№7. Мовы, на якіх Імша цэлебруецца сёння

syriac

Сёння Каталіцкі Касцёл цэлебруе Найсвяцейшую ахвяру Імшы на дзевяці розных мовах: на лацінскай, грэцкай, сірыйскай, халдзейскай, славянскай, валашскай, армянскай, копцкай і эфіопскай.

Лацінская. — Гэта мова Імшы на ўсім Захадзе і некаторых месцах Усходу, і так было без зменаў ад пачатку хрысціянства. У пэўным сэнсе лацінскую мову можна назваць роднай мовай Заходняга Касцёла.

Грэцкая. — На cённяшні дзень па-грэцку моляцца каталікі-уніяты і мелькіцкія каталікі [9] на Усходзе. Іх можна знайсці ў Сірыі, Ерузалеме, Расіі, Грэцыі, Італіі і некаторых месцах Еўропы; да іх жа адносяцца мінгрэлы, грузіны, балгары, маскавіты і іншыя. Гэтым каталікам Рым дазволіў захаваць свае старажытныя абрады, такія як кансэкрацыя кваснога хлеба, удзяленне Камуніі пад дзвюма постацямі, прамаўленне сімвала веры без “філіоквэ” і дадаванне цёплай вады ў келіх пасля кансэкрацыі. Больш за тое, Святы Пасад дазваляе іх клерыкам жаніцца [10]. У іх ёсць тры патрыярхі, якія знаходзяцца адпаведна ў Антыёхіі, Александрыі і Ерузалеме, а для цэлебрацыі Імшы яны выкарыстоўваюць тры розныя абрады: літургію св. Яна Хрызастома (найбольш частая), літургію св. Базыля Вялікага, якая ўжываецца ва ўсе нядзелі Вялікага посту, акрамя Пальмавай нядзелі, у Вялікі Чацвер, Вялікую Суботу, вігіліі Божага Нараджэння і Аб’яўлення Пана і, нарэшце, у свята св. Базыля, 1 студзеня. Трэцяя літургія называецца літургіяй раней асвячаных Дароў. Яе выкарыстоўваюць толькі ў тыя дні Вялікага посту, калі замест кансэкрацыі адбываецца Імша, падобная да той, што мы маем у Вялікую Пятніцу.

Сірыйская. — На сірыйскай мове Імшу служаць мараніты [11] на гары Лібан і сірыйскія мелькіты Усходу. Фактычна, сірыйская мова з’яўляецца літургічнай мовай у тых месцах, дзе нарматыўнай літургіяй з’яўляецца літургія св. Якуба. Для народаў, якія моляцца на гэтай мове, з’яўляецца прадметам гонару (і тут сапраўды ёсць чым ганарыцца) тое, што яны выкарыстоўваюць тую самую мову, на якой размаўлялі наш Боскі Пан і яго благаслаўлёная Маці, а таксама большасць апосталаў. Святы Пасад дазволіў маранітам захаваць усе іхнія старажытныя касцёльныя абрады і традыцыі. Імі кіруе патрыярх, які мае тытул “Патрыярх Антыёхіі маранітаў”. Чалавек на гэтую пасаду абіраецца народам, але перад пачаткам служэння ён мусіць чакаць пацвярджэння з Рыма. Як і мы, яны выкарыстоўваюць для кансэкрацыі неквасны хлеб, а Камунію ўдзяляюць, як і ўсе Касцёлы Усходу, пад дзвюма постацямі, але для Камуніі хворых выкарыстоўваюць толькі постаць хлеба.

Яны выкарыстоўваць кадзіла як на спяванай Імшы, так і на ціхай, і чытаюць Евангелле па-арабску пасля таго, як прачыталі яго па-сірыйску, бо на тых тэрыторыях штодзённай мовай з’яўляецца арабская. Лічба іх секулярных клерыкаў дасягае 12 тысяч, а рэгулярных клерыкаў — каля 14 тысяч. Апошнія жывуць у манастырах, і паколькі яны не жанатыя (жонак дазволена мець толькі секулярнаму духавенству), менавіта з іх выбіраюцца патрыярхі і біскупы (Vetromile, Travels in Europe and the Holy Land, 77).

Халдзейская. — Гэтая мова выкарыстоўваецца выключна вавілонскімі каталікамі, якія пераважна навяртаюцца з нестарыянства [12] і насяляюць галоўным чынам Месапатамію, Арменію і Курдыстан. Яны маюць свайго патрыярха, які мае тытул “Патрыярх Вавілоніі” і рэзідэнцыю ў Багдадзе. Усе літургічныя кнігі гэтага народу напісаныя своеасаблівым пісьмом, якое называецца эстрангела [13], бо сама халдзейская мова мае ажно васемнаццаць алфавітаў (Antrim, Science of Letters, p. 88).

Славянская. — На гэтай мове Імшу служаць каталікі Істрыі, Лібурніі і прыморскіх частак Далмацыі. Фактычна, гэта літургічная мова ўсіх славянаў, якія знаходзяцца ў еднасці з Рымам. Гэты прывілей славяне атрымалі спачатку ад Папы Адрыяна ІІ ў дзевятым стагоддзі, а непасрэдны наступнік Адрыяна Папа Ян VIII пацвердзіў гэты прывілей. Апошні таксама дадаў умову, каб святое Евангелле з увагі на яго вышэйшасць перад іншымі часткамі Імшы спачатку чыталася па-лацінску, а толькі потым па-славянску. У 1248 годзе Папа Інакенцій IV згадзіўся ў гэтым пытанні са сваімі папярэднікамі. Гэта ж у 1740 годзе зрабіў Папа Бенедыкт XIV, і на сённяшні дзень даволі вялікая колькасць каталікоў служыць Імшу на славянскай мове. Гэта таксама літургічная мова схізматычнай Расіі і тысячаў хрысціян на турэцкіх тэрыторыях (Bona, Rer. Liturg., 216; Kozma, Liturg. Sacr. Cathol., 112, note; Wouters, Historia Ecclesiast., 258; Brerewood, Languages and Religions, p. 235; Gavantus, Thes. Rit., p. 25, xix.).

Валашская. — З сямнаццатага стагоддзя, калі вялікая колькасць людзей з валашскага народу прыйшла ў Касцёл, з маўклівай згоды Святога Пасаду яны цэлебравалі Імшу на сваёй роднай мове, якая аднак адрознівалася ад штодзённай мовы і з’яўлялася старым класічным варыянтам. Згода такога роду (калі можна назваць згодай маўчанне) даецца вельмі рэдка. І калі яна ўвогуле даецца, то толькі некаторым нованавернутым народам, якія моцна прывязаныя да сваёй мовы і абрадаў (Kozma, Liturg. Sacr. Cathol., p. 112, note 9).

Армянская. — Гэта літургічная мова ўсіх, хто называе сябе армянамі на Усходзе. Яны насяляюць Арменію, альбо сучасную Туркаманію, а таксама знаходзяцца ў Малой Азіі, Сірыі, Палестыне, Турцыі, Грузіі, Грэцыі, Афрыцы, Італіі і Расіі. У Расійскай імперыі іхнія катэдры былі размеркаваныя ўказам ад 11 сакавіка 1836 года. Цяпер імі кіруе патрыярх з тытулам “Армянскі Патрыярх Кілікіі”. На востраве Сан-Ладзара ў венецыянскай лагуне ў іх ёсць манастыр, сусветна вядомы сваёй друкарскай справай. Адсюль выйшлі амаль усе армянскія касцёльныя кнігі.

У адрозненне ад хрысціянаў Усходу, акрамя маранітаў, армяне выкарыстоўваюць для Эўхарыстыі неквасны хлеб, як і мы. Армяне-ерэтыкі, усе з якіх з’яўляюцца монафізітамі (гэта значыць, паводле вучэння Эўтыхія вераць у адну прыроду нашага Пана — боскую) [14], не змешваюць віно і ваду падчас Імшы, каб даць як мага большае сведчанне сваёй веры; бо вада з’яўляецца сімвалам людской прыроды нашага Пана, якая, як вераць гэтыя людзі, была цалкам увабрана боскай прыродай так, што і астатку яе не засталося (Burder, Religious Ceremonies, p. 180; Smith, Dwight, Travels in Armenia, passim ; Vetromile, Travels in Europe and the Holy Land, art. “Eastern Rites”).

Копцкая. — Гэтую мову, пра якую яе носьбіты кажуць, што яна з’яўляецца той самай старажытнай мовай фараонаў (г. зн. егіпецкай), выкарыстоўваюць пры цэлебрацыі сваіх святых абрадаў хрысціяне ўздоўж Ніла. Завуцца гэтыя людзі коптамі. Гэтая назва пайшла ад скарачэння назвы, якую ім далі грэкі — Αἰγύπτιος, егіпцяне, што ў шматлікіх манускрыптах пішацца як Ægophthi, Copthi, а таксама Chibthi. Прынамсі так тлумачаць паходжанне гэтага слова некаторыя найбольш дастойныя навукоўцы Усходу, сярод якіх і Рэнадо (Renaudot,  Liturg. Orient. Col., dissert, de Ling. Coptica, tom. i. p. ex.). Але, паводле Скэліджэра, Сімона і Кірхера, копты завуцца так па назве старажытнага егіпецкага горада Коптаса, які калісьці быў сталіцай Тэбайды. Рэнадо, аднак, ясна паказвае, што гэта не больш чым здагадка, і вялікая большасць сучасных мовазнаўцаў схіляецца да гэтага меркавання [15].

Для цэлебрацыі Імшы копты выкарыстоўваюць тры розныя літургіі: літургію св. Базыля, літургію св. Кірыла і літургію св. Грыгорыя. Першая з іх лічыцца найбольш элегантнай і складанай. Яна адпавядае вялікім нагодам і асабліва прысвечана Асобе Усемагутнага Айца. Другая літургія таксама прысвечана Асобе Айца, але не такім асаблівым чынам. Трэцяя — літургія св. Грыгорыя — прысвечана Асобе Боскага Збаўцы, бо яна падрабязна затрымліваецца на Яго ўцелаўленні, пакутах, смерці, уваскрасенні і ўнебаўшэсці. Гэта тры асноўныя літургіі. Можна сказаць, што копты выкарыстоўваюць толькі іх, бо хоць яны маюць іх разам дванаццаць, іншыя яны ніколі не ўжываюць (Renaudot, Comment. ad Liturg. Copt. S. Basilii, vol. i. p. 154).

На сённяшні дзень коптамі — на ўвазе маюцца копты-каталікі — кіруе апостальскі вікарый, які знаходзіцца ў Каіры, але ўжо адбываюцца зрухі ў бок таго, каб даць ім уласную іерархію са сваім патрыярхам.

Коптаў-схізматыкаў, усе з якіх з’яўляюцца монафізітамі і лічба якіх складае каля 150 тысяч, на 80 тысяч болей за тых, што знаходзяцца ў еднасці са Святым Пасадам. Імі кіруе патрыярх з тытулам “Копцкі Патрыярх Александрыі”. Акрамя яго, ёсць яшчэ адзін, які знаходзіцца ў Каіры і бярэ свой тытул з Ерузалема. Вядома, ён падпарадкоўваецца патрыярху Александрыі (Vetromile, Eastern Rites, 87 ; Renaudot, De Patriarcha Alexandrino, passim, tom. i). Цягам кнігі мы будзем часта звяртацца да коптаў.

Эфіопская. — Гэта літургічная мова сучасных эфіопаў, якія амаль нічым не адрозніваюцца ад коптаў як у дысцыпліне, так і ў касцёльных звычаях. Сама мова мае два дыялекты: гэта амхарская мова і мова геэз. Амхарская мова, альбо судовая мова, лічыцца значна прасцейшай за другую, на якой напісаныя амаль усе эфіопскія кнігі. На мове геэз размаўляюць пераважна ў каралеўстве Тыграй.

Некаторыя аўтары называюць эфіопскую мову халдзейскай, бо яе носьбіты лічаць, што яна паходзіць ад старажытнай халдзейскай мовы. Кажуць, што надзейныя веды пра яе можа здабыць чалавек, які валодае габрэйскай мовай, бо асноўная розніца паміж імі заключаецца ў будове алфавіту (Burder, Rel. Rites and Customs, p. 175; Brerewood, Languages and Religions, 300).

Колькасць эфіопаў-каталікоў складае каля двух мільёнаў. Імі кіруе апостальскі вікарый. Схізматыкаў, якія, як і копты, з’яўляюцца монафізітамі, у пяць разоў болей. На чале іх знаходзіцца кіраўнік, які называецца абуна (abouna, сір. наш Айцец). Ён стаіць на ўзроўні біскупа і дасылаецца ім патрыярхам Александрыі. Вялікая збаўчая асаблівасць гэтых людзей — гэта іхняя надзвычайная пабожнасць да Божай Маці. Пашана да яе такая вялікая, што калі звыклы вулічны жабрак не можа выцягнуць міласціну, згадваючы Бога ці кагосьці са святых, ён заклікае Дзеву Марыю і заўсёды атрымлівае прыхільнасць у адказ (Dublin Review, July 1863, p. 50). Больш за тое, прысяга ў яе імя лічыцца найбольш урачыстай з магчымых, і калі яе прыносяць неабдумана, за гэтым ідзе максімальна магчымае пакаранне, прадугледжанае законам (Lobo, Voyage to Abyssinia, p. 26). Іхняя літургія называецца “літургіяй усіх апосталаў”, але яе афіцыйная назва — эфіопскі канон. Яго лічаць пашырэннем літургіі св. Кірыла.

Варта таксама дадаць, што эфіопскія пасвячэнні з’яўляюцца адзінымі на Усходзе, у якіх Святы Пасад сумняваецца. Па гэтай прычыне святары, якія пераходзяць у наш Касцёл з іхняга, амаль заўсёды пасвячаюцца пад умовай. Я кажу “амаль заўсёды”, а не заўсёды, таму што, калі эфіопскаму абраду следуюць даслоўна, умоўнага пасвячэння не патрабуецца. Іхнія абрады маюць валідную форму, але бесклапотнасць з боку іхніх біскупаў часта прыводзіць да таго, што абрад моцна скажаецца альбо ўвогуле не выконваецца (Denzinger, Ritus Oriental., p. 139).

Пакідаючы прадмет нашай размовы, дададзім некалькі заўваг, якія будуць цікавыя для чытача. Мы казалі, што сёння Каталіцкі Касцёл цэлебруе Найсвяцейшую Ахвяру Імшы на дзевяці розных мовах, усе з якіх мы падалі. Мы сказалі, што грэкі служаць па-грэцку, армяне па-армянску, эфіопы па-эфіопску і г. д. Але чытач не павінен разумець гэта, як некаторыя накшталт Ашэра [16] хацелі б зразумець, што мы маем на ўвазе нацыянальныя мовы.

Грэкі, якія служаць па-грэцку, размаўляюць таксама па-грэцку, але гэтая мова настолькі адрозніваецца ад іхняй літургічнай мовы (бо апошняя — гэта старажытная класічная грэцкая мова), што наўрад ці знойдзецца хоць адзін чалавек, які зразумее слова з яе. Тое самае можна сказаць пра армянаў, тое самае пра эфіопаў, тое самае пра ўсе іншыя мовы, якія мы пералічылі. Копты, напрыклад, так слаба ведаюць імшальную копцкую мову, што рубрыкі ў кнігах надрукаваныя па-арабску (на мове тых тэрыторый) дзеля дапамогі клерыкам, бо ані людзі, ані клерыкі не валодаюць добра мовай, якую выкарыстоўваюць у святых абрадах (далейшае абмеркаванне праблемы: Renaudot, Liturg. Oriental. Collectio, tom, i., dissert, de Liturg. Orient. Origine, xxxviii).

Мы не лічым неабходным цытаваць аўтарытэтныя крыніцы для гэтых словаў і просім кагосьці выказаць супрацьлеглае. Гэта засведчаць каталікі і пратэстанты (мы маем на ўвазе тых, хто не аслеплены прадузятасцю). А паколькі ў хрысціянскім свеце ўвогуле няма людзей, якія цэлебруюць Святую Імшу на штодзённай мове, чаму лацінскаму Касцёлу так часта ставяць у віну “цэлебрацыю на незнаёмай мове”? Чаму не спытаць з грэцкага Касцёла? Чаму не спытаць з армянскага Касцёла? Чаму не спытацца ў рускіх? Калі ўсё ж неадабрэнне і мусіць быць выказана, то тыя людзі заслугоўваюць яго значна больш, бо самы непісьменны сярод нашых вернікаў ведае значна больш пра сваю літургічную мову — у кожным малітоўніку можна знайсці пераклад — чым найбольш адукаваныя з узгаданых народаў ведаюць пра сваю літургічную мову. Папрасіце нестарыяніна ці копта працытаваць вам хоць некалькі кароткіх сказаў на літургічнай сірыйскай ці літургічнай копцкай мове. Яму будзе прасцей выказаць свае думкі на кітайскай мове.


[9] Тэрмін “мелькіты” (ад сірыйскага malko, кароль) упершыню быў ужыты на Халкідонскім саборы (451 год) для абазначэння артадаксальнай групы на чале з імператарам Маркіянам. Сёння на Усходзе гэтае слова мае тое самае значэнне, якое на Захадзе мае слова папіст. Аднак схізматыкі прымяняюць яго таксама і да сябе, бо яно выражае артадаксальнасць, і радуюцца назве “Святая Праваслаўная Царква Усходу”.

[10] Калі мы кажам, што Святы Пасад дазваляе ўсходнім клерыкам у еднасці з ім жаніцца, гэта трэба разумець не так, быццам ён дазваляе рабіць гэта тым, хто прыняў пасвячэнне. Гэта не зусім так. Дысцыпліна ў гэтай справе наступная: шлюб дазволены ўсім малодшым клерыкам, ніжэйшым за субдыякана. Калі ж які-небудзь чалавек з малодшых ступеняў прымае пасвячэнне, ці то ў субдыяканат, ці то ў дыяканат, ці то ў святарства, яму дазваляецца захаваць сваю жонку і забяспечваць яе настолькі, наколькі яму дазваляе ягоны стыль жыцця, але больш ён ажаніцца не зможа. Калі ён зробіць гэта, ён будзе выключаны са святарскага стану і забаронены ў служэнні. Ніколі не існавала і не было дазволена такой рэчы, як шлюб у святарскім стане. Калі ж чалавек не ажаніўся да прыняцця стану субдыякана, ён больш гэтага не можа зрабіць. Што датычыцца біскупаў, патрыярхаў, мітрапалітаў і іншых дастойных чыноў усходняй іерархіі, то яны павінны быць адзінокімі. Менавіта таму ўсе, альбо амаль усе, усходнія біскупы бяруцца з манастыроў, і схізматыкі прытрымліваюцца таго ж самага правіла.

[11] Гэтыя людзі атрымалі назву “мараніты” ад св. Марана, манаха, які пражываў у Ліване ў пятым стагоддзі і шырока шанаваўся па ўсім Усходзе за выключную святасць. Некаторыя кажуць, што аднойчы яны трапілі ў ерась монафеліцтва [погляд на Хрыста, паводле якога Ён мае дзве прыроды, але адну волю — TI], але яны самі адкідваюць гэтае абвінавачванне, сцвярджаючы, што іхняя вера заўсёды была артадаксальнай. Дзеля смеху іх называюць “усходнімі папістамі”: настолькі вялікая іх лаяльнасць да Святога Пасаду.

[12] Нестарыяне, якія атрымалі сваё імя ад Несторыя, народжанага ў Германікеі, у Сірыі, патрыярха Канстантынопаля ў пятым стагоддзі, у вялікай колькасці расселеныя па ўсім Усходзе. У іх ёсць дваццаць пяць мітрапалітаў і патрыярх, які знаходзіцца ў Масуле, старажытнай Нініве. Даволі дзіўна, але самі яны лічаць абразай назву “нестарыяне”, тады як іхняя сапраўдная назва, на якой яны моцна настойваюць, гучыць як Soorayé, што азначае сірыйцы. Некаторыя кажуць, што яны часам завуць сябе Nusrani, г. зн. “назарэі”. Але гэта, калі на тое пайшло, толькі адгаворка, каб пазбегнуць імя ерэтыка Несторыя, якім яны не хочуць называцца (гл. Nestorians and their Rituals, vol. i. p. 178, аўтарства Rev. Geo. Percy Badger; і Vetromile, Travels in Europe and the Holy Land, p. 90). Наўрад ці чытачу варта нагадваць, што ерась, за якую Несторый быў асуджаны на сборы ў Эфесе (431 год), заключалася ў прыпісванні Пану дзвюх адасобленых асобаў замест адной, а таксама ў адмаўленні Святой Дзеве тытулу “Божая Маці”.

[13] Паводле Асэмані [Assemani] (Bibl. Orient., tom. iv., p. 378), гэтае слова паходзіць ад грэцкага στρογγυλος, круглы, але цяжка вызначыць, дзе там акругласць у гэтых сімвалах. Іншыя кажуць, што гэтае слова пайшло ад арабскага выразу, які азначае “той, хто піша Евангелле” (гл. Phillips, Syriac Oram., Introduction, p. 6).

[14] Тэрмін “монафізіт” (ад грэцкіх μονος і φυσις — адна прырода) увайшоў ва ўжытак пасля Халкідонскага сабору (451 год), на якім быў асуджаны ерэтык Эўтыхій за заяву пра тое, што ў нашым Пану існавала толькі адна прырода. У Сірыі і іншых старонах Усходу паслядоўнікі Эўтыхія называюцца якабітамі па імені Якуба Барадэя, аднаго з іхніх рэфарматараў, але па ўсёй Афрыцы яны вядомыя па іх больш універсальнаму імені — монафізіты. Каб паказаць асаблівасць сваіх ерэтычных поглядаў, яны робяць знак крыжа толькі адным пальцам (Brerwood, Languages and Heligions, p. 186).

[15] “Le terme Arabe, un Cophte, me semble une altération évidente du Grec Αιγύπτος, un Egyptien, car on doit remarquer que y était prononcé ou chez les anciens Grecs, et que les Arabes, n’ayant ni g devant a, o, u, ni la lettre p, remplacent toujours ces lettres par g et b; les Cophtes sont donc proprement les représentans Egyptiens” (Volney, урывак з Crescent and the Cross, p. 93, Warburton).

[16] Ашэр быў англіканскім біскупам семнаццатага стагоддзя. Ён быў чалавекам вялікай эрудыцыі і меў вялікія заслугі, нягледзячы на фанатызм, які ліўся з яго пяра. Ён апублікаваў так званы Каталог ірландскіх святых, размеркаваўшы іх у тры групы, паводле часу, у якім яны жылі.


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыйнае фота: Groume (CC BY-SA), кніга на сірыйскай мове.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: