Біскуп Мерынг на Ars Celebrandi: дрэва не можа існаваць без каранёў

bp-mering-blessing

“Што мяне найбольш здзіўляе, але радасна здзіўляе, гэта тое, што гэтай зусім няпростай формай служэння літургіі найбольш цікавяцца маладыя людзі”, — падзяліўся біскуп Веслаў Мерынг 9 жніўня 2016 года пасля ўрачыстай святой Імшы ў надзвычайнай форме рымскага абраду, адслужанай у яго прысутнасці (coram episcopo) у ліхэнскай базіліцы.

З таго моманту, як Папа Бенедыкт XVI выдаў motu proprio Summorum Pontificum, мы назіраем сталы ўзрост зацікаўленасці традыцыйнай лацінскай літургіяй у надзвычайнай форме рымскага абраду, а таксама ў законных і мясцовых абрадах як па ўсім свеце, так і ў Польшчы. Як вы бачыце месца і заданне лацінскіх супольнасцяў у сучасным Касцёле?

Біскуп Веслаў Мерынг: Што мяне найбольш здзіўляе, але радасна здзіўляе, гэта тое, што гэтым абрадам, гэтай зусім няпростай формай служэння літургіі найбольш цікавіцца шмат маладых людзей. Гэта прыгожа. Бо з кожнага боку мы чуем, што хрысціянства заканчваецца, што яно вычарпала свае сілы. Здаецца, што шмат хто, асабліва на захадзе Еўропы, але таксама і ў Польшчы, перакананы, што нас трэба выносіць да каморы. Аднак зацікаўленасць маладых людзей гэтай цяжкай, але адначасова прыгожай, хораша адслужанай літургіяй абуджае вялікую надзею. Бо цэніцца тое, што шмат каштуе. Калі я гатовы шмат ахвяраваць, шмат свайго аддаць, каб чамусьці навучыцца, каб умець гэтым правільна распараджацца, гэта прыносіць задавальненне і радасць. Тут увогуле хіба няма ніякіх сумневаў: гэтая літургія, гэты абрад мае сваё месца ў гісторыі і сучаснасці. Можам толькі падзякаваць Пану Богу за тое, што Святы Айцец Бенедыкт XVI распарадзіўся так, што сёння мы маглі радавацца таму, у чым прымалі ўдзел.

Як вы думаеце, чаму сярод маладых людзей стары рымскі абрад карыстаецца такім попытам?

Біскуп Веслаў Мерынг: Таму што маладых людзей спрабуюць пераканаць, што яны могуць жыць нічым, як дрэвы без каранёў. Дрэва без каранёў жыць не можа… ніводная расліна не можа. Маладыя людзі таксама не ў стане знайсці свайго месца ў жыцці без традыцыі, без перадачы звычаяў . Для мяне доказам гэтага з’яўляецца тое, што так шмат маладых людзей трапляе ў рознага кшталту дэпрэсіі, траціць сэнс жыцця. Я не прыдумляю гэта дзеля інтэрв’ю — я сустракаюся з гэтымі людзьмі як святар, як біскуп. Таму я лічу, што моладзь шукае карані — тое, што дарагое для іхніх бацькоў, іхніх блізкіх і іх саміх.

Вы як раз звярнуліся да таго, пра што я хацела б спытацца: вялікую зацікаўленасць традыцыйнай лацінскай літургіяй мы назіраем асабліва сярод моладзі. Ці можа гэтая літургія дапамагаць моладзі ў выхаванні добрай хрысціянскай духоўнасці і пабожнасці?

Біскуп Веслаў Мерынг: Думаю, што гэта так па двух прычынах: па-першае, таму, што яна паказвае, што мы не будзем ведаць пра Бога ўсё да канца. Лацінская літургія, якая служыцца ў гэтай форме, вельмі моцна — не буду нават называць канкрэтныя рэчы — паказвае на таямніцу: калі я хачу наблізіцца да Бога, то загадзя мушу сказаць, што “Deum tamquam igno­tum cogno­sci­mus“, мы пазнаем Бога, чалавеку да канца не зразумелага. Гэта не абы-чые словы, гэта словы св. Тамаша Аквінскага, найвялікшага мудраца, якога меў Каталіцкі Касцёл. Такім чынам, па-першае, гэтая літургія дасканала адлюстроўвае альбо нараджае ва ўдзельніках пачуццё таямніцы. Гэта адно. Другое: літургія гэтага абраду злучае нас з самым пачаткам Касцёла праз лацінскую мову. Лацінская мова — гэта супольнае дабро Еўропы, гэта крыніца ўсіх еўрапейскіх моў. Менавіта сёння шмат маладых людзей пачынае вывучаць лацінскую мову, пачынае да яе звяртацца, таму што яны бачаць, што з іх сэрца спрабуюць вырваць частку іх тоеснасці. Маю тоеснасць складае тое, што я думаю пра сябе, тое, чым жыву. Калі частку гэтай чалавечнасці ў мяне адбяруць, гэта азначае, што я стану пакалечанай істотай, не да канца самім сабою. Такія вось два элементы.

Акрамя таго, заўважым, з якім дбаннем усё гэта падрыхтоўваецца. Пад самы канец я сказаў цырыманіярыю, што лепш укленчыць на два разы больш, чым менш. Бо мы маем справу не з сябрам, не з суседам — гэта нашая сустрэча з Богам.

Нядаўна вы выдалі дакумент, прысвечаны дбанню пра святасць і годнасць літургіі, дзе між іншым згадваецца адпаведная музыка падчас набажэнстваў. Ці можна, на вашую думку, назіраць крызіс літургічнай музыкі, альбо шырэй — касцёльнай? Калі так, то як з яго выйсці?

Біскуп Веслаў Мерынг: Мяне гэтая праблема непакоіць даўно, бо гэта не першае маё ўмяшальніцтва ў справы музыкі і спеву ў літургіі. Мяне трывожыць, што перапыняецца традыцыя, лучнасць паміж старэйшым і малодшым пакаленнем. Я не супраць прысутнасці маладой, свежай, дынамічнай, радаснай музыкі ў Касцёле, але не магу згадзіцца з тым, што старая музыка выкідваецца, што яна не мае ўжо такой ролі, якую павінна мець, а на мой погляд, нешта падобнае адбываецца. Таму між іншым я стараюся, каб падчас набажэнстваў прысутнічаў адзін і другі элемент. Гэта першае.

Па-другое, тэкст, пра які вы кажаце, быў прыняты па-рознаму, таму што ў Касцёле, у парадку, у касцёльным ладзе, у літургіі разумее кожны. Кожны ў гэтым спецыяліст, нават спадар Хартман, які напэўна ў касцёле яшчэ ніколі не быў, але сказаў, што гэты заклік быў непатрэбны і, моцна скажаючы маю думку, усяляк стараўся яго пракаментаваць. Мне не перашкаджаюць шматлікія меркаванні. Ніхто не мусіць згаджацца са мною, як казаў наш узлюблены прэм’ер Туск, “на каленях”, але заўсёды за парадак і лад у святынях на тэрыторыі дыяцэзіі адказвае біскуп. Я не магу рабіць выгляд, што не чую пра пэўныя няправільныя паводзіны, напрыклад, пра тое, што нават Найсвяцейшы Сакрамэнт часам не выносяць са святыні на час канцэрта, які і блізка не нагадвае пабожнага спеву. І тут маё меркаванне адназначнае: я лічу, што чым болей біскупы будуць займацца такімі справамі, тым больш правільна выканаюць тое, нашто былі пасланыя.

Якія вашыя ўражанні па гарачых слядах (толькі што скончылася святая Імша ў старым абрадзе)? Ці памятаеце вы, як гэта выглядала калісьці ў маладосці? Параўнайце з тым, як гэта выглядае сёння.

Біскуп Веслаў Мерынг: Насамрэч я не бачыў такога больш за шэсцьдзесят гадоў. Узгадваю свайго біскупа, які ў Пэльпліне, у цудоўнай базіліцы, тады толькі яшчэ катэдры, ішоў у cappa magna і выклікаў нашае здзіўленне, нашае захапленне як міністрантаў. Гэта вельмі багатая літургія. Тут спакой, тут лад, тут шмат цішыні, тут прыгожы спеў, тут малітва, якая нараджаецца з глыбіні сэрца. Калі ўжо мне няма чаго сказаць Пану Богу, бо не знаходжу словаў, каб выразіць усё тое, што ўва мне адбываецца, заўсёды магу звярнуцца да маўчання, да цішыні. Ян Павел ІІ прыгожа сказаў пра гэтую з’яву, што маўчанне перад Богам само становіцца малітвай. Памятаем, як у год святарства мы ўзгадвалі св. Яна Марыю Віянэя, які мог гадзінамі стаяць на каленях перад табернакулюмам, нічога не кажучы, а толькі радуючыся Прысутнасці і аддаючы сваю прысутнасць. І вось што імпануе: тут няма ніякага завіхання. Завіханне ў літургіі — гэта смерць, гэта азначае пайсці за тым, чаго хочуць людзі. Я часта чую: “Гэтыя біскупскія Імшы немагчыма цярпець, бо яны надта доўгія”. Але гэта бярэцца з таго, што чалавек не хоча нічога даваць — толькі браць. Ён увесь час хоча знаходзіць нейкія стымулы, якія яго бавяць. Але ён не здольны аддаць свой час, сваё маўчанне Пану Богу. Я вельмі ўдзячны за гэтую сённяшнюю літургію і за ўсё, чаго стаў сведкам, беручы ў ёй удзел, бо я яе не служыў, але прысутнічаў на ёй увесь час. Я бачу, што шматлікім вернікам гэта вельмі патрэбна.

Як вы лічыце, ці ў найбліжэйшым часе ў Касцёле могуць наступіць змены ў літургіі? Пытаемся пра гэта ў кантэксце словаў кардынала Рабэра Сара ў Лондане. 

Біскуп Веслаў Мерынг: Кардынала Сара мы нядаўна прымалі як госця ў дыяцэзіі, як раз у ліхэнскім санктуарыі. Таксама я меў магчымасць даволі доўга размаўляць з ім. Магу толькі сказаць, што кожнае выказванне кардынала Сара мае велізарнае значэнне, бо менавіта ён адказвае за літургію. Ці добрыя гэтыя пастаянныя эксперыменты на абрадах? Вядома, у мяне ёсць сваё меркаванне. Вернікі прызвычаіліся да той літургіі, якую мы маем у нашых касцёлах. Я толькі хацеў бы, каб яе служылі з пабожнасцю, каб пэўныя элементы, пра якія я толькі што казаў, у ёй прысутнічалі, бо для іх там дастаткова месца. А розныя дробязі, на мой погляд, не вельмі істотныя. Але гэта маё меркаванне — так лічу і так кажу.


Карэспандэнты: Domi­nika Kru­piń­ska (Ars Cele­brandi), Robert Adam­czyk (ліхэнскі санктуарый), Bar­tosz Śli­wicki (ALE­ra­dio).
КрыніцаArs Celebrandi
Фота: Ars Celebrandi

Пераклад зроблены з польскага арыгінала. Тэкст і фота перадрукаваныя з дазволу прэс-службы Ars Celebrandi.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

You may also like...

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: