usain-bolt-nick-webb-cc-by

Існуе тэндэнцыя (асабліва ў рымскім абрадзе) аддаваць зашмат увагі колькасці часу, які мы праводзім у касцёле. Магчыма, гэты сіндром больш распаўсюджаны сярод святароў, чым сярод іншых людзей. Як і шматлікія публічныя прамоўцы, яны не заўважаюць, як доўга яны прапаведуюць, але большасць святароў сочыць за тым, колькі часу яны цэлебруюць Імшу.

Што робіць святар, калі пачынае баяцца зацягнуць Імшу, а ў ягонай галаве паўстаюць вобразы перапоўненай паркоўкі? Для многіх галоўным рашэннем з’яўляецца ІІ Эўхарыстычная малітва. Гэта агульная тэндэнцыя, але ці на самой справе на Эўхарыстычнай малітве можна нагнаць час? Акрамя таго, ці правільна святары выкарыстоўваюць зацверджаныя Эўхарыстычныя малітвы, прымаючы такое рашэнне? Уся літургія Касцёла рухаецца да Эўхарыстыі, а малітвы ўстанаўлення з’яўляюцца самымі важнымі словамі Святой Імшы. Ці не было б правільна прапаведаваць менш і выкарыстоўваць Рымскі Канон?

З-за сваёй універсальнасці і амаль нязменнага выкарыстання на працягу 1500 гадоў Рымскі Канон займае шанаванае месца сярод Эўхарыстычных малітваў, і таму не з’яўляецца толькі адным з некалькіх раўназначных варыянтаў. Гэта адзіная малітва, якую, паводле літургічных нормаў, “можна ўжываць заўсёды” (Агульныя ўводзіны да Рымскага Імшала, 365а). IV Эўхарыстычная малітва выкарыстоўваецца з абмежаваннямі з-за наяўнасці сваёй уласнай прэфацыі. ІІІ Эўхарыстычная малітва найбольш адпавядае ўспамінам святых, а ІІ Эўхарыстычная малітва асабліва не рэкамендуецца да выкарыстання ў нядзелі, урачыстасці і святы. Гэта не мая ўласная класіфікацыя чатырох асноўных Эўхарыстычных малітваў, а нормы, прыведзеныя ў VII раздзеле Агульных уводзінаў да Рымскага Імшала (даступныя тут).

У цэлебрацыі Імшы трэба захоўваць баланс. Святы Айцец Францішак нядаўна прыгожа выказаўся пра гэта:

Гамілія павінна быць кароткай і не ствараць уражання, што гэта нейкая канферэнцыя ці лекцыя. Прапаведнік можа мець здольнасць утрымліваць жывую зацікаўленасць людзей на працягу гадзіны, але тады яго словы становяцца больш важнымі за цэлебрацыю веры. Калі гамілія празмерна зацягваецца, то гэта знішчае дзве характэрныя рысы літургічнай цэлебрацыі: гармонію паміж яе часткамі, а таксама яе рытм. …Таму трэба, каб слова прапаведніка не займала празмерна часу, каб больш за распарадчыка ў цэнтры ўвагі быў Пан (Evangelii Gaudium, 138).

Акрамя таго, гэта азначае, што менш важныя часткі Імшы ніколі не павінны дамінаваць над больш важнымі. Калі мы ўзносім 14 малітваў вернікаў і праводзім ў цішыні пасля Камуніі толькі дзесяць секунд, гэта дысбаланс. Калі мы спяваем чатыры спевы, але рэцытуем усе дыялогі і акламацыі, гэта дысбаланс. Калі мы прапаведуем 25 хвілін і выбіраем ІІ Эўхарыстычную малітву, гэта дысбаланс.

Аргумент супраць выбару ІІ Эўхарыстычнай малітвы дзеля эканоміі часу не толькі тэарэтычны: ён таксама засноўваецца на эксперыментальных дадзеных. Колькасць старонак у імшалах можа намякаць, што Рымскі Канон незвыкла даўжэйшы за іншыя малітвы, але мне часта здавалася, што больш канкрэтнае даследаванне пакажа, што сапраўдная даўжыня не будзе такой несувымернай. Таму я вырашыў самастойна правесці гэтае даследаванне, падлічваючы словы ў чатырох Эўхарыстычных малітвах і параўноўваючы час, які зойме іх чытанне.

Ніжэй прыведзеныя рэзультаты падліку словаў, якія прадказальна паказваюць, што ІІ Эўхарыстычная малітва фактычна з’яўляецца самай кароткай. Яна на цэлых 453 словы карацейшая за Рымскі Канон. Я не ўлічваў прэфацыю, Sanctus (Святы)Mysterium fidei (Таямніца веры), Per ipsum (Праз Хрыста…), асаблівыя формы Communicantes (У еднасці з усім Касцёлам) і Hanc igitur (Пане, ласкава прымі, просім…), а таксама адмысловыя згадкі ў Імшах за памерлых.

Graph1

Як розніца ў колькасці словаў адбіваецца на часе чытання? Спачатку я хацеў вызначыць час самастойна, чытаючы кожны тэкст за сталом, але пабаяўся падсвядома прыспешыць той ці іншы тэкст і сказіць дадзеныя ў выгадны мне бок.

Тады я знайшоў запісы кожнай з малітваў, якія зрабіў а. Джэймс Лаянз з архідыяцэзіі Уэлінгтана (Новая Зеландыя), каб дапамагчы святарам вывучыць новыя пераклады. Ніжэй прыведзены графік, які паказвае даўжыню гэтых чатырох запісаў. Цікава, што набольш доўгім з’яўляецца не Рымскі Канон, а IV Эўхарыстычная малітва; хоць яна і на 100 словаў карацейшая за яго, яна збудавана такім чынам, што патрабуе больш паўзаў. (Заўвага: арыгінальная даўжыня аўдыёфайлаў большая за час, прадстаўлены тут, таму што я выразаў уводзіны а. Лаянза дзеля больш дакладных велічыняў.)

Graph2

Трэба сказаць, што запісы ад аднаго святара з’яўляюцца вельмі малой выбаркай, але я думаю, што дадзеныя, якія я атрымаў з гэтых запісаў, дастаткова дакладна прадстаўляюць той час, які мы атрымалі б у больш вялікім даследаванні. Акрамя таго, важным тут з’яўляецца не рэальны час, які пэўны святар выдае на чытанне Эўхарыстычнай малітвы, а хутчэй адносная даўжыня розных малітваў. Што ж паказваюць гэтыя дадзеныя? Наколькі Рымскі Канон даўжэйшы за ІІ Эўхарыстычную малітву? Менш чым на дзве хвіліны.

Гіпотэза аб тым, што выкарыстанне ІІ Эўхарыстычнай малітвы дае перавагу ў часе, глыбока сядзіць у розумах многіх святароў і наведвальнікаў святых Імшаў. Аднак, з тэарэтычнага і практычнага пункту гледжання, яна засноўваецца на двух няправільных дапушчэннях: па-першае, аб тым, што Эўхарыстычная малітва — гэта найлепшае (альбо найбольш простае) месца, каб зэканоміць час, і па-другое — аб тым, што выкарыстанне ІІ Эўхарыстычнай малітвы значна эканоміць час. На мой жа погляд, у Імшы існуюць больш адпаведныя часткі, якія можна скараціць, а час, які эканоміць ІІ Эўхарыстычная малітва, даволі нязначны.

Сам я вінаваты ў той жа ступені, што і кожны вядомы мне каталік, але я ўсё яшчэ сумую па тым свеце, у якім мы не так трывожымся пра даўжыню Імшы. Пакуль жа мы чакаем надыходу гэтага свету, давайце не будзем надаваць рэчам вялікага значэння. У наступны раз, калі ваш святар выбера ІІ Эўхарыстычную малітву, запытайцеся ў сябе, ці змаглі б вы ўдзяліць святой Імшы дадатковыя дзве хвіліны.


Аўтар: Fr. David Friel
Крыніца: Corpus Christi Watershed
Ілюстрацыя: Nick Webb (CC BY)

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу аўтара.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар