cross-claudio-ungari-cc-by-mini

Са спрадвечных часоў у Лацінскім Касцёле існаваў звычай устрымлівацца ад цэлебрацыі звычайнай Імшы ў Вялікую Пятніцу па той прычыне, што гэта дзень вялікай жалобы, а звычайная Імша мае больш ці менш радасны характар. Іншая прычына заключаецца ў тым, што, як кажа святы Тамаш Аквінскі (p. 3, q. 83, art. 2), не належыць прадстаўляць Муку Хрыста містычна, шляхам кансэкрацыі Эўхарыстыі, у той час як Касцёл цэлебруе Яго Муку, як быццам яна рэальна адбываецца.

Тыя, хто захоўвае амбразіянскі абрад (а менавіта, міланскія святары), не служаць увогуле ва ўсе пятніцы Вялікага посту. Гэтая традыцыя бярэ пачатак прынамсі ад часоў св. Карла Барамэа. Святары з Мілана не служаць у гэтыя дні нават Імшы за памерлых ці Імшы ў пэўных патрэбах, якой пільнай ні была б патрэба (Bona, Rer. Liturg., p. 219).

Таксама Імша забаронена, калі толькі гэта не ўрачыстая спяваная Імша, у Вялікі Чацвер, хоць выключэнне робіцца для малых касцёлаў з колькасцю святароў, недастатковай для таго, каб выканаць звыклыя цырымоніі. У такіх выпадках дазваляецца ціхая Імша.

Яшчэ адзін дзень, калі не дазваляецца Імша, акрамя асаблівых выпадкаў, — гэта Вялікая Субота. І хоць звычайна ў гэты дзень служаць урачыстую спяваную Імшу, фактычна яна належыць да ночы Святой Суботы альбо да Пасхальнай вігіліі, а не да самога дня, што можна бачыць з тэкстаў, дзе часта згадваецца час, калі гэтая Імша мае цэлебравацца. Так, першая калекта кажа: “Божа, Ты асвятляеш гэтую найсвяцейшую ноч славаю змёртвыхпаўстання Пана, ажыві ў Тваім Касцёле дух Божага сыноўства, каб, адноўленыя целам і душою, мы аддана Табе служылі”. Таксама ноч узгадваецца ў прэфацыі і ў малітве Канона пад назвай “Communicantes”.


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыйнае фота: Claudio Ungari (CC BY)

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар