№8. Старажытныя прыклады выкарыстання незнаёмай мовы

torah

Практыка цэлебрацыі Божай службы на незнаёмай мове мае прэцэдэнты ў старажытным і цяперашнім часе. Юдэі заўсёды святкавалі хвалу Яхвэ на “мове прарокаў”, то бок на старажытнай габрэйскай. Гэтая мова была настолькі недасяжнай для людзей, што прыходзілася рыхтаваць для іх пераклады ў выглядзе так званых таргумаў [17], каб яны маглі разумець, што адбываецца (гл. Renaudot, loc. cit.). Гэты ж звычай усё яшчэ захоўваецца сучаснымі юдэямі ў іхніх сінагогах, што паказваюць шматлікія сведкі (Bannister, Temples of the Hebrews; Jahn, Archœlogy ; Dr. Rock, Hierurgia, p. 216).

Прабачце, што яшчэ адзін прыклад малітвы на незнаёмай мове возьмем ад мусульманаў. Добра вядома, у якой глыбокай пашане сярод гэтых людзей знаходзіцца Каран [18], які для іх значыць тое ж самае, што Біблія для хрысціянаў. Напісаны ён на найчысцейшай арабскай мове, і мусульмане так баяцца, што ён стане агульнадаступным, што нікому не дазваляецца спрабаваць перакласці яго на народную арабскую мову. А чыста арабская мова з’яўляецца мёртвай для народа (гл. Guthrie, Grammar of History, p. 719). “Хоць на ёй даўно перасталі размаўляць, — кажа Маррэй (у сваёй Encyclopaedia of Geog., vol. ii. 229), — яна засталася літургічнай і навуковай мовай для ўсіх шматлікіх нацый, што вызнаюць іслам [19], ад узбярэжжаў Індыйскага акіяна да самага заходняга куточка Марока, а таксама ад Волгі да Кабу-Дэлгаду ў Афрыцы”.

Іншым прыкладам могуць быць індуісты, якія дазваляюць чытаць Веды толькі брамінам з-за вялікай пашаны да мовы, на якой яны напісаныя. Індуісты так далёка заходзяць у гэтых справах, што не дазваляюць сваім малодшым служыцелям нават слухаць чытанне з гэтай кнігі альбо гаварыць пра яе (Burder, Religious Ceremonies and Customs, pp. 528, 529). Тое самае і з балійскай мовай, роднаснай да санскрыту, якая ўжо даўно выйшла з ужытку, аднак засталася ў набажэнствах на Цэйлоне, Балі, Мадуры, у большай частцы Явы і Індакітая. Гэта таксама рэлігійная мова ўсіх японцаў, якія вызнаюць ламаізм (Murray, Encyclop. of Geography, vol. ii. p. 231).

Такім чынам, мы паказалі, што калі хтосьці шукае прэцэдэнту для такой рэчы, як “дзіўная, бессэнсоўная дысцыпліна”, то нават самы крытычны розум можа задаволіцца, заглянуўшы на старонкі старажытнасці і вывучыўшы рэлігійныя традыцыі любога старажытнага народа. Амаль у кожным выпадку акажацца, што літургічная мова адрозніваецца ад гаворкі, ужыванай у народзе.

Галоўная прычына, чаму пратэстанты асуджаюць тое, што мы выкарыстоўваем мову, незразумелую для людзей, ім здаецца рацыянальнай, але, з пункту гледжання каталікоў, яна ў найвышэйшай ступені абсурдная. Пратэстант прыходзіць у святыню, каб прамовіць некалькі малітваў альбо каб пачуць, як іх прамовіць служыцель, і на гэтым усё. З каталіком не так. Ягоная служба — гэта нешта большае і вышэйшае за малітву: гэта велічная ахвяра, і паколькі ахвяру можна прыносіць незалежна ад малітвы, не так і важна, ці падчас яе адбываецца вялікая супольная малітва ці малая, калі ўсё астатняе ў парадку. Менавіта па гэтай прычыне некаторыя з найдастойнейшых духоўных аўтараў не раз казалі, што адзін з найбольш эфектыўных спосабаў слухаць Імшу — гэта з вялікай увагай назіраць за дзеяннямі святара пры алтары ад пачатку да канца і як найменш глядзець у малітоўнік. Чалавек, які зможа зрабіць гэта без адцягвання ўвагі, атрымае незлічоныя духоўныя плёны і несумненна будзе ўдзельнічаць у Імшы ў самым сціслым сэнсе гэтага слова.


[17] Таргум, з халдзейскага turgmo, інтэрпрэтацыя, спачатку быў перакладам Пісанняў на ўсходне-арамейскі дыялект дзеля карысці тых юдэяў, якія з-за сваёй 70-гадовай адсутнасці ў Вавілоне больш не разумелі чыстай габрэйскай мовы Бібліі. Захавалася дзесяць такіх таргумаў, найбольш старажытны і каштоўны з якіх прыпісваецца Анкелосу і з’яўляецца дакладнай перадачай арыгінальнага габрэйскага Пяцікніжжа. Вавілонскі талмуд называе Анкелоса сучаснікам Гамаліэля, які жыў у пачатку хрысціянскай эры.

[18] Каран, з арабскага qurân, “чытанне”, выкарыстоўваецца мусульманамі з такой пабожнасцю, што яны не дазваляюць глядзець на яго нікому з тых, хто не з’яўляецца мусульманінам самага прававернага кшталту. Гэтая кніга лічыцца цудоўнай справай: яна мае такі непаўторны стыль, што, паводле мусульманаў, толькі анёл з неба мог зрабіць нешта падобнае. Лічыцца, што цудоўная прырода Карана даказваецца наступнымі фактамі.

1. Яго элегантнасць, стыль і мелодыка непаўторныя. 2. Яго структура незраўнаная. 3. Ягоны змест цудоўны і не дапускае супярэчлівасці. 4. Яго веданне Божых рэчаў захапляльнае. 5. Яго веды людскога і Божага законаў. 6. Яго выказванні ніколі не абвяргаліся. 7. Ён знішчае ўсе хваробы розуму і цела. 8. Ён адкрывае таямніцы, вядомыя толькі Богу.

Каран складаецца са 114 сураў, альбо раздзелаў, кожны з якіх мае назву, якая служыць пэўным ключом да таго, што будзе апісвацца далей, падобна як антыфона адносіцца да псальма. Першая сура завецца “Карова”, бо ў тэксце гэтага раздзела ідзе мова пра ахвяраванне каровы. З адным выключэннем кожная сура пачынаецца словамі “Бісмілях ір-рахман ір-рахім” — “У імя Алаха, міласцівага і міласэрнага”.

Складаць Каран Магамету дапамагалі юдэй па імені Абдыя Бэн Салон і манах-вераадступнік Сергій, альбо Бахіра, як называюць яго на Усходзе.

[19] Словы іслам, муслім і мусульманін маюць той самы корань Aslam, які азначае “аддавацца, прысвячацца служэнню рэлігіі” і нагадвае нашае слова клерык, якое паходзіць ад грэцкага κληροω, аддзяляюся дзеля рэлігійнай мэты.


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыйнае фота: Lawrie Cate (CC BY), Тора.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

You may also like...

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: