pope-francis-mini

Такім чынам, цяпер мы ведаем. Насамрэч мы ведалі і дагэтуль, але ў нас не было яўнага пацвярджэння. Нарэшце скончаны доўгі, знясільваючы шлях: ад моманту, калі Папа Францішак запрасіў кардынала Каспера звярнуцца да біскупаў у Рыме ў лютым 2014 года, да папскага ліста некаторым аргентынскім біскупам, у якім ён пацвердзіў інструкцыю, якую яны распрацавалі ў прыкладзеным дакуменце і якая “ў выключных выпадках” дазваляе разведзеным і паўторна жанатым людзям (якія, як заходнія хрысціяне верылі на працягу 2000 гадоў, жывуць у “распусным саюзе”) прымаць святую Камунію. Уся гэтая справа дзіўная. Іншага слова не падабраць.

Перад двума Сінодамі на тэму сям’і, штодзённа падчас гэтых падзеяў, а таксама пасля іх я шматразова пісаў на гэтай старонцы, што было ясна (прынамсі мне): Папа хоча, каб ягоныя браты біскупы зацвердзілі нейкую форму таго, што называюць “прапановай Каспера”. Тое, што ён не атрымаў гэтага адабрэння — кажучы праўду, ён атрымаў значны негатыўны адказ ад біскупаў з розных частак свету — відавочна раззлавала яго на закрыцці другога Сіноду і нават прымусіла сказаць, што некаторыя меркаванні “часам” выказваліся на ім “на жаль, з не зусім добрымі намерамі”.

Тое, што для аднаго чалавека азначае не зусім добрыя намеры, для іншага азначае ўпэўненасць у тым, што ён застаецца верным словам Езуса. І з той пары, і нават пасля публікацыі Amoris Laetitia, каталікі — а, насамрэч, увесь свет — апынуўся зацягнутым у шумную і бессэнсоўную спекуляцыю наконт таго, змянілася што-небудзь ці не. Нават сумна вядомая зноска 351 у Amoris Laetitia хоць і выклікала неспакой традыцыйных каталікоў, аднак не казала наўпрост, што ж мае на ўвазе Папа.

Замяшанне было зразумелым. Ці змяняў калісьці Папа настолькі істотныя рэчы пры дапамозе неадназначных зносак і — ужо цяпер — прыватным лістом да малой групы рэгіянальных біскупаў? У тым няясным кантэксце ён вельмі катэгарычны: “Дакумент вельмі добры, ён цалкам тлумачыць значэнне восьмага раздзела Amoris LaetitiaІншых інтэрпрэтацый няма“. [Вылучэнне дададзена.]

Зноў кажу: справа дзіўная — з пункту гледжання як працэсу, так і матэрыі. Нават спатрэбілася некалькі дзён, каб стала зразумела, што ліст да аргентынскіх біскупаў — зліты, а толькі пасля прызнаны Ватыканам — быў сапраўдны. Папа Францішак не мае праблемаў з тым, каб рабіць адкрытыя публічныя заявы, напрыклад, “хто я, каб судзіць” або “калі вы не перапрацоўваеце смецце, ідзіце да споведзі”. Ён праязджаецца (часта справядліва) па кар’ерызме, пляткарстве, падзелах у Курыі, але раптам пачынае баяцца, калі размова заходзіць пра сужэнства і сям’ю? Як падчас Сінодаў адкрыта сказаў венгерскі кардынал Петэр Эрдзё, тут усё зводзіцца да выбару: альбо ты даеш пэўнай групе людзей Камунію, альбо не даеш.

Нават цяпер, калі Францішак сказаў сваё “так”, мы надалей чуем, што існуюць крытэрыі, нюансы і абмежаванні. Папа некалькі разоў адмаўляўся каментаваць змены, каб, па яго словах, пазбегнуць “спрошчанага” адказу. Але нават калі закрыць вочы на той факт, што ён даваў спрошчаныя адказы на шматлікія іншыя пытанні, ён, здаецца, лічыць, што на практыцы ўдасца зрабіць гэты працэс больш зграбным праз суправаджэнне, распазнанне — але гэтыя словы не маюць ясных абмежаванняў. Самі аргентынскія біскупы папярэджвалі, што змены датычацца толькі выключных выпадкаў:  “Трэба пазбягаць разумення гэтай магчымасці як неабмежаванага доступу да сакрамэнтаў альбо як быццам любая сітуацыя магла б яе апраўдаць”.

Але хоць яны і распазналі небяспеку, яны не пазбеглі яе. У сённяшнім свеце кожны лічыць, што ён і ёсць асаблівы выпадак, і бедныя пробашч ці мясцовы біскуп, якія ў будучыні акажуцца “надта цвёрдымі” і не дадуць дастатковай колькасці людзей асаблівы статус.

Каталік мае права прасіць аб невялікім суправаджэнні і распазнанні сваёй сітуацыі ў святле таго, чаму навучае Касцёл, мае права ведаць, якімі прынцыпамі вызначаецца гэты “асаблівы статус”. Калі ўзяць прыклад, які яшчэ нядоўга будзе заставацца гіпатэтычным, што наконт гомасэксуальных параў, дзе партнёры без уласнай віны праз усё жыццё адчувалі прыцягненне да асобаў свайго полу? Калі першы Сінод пачаў абмяркоўваць гэтую сітуацыю, яе палічылі экстрэмісцкай, і малая група біскупаў, якія хацелі прапіхнуць яе, кінулі гэтую справу. Але, калі няма ясных прынцыпаў, каб адрозніваць адны сітуацыі ад іншых, то чаму б і не?

На працягу 2000-гадовай гісторыі Касцёла — гісторыі апосталаў, мучанікаў, вызнаўцаў веры, вялікіх святых, выдатных дактароў, глыбокіх містыкаў — ніхто не лічыў гэтае новае вучэнне каталіцкім. Некаторыя нават гінулі, абараняючы неразрыўнасць сужэнства. Крытыкаваць тых, хто застаецца верны гэтай традыцыі, і называць іх неміласэрнымі, параўноўваючы з нячулымі фарысеямі і супрацьпастаўляючы міласэрнаму Езусу, — гэта дзіўна для Папы.

Я даволі доўга жыў у Вашынгтане і правёў дастаткова часу ў Рыме, каб не давяраць таму, што нейкі лідар — свецкі ці рэлігійны — нібыта сказаў журналісту ў прыватнай размове. Я ўпэўнены, што, калі Эўгеніё Скальфары [Eugenio Scalfari] — эксцэнтрычны рэдактар La Reppublica, сацыялістычнай газеты ў Рыме, якую Францішак штодзённа чытае, — казаў, быццам Францішак сказаў яму, што дазволіць усім прыходзячым прымаць Камунію, ён мог не зусім правільна зразумець ягоныя словы. Але ён зразумеў сэнс.

Сапраўды, у каталікоў цяпер ёсць новае вучэнне. Не толькі пра разводы і сужэнства — у нас ёсць новае бачанне Эўхарыстыі. Варта ўзгадаць, што ў студзені Папа нясмела, не выключаючы такой магчымасці, прапанаваў групе лютэранаў ў Рыме, каб яны таксама “паразмаўлялі з Панам” і “прыступілі”. І сапраўды, пазней яны прынялі Камунію на Імшы ў Ватыкане. У пэўным сэнсе, гэта было нават больш істотна. Каталіцкая пара разведзеных і паўторна жанатых людзей — гэта грэшнікі, але ўсё ж яны (прынамсі, у прынцыпе) яшчэ каталікі. Пытанне інтэркамуніі з хрысціянамі-некаталікамі таксама ўжо вырашана без аніякіх кансультацый, нібыта такі значны крок у разуменні Сакрамэнту еднасці не такі істотны?

Я кажу гэта з жалем, але я баюся, што астатняя частка гэтага пантыфікату пройдзе пад знакам раскольнікаў, абвінавачванняў у папскай ерасі, пагрозаў схізмы, а можа і адкрытай схізмы. Пане, змілуйся над намі.


Аўтар: Robert Royal
Крыніца: The Catholic Thing
Фота: Vahagn Grigoryan (CC BY-SA)

Тэкст перакладзены з англійскай мовы і перадрукаваны з дазволу рэдакцыі The Catholic Thing.

Пакінуць каментар