filial-appeal

У мінулую сераду быў раскрыты тэкст Дэкларацыі вернасці нязменнаму вучэнню Касцёла пра сям’ю і яго няспыннай дысцыпліне, якую падпісалі 80 каталіцкіх дзеячаў, сярод якіх кардыналы Бёрк і Кафара, біскуп Атаназіус Шнайдэр, іншыя біскупы, святары, вядомыя навукоўцы, лідары пралайф-арганізацый і ўплывовыя асобы грамадскай супольнасці. Кожны з вас таксама можа пакінуць свой подпіс на сайце асацыяцыі Filial Appeal [Сыноўні заклік] — той самай арганізацыі, якая паміж двума Сінодамі на тэму сям’і сабрала 900 000 подпісаў вернікаў (сярод іх было 211 пралатаў) пад петыцыяй, накіраванай Папе Францішку, дзе ўтрымлівалася просьба аб праясненні замяшання, якое ўзнікла ў Касцёле пасля кансісторыя ў 2014 годзе.

Заўважаючы, што замяшанне пасля двух Сінодаў і публікацыі апостальскай адгартацыі Amoris Laetitia толькі ўзрасло, падпісанты Дэкларацыі вернасці пайшлі за маральным абавязкам пацвердзіць сваю прыхільнасць спрадвечнаму вучэнню Каталіцкага Касцёла наконт сужэнства і сям’і, а таксама пастырскай дысцыпліне, якая практыкавалася ў адносінах да гэтых інстытутаў на працягу стагоддзяў.

Дэкларацыя складаецца з 27 пунктаў, якія падтрымліваюць тыя фрагменты вучэння Касцёла, якія ў сённяшняй касцёльнай мове яўна ці няяўна адмаўляюцца ці робяцца неадназначнымі. Паводле словаў падпісантаў, у небяспецы знаходзіцца вучэнне і практыка, датычныя, напрыклад, веры ў рэальную прысутнасць Хрыста ў Эўхарыстыі, належнай пашаны да гэтага сакрамэнту, немагчымасці прымаць Камунію ў стане смяротнага граху, умоваў сапраўднага пакаяння дзеля атрымання сакрамэнтальнага адпушчэння грахоў, захавання шостага прыказання і сур’ёзнага абавязку не ствараць публічнага скандалу, не ўводзіць люд Божы ў грэх і не рэлятывізаваць добрае і злое і г. д.

Кожны пункт Дэкларацыі падтрымліваецца шматлікімі спасылкамі на настаўніцкія дакументы Яна Паўла ІІ, Пія ХІ і Пія ХІІ, інструкцыі Кангрэгацыі дактрыны веры і г. д. Прыведзеныя цытаты не пакідаюць ілюзій наконт устойлівасці традыцыйнага вучэння Касцёла і ясна асуджаюць памылковыя прапановы, якія сёння гучаць у свеце. Такім чынам, гэтая Дэкларацыя з’яўляецца не толькі сведчаннем прыхільнасці вучэнню Касцёла, але і вельмі інфарматыўным настаўніцкім дакументам.

Ніжэй мы прыводзім беларускі пераклад рэзюмэ Дэкларацыі, зацверджаны асацыяцыяй Filial Appeal. Поўны тэкст апублікуем неўзабаве прыведзены тут. Запрашаем падпісаць на http://www.filialappeal.org/.

Рэзюмэ

Сёння ў каталіцкіх колах, асабліва пасля Надзвычайнага і Звычайнага Сінодаў на тэму сям’і і публікацыі Amoris Laetitia, шырока распаўсюджаныя памылкі наконт сапраўднага сужэнства і сям’і.

Перад абліччам гэтай рэальнасці дадзеная Дэкларацыя выражае пастанаўленне яе падпісантаў заставацца вернымі нязменнаму вучэнню Касцёла наконт маралі і сакрамэнтаў сужэнства, паяднання і Эўхарыстыі, а таксама яго пастаяннай і дзейнай дысцыпліне адносна гэтых сакрамэнтаў.

 У прыватнасці, Дэкларацыя вернасці цвёрда паўтарае, што:

 І. Адносна чысціні, сужэнства і правоў бацькоў

  • Усе формы сужыцельства more uxorio [як муж і жонка] па-за сапраўдным сужэнствам сур’ёзна супярэчаць Божай волі;
  • Сужэнства і сужэнскі акт служаць як пракрэатыўнай, так і яднальнай мэце, а кожны сужэнскі акт павінен быць адкрыты для дару жыцця;
  • Так званая сэксуальная адукацыя з’яўляецца асноўным і першасным правам бацькоў і заўсёды мусіць праводзіцца пад іх уважлівым кіраўніцтвам;
  • Канчатковае прысвячэнне асобы Богу праз жыццё ў дасканалай чысціні мае аб’ектыўна вышэйшую годнасць за сужэнства.

 ІІ. Адносна сужыцельства, аднаполых саюзаў і паўторнага грамадзянскага шлюбу пасля разводу

  • Неўрэгуляваныя саюзы ніколі не могуць быць прыроўненыя да сужэнства, яны не могуць лічыцца маральна законнымі ці законна прызнавацца;
  • Неўрэгуляваныя саюзы радыкальна супярэчаць дабру хрысціянскага сужэнства і не могуць выражаць яго ані часткова, ані аналагічна, і на іх трэба глядзець як на грэшны спосаб жыцця;
  • Неўрэгуляваныя саюзы нельга рэкамендаваць як разумнае і паступовае выкананне Божага закону.

 III. Адносна натуральнага права і індывідуальнага сумлення

  • Сумленне з’яўляецца не крыніцай дабра і зла, а напамінам пра тое, што дзеянне мусіць згаджацца з Божым і натуральным правам;
  • Добра сфармаванае сумленне ніколі не дойдзе ані да высновы, што з улікам абмежаванняў асобы яе трыванне ў аб’ектыўна грахоўнай сітуацыі можа быць яе найлепшым адказам на Евангелле, ані да высновы, што менавіта аб гэтым яе просіць сам Бог;
  • Людзі не могуць глядзець на шостае прыказанне і неразрыўнасць сужэнства як толькі на ідэалы, да якіх трэба імкнуцца;
  • Асабістае і пастырскае распазнанне ніколі не можа прывесці разведзеных асобаў, якія паўторна “ажаніліся” па-грамадзянску, да высновы, што іхні распусны саюз можа быць маральна апраўданы “вернасцю” іх новаму партнёру, што адмова ад распуснага саюза немагчымая, альбо што, робячы так, яны паддаюць сябе небяспецы новых грахоў;
  • Разведзеныя асобы, якія паўторна “ажаніліся” па-грамадзянску і якія не могуць выканаць важнага абавязку сепарацыі, маральна абавязаны жыць “як брат і сястра”, а таксама пазбягаць скандалу, у прыватнасці, усялякай дэманстрацыі інтымнасці, якая належыць жанатым парам.

 IV. Адносна распазнання, адказнасці, стану ласкі і стану граху

  • Разведзеныя асобы, якія паўторна “ажаніліся” па-грамадзянску і якія выбралі сваю сітуацыю з поўнымі ведамі і згодай волі, не з’яўляюцца жывымі членамі Касцёла, паколькі яны знаходзяцца ў стане цяжкага граху, які перашкаджае ім мець ласку і ўзрастаць у ёй;
  • Не існуе прамежкавага становішча паміж прабываннем у стане Божай ласкі і аддзеленасцю ад ласкі праз смяротны грэх. Духоўны рост для чалавека, які жыве ў аб’ектыўна грахоўным стане, заключаецца ў адмове ад гэтай сітуацыі;
  • Паколькі Бог ведае ўсё, аб’яўленае і натуральнае права датычацца ўсіх паасобных сітуацый, асабліва калі яны забараняюць пэўныя дзеянні як “унутрана дрэнныя”;
  • Складанасць сітуацый і розныя ступені адказнасці ад выпадку да выпадку не перашкаджаюць пастырам заключыць, што тыя, хто жыве ў неўрэгуляваных саюзах, знаходзяцца ў аб’ектыўным стане яўнага цяжкага граху, а таксама дапусціць на forum externum, што яны самі аддзялілі сябе ад асвячальнай ласкі;
  • Паколькі чалавек надзелены свабоднай воляй, дабравольныя маральныя дзеянні павінны ўмяняцца іх выканаўцу, а такая ўмяняльнасць павінна прадугледжвацца.

V. Адносна сакрамэнтаў паяднання і Эўхарыстыі

  • Спаведнік абавязаны настаўляць пенітэнтаў у справе перакрочвання Божага закону, а таксама ўпэўнівацца, што яны сапраўды жадаюць адпушчэння і Божага прабачэння і пастанаўляюць перагледзець і выправіць свае паводзіны;
  • Разведзеныя, якія паўторна “ажаніліся” па-грамадзянску і застаюцца ў аб’ектыўным стане распусты, ніколі не могуць успрымацца спаведнікамі як тыя, хто жыве ў аб’ектыўным стане ласкі і мае права прымаць адпушчэнне грахоў ці мець доступ да Святой Эўхарыстыі, калі толькі яны не выражаюць скруху і цвёрда пастанаўляюць адмовіцца ад свайго стылю жыцця;
  • Ніводнае адказнае распазнанне не можа сцвярджаць, што разведзеным, якія паўторна “ажаніліся” па-грамадзянску і адкрыта жывуць more uxorio, дазволены доступ да Эўхарыстыі, аргументуючы гэта тым, што з-за паменшанай адказнасці не існуе цяжкай віны, таму што іхні знешні стан жыцця аб’ектыўна супярэчыць неразрыўнаму характару хрысціянскага сужэнства;
  • Суб’ектыўная ўпэўненасць у сумленні наконт несапраўднасці папярэдняга сужэнства ніколі не з’яўляецца сама па сабе дастатковай, каб апраўдаць разведзеных, якія паўторна “ажаніліся” па-грамадзянску, у матэрыяльным граху распусты альбо каб дазволіць ім занядбоўваць сакрамэнтальныя наступствы публічнага грэшнага жыцця;
  • Тыя, хто прымае Святую Эўхарыстыю, павінны быць годныя рабіць гэта, знаходзячыся ў стане ласкі, і таму разведзеныя, якія паўторна “ажаніліся” па-грамадзянску і вядуць публічнае грэшнае жыццё, рызыкуюць здзейсніць блюзнерства, прымаючы Святую Камунію;
  • Згодна з логікай Евангелля, людзі, якія паміраюць у стане смяротнага граху, не паяднаўшыся з Богам, навечна асуджаныя на пекла.

VI. Адносна мацярынскай і пастырскай паставы Касцёла

  • Яснае навучанне праўдзе з’яўляецца выдатнай справай міласэрнасці і любові;
  • Немагчымасць удзялення адпушчэння грахоў і Святой Камуніі каталікам, якія адкрыта жывуць у аб’ектыўным стане цяжкага граху, паходзіць з мацярынскага клопату Касцёла, паколькі ён з’яўляецца не ўласнікам сакрамэнтаў, а толькі верным распарадчыкам.

VII. Адносна універсальнай сапраўднасці пастаяннага Магістэрыя Касцёла

  • Дактрынальныя, маральныя і пастырскія пытанні адносна сакрамэнтаў Эўхарыстыі, пакаяння і сужэнства павінны вырашацца пры дапамозе ўмяшальніцтва Магістэрыя і па самой сваёй прыродзе выключаць супярэчныя інтэрпрэтацыі альбо вывад з іх сутнасна адрозных практычных наступстваў.

У той час, як паўсюль, нават у жыцці Касцёла, разышлася пошасць разводаў і сэксуальнай разбэшчанасці, каталіцкія біскупы, святары і вернікі маюць абавязак у адзін голас заявіць пра сваю вернасць нязменнаму вучэнню Касцёла наконт сужэнства і яго няспыннай дысцыпліне, атрыманай ад апосталаў.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакіньце адказ

1 Каментар да "Апублікавана Дэкларацыя вернасці вучэнню Касцёла"

Leave a Reply

Сартаваць:   найноўшыя | найстарэйшыя | найбольш галасоў
Михаил
Госць
Михаил
wpDiscuz