morlino

У мінулыя выходныя Яго Эксцэленцыя Роберт Марліна (Robert Morlino), біскуп дыяцэзіі Мэдысана (штат Вісконсін), зрабіў заяву, вельмі значную для літургіі. З гэтага часу Яго Эксцэленцыя будзе служыць усе свае святыя Імшы ў катэдральнай святыні ad orientem. Несумненна, гэта вялікі крок у літургічнай сферы для амерыканскага каталіцтва.

Будучы вялікім прыхільнікам традыцыйнай лацінскай Імшы, біскуп Марліна некалькі разоў служыў яе публічна, аднак ягонае нядаўняе паведамленне датычыцца Імшаў у звычайнай форме рымскага абраду.

Гэта пазітыўны водгук на заклік кардынала Рабэра Сара на ліпеньскай канферэнцыі Sacra Liturgia ў Лондане. Тады кардынал Сара выказаў наступную просьбу:

І таму, дарагія айцы, я сціпла і па-брацку прашу вас увесці гэтую практыку дзе толькі мажліва, з разважлівасцю і з неабходнай катэхезай, вядома, але і з пастырскай упэўненасцю, што гэта штосьці добрае для Касцёла, штосьці добрае для нашых людзей. Вашае ўласнае пастырскае суджэнне падкажа вам, як і калі гэта стане магчымым, але, можа, першая нядзеля Адвэнту гэтага года, калі мы чакаем “Пана, які прыйдзе і не затрымаецца”, будзе вельмі добрым часам, каб зрабіць гэта.

Дарагія айцы, нам варта зноў пачуць крык Бога, перададзены прарокам Ераміем: “яны адвярнуліся плячамі да мяне” (2:27). Звернемся ж зноў у напрамку Пана!

Магчыма, больш натхняе нават не само рашэнне біскупа, а прыняцце гэтага рашэння і сапраўднае жаданне вярнуцца да гэтай традыцыйнай літургічнай паставы з боку вернікаў. Як сказаў адзін прысутны парафіянін, пасля абвяшчэння гэтага рашэння людзі ў лаўках сапраўды затаілі дыханне. “Пасля гэтага біскуп парадаваўся, што мы не толькі ведаем, што гэта значыць, але і што мы адрэагавалі на гэта ўсмешкамі. Гэта быў сапраўды велічны момант!”

Як 1P5 паведамляў раней, біскуп дыяцэзіі Лінкальна Джэймс Д. Конлі (James D. Conley) служыў усе свае святыя Імшы на працягу апошніх двух перыядаў Адвэнту ad orientem, што таксама сустрэла шырокае прыняцце вернікаў.

Няхай прыклад гэтых двух пастыраў натхніць іншых біскупаў далучыцца да гэтай магчымасці. Рух у накірунку гэтай гістарычнай дысцыпліны Касцёла паступова развіваецца. Хоць многія ў Касцёле, пачынаючы ад самога Рыма, здаецца, не маюць энтузіязму, усё большая колькасць вернікаў гэтага прагне.

Па меры таго, як літургічная адукацыя, асабліва праз Інтэрнэт і сацыяльныя медыя, будзе працягвацца, для многіх дыяцэзій стане прасцей пайсці за прыкладам біскупаў Марліна і Конлі.


Аўтар: Brian Williams. Браян Уільямс — канвертыт, які далучыўся да Каталіцкага Касцёла ў 2006 годзе. Ён скончыў Дзяржаўны універсітэт Лонг-Біч са ступенню бакалаўра па гісторыі. Браян піша блог пра жыццё, літургію і дасягненне святасці на liturgyguy.com. Ён жыве ў Шарлоце (штат Паўночная Караліна) з жонкай і пяццю дзецьмі.

Крыніца: OnePeterFive
Ілюстрацыя: OnePeterFive

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу рэдакцыі OnePeterFive.

 

Пакінуць каментар