missale-romanum

Каталіцкі Касцёл цэлебруе набажэнствы на лацінскай мове па некалькіх прычынах.

Першая. Бо ён рабіў гэта ад пачатку. І паколькі ён ніколі не змяняе сваёй веры, ён ніколі не лічыў мэтазгодным змяняць сваю мову. Калі б яго святая мова змянялася разам з тымі, хто змяняецца вакол яго, узнікла б бясконцае замяшанне, і шмат бязладзіцы было б унесена пры выкарыстанні ўслых словаў і выразаў, да якіх часам далучаюцца самыя непрыстойныя значэнні.

Другая. Як першым законам нябёсаў з’яўляецца парадак, так першым законам Касцёла з’яўляецца аднастайнасць, таму ён прыкладае вялікія намаганні, каб годная і паважная цэлебрацыя Цудоўнай Ахвяры паўсюль здзяйснялася тымі самымі абрадамі і на той самай мове. Гэтага немагчыма было б дасягнуць без замацавання адзінай мовы.

Трэцяя. Адзінства ў павазе да мовы аказвае вельмі вялікі ўплыў на захаванне адзінства веры. Аўтар з добрай рэпутацыяй (Porubszky, Jure suo Ecclesiast., p. 854) вельмі ўпэўнена кажа пра тое, што розныя Касцёлы Усходу, якія разарвалі сваю сувязь з цэнтрам еднасці, Рымам, наўрад ці зрабілі б гэта, калі б з самага пачатку ад іх патрабавалі прыняць лацінскую мову ў якасці сваёй літургічнай. Нацыянальныя мовы пракладаюць шлях для нацыянальных Касцёлаў.

Чацвёртая. Захоўваючы лацінскую мову ў літургіі і патрабуючы ад сваіх служыцеляў культываваць яе, Каталіцкі Касцёл захаваў для сябе збор літаратурных скарбаў васямнаццаці стагоддзяў хрысціянства. Дзякуючы гэтаму ён мае вольны доступ да твораў набольш выбітных дактароў Касцёла, да кананічнага і грамадскага права, да дэкрэтаў старажытных сабораў і да іншых каштоўных твораў, якія ў іншым выпадку зрабіліся б цалкам недаступнымі. Толькі за адно гэта наш Святы Касцёл павінен прымаць падзяку ад усяго хрысціянскага свету. У Сярэднявеччы Хэлам [Hallam] не хаваў факту, што ў ягоныя часы ўся надзея літаратуры ляжала пераважна на Каталіцкім Касцёле, бо ўсюды, дзе ён існаваў, лацінская мова захоўвалася.


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыйнае фота: James Bradley (CC BY)

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар