забеспячэнне дабра асобы, сям’і альбо грамадства ў цэлым. Таму гэта сур’ёзная памылка думаць, што ўсё жанатае жыццё нармальных адносінаў можа апраўдаць сэксуальны акт, які дабравольна зроблены кантрацэптыўным і таму ўнутрана няправільным” (Павел VI, энцыкліка Humanae vitae, 25 ліпеня 1968 года, № 14).

3. Мы цвёрда паўтараем праўду аб тым, што так званая сэксуальная адукацыя з’яўляецца асноўным і першасным правам бацькоў і павінна праводзіцца пад іх уважлівым надглядам, ці то дома, ці ў адукацыйных цэнтрах, якія яны абіраюць і кантралююць.

“Іншая вельмі сур’ёзная небяспека — гэта натуралізм, які сёння захоплівае сферу адукацыі ў найбольш далікатнай справе чысціні нораваў. Надзвычай распаўсюджана памылка тых, хто з небяспечнай упэўненасцю і кепскімі словамі распаўсюджвае так званую сэксуальную адукацыю, памылкова ўяўляючы, што яны змогуць захаваць моладзь перад небяспекамі пачуццёвай сферы пры дамапозе чыста натуральных сродкаў, такіх як бяздумныя ўводзіны і папярэджвальнае навучанне для ўсіх без разбору, нават публічна, і, нават горш, выстаўленне іх у маладым узросце на нагоды, каб, як кажуць, прызвычаіць іх, быццам бы гэта загартоўвала іх супраць такіх небяспек” (Пій ХІ, энцыкліка Divini Illius Magistri, 31 снежня 1929 года, № 65).

“Вашым абавязкам у адносінах да вашых дачок і абавязкам айцоў да вашых сыноў будзе асцярожна і далікатна адкрываць праўду [таямнічых і цудоўных законаў жыцця] па меры таго, як гэта будзе неабходна, даваць разумныя, праўдзівыя і хрысціянскія адказы на гэтыя пытанні і даваць супакой іхнім розумам” (Пій ХІІ, Прамова да маці італьянскіх сямей, 26 кастрычніка 1941 года).

“[Адукацыя грамадскага меркавання] у гэтай сферы скажоная прапагандай, якую не трэба баяцца называць злом, нават калі часам яна паходзіць з каталіцкіх крыніцаў і накіравана на поспех сярод каталікоў — і нават калі тыя, хто распаўсюджвае яе, не разумеюць, што яны зведзеныя духам зла. Тут Мы хочам сказаць пра творы, кнігі і артыкулы наконт сэксуальнай ініцыяцыі… Нават прынцыпы, так мудра праілюстраваныя Нашым Папярэднікам Піем ХІ ў энцыкліцы Divini Illius Magistri наконт сэксуальнай адукацыі і звязаных з гэтым пытанняў, былі адкінутыя — смутны знак часу! З усмешкай спачування кажуць: “Пій ХІ напісаў гэтыя рэчы дваццаць гадоў таму для свайго часу! Свет прайшоў вялікі шлях за гэты перыяд!”… Змагайцеся разам без нясмеласці і людской пашаны, каб спыніць і скараціць гэтыя рухі, якія дазваляюцца і маскіруюцца пад рознымі імёнамі і патранатамі” (Пій ХІІ, Прамова да групы бацькаў французскіх сямей, 18 верасня 1951 года).

“Рэкамендуецца паважаць права дзіцяці ці маладога чалавека адмовіцца ад любой формы сэксуальнай адукацыі, якая даецца па-за домам. Ані дзеці, ані іншыя члены іхніх сем’яў не павінны карацца альбо дыскрымінавацца з-за гэтага рашэння” (Пантыфікальная рада па справах сям’і, Праўда і значэнне людской сэксуальнасці: рэкамендацыі для адукацыі ў сям’і, 8 снежня 1995 года, № 120).

“Пры выкладанні каталіцкага вучэння і маралі наконт сэксуальнасці неабходна ўлічваць доўгія наступствы першароднага граху, то бок людскую слабасць і патрэбу ў Божай ласцы, каб пераадолець спакусы і пазбегнуць граху” (Пантыфікальная рада па справах сям’і, Праўда і значэнне людской сэксуальнасці: рэкамендацыі для адукацыі ў сям’і, 8 снежня 1995 года, № 123).

“Ніякі матэрыял эратычнай прыроды не павінен прадстаўляцца дзецям або моладзі любога ўзросту індывідульна або ў групе. Гэты прынцып прыстойнасці павінен аберагаць цноту хрысціянскай чысціні. Таму пры перадачы інфармацыі пра сэкс у кантэксце адукацыі навучанне заўсёды павінна быць “пазітыўным і разумным”, а таксама “ясным і далікатным”. Гэтыя чатыры словы, выкарыстаныя Каталіцкім Касцёлам, выключаюць усякую форму непрымальнага кантэксту ў сэксуальнай адукацыі” (Пантыфікальная рада па справах сям’і, Праўда і значэнне людской сэксуальнасці: рэкамендацыі для адукацыі ў сям’і, 8 снежня 1995 года, № 126).

“Сёння бацькам след звяртаць увагу на шляхі, якімі амаральная адукацыя можа быць перададзеная іхнім дзецям праз розныя метады, якія распаўсюджваюцца групамі з пазіцыямі і інтарэсамі, супярэчнымі хрысціянскай маральнасці. Немагчыма пералічыць усе непрымальныя метады. Тут прадстаўлены толькі некаторыя з найбольш шырока распаўсюджаных метадаў, якія пагражаюць правам бацькоў і маральнаму жыццю іхніх дзяцей. Найперш бацькі павінны адмовіцца ад секулярызаванай сэксуальнай адукацыі, скіраванай супраць нараджэння, якая ставіць Бога на мяжу жыцця і лічыць нараджэнне дзіцяці пагрозай. Такая сэксуальная адукацыя распаўсюджваецца вялікімі арганізацыямі, якія прасоўваюць аборты, стэрылізацыю і кантрацэпцыю. Гэтыя арганізацыі жадаюць насадзіць памылковы стыль жыцця, які супярэчыць праўдзе пра людскую сэксуальнасць” (Пантыфікальная рада па справах сям’і, Праўда і значэнне людской сэксуальнасці: рэкамендацыі для адукацыі ў сям’і, 8 снежня 1995 года, № 135-136).

4. Мы цвёрда паўтараем праўду аб тым, што канчатковае прысвячэнне асобы Богу праз жыццё ў дасканалай чысціні з’яўляецца аб’ектыўна вышэйшым за сужэнства, таму што гэта тып духоўнага сужэнства, у якім душа выходзіць за Хрыста. Святую дзявочасць раіў наш Боскі Збаўца і святы Павел як стан жыцця, камплементарны сужэнству, але аб’ектыўна больш дасканалы за яго.

“Гэтае вучэнне пра годнасць дзявоцтва і цэлібату і іх вышэйшасць над жанатым станам было, як Мы ўжо сказалі, адкрыта нам Боскім Збаўцам і Апосталам язычнікаў; таксама яно было ўрачыста акрэслена святым Трыдэнцкім саборам як дагмат боскай веры (сесія ХХIV, кан. 10) і такім жа чынам растлумачана ўсімі святымі Айцамі і Дактарамі Касцёла. Нарэшце, Мы і Нашыя Папярэднікі часта тлумачылі гэта і шчыра абаранялі пры нагодзе. Але нядаўнія атакі на гэтае традыцыйнае вучэнне Касцёла, небяспека, якую яны нясуць, і шкода, якую яны прычыняюць душам вернікаў, прымушаюць Нас дзеля выканання абавязкаў Нашай улады, зноў вярнуцца да гэтай справы ў дадзенай энцыкліцы і асудзіць гэтыя памылкі, якія так часта прапануюцца пад прыстойным выглядам праўды” (Пій ХІІ, энцыкліка Sacra virginitas, 25 сакавіка 1954 года, № 32).

ІІ. Адносна сужыцельства, аднаполых саюзаў і паўторнага грамадзянскага шлюбу пасля разводу

5. Мы цвёрда паўтараем праўду аб тым, што неўрэгуляваны саюз мужчыны і жанчыны ў сужыцельстве альбо дзвюх асобаў аднаго полу ніколі не можа прыроўнівацца да сужэнства, лічыцца маральна законным альбо законна прызнавацца, а таксама аб тым, што няверна сцвярджаць, што такія саюзы з’яўляюцца формамі сям’і, якія могуць прапанаваць пэўную стабільнасць.

“Таму прырода гэтай дамовы належыць адной толькі ёй і вылучае яе, робіць яе цалкам адрознай як ад саюза жывёлаў, у які яны ўваходзяць праз сляпы прыродны інстынкт і ў якім ані розум, ані свабодная воля не адыгрываюць ролі, так і ад неўпарадкаваных людскіх саюзаў, якія знаходзяцца далёка ад сапраўдных і пахвальных саюзаў волі і не цешацца ніякімі правамі сямейнага жыцця. Адсюль становіцца ясна, што законна ўстаноўленая ўлада мае права і нават абавязак абмяжоўваць, прадухіляць і караць такія базавыя саюзы, якія супрацьстаяць розуму і прыродзе” (Пій ІХ, энцыкліка Casti Connubii, 31 снежня 1930 года).

“Сям’ю няможна ставіць на той самы ўзровень, як простыя асацыяцыі і саюзы, а апошнія не могуць цешыцца асаблівымі правамі, выключным чынам звязанымі з абаронай сужэнскай вернасці і сям’і, заснаванай на сужэнстве, устойлівай супольнасці жыцця і любові, выніку поўнага і вернага дару сужэнцаў, адкрытых для жыцця” (Ян Павел ІІ, Пасланне для Другой сустрэчы еўрапейскіх палітыкаў і заканадаўцаў [арганізаванай Пантыфікальнай радай па справах сям’і], 23 кастрычніка 1998 года).

“Карысна разумець сутнасную розніцу паміж сужэнствам і саюзамі de facto. Гэта корань розніцы паміж сям’ёй, якая бярэ пачатак у сужэнстве, і супольнасцю, якая паходзіць з саюза de facto. Сямейная супольнасць паходзіць ад згоды саюза сужэнцаў. Сужэнства, якое паходзіць ад гэтага запавету сужэнскай любові, не створана ніякай публічнай уладай: гэта натуральнае і арыгінальнае ўстанаўленне, ранейшае за ўлады. Наадварот, у саюзах de facto ў аснову ставіцца ўзаемная прывязанасць, але ў той самы час сужэнская сувязь з яе першасным публічным вымярэннем, што дае аснову сям’і, адсутнічае” (Пантыфікальная рада па справах сям’і, Дэкларацыя аб сям’і, сужэнстве і саюзах de facto, 26 ліпеня 2000 года).

6. Мы цвёрда паўтараем праўду аб тым, што неўрэгуляваныя саюзы каталікоў у сужыцельстве, якія ніколі не браліся шлюбам у Касцёле, альбо разведзеных людзей, якія заключылі грамадзянскі шлюб, радыкальна супярэчаць дабру хрысціянскага сужэнства і не могуць яго выражаць ані часткова, ані аналагічна і павінны разглядацца як грэшны спосаб жыцця альбо як пастаянная нагода да цяжкага граху. Акрамя таго, няправільна сцвярджаць, што яны могуць быць нагодай, складзенай з канструктыўных элементаў, якая вядзе да сужэнства, таму што, нягледзячы на некаторае матэрыяльнае падабенства, якое яны могуць мець, сапраўднае сужэнства і неўрэгуляваны саюз — гэта дзве цалкам розныя і супрацьлеглыя маральныя рэальнасці: адна адпавядае Божай волі, а іншая супярэчыць ёй, а таму з’яўляецца грэшнай.

“Сёння шмат хто адстойвае права на сэксуальны саюз перад шлюбам, прынамсі ў тых выпадках, дзе цвёрды намер пабрацца шлюбам і прывязанасць, якая ў псіхалогіі суб’ектаў у пэўным сэнсе з’яўляецца сужэнскай, патрабуюць такога завяршэння, якое яны лічаць натуральным. Гэта асабліва адбываецца тады, калі цэлебрацыі сужэнства перашкаджаюць абставіны альбо калі такія інтымныя адносіны здаюцца неабходнымі для захавання кахання. Такое меркаванне супярэчыць хрысціянскаму вучэнню, якое сцвярджае, што кожны палавы акт павінен здзяйсняцца ў межах сужэнства… Фактычна, праз сужэнства каханне жанатых людзей далучаецца да той любові Хрыста, якую Ён нязменна мае да Касцёла (Эф 5:25-32), тады як распусны сэксуальны саюз (1 Кар 6:12-20) зневажае святыню Духа Святога, якою стаўся хрысціянін” (Святая Кангрэгацыя дактрыны веры, Persona Humana: дэкларацыя па некаторых пытаннях сэксуальнай этыкі, 29 снежня 1975 года, № VII).

“Мы можам вызначыць і зразумець сутнасную розніцу паміж простым саюзам de facto — хоць ён і засноўваецца, як кажуць, на любові — і сужэнствам, у якім любоў выражаецца ў абавязку, які з’яўляецца не толькі маральным, але і сцісла юрыдычным. У сваю чаргу, узаемна прынятая сувязь аказвае ўзмацняльны эфект на любоў, з якой яна паўстала, стымулюючы яе захаванне на карысць партнёраў, дзяцей і самога грамадства” (Ян Павел ІІ, Прамова да Трыбунала Рымскай роты, 21 студзеня 1999 года).

7. Мы цвёрда паўтараем праўду аб тым, што неўрэгуляваныя саюзы не могуць выканаць аб’ектыўныя патрабаванні Божага закону. Іх нельга прызнаць маральна добрымі і рэкамендаваць як разумнае і паступовае выкананне Божага права, нават тым, хто, як здаецца, не можа зразумець, ацаніць альбо цалкам выканаць гэтыя патрабаванні закону. Пастырскі “закон паступовасці” патрабуе рашучага разрыву з грахом, а таксама руху да поўнага прыняцця Божай волі і Ягоных любячых патрабаванняў.

“Калі ўчынкі з’яўляюцца ўнутрана дрэннымі, добры намер або асаблівыя абставіны могуць зменшыць іхняе зло, але яны не могуць змыць яго. Учынкі застаюцца “невылечна” дрэннымі; per se і самі па сабе яны не могуць быць скіраваныя на Бога і на дабро асобы. “Што ж да ўчынкаў, якія з’яўляюцца грахамі самі па сабе (cum iam opera ipsa peccata sunt), то святы Аўгустын піша пра крадзеж, чужалоства, блюзнерства: хто асмеліцца сказаць, што, зробленыя з добрымі матывамі (causis bonis), яны перастаюць быць грахамі, альбо, што яшчэ больш абсурдна, што яны становяцца апраўданымі грахамі?” (Contra Mendacium, VII, 18). Адпаведна, абставіны ці намеры ніколі не могуць на моцы яго аб’екту перамяніць унутрана дрэнны ўчынак у “суб’ектыўна” добры ўчынак альбо ўчынак, які можна абараніць як выбар” (Ян Павел ІІ, энцыкліка Veritatis splendor, 6 жніўня 1993 года, № 81).

“Часам здаецца, што прадпрымаюцца зладжаныя спробы прадставіць як “нармальныя” і прывабныя, а нават расхваліць сітуацыі, якія насамрэч з’яўляюцца “неўрэгуляванымі” (Ян Павел ІІ, ліст да сем’яў Gratissimam sane, 2 лютага 1994 года, № 5).

ІІІ. Адносна натуральнага права і індывідуальнага сумлення

8. Мы цвёрда паўтараем праўду аб тым, што ў глыбока асабістым працэсе прыняцця рашэнняў натуральнае маральнае права з’яўляецца не проста крыніцай аб’ектыўнага натхнення, але хутчэй вечным Божым законам. Сумленне з’яўляецца не крыніцай дабра і зла, а напамінам пра тое, што дзеянне павінна згаджацца з патрабаваннем, знешнім адносна чалавека, а менавіта з суб’ектыўным і непасрэдным указаннем вышэйшага закону, які мы павінны называць натуральным.

“Натуральнае права запісана і выбіта на сэрцы абсалютна кожнага чалавека, паколькі не што іншае, як сам чалавечы розум загадвае нам рабіць дабро і прадпісвае нам не грашыць…” Сіла закону заключаецца ў ягонай уладзе накладаць абавязкі, надзяляць правамі і дазваляць пэўныя паводзіны… “Натуральнае права — гэта сам вечны закон, ужыўлены у істоты, надзеленыя розумам, які схіляе іх да ўласцівых дзеянняў і мэты; гэта не што іншае, як спрадвечная задума Творцы і Валадара сусвету” (Ян Павел ІІ, энцыкліка Veritatis splendor, 6 жніўня 1993 года, № 44, цытаты з: Леў ХІІІ, энцыкліка Libertas Praestantissimum, св. Тамаш Аквінскі, Summa theologiae, I-II, q. 91, a. 2).

9. Мы цвёрда паўтараем праўду пра тое, што добра сфармаванае сумленне, здольнае рабіць правільныя выбары ў складаных сітуацыях, ніколі не дойдзе да высновы, што з улікам абмежаванняў чалавека ягонае знаходжанне ў сітуацыі, якая аб’ектыўна супярэчыць хрысціянскаму разуменню сужэнства, можа быць ягоным найлепшым адказам на Евангелле. Непрымальна меркаваць, што слабасць індывідуальнага сумлення з’яўляецца крытэрыем маральнай праўды. Такое меркаванне няможна ўвесці ў практыку Касцёла.

“Фундаментальныя абавязкі маральнага закону заснаваныя на сутнасці і прыродзе чалавека, а таксама на яго асноўных адносінах, і таму яны маюць моц усюды, дзе чалавек знаходзіцца. Фундаментальныя абавязкі хрысціянскага закону ў той ступені, у якой яны пераўзыходзяць абавязкі натуральнага закону, заснаваныя на сутнасці звышнатуральнага парадку, устаноўленага Боскім Збаўцам. З асноўных адносінаў паміж чалавекам і Богам, паміж чалавекам і чалавекам, паміж мужчынам і жонкаю, паміж бацькамі і дзецьмі; з асноўных адносінаў супольнасці, як мы бачым у сям’і, у Касцёле, у дзяржаве, вынікае, сярод іншага, што нянавісць да Бога, блюзнерства, ідалапаклонства, адкіданне сапраўднай веры, адмаўленне веры, парушэнне клятвы, забойства, ілжывае сведчанне, паклёп, чужалоства і пазашлюбная сувязь, абраза сужэнства, грэх у адзіноце, крадзеж і рабаванне, вынятак прадметаў першай неабходнасці, пазбаўленне працаўнікоў справядлівай аплаты (Як 5:4), манапалізацыя важнай для жыцця ежы і несправядлівае павышэнне коштаў, падманнае банкруцтва, несправядлівыя спекуляцыі — усё гэта сурова забаронена Боскім Заканадаўцам. Расследаванне не патрабуецца. Не мае значэння, у якой сітуацыі знаходзіцца асоба: для яе няма іншага выйсця, як падпарадкавацца” (Пій ХІІ, Пасланне наконт памылак сітуацыйнай маральнасці, 18 красавіка 1952 года, № 10).

“Калі ж наадварот, яны [учынкі] не падпарадкоўваюцца закону альбо нават калі проста не ведаюць яго, вінавата ці не, нашыя ўчынкі наносяць шкоду супольнасці асобаў і кожнай з іх” (Ян Павел ІІ, энцыкліка Veritatis Splendor, 6 жніўня 1993 года, № 51).

“Негатыўныя прадпісанні натуральнага закону дзейнічаюць універсальна. Яны абавязваюць усіх і кожнага, заўсёды і ў любых абставінах. Мова ідзе пра забарону некаторых дзеянняў semper et pro semper без выключэння, таму што выбар такога тыпу паводзінаў заўсёды несумяшчальны з добрай воляй асобы, якая іх здзяйсняе, з яе пакліканнем да жыцця з Богам і ў еднасці з бліжнім. Кожнаму і ў кожным выпадку забаронена парушаць гэтыя прадпісанні” (Ян Павел ІІ, энцыкліка Veritatis Splendor, 6 жніўня 1993 года, № 52).

“Нават ў самых цяжкіх сітуацыях чалавек павінен паважаць нормы маральнасці, быць паслухмяным святым Божым прыказанням і дзейнічаць у адпаведнасці са сваёй уласнай годнасцю як асобы. Вядома, захаванне гармоніі паміж свабодай і праўдай часам патрабуе нязвыклых ахвяраў, заслугоўваецца вялікім коштам і можа нават уключаць мучаніцтва” (Ян Павел ІІ, энцыкліка Veritatis Splendor, 6 жніўня 1993 года, № 102).

10. Мы цвёрда паўтараем праўду аб тым, што людзі не могуць успрымаць шостае прыказанне і неразрыўнасць сужэнства толькі як ідэалы, да якіх трэба імкнуцца. Наадварот, гэта наказы ад Хрыста, нашага Пана, якія дапамагаюць нам з Ягонай ласкай пераадолець цяжкасці праз нашую вернасць.

“Менавіта ў збаўчым Крыжы Езуса, у дары Святога Духа, у сакрамэнтах, якія сплываюць з прабітага бока Збаўцы (пар. Ян 19:34), вернікі знаходзяць ласку і сілы заўсёды захоўваць святы Божы закон нават сярод набольш сур’ёзных цяжкасцяў… Толькі ў таямніцы Хрыстовага адкуплення мы адкрываем “канкрэтныя” здольнасці чалавека. “Было б вельмі сур’ёзнай памылкай лічыць… што вучэнне Касцёла, па сутнасці, з’яўляецца толькі “ідэалам”, які трэба адаптаваць, маштабаваць, сувымяраць так званым канкрэтным здольнасцям чалавека паводле “ітогу дабротаў у гэтай сферы”. Але што гэта за “канкрэтныя здольнасці чалавека”? Пра якога чалавека ідзе мова? Пра чалавека, якога адолела пажадлівасць, ці пра чалавека, якога збавіў Хрыстус? Бо справа менавіта ў гэтым: у рэальнасці Хрыстовага адкуплення. Хрыстус збавіў нас! Гэта азначае, што ён даў нам магчымасць рэалізаваць усю праўду нашага існавання; ён збавіў нашую натуру ад улады пажадлівасці” (Зварот да ўдзельнікаў курса “адказнага бацькоўства”, 1 сакавіка 1984 года)… Божая запаведзь, вядома, прапарцыйная магчымасцям чалавека, але чалавека, надзеленага Духам Святым, чалавека, які, нават зграшыўшы, можа заўсёды атрымаць прабачэнне і радавацца прысутнасці Святога Духа. У гэтым кантэксце адкрываецца прастора для Божай міласэрнасці да грэшніка, які навяртаецца, і для разумення слабасці чалавека. Гэтае разуменне ніколі не азначае скажэння альбо падмены меры дабра і зла дзеля яе адаптацыі да спецыфічных абставінаў. Гэта даволі па-чалавечы для грэшніка прызнаваць сваю слабасць і прасіць прабачэння за свае памылкі, але непрымальная пастава таго, хто робіць сваю ўласную слабасць крытэрыем праўды пра дабро… Пастава такога кшталту раскладае маральнасць грамадства як цэлага, бо яна паддае сумніву аб’ектыўнасць маральнага закону як цэлага і адмаўляе абсалютны характар маральных забаронаў, якія адносяцца да пэўных дзеянняў чалавека, што заканчваецца блытанінай ва ўсіх суджэннях пра каштоўнасці” (Ян Павел ІІ, энцыкліка Veritatis Splendor, 6 жніўня 1993 года, № 102-104).

11. Мы цвёрда паўтараем праўду аб тым, што сумленне, якое прызнае, што пэўная сітуацыя аб’ектыўна не адпавядае патрабаванням Евангелля аб сужэнстве, не можа шчыра заключаць, ані што трыванне ў такой грахоўнай сітуацыі з’яўляецца найбольш велікадушным магчымым адказам Богу, ані што менавіта аб гэтым сам Бог просіць душу ў дадзены час, паколькі любое з такіх меркаванняў перашкодзіла б ўсемагутнай моцы ласкі прывесці грэшнікаў да поўні хрысціянскага жыцця.

“Ніхто, нават самы апраўданы, не павінен лічыць сябе свабодным ад выканання запаведзяў; ніхто не павінен карыстацца гэтым неабдуманым выказваннем, аднойчы забароненым Айцамі пад карай анафемы, што выкананне Божых запаведзяў немагчыма для таго, хто апраўданы. Бо Бог не загадвае немагчымых рэчаў, але сваімі прыказаннямі заклікае цябе рабіць тое, што ты можаш, і маліцца аб тым, чаго не можаш, і дапамагае табе, каб ты быў здольны (св. Аўгустын, De natura et gratia, 43, 50). Ягоныя прыказанні не з’яўляюцца цяжкімі (1 Ян 5:3), а ярмо ягонае прыемнае і цяжар лёгкі (Мц 11:30). Бо тыя, хто з’яўляецца сынамі Бога, захоўваюць Ягоныя прыказанні, як Ён сам сведчыць (Ян 14:23); а з Божай дапамогай іх сапраўды можна выканаць… Таму што Бог не пакідае тых, якіх аднойчы апраўдаў сваёю ласкаю, калі толькі яны першымі Яго не пакінулі. З гэтай прычыны ніхто не павінен цешыць сябе адной толькі верай, думаючы, што толькі вера робіць яго наследнікам і што ён атрымае спадчыну” (Трыдэнцкі сабор, Дэкрэт аб апраўданні, раздз. 11).

“Хрысціянін не можа не ведаць таго, што ён павінен ахвяраваць усім, нават сваім жыццём, каб захаваць сваю душу. Пра гэта нам нагадваюць усе мучанікі. Вельмі шмат мучанікаў, нават у нашыя часы. Маці Макабэяў разам са сваімі сынамі; святыя Пэрпэтуя і Фэліцыта, нягледзячы на сваіх немаўлятаў; Марыя Гарэцці і тысячы іншых мужчынаў і жанчын, якіх ушаноўвае Касцёл, —  ці ж перад абліччам “сітуацый”, у якіх яны апынуліся, яны бескарысна ці нават памылкова наклікалі на сябе крывавую смерць? Не, вядома, не, і ў сваёй крыві яны з’яўляюцца найбольш яўнымі сведкамі праўды супраць “новай маральнасці” (Пій ХІІ, зварот Soyez les bienvenues да Сусветнай каталіцкай федэрацыі маладых жанчын, 18 красавіка 1952 года, № 11).

“Спакусы можна перамагчы, грахоў можна пазбегчы, таму што разам з прыказаннямі Пан дае нам магчымасць іх выканаць: “Ягоныя вочы над тымі, хто Яго баіцца. Ён ведае кожны чалавечы ўчынак. Ён нікому не загадваў быць бязбожным і нікому не даваў дазволу грашыць” (Сір 15:19-20). Захаванне Божага закону ў канкрэтных сітуацыях можа быць складаным, надзвычай складаным, але яно ніколі не з’яўляецца немагчымым. Гэта пастаяннае вучэнне традыцыі Касцёла, якое было выражана Трыдэнцкім саборам” (Ян Павел ІІ, энцыкліка Veritatis Splendor, 6 жніўня 1993 года, № 102).

12. Мы цвёрда паўтараем праўду аб тым, што, нягледзячы на разнастайнасць сітуацый, асабістае і пастырскае распазнанне ніколі не можа прывесці разведзеных асобаў, якія заключылі грамадзянскі шлюб, да высновы ў добрым сумленні, што іхні распусны саюз можа быць маральна апраўданы “вернасцю” іх новаму партнёру, што адмова ад распуснага саюза немагчымая і што, робячы так, яны паддаюць сябе небяспецы новых грахоў альбо страчваюць хрысціянскую ці натуральную вернасць іх распуснаму партнёру. Нельга казаць пра вернасць у незаконным саюзе, які парушае Божае прыказанне і непарыўную сувязь сужэнства. Думка пра вернасць паміж сужэнцамі ў іхнім узаемным граху блюзнерская.

“Супраць “сітуацыйнай этыкі” Мы ўстанавілі тры меркаванні, альбо максімы. Першая: Мы мяркуем, што Бог хоча найперш і заўсёды правільнага намеру. Але гэтага недастаткова. Ён таксама хоча добрай справы. Другі прынцып заключаецца ў тым, што не дазволена рабіць зло дзеля атрымання добрага рэзультату (Рым 3:8). Цяпер гэтая новая этыка, магчыма, таго не заўважаючы, дзейнічае так, быццам рэзультат апраўдвае сродкі” (Пій ХІІ, зварот Soyez les bienvenues да Сусветнай каталіцкай федэрацыі маладых жанчын, 18 красавіка 1952 года, № 11).

“Некаторыя аўтары прапанавалі нешта накшталт двайнога статусу маральнай праўды. [Яны кажуць, што] акрамя дактрынальнага і абстрактнага ўзроўню трэба прызнаць прыярытэт пэўнага экзістэнцыйнага, больш канкрэтнага падыходу. Апошні, з улікам абставінаў і сітуацыі, мог бы даць законную аснову для пэўных выключэнняў з агульнага правіла і дазволіць асобе рабіць з чыстым сумленнем тое, што маральны закон называе ўнутрана дрэнным. Такім чынам, у некаторых выпадках робіцца раздзяленне, а нават супрацьпастаўленне паміж агульным і верным вучэннем і нормай індывідуальнага сумлення, якое фактычна прымае канчатковае рашэнне пра тое, што з’яўляецца добрым, а што кепскім. На гэтай аснове робяцца спробы легітымізаваць так званыя “пастырскія” рашэнні, супярэчныя вучэнню Магістэрыя, і апраўдаць “крэатыўную” герменеўтыку, паводле якой асобныя негатыўныя нормы не з’яўляюцца абавязковымі для сумлення ў кожным выпадку” (Ян Павел ІІ, энцыкліка Veritatis Splendor, 6 жніўня 1993 года, № 56).

13. Мы цвёрда паўтараем праўду пра тое, што разведзеныя асобы, якія заключылі грамадзянскі шлюб і якія па найбольш сур’ёзных прычынах, такіх як выхаванне дзяцей, не могуць выканаць пільны абавязак разысціся, маральна абавязаныя жыць “як брат і сястра” і пазбягаць скандалу. У прыватнасці, гэта азначае пазбяганне ўсялякага выгляду інтымнасці, якая належыць жанатым парам, бо ён будзе грэшным сам па сабе, а ў дадатак будзе абураць дзяцей, якія могуць вырашыць, што яны жанатыя законна, альбо што хрысціянскае сужэнства не з’яўляецца неразрыўным, альбо што сэксуальныя адносіны з асобай, якая не з’яўляецца законным сужэнцам, гэта не грэх. З улікам далікатнасці іхняй сітуацыі, яны павінны быць вельмі ўважлівыя ў плане нагоды да граху.

“Паяднанне ў сакрамэнце пакаяння, якое адкрывае дарогу да Эўхарыстыі, можа быць дадзена толькі тым, хто, пакаяўшыся ў разрыве знака Запавету і вернасці Хрысту, сумленна гатовы прыняць стыль жыцця, які больш не знаходзіцца ў супярэчнасці з неразрыўнасцю сужэнства. На практыцы гэта азначае, што, калі па сур’ёзных прычынах, такіх як выхаванне дзяцей, мужчына і жанчына не могуць выканаць абавязку разысціся, яны “бяруць на сябе абавязак жыць у поўным устрыманні, гэта значыць, ва ўстрыманні ад актаў, якія належаць жанатым парам” (Ян Павел ІІ, апостальская адгартацыя Familiaris consortio, 22 лістапада 1981 года, № 84).

IV. Адносна распазнання, адказнасці, стану ласкі і стану граху

14. Мы цвёрда паўтараем праўду аб тым, што тыя разведзеныя асобы, якія заключылі грамадзянскі шлюб і якія выбралі сваю сітуацыю з поўнымі ведамі і згодай волі, не з’яўляюцца жывымі членамі Касцёла, паколькі яны жывуць у стане сур’ёзнага граху, які перашкаджае ім мець любоў і ўзрастаць у ёй. Акрамя таго, мы падкрэсліваем, што Папа Пій V у сваёй буле Ex omnibus afflictionibus супраць памылак Міхэла дэ Бая, таксама вядомага як Баюс (Baius), асудзіў наступнае маральнае меркаванне: “Чалавек, які жыве ў стане смяротнага граху альбо пад караю вечнага пракляцця, можа мець сапраўдную любоў” (Дэнцынгер, 1070).

“Паводле св. Тамаша, каб жыць духоўным жыццём, чалавек павінен заставацца ў еднасці з галоўнай крыніцай жыцця, якой з’яўляецца Бог, таму што Бог — гэта канчатковае прызначэнне існавання і дзеяў чалавека. Грэх жа — гэта парушэнне, здзейсненае чалавечай асобай супраць гэтай крыніцы жыцця. І калі праз грэх “душа здзяйсняе парушэнне, якое дасягае кропкі адвароту ад свайго канчатковага прызначэння — Бога, да Якога яна прывязана любоўю, тады грэх з’яўляецца смяротным; з іншага боку, калі парушэнне не дасягае кропкі адвароту ад Бога, грэх з’яўляецца штодзённым” (св. Тамаш Аквінскі, Summa Theologiae, I-II, q. 72, a. 5). Таму штодзённы грэх не пазбаўляе грэшніка асвячальнай ласкі, сяброўства з Богам, любові і вечнага шчасця, тады як такое пазбаўленне з’яўляецца наступствам менавіта смяротнага граху” (Ян Павел ІІ, Reconciliatio et poenitentia, 2 снежня 1984 года, № 17).

“Развод з’яўляецца цяжкай правінай супраць натуральнага закону. Гэта разрыў дамовы, на якую сужэнцы свабодна далі згоду жыць адно з адным да смерці. Развод наносіць шкоду запавету збаўлення, знакам якога з’яўляецца сакрамэнтальнае сужэнства. Заключэнне новага саюза, нават калі ён прызнаецца грамадзянскім правам, дадае разрыву цяжкасці: паўторна жанаты сужэнец знаходзіцца тады ў сітуацыі публічнага і пастаяннага чужаложніцтва. Калі муж, які разышоўся са сваёю жонкаю, набліжаецца да іншай жанчыны, ён чужаложнік, бо змушае тую жанчыну да чужаложніцтва, а жанчына, якая жыве з ім, з’яўляецца чужаложніцай, таму што яна прыцягнула чужога мужа да сябе” (Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, № 2384).

15. Мы цвёрда паўтараем праўду аб тым, што не існуе прамежкавага стану паміж прабываннем у Божай ласцы і аддзеленасцю ад яе праз смяротны грэх. Шлях ласкі і духоўнага росту для чалавека, які жыве ў аб’ектыўна грахоўным стане, заключаецца ў адмове ад гэтай сітуацыі і вяртанні на шлях асвячэння, які прыносіць Богу славу. Ніводзін “пастырскі падыход” не можа апраўдваць ці заахвочваць людзей заставацца ў стане граху, які супярэчыць Божаму закону.

“Гэта праўда, што існуе сутнасная і цвёрдая розніца паміж грахом, які забівае любоў, і грахом, які не забівае звышнатуральнага жыцця: сярэдняга шляху паміж жыццём і смерцю не існуе” (Ян Павел ІІ, Reconciliatio et poenitentia, 2 снежня 1984 года, № 17).

“Трэба паклапаціцца пра тое, каб не звесці смяротны грэх, як сёння часта кажуць, да акту “фундаментальнага выбару”, якім лічаць яўнае і фармальнае адкіданне Бога і бліжняга альбо няяўнае і несвядомае адкіданне любові. Бо смяротны грэх існуе таксама тады, калі асоба свядома і ахвотна з нейкай прычыны выбірае штосьці сур’ёзна неўпарадкаванае… Асоба адварочваецца ад Бога і губляе любоў. Адпаведна, гэты фундаментальны накірунак могуць змяняць паасобныя ўчынкі. Вядома, могуць здарацца вельмі складаныя і цяжкія з псіхалагічнага пункту гледжання сітуацыі, якія могуць уплываць на суб’ектыўную адказнасць грэшніка. Але з псіхалагічных разважанняў нельга стварыць тэалагічную катэгорыю… зразуметую такім чынам, што яна аб’ектыўна змяняе альбо ставіць пад сумніў традыцыйнае разуменне смяротнага граху” (Ян Павел ІІ, энцыкліка Veritatis Splendor, 6 жніўня 1993 года, № 70).

16. Мы цвёрда паўтараем праўду аб тым, што, паколькі Бог ведае ўсё, аб’яўлены і натуральны закон датычацца ўсіх паасобных сітуацый, асабліва, калі яны забараняюць пэўныя дзеянні пры любых і кожных умовах, называючы іх “унутрана дрэннымі” (intrinsece malum).

“Нас спытаюцца, якім чынам маральны закон, які з’яўляецца універсальным, можа быць дастатковым і нават мець абавязваючую моц у індывідуальным выпадку, які заўсёды канкрэтны, унікальны і здараецца толькі раз. Ён можа быць дастатковым і мець абавязваючую моц, і ён насамрэч ёсць і мае з прычыны сваёй універсальнасці. Маральны закон уключае абавязкова і “знарок” усе паасобныя выпадкі, у якіх пацвярджаецца яго значэнне. У вельмі многіх выпадках яно пацвярджаецца з настолькі пераканаўчай логікай, што нават сумленне простага верніка адразу і з поўнай пэўнасцю бачыць, якое рашэнне неабходна прыняць” (Пій ХІІ, зварот Soyez les bienvenues да Сусветнай каталіцкай федэрацыі маладых жанчын, 18 красавіка 1952 года, № 9).

“Існуюць учынкі, якія самі па сабе, незалежна ад абставінаў, заўсёды сур’ёзна няправільныя з прычыны свайго аб’екту. Гэтыя дзеянні, калі яны выконваюцца з дастатковым усведамленнем і свабодай, заўсёды цяжка грэшныя” (Ян Павел ІІ, Reconciliatio et poenitentia, 2 снежня 1984 года, № 17).

“Розум сведчыць пра тое, што існуюць аб’екты людскіх учынкаў, якія па сваёй прыродзе няможна пагадзіць з Богам, таму што яны радыкальна супярэчаць дабру асобы, створанай на Яго падабенства. Гэта ўчынкі, якія ў маральнай традыцыі Касцёла называюцца “унутрана дрэннымі” (intrinsece malum): яны з’яўляюцца такімі заўсёды і самі па сабе, іншымі словамі, з прычыны самога свайго аб’екту і незалежна ад скрытых намераў таго, хто дзейнічае, і абставінаў… Навучаючы пра існаванне ўнутрана дрэнных учынкаў, Касцёл прымае вучэнне Святога Пісання. Апостал Павел катэгарычна піша: “Не ўводзьце сябе ў зман: ні распуснікі, ні ідалапаклоннікі, ні чужаложнікі, ні блуднікі, ні мужаложнікі, ні злодзеі, ні хціўцы, ні п’яніцы, ні паклёпнікі, ні рабаўнікі не атрымаюць у спадчыну Валадарства Божае” (1 Кар 6:9-10)” (Ян Павел ІІ, энцыкліка Veritatis Splendor, 6 жніўня 1993 года, № 80).

17. Мы цвёрда паўтараем праўду пра тое, што складанасць сітуацый і розныя ступені адказнасці ў розных выпадках (з-за фактараў, якія могуць абмяжоўваць здольнасць прымаць рашэнні) не дазваляюць пастырам заключаць, што тыя, хто знаходзіцца ў неўрэгуляваных саюзах, не знаходзяцца ў стане яўнага цяжкага граху, і меркаваць на forum externum, што асобы ў такіх саюзах, якія ўсведамляюць правілы сужэнства, не аддзялілі сябе ад асвячальнай ласкі.

“На асобу могуць уплываць, правакаваць і ўздзейнічаць шматлікія і моцныя знешнія фактары. Яна можа таксама паддавацца тэндэнцыям, памылкам і звычкам, звязаным са сваім асабістым станам. У значнай колькасці выпадкаў такія знешнія і ўнутраныя фактары могуць у большай ці меншай ступені паслабляць свабоду асобы і, адпаведна, яе адказнасць і віну. Але праўдай веры, пацверджанай таксама нашым досведам і розумам, з’яўляецца тое, што чалавек — гэта свабодная асоба. Гэтую праўду нельга ігнараваць, абвінавачваючы ў грахах чалавека знешнія фактары, такія як структуры, сістэмы і іншых людзей. Больш за тое, гэта будзе адмаўленнем людской годнасці і свабоды, якія аб’яўляюцца — хоць нават і негатыўным і няўдалым чынам — таксама ў адказнасці чалавека за ўчыненыя грахі. Таму ў кожным чалавеку няма нічога настолькі асабістага і неперадавальнага, як заслугі ў цнотах і адказнасць за грэх” (Ян Павел ІІ, Reconciliatio et poenitentia, 2 снежня 1984 года, № 16).

“Заўсёды ёсць магчымасць таго, што пад прымусам ці іншымі абставінамі чалавеку могуць перашкодзіць зрабіць пэўныя добрыя ўчынкі; але яму ніколі не можна перашкодзіць не зрабіць пэўныя ўчынкі, асабліва калі ён гатовы хутчэй памерці, чым зрабіць зло” (Ян Павел ІІ, энцыкліка Veritatis Splendor, 6 жніўня 1993 года, № 52).

18. Мы цвёрда паўтараем праўду аб тым, што, паколькі чалавек надзелены свабоднай воляй, кожны свядомы і свабодны маральны акт павінен ставіцца ў адказнасць яму, яго аўтару, і што, калі адсутнічаюць доказы адваротнага, адказнасць павінна прадугледжвацца. Знешнюю адказнасць не трэба блытаць з унутраным станам сумлення. Нягледзячы на тое, што “de internis neque Ecclesia iudicat” (Касцёл не судзіць унутранае — толькі Бог можа зрабіць гэта), Касцёл тым не менш можа судзіць учынкі, якія наўпрост супярэчаць Божаму закону.

“Хоць і неабходна верыць, што грахі ані адпускаюцца, ані былі калісьці адпушчаныя інакш як дарма, Божай міласэрнасцю, дзеля Хрыста, усё ж нельга казаць, што грахі прабачаныя альбо былі прабачаныя камусьці, хто ганарыцца сваёй перакананасцю і упэўненасцю ў прабачэнні ягоных грахоў, пакладаючыся толькі на гэта, хоць сярод ерэтыкоў і схізматыкаў такую пустую і бязбожную ўпэўненасць можна знайсці і ў нашыя праблемныя часы яна сапраўды знаходзіцца і прапаведуецца з нястомнай апантанасцю супраць Каталіцкага Касцёла. Акрамя таго, нельга сцвярджаць, што тыя, хто сапраўды апраўданы, можа без аніякага сумніву пераконваць сябе, што ён апраўданы” (Трыдэнцкі сабор, Дэкрэт аб апраўданні, раздз. 9).

“Калі адбылося знешняе парушэнне, адказнасць прадугледжваецца, калі толькі не відавочна іншае” (Кодэкс кананічнага права, кан. 1321, пар. 3).

“Кожны наўпрост валявы ўчынак умяняецца ягонаму аўтару” (Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, № 1736).

“Зразумела, ён [чалавек] сам ацэньвае свой стан ласкі, бо яна датычыць сумлення. Аднак у выпадках відавочных паводзінаў, якія сур’ёзна, яўна і пастаянна супярэчаць маральным нормам, Касцёл у душпастырскім клопаце пра сапраўдны парадак у супольнасці і пра пашану да сакрамэнту не можа ўстрымлівацца ад прыняцця адпаведных крокаў. У сітуацыі яўнага недахопу маральнасці ён павінен выкарыстоўваць норму Кодэкса кананічнага права, у якой гаворыцца пра магчымасць недапушчэння да эўхарыстычнай Камуніі тых, хто “ўпарта трывае ў яўным цяжкім граху” [кан. 915]” (Ян Павел ІІ, энцыкліка Ecclesia de Eucharistia, 17 красавіка 2003 года, № 37).

V. Адносна сакрамэнтаў паяднання і Эўхарыстыі

19. Мы цвёрда паўтараем праўду аб тым, што, маючы справу з пенітэнтамі, спаведнікі павінны спрыяць ім у праверцы сябе па канкрэтных патрабаваннях запаведзяў, дапамагаць ім дасягаць дастатковага раскаяння і поўнага абвінавачвання сябе ў цяжкіх грахах, а таксама раіць ім стаць на шлях святасці. Робячы так, спаведнік абавязаны папярэджваць пенітэнтаў наконт аб’ектыўна сур’ёзных адыходаў ад Божага закону і ўпэўнівацца ў тым, што яны сапраўды жадаюць адпушчэння грахоў і Божага прабачэння і пастанаўляюць перагледзець і выправіць свае паводзіны. Хоць само па сабе частае паўтарэнне грахоў не з’яўляецца матывам адмовіць у адпушчэнні грахоў, яно не можа быць удзелена без дастатковага раскаяння або цвёрдай пастановы пазбягаць граху ў будучыні.

“Праўда, якая ідзе ад Слова і мусіць весці нас да яго, тлумачыць, чаму сакрамэнтальная споведзь павінна паходзіць не з простага псіхалагічнага імпульсу і ім суправаджацца, як быццам сакрамэнт — гэта замена псіхатэрапіі, а са смутку, заснаваным на звышнатуральных матывах, таму што грэх парушае любоў да Бога, да Найвышэйшага Дабра, ён быў прычынай пакутаў Збаўцы і прымушае нас губляць даброты вечнасці… На жаль, многія з вернікаў сёння прыступаюць да сакрамэнту пакаяння без дастатковага абвінавачвання ў сваіх смяротных грахах у тым сэнсе, пра які казаў Трыдэнцкі сабор. Часам яны так рэагуюць на святара-спаведніка, які са свайго абавязку пытаецца ў іх пра неабходную паўнату споведзі, як быццам бы ён дазваляе сабе залішняе ўварванне ў святыню сумлення. Я спадзяюся і малюся, каб гэтыя неасветленыя вернікі таксама і пры дапамозе гэтага вучэння пераканаліся, што норма, якая патрабуе паўнаты споведзі ў якасці і колькасці грахоў, наколькі гэта можа быць вядома са шчыра даследаванага сумлення, з’яўляецца не ярмом, адвольна накладзеным на іх, а сродкам вызвалення і спакою. Таксама відавочна, што абвінавачванне ў грахах павінна ўключаць у сябе сур’ёзны намер больш не здзяйсняць іх у будучыні. Калі такой паставы душы няма, то не існуе і пакаяння: насамрэч гэта пытанне маральнага зла як такога, і таму несупраціўленне магчымаму маральнаму злу азначае адсутнасць нянавісці да зла, а не пакаянне. Але паколькі яно мусіць паходзіць перадусім з жалю ад крыўды, нанесенай Богу, то намер не грашыць павінен засноўвацца на Божай ласцы, якую Пан заўсёды дае кожнаму, хто робіць усё магчымае, каб дзейнічаць шчыра… Варта таксама ўзгадаць, што наяўнасць шчырага раскаяння — гэта адна рэч, а інтэлектуальнае суджэнне адносна будучыні — гэта іншае: сапраўды магчыма, што нягледзячы на шчыры намер больш не грашыць, мінулы досвед і ўсведамленне людской слабасці прымушае асобу баяцца новага ўпадку; але гэта не падрывае сапраўднасці намеру, калі страх яднаецца з жаданнем і падтрымліваецца малітвай, каб зрабіць усё магчымае і пазбегнуць граху” (Ян Павел ІІ, Ліст да Апостальскай Пенітэнцыярыі, 22 сакавіка 1996 года, № 3-5).

20. Мы цвёрда паўтараем праўду пра тое, што спаведнікі і іншыя пастыры не могуць лічыць разведзеных асобаў, якія заключылі грамадзянскі шлюб і не разышліся, але застаюцца ў аб’ектыўным стане распусты, душамі, якія жывуць у аб’ектыўным стане ласкі, здольныя ўзрастаць у жыцці ласкі і любові і могуць прымаць адпушчэнне грахоў у сакрамэнце пакаяння альбо быць дапушчанымі да Святой Эўхарыстыі, калі толькі яны не выкажуць раскаянне за іхні стан жыцця і цвёрда не пастановяць пакінуць яго — нават калі гэтыя разведзеныя асобы суб’ектыўна не адчуваюць сябе вінаваымі альбо адчуваюць не поўнасцю вінаватымі ў іхняй аб’ектыўна цяжка грэшнай сітуацыі з-за ўмоўных ці паслабляльных фактараў.

“Я кажу пра пэўныя сітуацыі, якія сёння нярэдка сустракаюцца і закранаюць хрысціянаў, якія жадаюць працягнуць сваю сакрамэнтальную рэлігійную практыку і якім перашкаджаюць зрабіць гэта асабістыя абставіны, што не знаходзяцца ў гармоніі з пастановамі, свабодна прынятымі перад Богам і Касцёлам… Засноўваючыся на гэтых двух камплементарных прынцыпах [спачування і праўдзівасці], Касцёл можа толькі запрашаць сваіх дзяцей, якія знаходзяцца ў такіх балючых сітуацыях, прыступаць да Божай міласэрнасці іншымі шляхамі, а не праз сакрамэнты пакаяння і Эўхарыстыі, да той пары, пакуль яны не дасягнуць неабходнай паставы. Што да гэтай справы, якая таксама моцна мучыць сэрцы пастыраў, я меў пільны абавязак прамовіць у апостальскай адгартацыі Familiaris Consortio ясныя словы наконт выпадкаў разведзеных і паўторна жанатых асобаў, а таксама пра сітуацыю хрысціянаў, якія жывуць разам у неўрэгуляваным саюзе” (Ян Павел ІІ, Reconciliatio et poenitentia, 2 снежня 1984 года, № 34).

“Кожная практыка, якая абмяжоўвае споведзь да агульнага абвінавачвання ў граху альбо ў адным ці двух грахах, якія лічацца больш важнымі, павінна ганіцца” (Ян Павел ІІ, motu proprio Misericordia Dei, 7 красавіка 2002 года, № 3).

“Ясна, што пенітэнты, якія жывуць пастаянным стане цяжкага граху і якія не маюць намеру змяніць сваю сітуацыю, не могуць сапраўдным чынам прыняць адпушчэнне грахоў” (Ян Павел ІІ, Misericordia Dei, 7 красавіка 2002 года, № 7с).

21. Мы цвёрда паўтараем праўду аб тым, што ў выпадку разведзеных асобаў, якія заключылі грамадзянскі шлюб і адкрыта жывуць more uxorio (як муж і жонка), ніводнае адказнае асабістае і пастырскае распазнанне не можа сцвярджаць, што сакрамэнтальнае адпушчэнне грахоў і допуск да Эўхарыстыі дазволеныя, аргументуючы гэта тым, што з-за паменшанай адказнасці не існуе сур’ёзнай віны. Прычына гэтага такая, што магчымая адсутнасць фармальнай віны не можа быць справай публічнай вядомасці, тады як іхні знешні стыль жыцця аб’ектыўна супярэчыць неразрыўнаму характару хрысціянскага сужэнства і таму саюзу любові паміж Хрыстом і Касцёлам, які абазначае і выконвае Святая Эўхарыстыя.

“Аднак Касцёл пацвярджае сваю практыку, якая засноўваецца на Святым Пісанні, і не дазваляе доступ да Эўхарыстычнай Камуніі разведзеным асобам, якія паўторна ажаніліся. Яны не могуць атрымаць такі доступ таму, што іх стан і ўмовы жыцця аб’ектыўна супярэчаць таму саюзу любові паміж Хрыстом і Касцёлам, які абазначае і выконвае Эўхарыстыя. Акрамя таго, існуе і іншая, выключна пастаральная прычына: калі б гэтых людзей дапусцілі да Эўхарыстыі, вернікі трапілі б у памылку і замяшанне наконт вучэння Касцёла пра неразрыўнасць сужэнства” (Ян Павел ІІ, Familiaris consortio, 22 лістапада 1981 года, № 84).

“У апошнія гады ў розных рэгіёнах прапаноўваліся розныя пастырскія рашэнні, паводле якіх хоць агульны допуск разведзеных і паўторна жанатых да эўхарыстычнай Камуніі быў немагчымы, аднак разведзеныя і паўторна жанатыя вернікі маглі прыступаць да святой Камуніі ў асаблівых выпадках, калі яны лічылі гэта для сябе дазволеным, згодна з суджэннем сумлення. Гэта, напрыклад, здаралася, калі яны былі пакінутыя цалкам несправядліва, хоць яны шчыра стараліся захаваць папярэдняе сужэнства, альбо калі яны былі ўпэўненыя ў несапраўднасці свайго папярэдняга сужэнства, хоць і не маглі прадэманстраваць гэта на forum externum, альбо калі яны прайшлі доўгі перыяд разважання і пакаяння, альбо таксама калі з маральна добрых прычынаў яны не маглі выканаць абавязак разысціся. У некаторых месцах таксама прапаноўвалася, каб дзеля аб’ектыўнага распазнання актуальнай сітуацыі разведзеныя і паўторна жанатыя пракансультаваліся з разважлівым і кваліфікаваным святаром. Той святар, аднак, мусіў паважаць іхняе магчымае рашэнне прыступаць да святой Камуніі, хоць гэта і не мела на ўвазе афіцыйнага адабрэння. У такіх і падобных выпадках гэта была б справа талерантнага і прыхільнага пастырскага рашэння, каб ацаніць розныя сітуацыі, у якіх знаходзяцца разведзеныя і паўторна жанатыя людзі. Нават калі аналагічныя пастырскія рашэнні і прапаноўваліся некаторымі Айцамі Касцёла і ў пэўнай меры практыкаваліся, тым не менш яны ніколі не мелі кансэнсусу Айцоў і ніякім чынам не маглі стацца агульнай дактрынай Касцёла або вызначаць яго дысцыпліну… Верны словам Езуса Хрыста, Касцёл пацвярджэае, што новы саюз не можа прызнавацца сапраўдным, калі сапраўдным было мінулае сужэнства. Калі разведзеныя ўступілі ў паўторны грамадзянскі шлюб, яны апынуліся ў сітуацыі, якая аб’ектыўна парушае Божае права. Адпаведна, яны не могуць прымаць святую Камунію, пакуль гэтая сітуацыя працягваецца” (Кангрэгацыя дактрыны веры, Ліст да біскупаў Каталіцкага Касцёла адносна прыняцця святой Камуніі разведзенымі і паўторна жанатымі вернікамі, 14 верасня 1994 года, № 3-4).

“Прыняцце Цела Хрыста публічна недастойнай асобай наносіць аб’ектыўную шкоду эклезіяльнай еднасці: такія паводзіны закранаюць права Касцёла і ўсіх вернікаў жыць у згодзе з патрабаваннямі гэтай еднасці. У канкрэтным выпадку допуску да святой Камуніі разведзеных і паўторна жанатых вернікаў скандал, у сэнсе ўчынка, які пабуджае іншых да кепскіх учынкаў, адначасова закранае як сакрамэнт Эўхарыстыі, так і неразрыўнсць сужэнства. Гэты скандал існуе нават тады, калі такія паводзіны, на жаль, больш не выклікаюць здзіўлення: фактычна, менавіта з увагі на дэфармацыю сумлення пастырам прыходзіцца больш неадкладна дзейнічаць як з вялікай цярплівасцю, так і з цвёрдасцю дзеля аховы святасці сакрамэнтаў, абароны хрысціянскай маралі і карэктнай фармацыі вернікаў” (Пантыфікальная камісія па заканадаўчых тэкстах, Дэкларацыя адносна допуску да святой Камуніі вернікаў, якія развяліся і паўторна ажаніліся, 24 чэрвеня 2000 года, № 1).

22. Мы цвёрда паўтараем праўду аб тым, што суб’ектыўная ўпэўненасць сумлення разведзеных асобаў, якія заключылі паўторны грамадзянскі шлюб, у тым, што папярэдняе сужэнства несапраўднае, ніколі не з’яўляецца дастатковым само па сабе, каб вызваліць кагосьці ад матэрыяльнага граху чужаложства альбо дазволіць камусьці занядбоўваць сакрамэнтальныя наступствы публічнага грэшнага жыцця.

“Памылковая ўпэўненасць разведзенай і паўторна жанатай асобы ў тым, што яна можа прымаць святую Камунію, нармальна мае на ўвазе, што асабістае сумленне ў канчатковым аналізе лічыцца здольнам на аснове сваёй упэўненасці (пар. энцыкліка Veritatis splendor, 55) прымаць рашэнне адносна існавання альбо адсутнасці папярэдняга сужэнства і каштоўнасці новага саюза. Аднак такая пазіцыя недапушчальная (пар. Кодэкс кананічнага права, кан. 1085, пар. 2). Фактычна, з-за свайго вобразу як шлюбных адносінаў паміж Хрыстом і Касцёлам, а таксама з-за сваёй ролі фундаментальнага ядра і важнага жыццёвага фактара грамадзянскай супольнасці сужэнства па сваёй сутнасці з’яўляецца публічнай рэальнасцю… Таму суджэнне сумлення наконт сужэнскага статусу чалавека не датычыцца толькі непасрэдных адносінаў паміж чалавекам і Богам, як быццам бы можна было абстрагавацца ад пасрэдніцтва Касцёла, якое таксама ўключае кананічныя законы, якія абавязваюць сумленне. Не прызнаваць гэты істотны аспект азначае фактычнае адмаўленне таго, што сужэнства з’яўляецца рэальнасцю Касцёла, то бок сакрамэнтам” (Кангрэгацыя дактрыны веры, Камунія разведзеных і паўторна жанатых вернікаў, 14 верасня 1994 года, № 7-8).

23. Мы цвёрда паўтараем праўду аб тым, што “хрост і пакаянне з’яўляюцца ачышчальнымі лекамі, дадзенымі, каб здымаць жар граху, тады як гэты сакрамэнт [святая Эўхарыстыя] з’яўляецца лекам, дадзеным дзеля умацавання, і яе можна даваць толькі тым, хто пазбавіўся граху” (св. Тамаш Аквінскі, Summa theologiae, III, q. 80, a.4, ad 2). Тыя, хто прымае святую Эўхарыстыю, сапраўды маюць удзел у Целе і Крыві Хрыста і павінны быць годныя рабіць гэта, знаходзячыся ў стане ласкі. Разведзеныя асобы, якія заключылі грамадзянскі саюз, і такім чынам вядуць аб’ектыўна і публічна грэшны стыль жыцця, рызыкуюць здзейсніць блюзнерства, прымаючы святую Камунію. Для іх святая Камунія будзе не лекам, а духоўнай атрутай. Калі цэлебрант дазваляе такую недастойную Камунію, ён не верыць альбо ў Рэальную Прысутнасць Хрыста, альбо ў неразрыўнасць сужэнства, альбо ў грэшнасць жыцця more uxorio (як муж і жонка) па-за сапраўдным сужэнствам.

“Трэба ўзгадаць, што “Эўхарыстыя не прызначана для прабачэння смяротных грахоў — для гэтага служыць сакрамэнт паяднання. Эўхарыстыя — гэта, па сутнасці, сакрамэнт тых, хто знаходзіцца ў поўнай еднасці з Касцёлам” (Святая Кангрэгацыя Літургіі і дысцыпліны сакрамэнтаў, цыркулярны ліст наконт цэласнасці сакрамэнту пакаяння, 20 сакавіка 2000 года, № 9).

“Забарона [удзялення Эўхарыстыі публічным грэшнікам], якая знаходзіцца ў працытаваным каноне [кан. 915], па сваёй прыродзе, паходзіць з Божага закону і пераўзыходзіць вобласць пазітыўных касцёльных законаў: апошнія не могуць уводзіць заканадаўчыя змены, якія я б супярэчылі вучэнню Касцёла. Тэкст Пісання, на які заўсёды абапіралася касцёльная традыцыя, знаходзіцца ў св. Паўла: “Таму той, хто будзе есці хлеб гэты ці піць з келіха Пана нягодным чынам, будзе вінаваты [у граху супраць] Цела і Крыві Пана. Няхай выпрабоўвае сябе чалавек, а потым няхай есць гэты хлеб і п’е з гэтага келіха. Бо хто есць і п’е, не зважаючы на Цела [Пана], той есць і п’е на сваё асуджэнне” (1 Кар 11:27-29)… Любая інтэрпрэтацыя канона 915, якая ставіцца супраць істотнага зместу гэтага канона, што няспынна дэкларуецца Магістэрыем і векавой дысцыплінай Касцёла, з’яўяецца яўна падманлівай. Няможна мяшаць павагу да літары закону (пар. кан. 17) з няправільным выкарыстаннем той самай літары для рэлятывізацыі правілаў і спусташэння іхняга зместу. Фраза “і іншыя, хто настойліва трывае ў яўным цяжкім граху” з’яўляецца яснай і павінна разумецца такім чынам, які не скажае яе сэнс і не робіць норму непрымяняльнай. Ёсць тры абавязковыя ўмовы: а) цяжкі грэх, зразуметы аб’ектыўна, пра які служыцель Камуніі не можа судзіць, сыходзячы з суб’ектыўнай адказнасці; б) настойлівае трыванне, якое азначае існаванне аб’ектыўнай сітуацыі граху, якая працягваецца ў часе і якую індывідуальны вернік сваёй воляй не сканчвае, пры гэтым няма неабходнасці ў іншых умовах (пастава супраціўлення, былое папярэджанне і г. д.) для ўстанаўлення фундаментальнай цяжкасці сітуацыі; в) відавочны характар сітуацыі цяжкага пастаяннага граху.

“Не будуць лічыцца ў стане сур’ёзнага пастаяннага граху тыя разведзеныя і паўторна жанатыя вернікі, якія не змогуць па сур’ёзных матывах, напрыклад, такіх, як выхаванне дзяцей, “выканаць абавязак разысціся, але прымуць заданне жыць у поўным устрыманні, гэта значыць, устрымлівацца ад актаў, належных сужэнцам” (Familiaris consortio, № 84), і якія на аснове гэтага намеру прынялі сакрамэнт пакаяння. Улічваючы, што факт таго, што гэтыя вернікі не жывуць more uxorio, сам па сабе з’яўляецца таямнічым, тады як іхні стан разведзеных і паўторна жанатых сам па сабе яўны, яны змогуць прымаць эўхарыстычную Камунію толькі, не ствараючы скандалу… Аднак у сітуацыях, дзе такія перасцерагальныя меры не мелі эфекту альбо дзе яны немагчымыя, служыцелі Камуніі павінны адмовіцца ўдзяліць яе тым, хто з’яўляецца публічна недастойным. Яны павінны зрабіць гэта са скрайняй любоўю і знайсці адпаведны момант, каб растлумачыць прычыны, па якіх такая адмова стала неабходнай. Але яны павінны зрабіць гэта з рашучасцю, усведамляючы, якое значэнне такія знакі маюць для дабра Касцёла і душаў… Памятаючы пра прыроду працытаванай нормы (пар. № 1), ніводная касцёльная ўлада не можа пазбавіць служыцеля святой Камуніі ад гэтага ягонага абавязку альбо выдаць інструкцыі, якія яму супярэчаць” (Пантыфікальная камісія па заканадаўчых тэкстах, Камунія вернікаў, якія развяліся і паўторна ажаніліся, № 1-4).

24. Мы цвёрда паўтараем праўду аб тым, што, згодна з логікай Евангелля, чалавек, які памірае ў стане смяротнага граху, не паяднаўшыся з Богам, навечна сказаны на пекла. У Евангеллях Езус часта кажа пра небяспеку вечнага пракляцця.

“Калі гэтай ласцы не адпавядае думка, слова і справа, яны [веруючыя каталікі] не толькі не атрымаюць збаўлення, але будуць вельмі строга асуджаны” (Другі Ватыканскі сабор, Lumen gentium, 21 лістапада 1964 года, № 14).

“Смяротны грэх — гэта радыкальная магчымасць свабоды чалавека, як і сама любоў. Вынікам яго з’яўляецца згуба любові і адсутнасці асвячальнай ласкі, гэта значыць, стану ласкі. Калі ён не адпушчаны пакаяннем і Божым прабачэннем, ён выклікае выключэнне з Хрыстовага валадарства і вечную смерць у пекле, бо нашая свабода мае моц рабіць выбары назаўсёды і беззваротна. Аднак, хоць мы можам судзіць, што ўчынак сам па сабе з’яўляецца цяжкай правінай, мы мусім даверыць суд асобаў справядлівасці і міласэрнасці Бога” (Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, № 1861).

VI. Адносна мацярынскай і пастырскай паставы Касцёла

25. Мы цвёрда паўтараем праўду аб тым, што яснае навучанне праўдзе з’яўляецца выдатнай справай міласэрнасці і любові, таму што першым збаўчым заданнем апосталаў і іх наступнікаў з’яўляецца паслухмянасць святому загаду Збаўцы: “Дык ідзіце і навучайце ўсе народы… Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам” (Мц 28:19-20).

“Каталіцкае вучэнне кажа нам, што першасны абавязак любові палягае не ў цярпімасці ілжывых ідэй, якімі б шчырымі яны ні былі, і не ў тэарэтычнай ці практычнай індыферэнтнасці да памылак і заганаў, у якія ўлезлі нашыя браты, а ў старанні аб іх інтэлектуальным і маральным развіцці, а таксама аб іх матэрыяльным дабрабыце… Кожны іншы від любові — гэта поўная ілюзія, неэфектыўная і мімалётная” (Пій Х, энцыкліка Notre charge Apostolique, 15 жніўня 1910 года).

“Касцёл заўсёды той самы, і ён застаецца нязменным, згодна з воляй Хрыста і сапраўднай традыцыяй, што развілі яго” (Павел VI, гамілія 28 кастрычніка 1965 года).

“Нічога не апускаць у збаўчым навучанні Хрыста — гэта выдатнае сведчанне любові да душаў; але трэба заўсёды яднаць гэта з цярпімасцю і любоўю, як гэта паказаў сам Хрыстус у сваіх размовах і адносінах з людзьмі. Бо калі Ён прыйшоў не судзіць, але збавіць свет, ці не быў Ён вельмі суровым да граху, але спакойным і поўным міласэрнасці да грэшнікаў?” (Павел VI, энцыкліка Humanae vitae, 25 ліпеня 1968 года, № 29).

“Навучанне Касцёла, і, у прыватнасці, яго трываласць у абароне універсальнай і пастаяннай сапраўднасці патрабаванняў, якія забараняюць унутрана дрэнныя дзеянні, нярэдка ўспрымаюць як знак недапушчальнай бескампраміснасці, асабліва ў тым, што датычыцца надзвычай складаных і канфліктных сітуацый, якія сёння здараюцца ў маральным жыцці асобаў і грамадства; кажуць, што гэтая бескампраміснасць знаходзіцца ў кантрасце з мацярынствам Касцёла. Можна пачуць, што Касцёлу недастае разумення і спачування. Але насамрэч мацярынства Касцёла ніколі не можа быць аддзелена ад яго настаўніцкай місіі, якую ён заўсёды мусіць выконваць, як верная Нявеста Хрыста, які сам з’яўляецца Праўдай. “Як Настаўнік, Касцёл ніколі не перастае аб’яўляць маральныя нормы… Касцёл ніякім чынам не з’яўляецца аўтарам альбо кіраўніком гэтай нормы. У паслухмянасці праўдзе — Хрысту, чый вобраз адлюстроўваецца ў прыродзе і годнасці чалавечай асобы, Касцёл інтэрпрэтуе маральныя нормы і прапануе іх усім людзям добрай волі, не хаваючы іх патрабаванняў радыкальнасці і дасканаласці” (Ян Павел ІІ, энцыкліка Veritatis Splendor, 6 жніўня 1993 года, № 95).

26. Мы цвёрда паўтараем праўду аб тым, што немагчымасць удзялення адпушчэння грахоў і святой Камуніі каталікам, якія яўна жывуць у аб’ектыўным стане цяжкага граху, напрыклад, тым, што жывуць у сужыцельстве, альбо разведзеным, якія заключылі грамадзянскі саюз, паходзіць з мацярынскага клопату Касцёла, паколькі ён з’яўляецца не ўласнікам сакрамэнтаў, а хутчэй “верным распарадчыкам таямніцаў Божых” (1 Кар 4:1).

“Як настаўнікі і захавальнікі збаўчай праўды Эўхарыстыі, мы павінны заўсёды і ўсюды захоўваць гэтае значэнне і гэтае вымярэнне сакрамэнтальнай сустрэчы і блізкасці з Хрыстом… Мы павінны заўсёды клапаціцца, каб гэтае вялікае спатканне з Хрыстом у Эўхарыстыі не сталася толькі звычкай і каб мы не прымалі яго нягодна, гэта значыць, у стане смяротнага граху… Мы не можам нават на момант забыцца, што Эўхарыстыя — гэта асаблівая маёмасць, што належыць усяму Касцёлу. Гэта найвялікшы дар, якім у парадку ласкі і сакрамэнту Боскі Жаніх адарыў і няспынна адарае сваю Нявесту. І менавіта з прычыны таго, што гэта такі дар, кожны з нас павінен у духу глыбокай веры кіравацца пачуццём сапраўднай хрысціянскай адказнасці… Эўхарыстыя з’яўляецца агульным дабром усяго Касцёла як сакрамэнт яго еднасці. І таму Касцёл мае сціслы абавязак дакладна ўстанаўліваць усё, што датычыцца ўдзелу ў ёй і яе цэлебрацыі” (Ян Павел ІІ, ліст Dominicae Cenae, 24 лютага 1980 года, № 4-12).

“Гэта не азначае, што Касцёл не прымае да сэрца сітуацыю тых вернікаў, якія, акрамя таго, не выключаныя з касцёльнай супольнасці. Ён дбае пра пастырскую апеку над імі і запрашае іх раздзяліць жыццё Касцёла ў той меры, у якой гэта згаджаецца з характарам Божага закону, ад якога Касцёл не мае ўлады вызваліць” (Кангрэгацыя дактрыны веры, Камунія разведзеных і паўторна жанатых, 14 верасня 1994 года, № 6).

“У пастырскай дзейнасці трэба зрабіць усё магчымае, каб упэўніцца, што гэта зразумета не як справа дыскрымінацыі, а толькі як абсалютная вернасць волі Хрыста, які аднавіў і даверыў нам яшчэ раз неразрыўнасць сужэнства як дар ад Стварыцеля. Пастырам і супольнасці вернікаў прыйдзецца пакутаваць і любіць у салідарнасці з гэтымі асобамі, каб яны ўспрымалі свае цяжкасці як прыемнае ярмо і лёгкі цяжар Езуса. Іхняе ярмо не прыемнае і не лёгкае ў тым сэнсе, што яно малое і нязначнае, але яно становіцца лёгкім, таму што Пан — а з ім увесь Касцёл — падзяляе яго. Задачай пастырства, якое мусіць праводзіцца з поўнай адданасцю, з’яўляецца прапанова гэтай дапамогі, заснаванай на праўдзе і любові адначасова” (Кангрэгацыя дактрыны веры, Камунія разведзеных і паўторна жанатых, 14 верасня 1994 года, № 10).

“Праз вякі цэлебрацыя сакрамэнту пакаяння прымала розныя формы, але яна заўсёды захоўвала тую ж базавую структуру: яна абавязкова ўключае не толькі дзеянне служыцеля — толькі біскупа ці святара, які судзіць і адпускае грахі, апякуецца і лечыць у імя Хрыста — але таксама і дзеянні пенітэнта: раскаянне, споведзь і пакуту” (Ян Павел ІІ, Misericordia Dei, 7 красавіка 2002 года, уводзіны).

VII. Адносна універсальнай сапраўднасці пастаяннага Магістэрыя Касцёла

27. Мы цвёрда паўтараем праўду аб тым, што дактрынальныя, маральныя і пастырскія пытанні адносна сакрамэнтаў Эўхарыстыі, пакаяння і сужэнства павінны вырашацца ўмяшальніцтвам Магістэрыя і па самой сваёй прыродзе выключаць супярэчныя інтэрпрэтацыі гэтага вучэння альбо сутнасна адрозныя практычныя наступствы з яго на аснове таго, што кожнай краіне альбо рэгіёну дазволена шукаць рашэнні, якія больш адпавядаюць іхняй культуры, традыцыям і мясцовым патрэбам.

“Базавы прынцып гэтых новых меркаванняў заключаецца ў тым, што, каб больш лёгка прыцягваць тых, хто адрозніваецца ад яго, Касцёл павінен фармаваць сваё навучанне ў большай згодзе з духам часу і паслабляць сваю пэўную старажытную строгасць і ў нечым саступаць новым меркаванням. Многія лічаць, што гэтыя саступкі трэба рабіць не толькі адносна спосабаў жыцця, але нават адносна вучэнняў, якія належаць да дэпазіту веры. Яны адстойваюць сваю думку, што здабыванню тых, хто адрозніваецца ад нас, паспрыяе апусканне некаторых менш важных пунктаў вучэння Касцёла і змякчэнне сэнсу, які Касцёл заўсёды ім прыпісваў. Не трэба шмат слоў, дарагі сын, каб даказаць ілжывасць гэтых ідэй, калі ўзгадаць прыроду і паходжанне дактрыны, якую Касцёл прапануе. Ватыканскі сабор [Constitutio de Fide Catholica, раздз. IV] кажа адносна гэтай справы: “Бо дактрына веры, якую адкрыў Бог, не была прапанавана, быццам філасофскае вынаходніцтва, якое дапрацоўваецца людскім майстэрствам, але было дадзена як Боскі дэпазіт Нявесце Хрыста дзеля вернага захавання і беспамылковага навучання. Таму гэтае значэнне святых дагматаў, якое аднойчы аб’явіла святая Маці-Касцёл, павінна вечна захоўвацца, і ад гэтага значэння ніколі нельга адыходзіць з нагоды альбо адгаворкі больш глыбокага яго разумення” (Леў ХІІІ, энцыкліка Testem benevolentiae, 22 студзеня 1899 года).

“Адной з першасных задач Апостальскага служэння з’яўляецца абвяржэнне і асуджэнне памылковых вучэнняў і супраціўленне грамадскім законам, якія канфліктуюць з Божым законам, і такім чынам захоўваць чалавецтва ад самаразбурэння” (Пій Х, прамова на кансісторыі, 9 лістапада 1903 года).

“Касцёл, “падмурак і крэпасць праўды”, “атрымаў ад апосталаў святое прыказанне Хрыста абвяшчаць збаўчую праўду”. “Касцёлу належыць права заўсёды і ўсюды абвяшчаць маральныя прынцыпы, уключна з тым, што належаць да сферы сацыяльнага парадку, і выносіць суджэнні па любых справах чалавека да той меры, пакуль іх патрабуюць фундаментальныя правы чалавечай асобы альбо збаўленне душаў” (Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, № 2032).

“Найвышэйшую важнасць мае тое, каб у маральнай, а таксама дагматычнай тэалогіі ўсе падпарадкоўваліся Магістэрыю Касцёла і выказваліся адзіным голасам” (Павел VI, энцыкліка Humanae vitae, 25 ліпеня 1968 года, № 28).

“Абавязкам універсальнага Магістэрыя з’яўляецца навучанне і аўтэнтычная інтэрпрэтацыя дэпазіту веры ў вернасці Святому Пісанню і Традыцыі. Таму з увагі на згаданыя новыя пастырскія прапановы Кангрэгацыя лічыць сваім абавязкам нагадаць вучэнне і дысцыпліну Касцёла ў гэтай справе” (Кангрэгацыя дактрыны веры, Камунія разведзеных і паўторна жанатых, 14 верасня 1994 года, № 4).

VIII. Заўсёды малады голас Айцоў Касцёла

“Здараецца, што захопленыя вірам свецкіх турботаў, яны [пастыры душаў] ужо не звяртаюць ніякай увагі на галоўны і істотны абавязак быць духоўнымі кіраўнікамі іншых. А з гэтай прычыны, несумненна, іхнія падначаленыя таксама астываюць… Бо калі слабее і апускаецца галава, дарэмныя ўсе намаганні членаў цела; і ваяры дарэмна паскараюцца, пераследуючы ворагаў, калі іхні палкаводзец збіўся з правільнай дарогі. Не пачуе статак ані закліка, які б падтрымаў іх, ані абвінавачвання, якое б навучыла вінаватых… Дзеці Касцёла трацяць магчымасць прасвятліцца святлом праўды, бо калі іхнія настаўнікі ўсімі сваімі думкамі паглыбляюцца ў зямныя клопаты, пыл, які ўздымае вецер спакушэння, засляпляе вочы Касцёла” (Св. Грыгорый Вялікі, Regula pastoralis, II, 7).

“Нават само пакаянне, калі па законе Касцёла ёсць дастатковая нагода, у большасці выпадкаў па слабасці здзяйсняецца таму, што сорам — гэта страх быць нялюбым, тады як меркаванне людзей робіцца большым за праўду, перад якой кожны ўпакорваецца падчас пакаяння. Таму не толькі тады, калі здзяйсняецца пакаянне, але і для таго, каб яно здзяйснялася, неабходная Божая міласэрнасць” (Св. Аўгустын, Enchiridion de fide, spe et caritate, 82)

“Пакаянне з’яўляецца абнаўленнем хросту. Пакаянне — гэта дамова з Богам аб новым жыцці. Пенітэнт — гэта пакупнік пакоры. Пакаянне — гэта самаасуджальная рэфлексія і спакойная самадапамога. Пакаянне — гэта дачка надзеі і адмова ад роспачы. Пенітэнт — гэта асуджаны, які не страціў годнасці. Пакаянне — гэта паяднанне з Панам праз практыку добрых справаў, супрацьлеглых грахам. Пакаянне — гэта ачышчэнне сумлення. Пакаянне падымае палеглых, плач грукае ў брамы неба, а святая пакора адчыняе іх” (Св. Ян Лесвічнік, Scala paradisi, 25).

Заключэнне

Пакуль наш неапаганскі свет праводзіць агульную атаку супраць Богам устаноўленага сужэнства, а пошасць разводаў і сэксуальнай разбэшчанасці распаўсюджваюцца нават у жыцці Касцёла, мы, ніжэйпадпісаныя біскупы, святары і вернікі-каталікі, лічым нашым абавязкам і прывілеем аднагалосна дэклараваць нашую вернасць нязменнаму вучэнню Касцёла наконт сужэнства, а таксама яго пастаяннай дысцыпліне, атрыманай ад апосталаў. Сапраўды, толькі ясная праўда вызваліць людзей (Ян 8:32) і дазволіць ім знайсці сапраўдную радасць любові ў жыцці, згодным з мудрай і збаўчай Божай воляй, а іншымі словамі, у пазбяганні граху, як таго па-мацярынску прасіла Нашая Дзева ў Фаціме ў 1917 годзе.

29 жніўня 2016 года,
свята мучаніцтва св. Яна Хрысціцеля
(забіты за абарону праўды пра сужэнства)


Крыніца: Filial Appeal
Ілюстрацыя: Aleteia Image Department (CC BY-SA)

Тэкст перакладзены з англійскай мовы і перадрукаваны з дазволу Filial Appeal. Фрагменты з дакументаў Другога Ватыканскага сабору і энцыклікі Ecclesia de Eucharistia падаюцца ў перакладзе ККББ. Пераклад фрагментаў іншых дакументаў уласны.

Пакінуць каментар