06.10.2016 / WOTIW

Пералік касцёльных цэнзур: 2. Пра сцвярджэнні, якія супярэчаць веры, і пра тэалагічныя цэнзуры🕑 7 хвілін

angelico

Пра сцвярджэнні, якія супярэчаць веры, і пра тэалагічныя цэнзуры

Некалькі тэрміналагічных заўваг. Тэалогія карыстаецца тэрмінам propositio, які мы перакладаем тут як сцвярджэнне, а не як “прапанова”, бо гэта пэўны сказ кшталту “А гэта Б”, які з’яўляецца прадметам інтэлектуальнага пазнання і можа быць, паводле тэалагічных стандартаў, альбо праўдзівым, альбо ілжывым. І з гэтай прычыны прадметам тэалагічных даследаванняў зазвычай з’яўляюцца чыесьці тэксты, а не пачуцці (“Сёння адчула Божую любоў”), бо адчуваць можна розныя рэчы, але пакуль нарматыўна не напісана і пры сведках не распаведзена, што, напрыклад, “свярбенне пальца левай нагі з’яўляецца рэлігійным адчуваннем”, то і не трэба гэтым пераймацца. Другая заўвага датычыцца тэрміна censura, альбо цэнзура, альбо касцёльная цэнзура. У тэалагічным сэнсе гэтага слова не маецца на ўвазе цэнзураванне чыйгосьці тэкста і недапушчэнне яго ў друк, як гэта было, напрыклад, пры сацыялізме, а па-першае, так кажуць пра апісанне шкоднасці чыйгосьці сцвярджэння (propositio), а ўжо затым пра накладанне санкцый, якія насамрэч і маглі давесці да таго, што тэксты няможна было публікаваць, а каталікам няможна было іх чытаць.

Кс. Танкерэ піша наступнае:

Адпаведна ступені, у якой сцвярджэнні (propositiones) наўпрост (directe) і непасрэдна (immediate) супярэчаць каталіцкай веры,

відавочна, у сферы матэрыяльнай, г. зн. прадметнай, у сферы праўдаў веры,

настолькі яны акрэсліваюцца як ерэтычныя. Калі яны супярэчаць толькі пасрэдна альбо менш ці больш ад веры каталіцкай адступаюць (deflectunt), то яны падпадаюць пад іншыя акрэсленні (notiae), альбо цэнзуры (censurae) [1].

А таму, як мы ўжо пісалі, не кожнае глупства адразу з’яўляецца ерассю, а только тое, якое наўпрост (directe) і непасрэдна (immediate) супярэчыць праўдам веры, апублікаваным у Дэнцынгеры — Хюнэрмане (Denzinger — Hünermann). А хто суддзя? Тэарэтычна, Кангрэгацыя дактрыны веры пры дапамозе супольнасці экспертаў і абапіранні на голас большасці. Кс. Харамса (Krzysztof Olaf Charamsa) мог бы нам расказаць больш падрабязна, але цяпер ён заняты нечым альбо некім іншым, а таму няма ў каго спытацца. Кс. Танкерэ падае даволі багаты спіс літаратуры па тэме, якая — скурай адчуваем — рэдакцыю напаткае, хіба што хтосьці іншы рушыць і нешта на гэтую тэму напіша. Падаем спіс для зацікаўленых, бо гэты пантыфікат можа зацягнуцца, а потым трэба будзе гэтыя выказванні асуджаць і разблытваць [2].

Акрэсленне цэнзур (censurarum notio)

Цэнзуры падзяляюцца на:

a. Касцёльныя (ecclesiasticae), якія датычацца непасрэдна асобы, напрыклад, інтэрдыкт, а таксама

b. Тэалагічныя (theologicae), якія датычыцца непасрэдна вучэння альбо тэалагічных поглядаў (doctrinae) і зазвычай акрэсліваюцца як:

Суджэнне альбо меркаванне, пры дапамозе якога штосьці кляймуецца (inuritur) як нікчэмнае і кепскае, а таксама паказваецца, якім чынам яно шкоднае для веры. (Judicium, seu sententia, qua nota prava et malignam cuidam inuritur doctrinae tanquam fidei aliquo modo nocivae.)

Заўважце, што цэнзура з’яўляецца суджэннем (judicium), альбо пастанаўленнем інквізіцыйнага альбо касцёльнага суда, які напэўна дзейнічаў паводле нейкіх правілаў і меў моц выканання сваіх пастанаўленняў. Падрабязнасцей, на жаль, цяпер не пададзім.

Класіфікацыя цэнзур

У сваю чаргу тэалагічныя цэнзуры падзяляюцца на дактрынальныя (doctrinales) і судовыя (judiciales). Тэалагічныя цэнзуры выдаюцца тэолагамі-экспертамі (periti). Калісьці гэтае заданне мелі тэалагічныя факультэты, якія дзейнічалі па загадзе касцёльнай улады, і таму, напрыклад, у бітве з янсенізмам маем цэнзуры Сарбоны. Забаронена выдаваць цэнзуры прыватным тэолагам, напрыклад, нам, якія выдаюць іх у сваіх працах, бо, як слушна піша Суарэс (Suarez), якога тут парафразуем, вынікае з гэтага больш шкоды, чым карысці. Мы з гэтым таксама згаджаемся. Але Танкерэ тут мае на ўвазе, што адзін тэолаг А піша ў сваёй працы альбо ў блогу, што тое, што кажа тэолаг Б, — гэта “чыстая ерась” альбо іншыя фармулёўкі, якія можна прачытаць на “братнім блогу” альбо на gloria.tv. З практычнага пункту гледжання, такія асуджэнні нічога не даюць, пра што мы ведаем [3]. Але Папа напісаў адгартацыю, нашпігаваную сцвярджэннямі “нікчэмнымі і кепскімі, а таксама нейкім чынам шкоднымі для веры”; ерасі sensu stricto, на наш сціплы погляд, там таксама з’яўляюцца, а ўсе маўчаць, таму хтосьці напісаць павінен, бо іначай Суарэс у магіле перакруціцца, а ў чысцы за баязлівасць, калі б мы не напісалі, атрымалі б пакаранне.

Цэнзураванне на практыцы

Вельмі слушным сцвярджэннем кс. Танкерэ з’яўляецца тое, што цэнзура мусіць быць выдадзена праз правамоцную ўладу (legitima auctoritate fertur), што ў тым выпадку, калі датычыцца Папы, насамрэч досыць далікатная справа, паколькі summa sedes ab nemine judicetur — “найвышэйшая сталіца нікім не судзіцца”. Але ж калі яна трапіла ў ерась, то, на жаль, ужо найвышэйшай сталіцай не з’яўляецца. І вяртаючыся да вывадаў кс. Танкерэ, калі мова ідзе пра цэнзуру паўсюдную і беспамылковую (universalis et ineffabilis), то яна належыць Папе Рымскаму, які прамаўляе ex cathedra, альбо Паўсюднаму Сабору. І таму афіцыйна асуджалі нейкія сцвярджэнні або ерасі Папы альбо Саборы, вядома, да Другога Ватыканскага сабору. Папа таксама можа таксама асудзіць нейкае сцвярджэнне і накласці на яго цэнзуры, не прамаўляючы ex cathedra. Ён можа зрабіць гэта праз пасрэдніцтва рымскіх Кангрэгацый. Падобна як біскупы могуць накласці цэнзуры на кагосьці ва ўласнай дыяцэзіі, хоць такія цэнзуры і не з’яўляюцца беспамылковымі.

У той час, як працэс цэнзуравання кагосьці Папам вельмі дапрацаваны, а прынамсі быў дапрацаваны да Другога Ватыканскага сабору, то пытанне, хто, як і калі можа цэнзураваць Папу, не апрацавана. Здагадваемся, што нейкія тэолагі, можа нават у Рыме, ад пачатку пантыфікату ўважліва вывучаюць кнігі і, можа, падрыхтавалі нейкі кананічны працэс на выпадак ерасі, бо можна было прадбачыць, што да гэтага дойдзе. А калі не, то гэта кепска пра іх сведчыць, і Бог іх пакарае. З працэсу, прадстаўленага вышэй, вынікае, што які-небудзь адзіночны біскуп можа накласці на Папу Францішка цэнзуру за Amoris Laetitia, хоць гэтае рашэнне не будзе беспамылковым. Цікава, хто адважыцца. Тады Папа Францішак накладзе на яго экскамуніку, з той розніцай, што яна будзе міласэрнай, і на тым справа скончыцца, хоць і паўстане пытанне, ці рашэнні папы-ерэтыка з’яўляюцца абавязковымі ці, паводле Беларміна, не. І тады вернемся да стартавай кропкі: ствярджэння ерасі правячага Папы.

Цэнзуры можна накласці двума спосабамі: асуджаючы нейкае асобнае сцвярджэнне альбо асуджаючы цэльную працу (in globo).

Вывады

Ва ўсёй гэтай праблеме трэба памятаць, што працэсы дактрынальнага цэнзуравання датычыліся ці далей датычацца паасобных тэолагаў, якія могуць памыляцца альбо часам хочуць памыляцца. Тады належыць тое, што суб’ектыўнае, параўнаць з тым, што аб’ектыўнае. Бывала так, што шмат тэолагаў хацелі, як лепш, і перастараліся, бо змагаючыся з ерасямі, уводзілі новую ерась, і шмат з іх з поўнай свядомасцю памылкі падпарадкаваліся Святому Афіцыю. Так, напрыклад, заўзята змагаючыся з Гегелем, венскі тэолаг і філосаф Антон Гюнтэр (Anton Günther, 1863) сам стварыў уласную ерась. Паколькі ніхто ніколі не закладаў, што чыесьці тэалагічныя працы будуць заўсёды беспамылковыя, пасля Трыдэнцкага сабору ўвялі абавязковы nihil obstat і іншыя формы абароны, якія перад рэфармацыяй таксама існавалі, а ролю цэнзуры выконвалі тэалагічныя факультэты, як слушна піша Танкерэ. Папросту біскуп загадваў тэалагічнаму факультэту, а той вывучаў і ацэньваў. Абвінавачаны тэолаг мог звяртацца ў Рым, які таксама вывучаў і выносіў пастанаўленне. Аднак у выпадку дакумента звычайнага Магістэрыя, а такім, на жаль, з’яўляецца Amoris Laetitia, няма месца для недакладнасцяў, недахопаў, цэнзур ці ерасяў, бо гэта нарматыўны тэкст. Уявіце сабе тэкст дзейнага закона, які ipso facto супярэчыў бы канстытуцыйным асновам і іншым базавым юрыдычным пастанаўленням. Хтосьці абскардзіў бы яго ў канстытуцыйным судзе, які б вынес пастанаўленне пра такое разыходжанне. Але паколькі Касцёл з’яўляецца абсалютнай манархіяй, то не існуе падзелу паміж Папам-заканадаўцам, Папам-выканаўцам і Папам-судовай уладай. Папа дзейнічае праз розныя Кангрэгацыі, але ён з’яўляецца іхнім галоўным гаспадаром і кіраўніком. Улада Папы вельмі вялікая, але Папа не з’яўляецца абсалютным манархам у тым сэнсе, што ён можа супярэчыць наўпрост ці не наўпрост Традыцыі і словам Хрыста. Касцёл з ягонай іерархіяй не з’яўляецца мэтай сам па сабе: гэта інструмент перадачы Аб’яўлення і Божай ласкі. Бог і Хрыстус важнейшыя за Папу, паважаныя святары-чытачы, бо Бог вечны, а Папа не. Прыйдзе новы Папа, бо калісьці добранадзейны ўсё ж мусіць з’явіцца, і пагоніць вас усіх, якія цяпер маўчыце. Нас, можа, пагоніць і цяперашні, але вялікага ўплыву на гэты блог ён не мае. Замятанне пад коўдру ў гэтым пантыфікаце, а ўвогуле ад 1962 года, мае сваю традыцыю, але на дадзены момант набралася ўжо горка, і мы маем справу з тым, што псіхолагі называюць “сланом у пакоі”, то бок ёсць слон, які перашкаджае, але ўсе робяць выгляд, што яго няма. Так, можна адмаўляць рэчаіснасць, падобна як і адракацца ад Хрыста, гл. Пётр, першы Папа дарэчы.


[1] Tanquerey, Synopsis theologiae dogmaticae, T. II, 116. Падаем цалкам за там жа, 116-117.

[2] Antonius Panormitanus, Scrutinium doctrinarum qualificandi assertionibus, thesibus atque libris conducentium, Romae 1709; Viva, S.K., Damnatarum thesium theologica trutina, Paduae 1737. Першая частка анлайн: https://books.google.de/books?id=fsUPpE6-KlEC&pg=PA361&lpg=PA361&dq=Damnatarum+thesium+theologica+trutina&source=bl&ots=uQyHiYW20F&sig=decCEvQ8wNjozMU-Ss8qxOGdFHI&hl=de&sa=X&ved=0ahUKEwjb87no5KLMAhUI2CwKHS4lCwwQ6AEIQjAG#v=onepage&q=Damnatarum%20thesium%20theologica%20trutina&f=false; Montagne, Cl., De censuris seu notis theologicis (Migne, Theol. Cursus, I, 1111-1222); Quilliet, H., in Dict de Théol. (Mangenot), t. II, 2101. Пар. https://books.google.de/books?id=OL0_AAAAcAAJ&pg=PA73&lpg=PA73&dq=propositio+praesumptuosa&source=bl&ots=VJ5yBXYmjR&sig=1FjosGORo_9YNDzWy2C6yU_rlWc&hl=de&sa=X&ved=0ahUKEwjWsOPAnqfMAhVC3CwKHdyjCGQQ6AEIMDAE#v=onepage&q=propositio%20praesumptuosa&f=false

[3] Гл. заканчэнне: https://wobronietradycjiiwiary.wordpress.com/2014/07/10/nieomylnosc-papieska-a-obecny-pontyfikat-3-z-3/


Крыніца: W Obronie Tradycji i Wiary
Ілюстрацыя: Фра Беата Анджэліка, Мадонна з дзіцем і Святымі Дамінікам і Тамашам Аквінскім, 1435.

Тэкст перакладзены з польскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу рэдакцыі блога.

1 Response

  1. Михаил says:

    “апублікаваным у Дэнцынгеры — Хюнэрмане (Denzinger — Hünermann)”
    сборник
    https://en.wikipedia.org/wiki/Enchiridion_symbolorum,_definitionum_et_declarationum_de_rebus_fidei_et_morum

Пакінуць каментар

Scroll Up