29.09.2016 / WOTIW

Пералік касцёльных цэнзур: 1. Матэрыяльны прадмет веры і яго крытэрыі, альбо ў што мы верым і чаму🕑 11 хвілін

angelico

Ад рэдакцыі Te igitur:

15 верасня 2016 года ў продаж трапіў беларускі пераклад паслясінадальнай апостальскай адгартацыі Папы Францішка Amoris Laetitia. Цягам першых шасці месяцаў існавання гэты дакумент выклікаў істотнае замяшанне ў Касцёле, якое найбольш ярка выразілася ў шэрагу рэзка крытычных рэакцый ад касцёльных іерархаў і прыватных асобаў, у звароце 45 навукоўцаў і пастыраў да Калегіі кардыналаў і — зусім нядаўна — у перапісцы Папы з некаторымі аргентынскімі біскупамі, з якой быццам бы можна даведацца пра ягоныя сапраўдныя намеры, закладзеныя ў аснову гэтай адгартацыі.

На працягу гэтых месяцаў мы, паводле сваіх сціплых магчымасцяў, знаёмілі шаноўных чытачоў з найбольш важнымі тэкстамі на тэму Amoris Laetitia, з якіх, як думаем, кожны мог убачыць, з чым Касцёл мае справу, нават не трымаючы дакумента ў руках.

Аднак з выхадам афіцыйнай беларускай версіі адгартацыі сітуацыя значна ўскладнілася. Цяпер тэкст даступны кожнаму, а нават рэкамендаваны біскупамі да прымянення ў душпастырскай практыцы. Таму мы не бачым іншага выйсця, як пазнаёміць чытачоў — сярод якіх і паважаныя святары — з тэалагічнай крытыкай Amoris Laetitia, каб паказаць небяспеку гэтага дакумента. Дагэтуль такая крытыка выглядала б недарэчнай, бо рэдакцыя мусіла б самастойна перакладаць часткі адгартацыі і свае ж пераклады крытыкаваць. Але цяпер мы маем афіцыйны беларускі тэкст, змест якога прайшоў праз рукі камісіі па перакладах, узначаленай чалавекам на пасадзе касцёльнага цэнзара, — і на дзіва не пакінуў у паветры ані следу, ані паху. Што ж, нехта напісаць мусіць.

У далейшым мы выкарыстаем матэрыялы прыватнага тэалагічнага блога W Obronie Tradycji i Wiary, аўтары якога пажадалі застацца ананімнымі, але праца якіх кажа сама за сябе, а таксама тэкст звароту 45 навукоўцаў, які менавіта тэалагічную крытыку і прапануе.


Маштаб і дыяпазон цэнзур, альбо не ўсё з’яўляецца ерассю

Мы дажылі да цікавых часоў, калі індывідуальным каталіцкім блогерам [1], журналістам і аўтарам прыходзіцца дапамагаць Кангрэгацыі дактрыны веры, якая набрала вады ў рот, казаць, што цяперашні Папа апошнім дакументам Магістэрыя дапусціў фармальную ерась на forum externum, таму мы хочам коратка прадставіць тут спіс цэнзур, г. зн. касцёльных кар, разам з іх тэрміналогіяй, каб нашыя чытачы, якія сядзяць таксама і ў Ватыкане, ведалі, што мы маем на ўвазе і якая ступень правіны знаходзіцца ў Amoris Laetitia. Коратка спіс цэнзур мы прадстаўлялі ўжо раней [2], аднак у гэтым допісе мы хочам гэтую праблему, пераважна праз погляд кс. Адольфа Танкерэ (Adolphe Tanquerey) [3] і Дзікампа — Юрсэна (Diekamp, Jürssen) [4], паглыбіць. І таму мы прадстаўляем наступныя допісы ў якасці чарговых уводзінаў да нашай крытыкі Amoris Laetitia.

Мы разумеем, што для некаторых нашых чытачоў гэты допіс будзе цяжкі, між іншым таму, што яго састаўных частак, такіх як фармальны прадмет веры і спосабы доказу ў тэалогіі, яшчэ на нашых старонках мы не прадстаўлялі. У якасці апраўдання скажам, што гэта прыватны тэалагічны блог, які не можа выкласці зместу пяцілетняга курса тэалогіі, а таксама курса аспірантуры, бо гэтым тэарэтычна павінны займацца тэалагічныя факультэты і каталіцкія універсітэты, якія маўчаць. Таму разумеючы свае метадалагічныя недапрацоўкі, запрашаем аднак прачытаць гэтыя допісы, каб усе ведалі розніцу паміж propositio temeraria і propositio schismatica.

Як трапна сказаў Рабэрта дэ Матэі (Roberto de Mattei), дакладны інструментарый цэнзур паўстаў толькі на мяжы XVII і XVIII стагоддзяў  у часы асуджэння янсенізму [5]. Сталася так таму, што янсеністы адзначаліся вялікай хітрасцю і ведалі, як у сваіх творах перадаць ерасі, якія для некрытычных людзей гучалі, як артадаксальныя думкі. У Рабэрта дэ Матэі чытаем наступнае:

Дакладная ацэнка памылак развілася перадусім у XVII і XVIII стагоддзях, калі Касцёл мусіў выступіць супраць першай ерасі, якая змагалася за права застацца ў Касцёле, — супраць янсенізму. Стратэгія янсеністаў, а пазней — мадэрністаў, засноўвалася на тым, каб пераконваць у сваёй прававернасці, нягледзячы на пастаянныя асуджэнні. Каб пазбегнуць асуджэння ў ерасі, янсеністы выдумвалі двухсэнсоўныя і памылковыя формы веры і маралі, якія адкрыта не супярэчылі каталіцкай веры, што дазваляла ім заставацца ў Касцёле. З падобнай стараннасцю і рашучасцю артадаксальныя тэолагі пералічвалі памылкі янсеністаў і клеймавалі іх згодна з іх характарыстычнымі рысамі.

Папа Пій VI ў буле Auctorem fidei ад 28 жніўня 1794 года асудзіў 85 тэзісаў янсеністычнага сіноду, які адбыўся ў 1786 годзе ў тасканскай Пістоі. “Некаторыя з іх таксама выразна акрэсленыя як ерэтычныя, а іншыя як схізматычныя, падазроныя на ерась, якія вядуць да ерасі, якія спрыяюць ерэтыкам, памылковыя, няверныя, шкодныя, скандальныя, неразважныя, шкодныя для паўсюднай практыкі Касцёла. Кожны з гэтых выразаў меў асобнае значэнне” [6].

І менавіта апісанню ўсіх гэтых значэнняў і павінны служыць гэтыя допісы, паколькі Amoris Laetitia ўтрымлівае поўную іх гаму. Увогуле вызначэннем касцёльных цэнзур павінны займацца спецыялісты ў дагматычнай тэалогіі, прафесары дагматычнай тэалогіі і Кангрэгацыя дактрыны веры, але ўсе сядзяць ціха, бо (а) лянівыя альбо (б) баязлівыя.

Кароткі пералік іерархіі праўдаў і цэнзур

Як вядома, у Каталіцкім Касцёле існуе, як іерархія праўдаў, так і іерархія касцёльных цэнзур, то бок караў за супраціўленне тым жа праўдам [7]. У таблічным фармаце выглядае гэта наступным чынам:

Акрэсленне Значэнне Цэнзура
1. De fide Праўды веры з найвышэйшым узроўнем пэўнасці, акрэсленыя Магістэрыем. Падзяляюцца на:
a De fide divina et catholica definita альбо de fide definita Праўды, якім нададзеная форма дагмату выказваннем Папы ex cathedra, Саборам альбо Магістэрыем (de fide ecclesiastica definita). Sententia haeretica
b De fide divina et catholica, а таксама de fide divina et ecclesiastica Праўды, аб’яўленыя Богам, якім як такім навучае Касцёл у межах агульнага беспамылковага навучання. Propositio haeresi proxima
c De fide divina Праўды, аб’яўленыя Богам, хоць Касцёл і не выказаўся пра іх у дагматычнай форме. Haeresim sapiens альбо de haeresi suspecta
2. Fides ecclesiastica Праўды веры, якім навучае Касцёл (veritates catholicae), не аб’яўленыя непасрэдна, але пасрэдна выведзеныя з Аб’яўлення
a Sententia fidei proxima Аб’яўлены характар дадзенай праўды прызнаецца ўсімі тэолагамі і Касцёлам. Аднак гэты погляд не мае характару беспамылковасці. Propositio erronea альбо error
b Ad fidem pertinens, theologica certa Праўда, унутрана звязаная з аб’яўленай праўдай.
c Sententia communis Праўда, якую падтрымлівае большасць тэолагаў пры маўклівай згодзе Касцёла. Магчымая дыскусія наконт дагматычнага статусу. Propositio temeraria
d Sententia probabilis альбо probabilior Праўда, якую падтрымліваюць лепшыя аргументы. На гэтую тэму магчымая свабодная дыскусія .
e Sententia pia Пабожнае меркаванне на нейкую тэму без дактрынальнай упэўненасці.
f Sententia tolerata Погляд, які Касцёл дапускае, але не рэкамендуе.

Паняцце праўды каталіцкай веры (notio veritatis fidei catholicae)

Прадстаўленне наступных дагматычных тэрмінаў абапіраецца на даслоўным перакладзе з лацінскай мовы працы кс. Танкерэ. Гэтая праца настолькі дакладная, што для некаторых незразумелая нават на роднай мове. Аднак абыход даслоўнага значэння на лацінскай мове стварае тэрміналагічную бязладзіцу, як у Amoris Laetitia. Мы разумеем, што нашыя сцісла дагматычныя допісы, на жаль, чытаюць мала, што назіраецца хіба з той прычыны, што яны слаба зразумелыя. Шукаючы кампраміс паміж катэгорыяй “тэалагічна дакладна і правільна” і катэгорыяй “зразумела для чытачоў-не-тэолагаў” і захоўваючы даслоўны пераклад, мы пастараемся нейкім чынам яго пракаментаваць, каб аблегчыць успрыманне для ўсіх. Просім ставіцца да цяжару гэтага тэкста як да ўчынка, звязанага з атрыманнем адпусту, і гэта будзе на карысць як часовую, так і вечную.

Каталіцкая тэалогія адрознівае:

(а) фармальны прадмет (objectum formale);

(б) і матэрыяльны прадмет (objectum materiale) веры.

Ad (а) Фармальны прадмет веры (objectum formale fidei)

Фармальны прадмет веры — гэта матыў, з прычыны якога мы верым. Ім з’яўляецца:

  • аўтарытэт Бога, Які аб’яўляецца (auctoritas Dei revelantis);
  • знакі верагоднасці аб’яўлення (signa credibilitatis revelationis), такія як, напрыклад, цуды альбо Уваскрасенне Хрыста.

Гэтай тэмай зоймемся пазней, а менавіта тады, калі будзем пісаць пра веру [8].

Ad (б) Матэрыяльны прадмет веры (objectum materiale fidei)

Матэрыяльным прадметам веры з’яўляецца тое, у што мы верым, альбо змест каталіцкай веры. Згодна з класічнай тэалогіяй, прадметам веры з’яўляецца не толькі само Божае Аб’яўленне, гэта значыць, Святое Пісанне і Традыцыя, але і аўтэнтычная дэфініцыя Касцёла (authentica Ecclesiae definitio). У Бога вераць амаль усе, але менавіта Касцёл сваімі рашэннямі канкрэтна акрэслівае, кім з’яўляецца Бог, які прамаўляе ў Аб’яўленні, бо іначай атрымліваем пратэстантызм, дзе кожны сам стварае сваю веру. Касцёл жа не стварае Аб’яўлення, гэта значыць, Святога Пісання і Традыцыі, але пад натхненнем Святога Духа інтэрпрэтуе і вернікам дае для веры.

Што такое каталіцкая праўда?

Каб якая-небудзь праўда, то бок штосьці, што можна спазнаць інтэлектуальна, як, напрыклад, сказ “Хрыстус з’яўляецца Богам”, сталася прадметам каталіцкай веры, яна мусіць выконваць дзве ўмовы:

  1. Гэтая праўда мусіць знаходзіцца ў Святым Пісанні альбо перадавацца ў Традыцыі як прадмет веры.
  2. Гэтая праўда мусіць быць прадстаўлена Касцёлам у якасці аб’яўленай праўды пры дапамозе ўрачыстага альбо звычайнага і паўсюднага Магістэрыя.

Першы Ватыканскі сабор у канстытуцыі Dei Filius (1870), у трэцім раздзеле, кажа пра гэта наступным чынам:

Далей верай боскай і каталіцкай належыць верыць ва ўсё тое, што ўтрымліваецца ў слове Божым напісанымі альбо перададзеным і што да веры прадстаўляе Касцёл — альбо ўрачыстым рашэннем, альбо звычайным і паўсюдным навучаннем — як аб’яўленае Богам (DH 3011).

Porro fide divina et Catholica ea omnia credenda sunt, quæ in verbo Dei scripto vel tradito continentur, et ab Ecclesia sive solemni judicio sive ordinario et universali magisterio tamquam divinitus revelata credenda proponuntur.

Некалькі словаў тлумачэння, хоць можна і коратка сказаць, што матэрыяльным прадметам веры з’яўляецца ўсё тое, што ўтрымлівае сучасны Дэнцынгер — Хюнэрман (Denzinger — Hünermann).

Ad 1. Праўда, якая ўтрымліваецца ў Святым Пісанні і Традыцыі

Хоць Святое Пісанне ўтрымлівае шмат выказванняў, аднак нам абавязкова верыць не ва ўсё, а толькі ў тое, што Касцёл як такое зацвердзіў. Падобна і з Традыцыяй, якую Першы Ватыканскі сабор называе “словам Божым перададзеным”. Адпаведна, Традыцыя з’яўляецца Божым Словам як бы ў дзеянні, бо ў каталіцтве не мае моцы правіла sola Scriptura.

Ad 2. Праўда, прадстаўленая Касцёлам

Усё, што ў Пісанні альбо ў Традыцыі з’яўляецца важным і нарматыўным, было аб’яўлена такім праз Настаўніцкую Уладу Касцёла, альбо Магістэрый. Магістэрый падзяляецца на:

  1. Урачысты (magisterium solemni judicio);
  2. Звычайны і паўсюдны (magisterium ordinarium et universalium), альбо той, які датычыцца ўсяго Касцёла.

Ad а. Урачысты Магістэрый

  • гэта дагматычныя дэфініцыі;
  • дэфініцыі Паўсюдных сабораў (дагматычных);
  • дэфініцыі Папаў Рымскіх;
  • альбо дэфініцыі лакальных сабораў, якія былі ва ўрачыстай форме зацверджаныя Папам
  • альбо прынятыя ўсім Касцёлам [9];
  • а таксама Сімвалы і вызнанні веры, выдадзеныя альбо прынятыя Касцёлам [10].

Ad b. Звыклы і паўсюдны Магістэрый

Гэта:

а. Маральна аднагалосная згода Айцоў і тэолагаў (consensus moraliter unanimis Patrum aut teologorum) як сведкаў Боскай традыцыі [11], якія пацвярджаюць, што тыя ці іншыя дагматы былі аб’яўленыя Богам.

Азначае гэта, што большасць Айцоў Касцёла, хрысціянскіх пісьменнікаў альбо тэолагаў лічыла тое самае, не пішучы дакладна адных і тых жа словаў, але мела на ўвазе адно і тое ж, і таму гэта згода маральная, а не фактычная [12].

b. Маральна аднагалоснае сцвярджэнне біскупаў, калі яны выразна прадстаўляюць нейкую навуку Касцёла як абавязковую, напрыклад, наконт забароны кантрацэпцыі.

Такім чынам, гэта сцвярджэнне ўсіх біскупаў свету, згоднае з Традыцыяй, якое сцвярджаецца таксама маральна аднагалосна, то бок той самы змест выражаецца рознымі словамі. Сцвярджэнне відавочна згоднае з цэласцю сцвярджэнняў Касцёла да Францішка, то бок з Традыцыяй. Калі ж зараз біскупы пачнуць сцвярджаць, што гомасэксуалізм — гэта штосьці нармальнае і грахом не з’яўляецца, як сцвярджае гэта, напрыклад, арцыбіскуп Берліна Кох [13], альбо будуць удзяляць Камунію разведзеным асобам і іншым сужыцелям, то іхні кансэнсус будзе ерэтычны, таму што большасць у каталіцтве яшчэ не робіць праўды. Такім чынам, сцвярджэнне мусіць быць аднагалоснае, але згоднае з Традыцыяй.

c. Згоднае пачуццё веры вернікаў (communis fidelium consensus), якое часам падводзіць не так, як рашэнні іерархаў, гл. Папа Францішак і Amoris Laetitia.

d. Паўсюдная практыка Касцёла, звязаная з дагматам, у якой Касцёл у сваёй літургіі альбо ў публічным распараджэнні сакрамэнтамі выразна і публічна закладае існаванне якога-небудзь дагмату. Напрыклад, праўду аб існаванні анёлаў-ахоўнікаў ён святкуе ў свяце тых жа анёлаў.

І таму спроба змены практыкі Касцёла адносна ўдзялення сакрамэнтаў чужаложнікам з’яўляецца зменай звычайнага і паўсюднага Магістэрыя, бо ў Касцёле так не робіцца: дагмат сам па сабе, а практыка сама па сабе, нягледзячы на тое, як гэта бачаць Папа Францішак і ягоны тыл, у якім знаходзяцца кардынал Каспер, кардынал Шонбарн і іншыя. Паколькі месца мае правіла артадоксія = артапраксія = артадоксія, Касцёл не можа дзейнічаць нязгодна са сваімі вераваннямі, хоць пасля апошняга Сабору, на жаль, спрабуе так рабіць.

e. Азначэнне, імпліцытна заключанае (definitio implicita) у іншых дагматах паводле супольнага меркавання тэолагаў (sententia communis), якое існуе для ўсіх праўдаў, якія знаходзяцца ў Святым Пісанні і Традыцыі і якія ўсе вернікі з першай інтуіцыі разумеюць як аб’яўленыя праўды.

Так, напрыклад, няма патрэбы фармуляваць у выглядзе дагмату тое, што Хрыстус нарадзіўся ў Бэтлееме, бо кожны гэта ведае і ў Святым Пісанні бачыць. Інакш абсалютна ўсё павінна было б быць дагматызавана, а тым часам вера, асветленая ласкай, неяк інтуітыўна можа адрозніць тое, што з’яўляецца зместам веры, а што не з’яўляецца, вядома, захоўваючы прыведзеную іерархію ад а) да е) [14].


[1] Мы не адны. Зводку англамоўных рэакцый можна знайсці тут: https://www.lifesitenews.com/blogs/voices-crying-in-the-wilderness-over-pope-francis-document

[2] https://wobronietradycjiiwiary.wordpress.com/category/apologetyka-i-polemika/nieomylnosc-papieska/

[3] Tanquerey, A., Synopsis theologiae dogmaticae, T. II, Paris 1935, 114-118.

[4] Diekamp-Jürss, Katholische Dogmatik, Wil: Alverna 2012 [1957], 80-84.

[5] http://www.pch24.pl/de-mattei–istnieja-bledy–ktore-nie-sa-herezja–ale-szkodza-wierze,40599,i.html http://rorate-caeli.blogspot.com/2016/01/de-mattei-on-popes-pronouncements-and.html

[6] Больш: http://www.pch24.pl/de-mattei–istnieja-bledy–ktore-nie-sa-herezja–ale-szkodza-wierze,40599,i.html#ixzz46Z4xGmri

[7] Паводле Diekamp-Jürss, Katholische Dogmatik, 82-83. Гэтае выданне з’яўляецца найбольш шырокай і саліднай перадсаборнай кнігай па дагматыцы на нямецкай мове. Яна атрымала апошні imprimatur у 1962 годзе.

[8] Фармальны аб’ект веры, пар. Tanquerey, op. cit., T. II, 88-148.

[9] Tanquerey, op. cit., 115; T. I, 710-715, n. 956-961.

[10] Там жа, T. I, n. 962-967.

[11] Азначэнне дадзена ў: https://wobronietradycjiiwiary.wordpress.com/category/teologia/teologia-jako-nauka/tradycja-i-tradycja/de-traditione/

[12] Пар.: https://wobronietradycjiiwiary.wordpress.com/category/teologia/teologia-jako-nauka/tradycja-i-tradycja/de-traditione/

[13] http://www.nwzonline.de/interview/homosexualitaet-als-suende-darzustellen-ist-verletzend_a_24,0,1242641575.htmlhttp://www.domradio.de/themen/ethik-und-moral/2015-02-21/dresdner-bischof-koch-zu-homosexuellen

[14] Паводле Tanquerey, op. cit., T. II, 115.


Крыніца: W Obronie Tradycji i Wiary
Ілюстрацыя: Фра Беата Анджэліка, Мадонна з дзіцем і Святымі Дамінікам і Тамашам Аквінскім, 1435.

Тэкст перакладзены з польскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу рэдакцыі блога.

Пакінуць каментар

Scroll Up