pax-mini

Абрад супакою, адноўлены для ўсіх Імшаў у Імшале 1970 года, трапіў у складаныя часы. Хоць некаторыя каталікі шчыра называюць яго “кульмінацыяй Імшы” (такое некалькі разоў казалі майму сябру, святару, ягоныя парафіяне), астатнія глядзяць на гэтую справу па-іншаму. Эўхарыстычны Сінод 2005 года занепакоены тым, што гэтае прывітанне набыло “вымярэнне, якое можа быць праблематычным”, бо яно можа быць “занадта доўгім” або “выклікаць замяшанне” [1]. У апостальскай адгартацыі Sacramentum Caritatis Папа Бенедыкт XVI кажа, што знак супакою становіцца празмерным з-за эмоцый і выклікае “пэўнае замяшанне” перад святой Камуніяй [2]. Адпаведна, Вярхоўны Пантыфік не толькі заклікае да “большай стрыманасці” гэтага жэсту, але нават падымае пытанне, ці не варта перанесці яго ў іншую частку Імшы [3].

Як жа такая нібыта цудоўная рыса новай літургіі сталася аб’ектам такога надужывання? Каб адказаць на гэтае пытанне, мы павінны перагледзець унікальнае, але забытае значэнне знака супакою ў рымскім абрадзе.

Святы пацалунак

“Святы пацалунак”, як называе яго святы Павел [4], заўсёды быў важным элементам Імшы. Спачатку пацалунак у сэнсе нармальнага дзеяння вусны ў вусны перадаваўся прысутным людзям абодвух палоў. Але пад канец другога стагоддзя Айцы Касцёла, такія як Клімэнт Александрыйскі, скардзіліся, што ў святы пацалунак паміж мужчынам і жанчынай закрадваўся элемент распусты. Праблему вырашылі, падзяліўшы палы па розныя бакі навы: такая практыка рэкамендавалася яшчэ Кодэксам кананічнага права 1917 года.

Падобна, як большасць іншых відаў пацалунка, літургічны пацалунак лічыўся вельмі інтымным жэстам, які робіцца толькі ў межах сям’і. Таму пацалунак не перадавалі “не членам сям’і”: ерэтыкам і катэхумэнам. Гэтае правіла захоўвалася даволі лёгка, бо ранні Касцёл адпускаў не азнаёмленых з таямніцамі пасля гаміліі, перад перадачай пацалунка.

Пацалунак заставаўся важнай часткай літургіі да сярэдзіны 1200-х гадоў, калі ён пачаў прыходзіць у заняпад, прычыны якога ніхто не ведае. Касцёл стараўся падтрымаць гэты абрад шляхам выкарыстання прадмета, які быў падобны да патэны і называўся pax-brede. Гэты прадмет, які нават і сёння можна ўжываць падчас ціхай Імшы, спачатку цалаваў святар, потым прыслугоўваючыя, потым вернікі ў парадку вяльможнасці. Нарэшце, як бачна з рубрык 1962 года, pax-brede быў зарэзерваваны за найбольш значнымі асобамі, магчыма, з-за спрэчак сярод свецкіх наконт таго, хто быў больш галоўны.

2413974341_a7cfb37ba6_b

Рытуальны пацалунак таксама заставаўся, хоць свецкія і перасталі ў ім удзельнічаць, і яго абмежавалі толькі да ўрачыстых спяваных Імшаў. Ён таксама падпаў пад паступовыя змены. У той час, калі св. Пій V кадыфікаваў Імшал, сапраўдны пацалунак у Імшу ўжо не ўваходзіў. Той, хто перадаваў супакой, клаў рукі на плечы таго, хто яго прымаў, і нахіляўся наперад да ягонай левай шчакі, кажучы Pax tecum, на што іншы адказваў Et cum spiritu tuo. Рубрыкі прадпісвалі, што шчокі павінны “лёгка дакрануцца”, хоць спецыялісты па рубрыках інтэрпрэтавалі гэта як “маральны, а не фізічны дотык” [5].

Хоць трыдэнцкі пацалунак можа здавацца аддаленым ад рэальнасці, ён тым не менш захоўвае прыкметы пацалунка, разам з тым абыходзячы ўсе яго патэнцыйныя недахопы, такія як маральная небяспека непрыстойнага эрасу альбо разумная насцярожанасць наконт гігіены. Сапраўды, слова “акалада” (фр. accolade), якое спачатку абазначала альбо абдымкі, альбо пацалунак, што перадаваў дар рыцарства, паходзіць ад лацінскага ad collum, “да шыі”, бо падзенне да чыёйсьці шыі абазначала пацалунак. (Заўважце, як айцец цалуе свайго марнатраўнага сына [Лк 15:20]). Гэта важна, таму што, захоўваючы форму пацалунка, рымскі супакой мог прадэманстраваць багатую традыцыю, з якой ён паходзіў.

Больш за тое, трыдэнцкі знак супакою захаваў шматвекавую традыцыю ўпарадкаванай перадачы. Паводле Імшала 1962 года, святар цалуе алтар побач з Гостыяй (ранейшыя рубрыкі прадпісвалі цалаваць саму Гостыю), пасля чаго “цалуе” дыякана, які ў сваю чаргу “цалуе” субдыякана і гэтак далей. Не можа перадаць супакою той, хто не атрымаў яго ад кагосьці яшчэ, уключна са святаром, які атрымаў яго ад самога Хрыста.

Сімволіка вельмі прыгожая і ясная. Увесь сапраўдны супакой паходзіць ад Хрыста праз служэнне Ягонага Касцёла. Ласка паходзіць ад Эўхарыстыі праз Хрыстовых слугаў да Ягоных людзей, фарміруючы тое, што адзін аўтар назваў “ланцужком любові”, які адначасова звязвае і ўздымае. Гэта адлюстравана таксама і ў этыкеце, які кіруе абрадам. У трыдэнцкім абрадзе зазвычай кланяюцца старэйшаму па рангу падчас акаджэнняў, аднак пры перадачы супакою субардынацыя не ўлічваецца, таму што, як кажуць рубрыкі, “тут важны не служыцель, які перадае яго, а [сам] Супакой” [6].

Месца пацалунка

Іншая важная асаблівасць пацалунка ў раннім Касцёле — гэта тое, што яму аддавалася два розных месцы ў літургіі. Усе ўсходнія і некалькі заходніх абрадаў размяшчалі яго недзе паблізу аферторыя, тады як касцёлы ў Рыме і Паўночнай Афрыцы размяшчалі яго пасля кансэкрацыі. Гэтае разыходжанне выклікала значнае замяшанне сярод літургістаў: некаторыя бачаць ў рымскай і паўночнаафрыканскай традыцыі неапраўданае адыходжанне ад апостальскіх часоў. Яны кажуць, што пацалунак супакою натхнёны заклікам Пана “памірыцца з братам сваім” перад тым, як прынесці “дар свой да ахвярніка” (Мц 5:23-24), а таму рымскі абрад павінен пайсці за прыкладам Усходу і паставіць пацалунак падчас аферторыя.

27844009620_4ed311e590_k

Пасхальны пацалунак

Аднак гэтыя аўтары прапускаюць тое, што пацалунак падтрымліваецца не адным тэалагічным тлумачэннем, а двума. Тады як усходні пацалунак, які можна назваць “паяднальным пацалункам”, сапраўды заснаваны на Мц 5:23-24, рымскі пацалунак, які можна назваць “пасхальным пацалункам”, бярэ свой пачатак не з казання на гары, а з Пасхальнай таямніцы, якая распасціраецца ад Апошняй Вячэры да Уваскрасення. Пасхальны пацалунак мае прынамсі чатыры адрозных значэнні.

Супакой

Першае і галоўнае значэнне заключаецца ў тым, што рымскі пацалунак не толькі абазначае супакой, але і ўдзяляе яго. Пацалунак разглядалі не проста як знак супакою, а як сам супакой. Рымскія літургічныя кнігі проста называюць яго pax. Хоць ён напэўна і можа ўключаць паяднанне і прабачэнне, супакой перадаецца не па гэтых прычынах, як яўна кажа інструкцыя Redemptionis Sacramentum (2004) [7].

Уваскрослы Хрыстус

Па-другое, пасхальны пацалунак сімвалізуе пасхальнага Баранка, уваскрослага і праслаўленага Хрыста. У Евангеліі св. Яна ўваскрослы Езус з’яўляецца вучням і, сказаўшы “супакой вам”, удыхае ў іх Святога Духа, даючы ім сілу прабачэння грахоў (Ян 20:20-23). Лацінскія Айцы правільна інтэрпрэтавалі гэты ўрывак як устанаўленне сакрамэнту пакаяння, але таксама яны бачылі перадачу Хрыстом Святога Духа праз дыханне як пацалунак. Таму ўся гэтая сцэна прыпамінае пацалунак супакою.

Падобна, у гісторыі вучняў з Эмаўса ўваскрослы Пан сустракае двух мужчынаў, тлумачыць ім Пісанні, а яны пазнаюць яго толькі ў ламанні хлеба. Цікава, што тэкст не кажа, што яны працягнулі есці: яны пабеглі назад у Ерузалем, каб распавесці апосталам, а калі яны расказвалі пра тое, што здарылася, Езус стаў сярод іх і сказаў: “Супакой вам” (Лк 24:35-36). Гісторыя заканчваецца тым, што Хрыстус, каб давесці, што ён не быў прывідам, еў тую самую ежу. Іншымі словамі, гісторыя з Эмаўса паўтарае традыцыйны рымскі парадак Імшы, ад Імшы катэхумэнаў да ламання хлеба, да знака супакою і да абраду Камуніі.

Традыцыйныя алегарычныя інтэрпрэтацыі Імшы таксама паказальныя ў гэтым сэнсе. Тады як лічылася, што Канон сімвалізуе не проста Апошнюю Вячэру, але розныя этапы Мукі Пана, пацалунак супакою быў цесна звязаны з хвалой першай Велікоднай нядзелі. “Супакой вам”, як кажа св. Тамаш Аквінскі, гэта тыповае прывітанне Пана толькі пасля паўстання з мёртвых, і таму ён інтэрпрэтуе тры знакі крыжа, якія святар робіць, кажучы “супакой Пана няхай заўсёды будзе з вамі”, як містычнае прадстаўленне ўваскрасення на трэці дзень [8].

Больш за тое, у традыцыйным рымскім абрадзе ламанне Гостыі і наступнае апусканне яе фрагмента ў келіх маюць месца непасрэдна перад знакам супакою. Сярэднявечныя дактары добра заўважалі ў ламанні хлеба раздзяленне Хрыстовага цела падчас Мукі [9] альбо аддзяленне Ягонай душы ад цела ў момант Ягонай смерці. Падобна, яны заўважалі, што змяшэнне Постацяў ясна сімвалізуе Уваскрасенне, бо змяшэнне святых Цела і Крыві нагадвае пасхальнае паяднанне ўсяго, што было разлучана ў Вялікую Пятніцу [10].

Святы Дух

Па-трэцяе, на аснове Ян 20:23 супакой прадстаўляе сабою подых Святога Духа. У асабліва прыгожым казанні св. Аўгустын разважае, што ласкавыя пацалункі галубоў, якія сімвалізуюць Святога Духа, паказваюць прыклад, як хрысціяне павінны перадаваць пасхальны пацалунак. Тады ён супрацьпастаўляе іхнія пяшчотныя абдымкі і нядобрыя пацалункі крумкачоў, якія нібыта рвуць адно аднаго, пачынаючы цалавацца.

Страшны антыпрыклад

Па-чацвёртае, прыклад крумкачоў быў для Аўгустына выдатным сімвалам для сумнавядомага прывітання Юды Іскарыёта ў Гэтсэманіі. Іронія таго, што Хрыстус быў выдадзены тым самым знакам, які з’яўляецца мадэллю супакою і братняй любові, не засталася незаўважанай Айцамі Касцёла, і таму пацалунак Юды служыў страшным напамінам пра сур’ёзную небяспеку крывадушша. Менавіта па гэтай прычыне ў традыцыйным абрадзе знак супакою не перадаецца ў Вялікі Чацвер, бо для тых, хто ўспрымае гэты сімвал сур’ёзна, горкі смак здрадніцкага пацалунка яшчэ свежы і жывы.

Падрыхтоўка

Нарэшце, як заўважае Аквінат, пасхальны пацалунак дапамагае нам падрыхтавацца да святой Камуніі (III.83). Гэта можа гучаць дзіўна, бо сёння ён менавіта таму знаходзіцца пад падазрэннем, што, здаецца, больш адцягвае ўвагу, чым рыхтуе да Камуніі, але гэта хутчэй звязана не з месцам, дзе ён знаходзіцца, а з абрадам, які цяпер выконваецца.

У цэлым, гэтыя розныя значэнні дэманструюць, што рымскі пацалунак — гэта пасхальны пацалунак, пацалунак, які паходзіць з мукі, смерці і ўваскрасення Езуса Хрыста, а не з казання на гары. Хоць гэта ніяк не змяншае значэння ўсходняга паяднальнага пацалунка, можна сказаць, што гэтыя дзве традыцыі не з’яўляюцца ўзаемазамяняльнымі.

handshake1

Супакой у новым Імшале

Канстытуцыя пра святую літургію, якую выдаў Другі Ватыканскі сабор, не згадвае пацалунка супакою, хоць і ясна сцвярджае, што Імша — гэта “сакрамэнт міласэрнасці, знак еднасці, повязь любові, пасхальная гасціна” (47) — гэтыя характарыстыкі добра супадаюць з сімвалічнымі значэннямі супакою, якія мы толькі што разгледзелі.

Аднак замест таго, каб аднавіць традыцыйны пасхальны пацалунак для тых, хто знаходзіцца па-за прэзбітэрыем, новы парадак Імшы 1970 года патрабуе іншага абраду. Цяпер святар кажа людзям: “Перадайце адзін аднаму знак супакою” [11]. І вось што адбываецца далей па плане: “Усе паводле мясцовага звычаю перадаюць адзін аднаму знак супакою, адзінства і любові. Святар перадае знак супакою дыякану альбо прыслугоўваючаму” [12].

Згадваючы святарскія дзеянні пасля дзеянняў людзей, новыя рубрыкі не маюць на ўвазе прычынна-выніковых адносінаў паміж імі. Больш не чакаецца іерархічнага спуску супакою ад пустой магілы, якою з’яўляецца высокі алтар. У загадзе перадаць адзін аднаму знак супакою чытаецца спантаннае ўзнікненне супакою ў лаўках.

Нават калі не ўлічваць заклікаў Папы Бенедыкта, якія ўзніклі з-за гэтага абраду, усё ж стала цяжэй прасачыць сувязь паміж уваскрослым Эўхарыстычным Хрыстом і супакоем, які Ён распаўсюджвае на свой Касцёл, таму што “ланцужок любові” перастаў быць відочны. Вертыкальная перадача Хрыстовага супакою была заменена гарызантальнай непасрэднасцю. Таму не дзіўна, што сучасная навука пра літургію схіляецца да падкрэслівання паяднальнай функцыі супакою, такім чынам паядноўваючы абедзве традыцыі.

Яшчэ больш складаным супакой робіцца з-за рашэння дазволіць вызначаць ягоны жэст паводле мясцовых традыцый [13]. З пэўнага пункту гледжання, гэта мае сэнс, бо ў некаторых месцах публічныя пацалункі асацыююцца з пажадлівасцю [14]. Аднак, як мы бачылі, тое, ува што ператварылася рымская форма пацалунка, наўрад ці можа лічыцца пажадлівасцю нават у найбольш ханжаскай культуры, бо нават і шчокі ўдзельнікаў не судакранаюцца.

У Амерыцы хутка стаў дамінаваць поціск рукі. Зноў-такі, на першы погляд, гэта разумны выбар: як прыкмета таго, што чалавек неўзброены, поціск рукі, напэўна, з’яўляецца знакам супакою. Хоць, на жаль, ён лепш адлюстроўвае супакой, які паходзіць ад чалавека, чым той, што паходзіць ад Бога. Поціск рукі азначае замірэнне альбо ўгоду, альбо нейкае пагадненне, якое заключаецца ў палітыцы ці бізнэсе. Гэта не зусім знак любові і інтымнасці. У адрозненне ад пацалунка і кожнага іншага сакральнага жэста, ён не панёс ніякай мадыфікацыі, якая б азначала, што ён адрозніваецца ад свецкіх поціскаў рукі па-за літургіяй, і таму ён у вялікай ступені захоўвае свой свецкі водгалас.

Акрамя таго, поціск рукі ні ў якой форме не з’яўляецца пацалункам, і таму ягонае літургічнае выкарыстанне азначае не толькі разрыў не толькі з дагэтуль непарыўнай апостальскай традыцыяй, але і з багатым комплексам сэнсаў, якія з ёй прыйшлі. Па гэтых прычынах больш задзірлівы каментатар мог бы зрабіць вывад, што, на вялікі жаль, сённяшні рымскі пацалунак супакою не з’яўляецца ані рымскім, ані пацалункам, ані хрысціянскім супакоем.

Заключэнне

Будзе цікава паглядзець, ці ў гэтую эру motu proprio ў надзвычайную форму вернецца пацалунак супакою сярод вернікаў і ці будзе зноў выкарыстоўвацца pax-brede. З іншага боку, крызіс у звычайнай форме прымушае да хутчэйшага вяртання да традыцыі. Вяртанне пасхальнага значэння рымскага абраду супакою можа значна палепшыць Novus Ordo, а замена гарызантальнага спантаннага поціску рукі іерархічнай перадачай супакою верне не толькі пачуццё эмацыянальнай стрыманасці і элегантнасці, але і магутную тэалогію пасхальнай таямніцы. Сапраўды, дапамога адкрыць, а не нанова вынайсці пацалунак, можа стаць адным з найбольшых падарункаў традыцыйнага абраду для новай Імшы, што зробіць свой унёсак у намеры Святога Айца Бенедыкта XVI, каб абодва Імшалы “ўзаемна ўзбагачалі” самі сябе [15]. І гэта будзе сапраўды салодкі пацалунак.


[1] Propositio, 23.

[2] Пар. 49.

[3] Зноска 150.

[4] Пар. Рым 16:16; 1 Кар 16:20; 2 Кар 13:12; 1 Тэс 5:26.

[5] J.B. O’Connell, The Celebration of the Mass, p. 499, fn. 11. Рубрыкі знаходзяцца ў Caeremoniale Episcoporum II.viii.75.

[6] Caeremoniale Episcoporum, I.xxix.8, пераклад аўтара.

[7] No. 71.

[8] ST III.84.ad 3.

[9] ST III.84.ad 7.

[10] Таму лагічна, каб пацалунак супакою, які прадстаўляе плёны Уваскрасення, ішоў пасля той часткі Імшы, якая містычна азначае само Уваскрасенне.

[11] Гэта амаль даслоўны пераклад выразу Offerte vobis pacem.

[12] [Афіцыйны пераклад ККББ — Te igitur].

[13] No. 82 Агульных уводзінаў да Рымскага Імшала прадпісваюць, каб дакладны жэст вызначыла Канферэнцыя біскупаў. Наколькі мне вядома, у ЗША гэтага ніколі не рабілася.

[14] Акцёр Рычард Гір даведаўся пра гэта на сваім горкім досведзе, калі ў красавіку 2007 года ён пацалаваў індыйскую актрысу ў шчаку падчас збору сродкаў на ейнай радзіме, за што раззлаваныя натоўпы ў Бамбеі спалілі ягонае пудзіла (“Gere Kiss Sparks India Protests,” BBC News, 16 April 2007).

[15] З ліста да біскупаў, які спадарожнічаў Summorum Pontificum.


Аўтар: Michael Foley
Крыніца: The Latin Mass: The Journal of Catholic Culture and Tradition (Advent/Christmas 2007), pp. 36-39, поўны тэкст гл. Scripture and Catholic Tradition

Ілюстрацыі:

  • Franciscans of the Immaculate (CC BY), знак супакою паміж субдыяканам і святаром-асістэнтам
  • Fr. Lawrence Lew OP (CC BY-NC), pax, які выкарыстоўваецца ў дамініканскім абрадзе
  • Joseph Shaw (CC BY-NC-SA), семінарысты перадаюць знак супакою на святарскіх пасвячэннях інстытуту FSSP у Баварыі (2016)
  • Flazingo Photos (CC BY-SA)

Артыкул перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу аўтара і рэдакцыі часопіса The Latin Mass: The Journal of Catholic Culture and Tradition.

Пакінуць каментар