Папа: “Іншых інтэрпрэтацый няма” (абноўлена)

francis-thumb-up-mini

Абноўлена (12.09.2016): L’Osservatore Romano і Ватыканскае агенцтва навінаў пацвердзілі сапраўднасць дакументаў.

У лісце, які нібыта зліў аргентынскі святар, Папа Францішак піша, што не існуе іншых інтэрпрэтацый Amoris Laetitia, інакш як тая, што дазваляе разведзеным і паўторна жанатым каталікам у некаторых выпадках прыступаць да Святой Камуніі. Ліст, датаваны 5 верасня, скіраваны ў адказ на канфідэнцыйны дакумент, напісаны біскупамі пастырскага рэгіёна Буэнас-Айрэса да святароў, у якім утрымліваюцца інструкцыі наконт прымянення неадназначнай апостальскай адгартацыі Папы. LifeSite атрымаў копіі абодвух арыгінальных дакументаў і прыводзіць побач прафесійны пераклад. (Побач з якім Te igitur падае пераклад на беларускую мову.)

  • Іспанскі арыгінал інструкцыі біскупаў знаходзіцца тут.
  • Іспанскі арыгінал ліста Папы знаходзіцца тут.
  • Пераклад інструкцыі біскупаў знаходзіцца тут.
  • Пераклад ліста Папы знаходзіцца тут.

Упершыню гісторыя была апублікаваная 8 верасня іспанамоўным каталіцкім агенцтвам навін InfoCatolica і ананімным аргентынскім каталіцкім блогерам, чый блог вядомы пад назвай The Wanderer. Блогер апублікаваў фотаздымкі арыгінальных дакументаў, крыніцай якіх, як даведаўся LifeSite, стаў святар з Буэнас-Айрэса. Пасля кансультацыі са сваімі крыніцамі LifeSite палічыў блогера вартым даверу, а копіі лістоў сапраўднымі.

Дакумент, напісаны біскупамі пастырскага рэгіёна Буэнас-Айрэса, інтэрпрэтуе для святароў рэгіёна восьмы раздзел адгартацыі Amoris Laetitia ў частцы таго, што рабіць з парамі, якія знаходзяцца ў новым шлюбе пасля разводу, хоць не атрымалі пастанаўлення аб несапраўднасці сужэнства. Гэты дакумент сцісла следуе мове найбольш неадназначных частак папскай адгартацыі, уключна з сумна вядомай зноскай 351, якая адкрывае дзверы да таго, што кардынал Рэйманд Бёрк (Raymond Burke) і іншыя верныя біскупы назвалі “блюзнерствам”.

Інструкцыя біскупаў, якая называецца “Базавыя крытэрыі прымянення восьмага раздзела Amoris Laetitia“, кажа, што “ў складаных умовах”, калі паўторна жанатая пара не змагла “атрымаць пастанаўленне пра несапраўднасць сужэнства”, святары тым не менш могуць даць ім доступ да Святой Камуніі. Калі святар “прызнае, што ў дадзеным выпадку існуюць абмежаванні, якія змяншаюць адказнасць і вінаватасць (пар. 301-302), асабліва калі асоба мяркуе, што ўпадзе ў наступныя грахі, наносячы шкоду дзецям з новага саюза, — кажа інструкцыя, — Amoris Laetitia адкрывае магчымасць доступу да сакрамэнтаў пакаяння і Эўхарыстыі (пар. зн. 336 і 351)”.

Ліст Папы пацвярджае гэты шлях яўнай пахвалой працы біскупаў. Пішучы дэлегату пастырскага рэгіёна Буэнас-Айрэса мансеньёру Серхіё Альфрэда Феною, Папа кажа: “Я дзякую табе за праведзеную працу: сапраўдны прыклад суправаджэння для святароў”.

Папа Францішак дадае: “Дакумент вельмі добры, ён цалкам тлумачыць значэнне восьмага раздзела Amoris Laetitia. Іншых інтэрпрэтацый няма. І я ўпэўнены, што ён зробіць шмат добрага. Няхай Пан узнагародзіць гэты высілак пастырскай любові”.

Блогер, які апублікаваў дакументы, піша, што святары дыяцэзіі сустрэліся ў чацвер, каб абмеркаваць гэтую справу. Некаторыя святары на сустрэчы адкрыта крытыкавалі як інструкцыю біскупаў, так і дакумент Папы. Блогер дадае, што на сустрэчы прысутнічалі кардынал Марыё Полі (Mario Poli) са спецыялістам у кананічным праве, і абодва выказваліся супраць інструкцыі біскупаў, “тлумачачы, што Эўхарыстыю могуць прымаць толькі тыя разведзеныя і паўторна жанатыя, якія жывуць разам, як брат і сястра, захоўваючы чысціню”.

У апублікаваным дакуменце ўпершыню яўным чынам пацвярджаецца, што Папа Францішак інтэрпрэтуе Amoris Laetitia як дазвол доступу да Камуніі разведзеным і паўторна жанатым без умовы, што пара ў нерэгулярнай сітуацыі будзе жыць, як брат і сястра, без сэксуальных адносінаў, як таго заўсёды патрабаваў Касцёл.

Ані прэс-сакратар Ватыкана, ані курыя Буэнас-Айрэса не былі даступныя для каментарыяў наконт гэтай гісторыі.


Аўтар: Jeanne Smits
Крыніца: LifeSite
Ілюстрацыйнае фота: Tomaz Silva/ABr (CC BY)

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу рэдакцыі LifeSite. Тэкст абодвух дакументаў перакладзены на беларускую мову з англійскай.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

You may also like...

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: