50-я гадавіна Sacrificium Laudis Папы Паўла VI

Pope-paul-vi-mini

Існуе некалькі папскіх дакументаў, якія сёння чытаюцца вельмі дзіўна, таму што цяпер мы ўжо ведаем, як іх цалкам праігнаравалі і як ім пайшлі насуперак пасля публікацыі. Тры найбольш яркія прадстаўнікі гэтага жанру, так бы мовіць, гэта трыа з супольнай літургічнай сутнасцю: энцыкліка Mediator Dei Пія ХІІ (1947), якая стрымлівае празмернасць літургічнага руху; апостальская канстытуцыя Veterum Sapientia Яна ХХІІІ (1962), якая ўрачыста пацвердзіла цэнтральнае месца лацінскай мовы ў жыцці Касцёла; і апостальскі ліст Sacrificium Laudis Паўла VI, выдадзены 15 жніўня 1966 года — пяцьдзясят год таму.

Напрыклад, Пій ХІІ ў вядомым параграфе пералічвае некалькі памылковых прыкладаў антыкварыянізму, усе з якіх пазней сталі відочнымі характарыстыкамі паслясаборнага літургічнага жыцця:

62. Вядома, вяртанне ў духу і прывязанасці да крыніцаў святой літургіі з’яўляецца мудрай і ў найвышэйшай ступені пахвальнай справай. Бо даследванні ў гэтай вобласці, сягаючы яе пачаткаў, робяць каштоўны ўнёсак на шляху да больш стараннага і ўважлівага разгляду значнасці святаў, а таксама значэння тэкстаў і святых цырымоній, якія ўжываюцца з іх нагоды. Але не будзе ані разумным, ані пахвальным зводзіць усё да старажытнасці любым магчымым спосабам. Такім чынам, напрыклад, адыходам ад роўнага шляху было б жаданне вярнуць алтару прымітыўную форму стала, выключыць чорны колер з набора літургічных колераў, забараніць выкарыстоўваць у касцёлах святыя іконы і статуі, рабіць крыжы такім чынам, каб цела боскага Збаўцы не мела слядоў Яго жорсткіх пакутаў, і, нарэшце, жаданне пагарджаць паліфанічнай музыкай і спевам і адкідваць іх нават у тых частках, у якіх дзейнічаюць пастанаўленні, выдадзеныя Святым Пасадам.

Таксама і Ян ХХІІІ напісаў наступныя памятныя словы наконт ролі лацінскай мовы — памятныя толькі з прычыны татальнай трагедыі іх адкідання на практыцы ўжо праз некалькі гадоў:

“Веданне і выкарыстанне гэтай мовы”, так цесна звязанай з жыццём Касцёла, “важнае не столькі па культурных і літаратурных, колькі па рэлігійных прычынах. … Бо Касцёл менавіта таму, што ён ахоплівае ўсе нацыі і прызначаны да трывання да канца часоў… па сваёй прыродзе патрабуе мовы універсальнай, нязменнай і не народнай” (Пій ХІ). … Каталіцкі Касцёл мае годнасць, якая значна перавышае годнасць кожнай чыста людской супольнасці, бо ён быў заснаваны Хрыстом Панам. Таму цалкам адпаведна, каб мова, якою ён карыстаецца, была годнай, велічнай і не народнай. Да таго ж лацінскую мову “можна назваць сапраўды каталіцкай”. Яна была асвячана праз пастаяннае выкарыстанне Апостальскай сталіцай, маці і настаўніцай усіх Касцёлаў, і павінна лічыцца “багаццем… нязмернай годнасці”. Яна адкрывае доступ да правільнага разумення хрысціянскіх пісьменнікаў старажытнасці і дакументаў вучэння Касцёла. Таксама яна з’яўляецца найбольш эфектыўнай сувяззю, якая звязвае сённяшні Касцёл з Касцёлам мінулага і Касцёлам будучыні ў цудоўнай неразрыўнасці.

Ян ХХІІІ падпісаў гэты дакумент на галоўным алтары базілікі св. Пятра перад вялікім натоўпам вернікаў, якім ён растлумачыў ягоную значнасць. Рамана Амерыё цвяроза заўважыў: “Ва ўсёй гісторыі Касцёла не было іншага выпадку, калі б дакументу так урачыста прыдавалі вялікае значэнне, а потым так бесцырымонна і так хутка пазбаўляліся яго, як цела сказанага злачынцы”.

Аднак, па вялікім рахунку, найвялікшай трагедыяй паслясаборнага перыяду было раптоўнае, драматычнае, сусветнае крушэнне манаскага жыцця, асабліва ў яго сузіральных галінах, а таксама знікненне быццам за ноч спеву Божага Афіцыя грыгарыянскім спевам. Гэта быў антыцуд, калі можна так сказаць, подзвіг шатана, які пад выглядам анёла святла звабіў манахаў на пагібель. Хвала Богу, якая на працягу тысячагоддзя спявалася Богу ўдзень і ўначы на мелодыі, прыгажэйшыя за іншыя, што нараджаліся ці народзяцца ў свеце, сціхла, змоўкла, як магіла.

Між тым, у 1966 годзе Папа Павел VI словамі, не менш яснымі, смелымі, прынцыповымі і прароцкімі, чым тыя, якімі ён казаў пра кантроль нараджальнасці ў Humanae Vitae, заклікаў кансэкраваных асобаў усялякім коштам падтрымліваць іхні традыцыйны супольны афіцый, бо гэта было іх асаблівым унёскам у жыццё, здароўе і рост Містычнага Цела. Хоць гэта і праўда, што Павел VI з ягоным сіндромам Гамлета, у якім ён сам прызнаваўся, хадзіў зігзагамі ў супрацьлеглых накірунках, магчыма, трапіўшы ў пакуты і сумневы свайго стагоддзя, тым не менш ён час ад часу уздымаўся над каламутнымі водамі, каб ясна сказаць тое, што сталася б благаслаўленнем для Касцёла, калі б толькі гэта паслухалі.

Аднак я збіраюся не паглыбляцца ў праблемны і складаны пантыфікат, а проста ўспомніць 50-гадовы юбілей закінутага, аднак цудоўна зыркага апостальскага ліста ад 15 жніўня 1966 года, нагадаць пра ягоны змест дзеля заахвоты тых, хто сёння імкнецца аднавіць поўны тэкставы, музычны і цырыманіяльны бляск Божага Афіцыя, ці то ў манаскіх абрадах, ці то ў старым рымскім варыянце, ці то ў стане пасля рэформы Пія Х, ці то ў варыянце Паўлавай Літургіі гадзінаў.

21454879169_298020005b_k

Апостальскі ліст Sacrificium Laudis

Найвышэйшым настаяцелям рэлігійных інстытутаў духавенства, абавязаных да супольнай рэцытацыі Божага афіцыя.

Узлюбленым сынам — пажаданні здароўя і апостальскае благаслаўленне.

Вашыя сем’і, як такія прысвечаныя Богу, заўсёды шанавалі ахвяру хвалы, ахвяру вуснаў, якія вызнаюць Пана, а менавіта, псальмы і гімны, якімі праз манаскую пабожнасць асвячаюцца гадзіны, дні і поры года, сярод якіх ззяе, як сонца, і прыцягвае ўсе рэчы да сябе Эўхарыстычная Ахвяра. Бо з годнай прычыны лічыцца, што нішто не павінна мець перавагу над такой святой справай, як гэтая. Няцяжка зразумець, якая вялікая хвала Стварыцелю ўсіх рэчаў пайшла з гэтай справы альбо якія даброты былі прынесеныя Касцёлу. Следуючы гэтаму сталаму і няспыннаму парадку малітвы, вы паказалі, наколькі важным для людской супольнасці з’яўляецца пакланенне Богу.

Аднак з лістоў, дасланых некаторымі з вас, а таксама з многіх іншых крыніцаў Мы даведаліся, што ў вашых супольнасцях і правінцыях — Мы кажам толькі пра тых, хто належыць да лацінскага абраду — уводзяцца супярэчлівыя практыкі. Бо тады, як адны застаюцца вернымі лацінскай мове, іншыя жадаюць выкарыстоўваць у супольным афіцыі народныя мовы. У іншых месцах спеў, званы грыгарыянскім, жадаюць замяніць сучаснымі спевамі. Больш за тое, некаторыя нават настойваюць, каб выкарыстанне лацінскай мовы было цалкам адменена.

Трэба прызнаць, што Мы былі ў некаторай ступені ўсхваляваныя і засмучаныя гэтымі просьбамі. Узнікае таксама пытанне: якое паходжанне мае гэты новы спосаб мыслення і гэтая раптоўная нелюбоў да мінулага? Таксама трэба спытацца, чаму гэтыя рэчы заахвочваюцца.

Вы асабіста добра ведаеце, як моцна Мы любім вашыя манаскія сем’і і як Мы іх цэнім. Вы можаце не сумнявацца ў гэтым. Мы часта захапляліся прыкладамі выбітнай святасці і вынікамі глыбокай адукаванасці, якія іх праславілі. Мы лічым за шчасце любым законным і адпаведным спосабам падтрымліваць іх, ісці насустрач іхнім пажаданням і дбаць аб іх дабрабыце.

Аднак жа ўзгаданыя рэчы адбываюцца нават пасля таго, як Другі Экуменічны Ватыканскі сабор пасля адпаведнага разважання ўрачыста заявіў пра сваё рашэнне па гэтым пытанні (Sacrosanctum Concilium, 101, 1), а ў наступных Інструкцыях былі дадзены канкрэтныя нормы. У першай Інструкцыі (ad exsecutionem Constitutionis de sacra Liturgia recte ordinandam), выдадзенай 26 верасня 1964 года, было пастаноўлена наступнае: “Пры супольнай цэлебрацыі Божага афіцыя клерыкі абавязаны захоўваць лацінскую мову” (№ 85). У другой Інструкцыі (de lingua in celebrandis Officio divino et Missa “conventuali” aut “communitatis” apud Religiosos adhibenda), апублікаванай 23 лістапада 1965 года, гэтае прадпісанне пацвярджаецца, і адначасова аддаецца вялікая ўвага духоўнай карысці вернікаў і асаблівым умовам, якія дзейнічаюць на місіянерскіх тэрыторыях. Таму, пакуль законным чынам не будзе пастаноўлена іншае, гэтыя законы маюць сілу і патрабуюць паслухмянасці, якой кансэкраваныя асобы, дарагія сыны Касцёла, павінны адрознівацца.

Размова тут ідзе не толькі пра захаванне лацінскай мовы ў супольным афіцыі, хоць, вядома, яе трэба старанна ахоўваць і не дапускаць яе недаацэнкі. Бо ў лацінскім Касцёле гэтая мова з’яўляецца шчодрай крыніцай хрысціянскай цывілізацыі і вельмі багатым скарбам пабожнасці. Але пад рызыкай таксама знаходзяцца зграбнасць, прыгажосць і жыццёвая моц гэтых малітваў і спеваў — самога супольнага афіцыя, “голаса Касцёла, які соладка спявае” (пар. св. Аўгустын, Споведзь, 9, 6: PL 32, 769). Вашыя заснавальнікі і настаўнікі, святыя, якія пэўным чынам з’яўляліся светачамі ў вашых манаскіх супольнасцях, перадалі вам гэта. Традыцыю старэйшых, вашую славу на працягу многіх стагоддзяў, не трэба недаацэньваць. Сапраўды ваш прынцып супольнай цэлебрацыі афіцыя быў адной з галоўных прычын, чаму гэтыя вашыя сем’і так доўга пратрывалі і паспяхова павялічыліся. Таму вельмі здзіўляе, што пад уплывам раптоўнага замяшання некаторыя цяпер думаюць, што яго трэба пакінуць.

У такой сітуацыі — якімі словамі, якімі мелодыямі можна замяніць тыя формы каталіцкай пабожнасці, якія вы выкарыстоўвалі дагэтуль? Вам варта старанна ўзважыць і абдумаць, каб не атрымалася горш, калі гэтая слаўная спадчына будзе адкінутая. Належыць асцерагацца, каб супольны афіцый не пераўтварыўся ў простую штодзённую рэцытацыю, якая пакутуе на беднасць і выклікае нуду, што вы самі ж першыя, магчыма, і адчуеце. Можна пацікавіцца, ці прыйдзе у вашыя касцёлы такая вялікая колькасць людзей у пошуках сакральнай малітвы, калі яе старажытная і родная мова, з’яднаная са спевам, поўным велічнай прыгажосці, больш не будзе раздавацца ў вашых сценах. Таму Мы заклікаем усіх, хто мае да гэтага адносіны, абдумаць тое, што яны хочуць пакінуць, і не дазволіць, каб перасохла крыніца, з якой яны ж самі шчодра чэрпалі да гэтага часу.

Вядома, лацінская мова прадстаўляе некаторыя цяжкасці, магчыма, немалыя, для навабранцаў вашых святых атрадаў. Але гэтыя цяжкасці, як вы ведаеце, не павінны лічыцца непераможнымі. Гэта датычыцца асабліва вас, якія можаце больш прысвяціць сябе заняткам, будучы больш аддзеленымі ад справаў і клопатаў свету. Больш за тое, гэтыя малітвы з іхняй старажытнасцю, іхняй дасканаласцю, іхняй высакароднай веліччу будуць прыцягваць да вас маладых людзей, пакліканых да спадчыны Пана. З іншага боку, калі ў хора адняць гэтую мову цудоўнай духоўнай моцы, што пранікае межы народаў, а таксама забраць гэтую мелодыю, што паходзіць з самай глыбокай святыні душы, дзе прабывае вера і гарыць любоў (Мы кажам пра грыгарыянскі спеў), такі хор будзе, як згаслая свечка, якая больш не дае святла, больше не прываблівае зроку і розуму людзей.

Ва ўсякім выпадку, узлюбленыя сыны, згаданыя просьбы закранаюць такія сур’ёзныя пытанні, што Мы не можам задаволіць іх альбо часткова адысці ад пастанаўленняў Сабору і названых Інструкцый. Таму Мы настойліва заклікаем вас ва ўсіх аспектах разгледзець гэтае складанае пытанне. З-за добрай волі, якую Мы маем да вас, і з-за добрай ацэнкі, якою мы вас адзначаем, Мы не жадаем дазволіць вам тое, што можа пагоршыць вашую сітуацыю, што можа нанесці вам немалую шкоду і што напэўна прынесла б боль і смутак усяму Божаму Касцёлу. Дазвольце Нам абараніць вашыя інтарэсы нават супраць вашай волі. Ад таго самага Касцёла, які ўвёў народныя мовы ў святую літургію з пастырскіх прычынаў, то бок дзеля карысці людзей, якія не ведаюць лацінскай мовы, вы атрымалі заданне захоўваць старажытную ўрачыстасць, прыгажосць і годнасць супольнага афіцыя, як у мове, так і ў спеве.

Таму шчыра і спакойна падпарадкуйцеся гэтым прадпісанням, якія дыктуе не празмерная любоў да старых традыцый, а Нашая айцоўская любоў да вас і Нашае дбанне пра Божую службу.

Нарэшце, Мы з вялікім жаданнем удзяляем вам і вашым сабратам апостальскае благаслаўленне ў Пану як найбольш сур’ёзны нябесны дар і знак Нашай прыхільнасці.

Дадзена ў Рыме, у святога Пятра, у 15 дзень месяца жніўня, у свята Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, у год 1966, чацвёрты Нашага пантыфікату.


Аўтар: Peter Kwasniewski
Крыніца: New Liturgical Movement
Папскі герб: Magul (CC BY-SA). Ілюстрацыя: Fr Lawrence Lew, OP (CC BY-NC-ND).

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу аўтара. Тэкст ліста Sacrificium Laudis перакладзены з англійскага перакладу а. Томаса Крына, OP (Thomas Crean) і параўнаны з рускім перакладам Una Voce Russia.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

You may also like...

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: