Cenacle_panorama

Найбольш дастойныя аўтары падтрымліваюць меркаванне, што менавіта святы Пётр, князь апосталаў і галава Хрыстовага Касцёла, адслужыў першую Імшу пасля спаслання Святога Духа ў тым самым вячэрніку [8] ў Ерузалеме, дзе наш Пан прамовіў словы “гэта чыніце на маю памяць”.

І паколькі прагучыць пытанне, чаму Імша не служылася перад Пяцідзесятніцай, мы перададзім тое, што кажуць найвялікшыя аўтарытэты, а менавіта, што, па-першае, апосталы не асмельваліся выконваць такую велічную справу, не атрымаўшы паўнаты Святога Духа. Па-другое, паколькі да спаслання Святога Духа Стары Закон яшчэ не быў цалкам адменены ў тым, што датычылася святарства, апосталы не палічылі належным пачынаць святое служэнне паводле Новага Закону, пакуль гэтая адмена не наступіць. Выдаецца, што Святое Пісанне таксама падтрымлівае гэтае сцвярджэнне, бо ў Дзеях апосталаў (1:14) мы чытаем, што да спаслання Святога Духа “ўсе яны сумесна трывалі ў малітве”, а ўжо пасля спаслання ўзгадваецца “ламанне хлеба”, гэта значыць, цэлебрацыя Святой Камуніі (Дз 2:42, 46; гл. Gavantus і Merati, Thesaur. Sacr. Bit., pp. 7, 12, 14; а таксама Bona, Rer. Liturg., book i. p. 206).

Мова першай Імшы

У часы нашага Пана ў Юдэі былі распаўсюджаныя тры мовы. У нейкім сэнсе, гэта сусветныя мовы тых дзён: габрэйская, грэцкая і лацінская. Першая, больш вядомая як сіра-халдзейская, альбо, больш правільна, сірыйская, з’яўлялася мовай большай часткі Юдэі, асабліва самога Ерузалема і яго прымежных тэрыторый. Яна ж, без сумневу, была роднай для нашага Боскага Пана і яго благаслаўлёнай Маці. Гэта было добра прадэманстравана як супольнай згодай крытыкаў, так і шматлікімі сірыйскімі выразамі, якія мы знаходзім сям-там у Новым Запавеце ў іх арыгінальным выглядзе, напрыклад, “таліта кумі”, “элоі, элоі, лема сабахтані” і “эффата” — усе гэтыя выразы з’яўляюцца сірыйскімі, хоць у іх і зроблены некаторыя змены дзеля мілагучнасці для грэцкага вуха.

Другая мова, грэцкая, атрымала шырокае распаўсюджанне ў Палестыне, як сведчыць св. Геранім (Proem, l. 2, Com. Epist. ad Gal.) і іншыя запісы. “І такой славай, — кажа Брэрвуд (Brerewood) у кнізе Languages and Religions (с. 9), — такой славай цешылася грэцкая мова ў апостальскія часы, а на ўсходніх тэрыторыях і значна пазней”.

Трэцяя мова, лацінская, у часы нашага Пана і яго апосталаў распаўсюдзілася па Святой Зямлі болей за першыя дзве, бо гэта была мова Рымскай імперыі, а паколькі Юдэя была ў той час і ў папярэднія гады рымскай правінцыяй, натуральна, што мова Рыма прымусова распаўсюджвалася сярод пераможанага народу. Але паколькі ў нас яшчэ будзе магчымасць вярнуцца да гэтых моваў пазней, мы спынімся на гэтых кароткіх рэмарках і разгледзім пытанне, вынесенае ў назву гэтага раздзела, а менавіта: на якой мове складалася першая Імша?

Знаны нямецкі тэолаг і антыквар шаснаццатага стагоддзя Эк быў першым, хто выказаў здагадку, што спачатку Імша паўсюль цэлебравалася па-габрэйску. Але гэтае меркаванне не падтрымліваюць найбольш дастойныя літургічныя аўтары і мовазнаўцы, якія кажуць, што ў часы апосталаў Імша цэлебравалася на той мове, якая пераважала ў тых месцах, куды апосталы ішлі, каб распаўсюджваць святло Евангелля. Такім чынам, у Ерузалеме яна служылася на сірыйскай мове, у Антыёхіі, Александрыі і іншых грэцкіх гарадах — па-грэцку, а ў Рыме і на ўсім Захадзе — па-лацінску. Паколькі першая Імша цэлебравалася ў Ерузалеме, існуе меркаванне, якому не мае сэнсу супярэчыць, што яна служылася на сірыйскай мове (Bona, Rer. Liturg., 207; Gavantus, Thesaur. Sacr. Rit., 16, 17; Kozma, Liturg. Sacr. Сathol., p. 111).

Абсталяванне для першай Імшы

Хоць ані Пісанне, ані гісторыя не кажуць нічога яснага пра тое, якія рэчы і цырымоніі выкарыстоўваліся апосталамі для цэлебрацыі Святой Эўхарыстыі, найбольш верагодна, што такая найдастойнейшая ахвяра не складалася без адпаведных і прыстойных рэчаў. Апосталы вельмі добра ведалі, у адпаведнасці з якімі велічнымі рытуаламі складаліся ахвяры закону Майсея і як усемагутны Бог сам выразна ўстанавіў, якое адзенне павінны выкарыстоўваць святары і якія рытуалы трэба было праводзіць з кожнай нагоды. І калі ўсё гэта мусіла выконвацца дзеля ахвяры, якая складалася з быкоў і казлоў, як жа большага трэба было чакаць, калі ахвярай станавіўся ніхто іншы, як сам Божы Сын! Вельмі падобна, што пра неабходнае абсталяванне і цырымоніі, якія неабходна было захоўваць, апосталам вусна паведаміў сам Пан, а яны захоўвалі ўсё так, як было прадпісана.

Кардынал Бона, разглядаючы гэтае пытанне, кажа, што, без сумневу, святло выкарыстоўвалася падобна як у старажытных габрэяў; што адзенне адрознівалася ад штодзённага адзення. Таксама ён згадвае той факт, што арнат св. Пятра быў перанесены з Антыёхіі ў касцёл св. Жэнеўевы ў Парыжы і там старанна захоўваўся (Rer. Liturg., p. 206).


[8] Вячэрнік, які стаіць на гары Сіён да сённяшніх дзён з’яўляецца адным з найвялікшых аб’ектаў ушанавання ў Святой Зямлі. Ён вядомы як месца, у якім, як мяркуюць, прайшла Апошняя вячэра; у якім Пан пасля свайго хвалебнага ўваскрасення велікодным ранкам з’явіўся сваім вучням; у якім быў устаноўлены сакрамэнт пакуты і ў якім наш Пан апошні раз размаўляў са сваімі перад Унебаўшэсцем. На гэтым благаслаўлёным месцы св. Якуб Меншы, называны братам Пана, быў пасвячаны ў першыя біскупы Ерузалема. Таксама пабожная традыцыя кажа, што менавіта там “узлюблены вучань” служыў Імшу ў прысутнасці благаслаўлёнай Дзевы, якая там жа аддала жыццё. У кнізе Travels in Europe and the
Holy Land (c. 200) вячэрнік апісваецца як вялікі пакой, раздзелены альковам, а таксама згадваецца, што да наведвання гэтага пакоя прымацаваны поўны адпуст пад звычайнымі ўмовамі.


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Фота: Assaf Yekuel (CC BY-SA).

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар