№4. Розныя віды Імшаў (В)

holy-mass-Vladimer-Shioshvili-cc-by-sa-mini

Імша правасуддзя. — Кніга Лічбаў у сваім пятым раздзеле апісвае адмысловыя інструкцыі для ўстанаўлення віны альбо невінаватасці жонкі, якая справядліва ці несправядліва трапіла пад падазрэнне свайго мужа. Найперш яе прыводзілі да святара з ахвяраваннем з ячмяню. Святар ставіў яе “перад аблічча Пана”, як кажа тэкст, і даваў ёй у рукі святую ваду, змяшаную з пылам з падлогі скініі. У такіх урачыстых абставінах ёй ясна тлумачыліся прырода і велічыня правіны, а таксама ёй паведамлялі, што калі яна вінаватая, то вада, якую яна трымае ў руцэ, зробіць так, што “ўлонне яе ападзе, а жывот напухне”, і яна стане пракляццем сярод людзей. Але калі яна не вінаватая, то ёй няма чаго баяцца. Гэта называлася выпрабаваннем “вадою рэўнасці” (гл. Bannister, Temples of Hebrews, p. 305), з чаго, без сумневу, паходзіць тое, што мы зараз будзем разглядаць, — Імша правасуддзя. Няможна адмаўляць, што ў пэўныя часы Імшы такога роду былі вельмі папулярныя, але мы вельмі моцна падкрэсліваем, што яны ніколі не мелі дазволу Касцёла. У цэлым, гэта былі лакальныя надужыванні, і калі ім і дазвалялі адбывацца, то гэта толькі таму, што ў цяжкіх умовах таго часу не было лепшага выйсця. Д-р Лінгард (Lingard) у сваёй кнізе History of the Antiquities of the Anglo-Saxon Church (ii. 130) так апісвае справу:

“Перад тым, як скончыць гэты раздзел, я мушу сказаць пра адну надзвычайную практыку, якая яднала найбольш урачыстыя рэлігійныя абрады з публічным справаваннем справядлівасці. У судовых разбіральніцтвах, каб знайсці праўду сярод шматлікіх незадавальняючых і часта супярэчлівых сведчанняў, патрэбныя моцная праніклівасць і дакладнасць суджэнняў, якіх цяжка было чакаць ад суддзяў тых народаў, што толькі паўставалі з невуцтва і варварства. У выпадку непісьменных людзей юрыспрудэнцыя замянялася карацейшым і прасцейшым працэсам. Калі англа-саксонскія народы пакланяліся багам сваіх бацькоў, рашэнні ў крымінальных справах зазвычай давяраліся мудрасці Одзіна. Стаўшы хрысціянамі, яны непарушна чакалі ад сапраўднага Бога таго ж пасрэдніцтва, якое яны мелі ад уяўнага ідала”.

Крыху далей аўтар апісвае, што адбывалася ў такіх выпадках:

“За тры начы да прызначанага дня суду абвінавачанага прыводзілі да святара. На наступныя тры раніцы ён удзельнічаў у Імшы і складаў сваю ахвяру. На працягу гэтых трох дзён ён посціў на хлебе, травах, солі і вадзе. На Імшы трэцяга дня святар выклікаў яго да алтара перад Камуніяй і заклінаў яго Богам, якому той пакланяўся, верай, якую ён вызнаваў, хростам, якім той быў адноўлены, і святымі рэліквіямі, якія знаходзіліся ў касцёле, не прымаць Эўхарыстыю альбо прыступіць да суровага выпрабавання, калі ягонае сумленне дакарала яго злачынствам, у якім яго абвінавачвалі”.

Затым святар удзяляў яму Святую Камунію з такімі словамі: “Няхай гэтыя Цела і Кроў Пана нашага Езуса Хрыста сёння пацвердзяць тваю невінаватасць ці віну”. Калі Імша заканчвалася, абвінавачаны зноў павінен быў адхіліць абвінавачванне і прынесці наступную прысягу: “І словам, і ўчынкам у Пану невінаваты я ў злачынстве, у якім мяне абвінавачваюць”. Д-р Лінгард кажа ў зносцы (p. 131), што практыка выпрабаванняў была распаўсюджана сярод усіх паўночных народаў, якія прынялі хрысціянства пасля пятага стагоддзя. Але Імшы правасуддзя ні ў якім разе не абмяжоўваліся толькі да непісьменных і яшчэ недалёкіх ад варварства людзей. Найбольш культурныя і цывілізаваныя прыбягалі да гэтых Імшаў, і яны былі распаўсюджаныя сярод найбольш шляхетных нацый Еўропы. Св. Кунігунда, жонка нямецкага караля Генрыха ІІ, такім спосабам давяла сваю невінаватасць у справе аб чужалостве. Яе выпрабоўвалі, прымушаючы прайсці па распаленых дачырвана лемяшах, але яна засталася некранутай (Butler, Lives of the Saints; Gavantus, Thesaur. Sacr. Rit., p. 38). Каралева Эма, маці Эдуарда Спаведніка, прайшла падобнае выпрабаванне, каб даказаць сваю невінаватасць супраць бруднага паклёпу. Лінгард аспрэчвае апошнюю гісторыю, але аўтары, якім можна давяраць, яе прыводзяць  (гл. Month, February, 1874, p. 214).

Як мы казалі, практыка вызначэння віны шляхам непасрэднага звароту да Бога праз святую ахвяру Імшы ніколі не мела дазволу ад найвышэйшай касцёльнай улады, але дазвалялася з-за вельмі цяжкага і небяспечнага працэсу яе поўнага і хуткага вынішчэння. Нашыя доказы наступныя: Папа Грыгорый Вялікі асудзіў яе яшчэ ў 592 годзе; яе яўна асудзіў Сабор у Вормсе ў 829 годзе, а Папа Мікалай І паўторна асудзіў яе, заняўшы пасад Пятра ў 858 годзе; Папа св. Стэфан таксама асудзіў яе, як і некалькі іншых Папаў і Сабораў (гл. Butler, Lives of the Saints і Alzog, Universal Church History, vol. ii. p. 155). Наўрад ці трэба дадаваць, што сёння такія Імшы ў Касцёле цалкам адсутнічаюць.


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыйнае фота: Vladimer Shioshvili (CC BY-SA)

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: