ordinations

Калі выйшла кніга кардынала Ратцынгера Дух літургіі, я толькі пачынаў вучыцца ў семінарыі. Мне даслалі яе англійскі пераклад, і я прынёс яе з сабою ў капліцу ў якасці духоўнага чытання падчас нашай штодзённай супольнай Святой Гадзіны. Калі я заглыбіўся ў раздзел кнігі пра абрад, побач са мною ўкленчыў старэйшы чалавек і прашаптаў: “Ты што, хочаш вылецець з семінарыі? Зараз жа змяні вокладку”. Усе мае спробы хаваць той факт, што я насамрэч ведаў старажытную лацінскую Імшу, былі разбітыя гэтай дзёрзкай выхадкай. Семінарысты раптам пачалі грукаць у мае дзверы і даваць парады, як перажыць семінарыю, таму я ўсё ж змяніў вокладку сваёй кнігі на вокладку выдавецтва Ignatius Press з назвай “Пастырскія лісты Паўла VI”.

Але было позна. Мяне раскрылі. Не дзіва, што настаяцелям данеслі пра маю “праблему”, але з большага тыя пакінулі мяне ў спакоі. Я адмовіўся здраджваць сваёй любові да лацінскай Імшы, але я таксама прытрымліваўся літургічных звычаяў дома, не стараючыся іх рэфармаваць ці асуджаць. Часам я сыходзіў з дому на лацінскую Імшу, старанна захутаўшы сутану ў паліто, схаваўшы каўнер пад шалікам і адчуваючы сябе, быццам супермэн, які шукае ўкрыцце, каб перамяніцца ў сябе сапраўднага. За ўвесь час мяне “выкрылі” толькі раз, калі я прыслугоўваў на ціхай Імшы аднаму пралату з курыі ў прыватнай капліцы знанай рымскай сям’і, якая штогод праводзіла, так бы мовіць, дні адкрытых дзвярэй. Тады ніхто нічога не сказаў.

Аднак мой дыяканскі год быў даволі незвычайным і паказаў мне дзіўную дынаміку, якая часта мае месца ў семінарыях, калі справа заходзіць пра лацінскую Імшу. У нас была велікапосная традыцыя, якая звалася “братэрскім настаўленнем”, калі любы член дома мог выклікаць іншага члена дома на дыван за што-небудзь, што ён лічыў няправільным. Я прапусціў гэтую працэдуру ў чатыры мінулыя гады, не адчуваючы асаблівай патрэбы ўцягваць сваіх братоў у штучную версію таго, што мы рабілі кожны дзень, жывучы разам, і не жадаючы за свой кошт несці ярмо чужых праблемаў. Гэтым разам не атрымалася.

Адзін з маіх сабратоў падышоў да мяне ў бібліятэцы і выказаў свой неспакой наконт таго, што я быў лефеўрыстам. Мае настаяцелі ўжо супакоіліся, калі я сказаў ім, што я больш чым шчаслівы быць святаром у сучасным Касцёле, які ён ёсць цяпер, а не якім быў даўно ў міфічныя часы. Таму мяне раздражняла гэтая шчырая спроба збавіць мяне ад маёй уласнай схізматычнай сутнасці. Я паспрабаваў растлумачыць, што не кожны прывязаны да дасаборнай літургічнай традыцыі з’яўляецца схізматыкам, але мне гэта не ўдалося. На дапамогу мне прыйшоў адзін з маіх настаяцеляў. Ён сказаў: “Ты думаеш, што Крыстафер лефеўрыст, таму што яму падабаюцца лацінская мова і грыгарыянскі спеў. Ну, тады я таксама лефеўрыст. І Касцёл таксама, бо на Другім Ватыканскім саборы ён выказаў вельмі ясна, што на Імшы мы павінны ўжываць лацінскую мову і харал”.

Праблема была ў тым, што ані мой настаяцель, ані мой сабрат не ведалі, хто такі Марсэль Лефеўр, не ведалі нічога пра паходжанне і складаную прыроду феномена традыцыяналізму. Яны не ведалі таго, што мы калісьці называлі індультовай Імшой, і яны ніколі б не ведалі ніводнага святара SSPX, калі б толькі адзін з нашых семінарыстаў не саскочыў да іх некалькі гадоў таму.

Увогуле ад гэтай сітуацыі мне зрабілася прыкра. Я зразумеў, што ў Касцёле ёсць шмат добрых людзей, якія выходзяць з семінарыі ці ўдзельнічаюць у выхаванні семінарыстаў і не разумеюць, чаму хтосьці, а тым больш семінарыст, цікавіцца надзвычайнай формай. Яны не маюць увогуле ніякага ўяўлення альбо частковае, выпадковае, часта негатыўнае ўяўленне пра тых, хто выказвае зацікаўленасць гэтай літургіяй.

У хуткім часе пасля беспаспяховай спробы братэрскага настаўлення я здаваў экзамен аднаму знанаму італьянскаму літургісту. Яго ведалі за выдатныя адзнакі, якія ён раздаваў кожнаму, а ўсё, аб чым ён прасіў на экзамене, гэта ўвайсці і паразмаўляць пра адзін параграф з кніг, якія ён даваў нам чытаць на занятках. Пяць хвілін — і справа зроблена, а сярэдні бал моцна палепшаны. У гэтых кнігах быў адзін параграф, які параўноўваў сталыя часткі Імшы ў старой і новай формах. І я пачаў расказваць гэты параграф. “Адкуль ты ўсё гэта ведаеш?” — спытаўся ён злосна. Я адказаў, што вычытаў гэта ў кнізе і хацеў паказаць яму, дзе менавіта ў кнізе было пра гэта напісана, але ён не расчуліўся. Так пачаўся мой 45-хвілінны экзамен, дзе ён мурыжыў мяне па ўсіх кнігах, якія я прачытаў і вывучыў. Скончыў я экзамен, атрымаўшы найменшы прахадны бал. Уявіце сабе маё здзіўленне, калі ён з’явіўся ў семінарыі, каб распавесці майму класу пра літургічную рэформу. Пачаў ён так: “Вядома, ніводзін з вас нічога не ведае пра тое, як выглядала Імша да Другога Ватыканскага сабору”. Мае сябры чулі пра пякельны экзамен, які я толькі што яму здаў, і пачалі пасмейвацца. У адказ на смех я спакойна сказаў: “Ну, дарэчы, перад тым, як прыйсці сёння на ваш экзамен, я прыслугоўваў на старой лацінскай Імшы”.

Я ніколі б не парадзіў семінарысту рабіць тое самае. Я ўвогуле не раю паўтараць за мной хоць што! Але вось досвед, які я здабыў: мне не ўдалося спакойна паразмаўляць са знаным літургістам нават пра такую аб’ектыўную рэч, як розніца паміж дзвюма формамі.

Такім чынам, за час семінарыі я спаткаў два феномены: адсутнасць ведаў і пазітыўная нянавісць да адной з формаў літургіі Касцёла. З таго часу мы абралі Ратцынгера Папам, потым з’явіліся Summorum Pontificum і Universae Ecclesiae. Правілы гульні змяніліся, нават калі некаторыя не хочуць гэтага прызнаць.

Чаму семінарыі могуць баяцца надзвычайнай формы

Але трэба задаць пытанне: ці існуюць паважныя прычыны, па якіх дом святарскай фармацыі павінен з падазронасцю адносіцца да надзвычайнай формы? Да большасці семінарый не дайшлі ані Ecclesia Dei, ані Summorum Pontificum з Universae Ecclesiae. Штодзённае літургічнае жыццё ў семінарыях вельмі мала змянілася з прыходам Папы Бенедыкта XVI, тады як семінарысты ў некаторых частках свету выканалі выдатную працу, пазнаёміўшыся з гэтым абрадам. Некаторыя семінарыі служаць некалькі такіх Імшаў на год і прапануюць вывучэнне старога абраду па жаданні, але я не ведаю ніводнай дыяцэзіяльнай семінарыі, у якой надзвычайная форма была б нармальнай часткай жыцця.

На шчасце, рэктары семінарый і выкладчыкі разумеюць, што яны рыхтуюць маладых людзей для служэння ў Касцёле, у якім яны знойдуць шэраг літургічных выразаў. З’яўляецца такі плюралізм законным ці не, гэта добрае пытанне, але маладыя святары павінны будуць служыць у парафіях, да якіх Добрая Навіна Папы Бенедыкта XVI яшчэ не дайшла. Некаторыя баяцца, што націск на надзвычайную форму зробіць іх няздольнымі дасягнуць людзей у лаўках.

Таксама, чым больш гэтыя цікаўныя семінарысты даследуюць надзвычайную форму, тым больш у іх узнікае пытанняў не толькі пра механіку надзвычайнай формы, але і пра ўсю літургічную рэформу. Гэта нязручныя пытанні, і выкладчыкі семінарыі павінны не толькі мець шырокую адукацыю, каб адказаць на гэтыя пытанні, але і шмат цярплівасці на шляху семінарыстаў праз гэтыя пытанні.

Настаяцелі семінарый таксама не жадаюць якім-небудзь спосабам падзяліць супольнасць. Ёсць страх, што заахвочванне надзвычайнай формы можа падзяліць семінарыстаў і стварыць групы з тымі ці іншымі літургічнымі прэферэнцыямі, а потым гэты падзел павялічыцца ў парафіяльным жыцці. Парафіі, плябаніі і школы будуць адчуваць на сабе ўздзеянне шчаслівых святароў, якія захочуць змяніць усе рэчы так, як “заўсёды рабілася”, аж пакуль у горадзе не з’явіцца выскачка, які носіць бірэту і размаўляе па-лацінску.

Супрацоўнікі семінарый таксама разумеюць, што юнацкі энтузіязм часта не стрыманы цнотай разважлівасці і не загартаваны практычнымі ведамі, якія прыходзяць з досведам у парафіяльным служэнні. Адзін з такіх выпадкаў — гэта семінарыст, які сам навучыўся ўсяму, што ён ведае пра надзвычайную форму. Самавук часта ведае менш, чым ён думае, што ведае, і з самымі лепшымі намерамі ў свеце ён проста без патрэбы раздражняе людзей. Я ўспомніў пра гэта, калі нядаўна сядзеў у хоры на ўрачыстай Імшы ў надзвычайнай форме. Хоць клерыкі сядзелі ў правільным парадку, адзін семінарыст правёў увесь час, падаючы знакі старэйшым клерыкам, якія, як ён думаў, не ведалі, калі сядаць, падымацца, кланяцца і выкарыстоўваць бірэту. Насамрэч ён часта памыляўся, і я ўсю Імшу сачыў за яго спробамі быць святым памагатым.

Многія семінарысты праяўляюць сапраўдную любоў да старой Імшы, але традыцыя не была перададзена ім жывым арганічным спосабам. І калі нехта стараецца адрадзіць традыцыю пры дапамозе кніг, відэа і самаадукацыі, у тканіне атрымліваецца зашмат дзірак, каб зрабіць багатае адзенне, у якое апранецца літургія Касцёла. Паколькі літургічны досвед большасці семінарыстаў зводзіцца больш ці менш толькі да звычайнай формы, існуе непазбежная спакуса перанесці ментальнасць Novus Ordo на літургію, свядомасць якой даволі моцна адрозніваецца.

Ёсць не так мала людзей, адказных за фармацыю святароў, якія бачаць усе пералічаныя сітуацыі і думаюць сабе: “Мы не хацелі б кранаць гэта нават трохмятровай палкай”. І, вядома, што робіць добры рэктар семінарыі, калі ён ведае, што непрыязныя да традыцыі біскупы выкінуць іхніх падначаленых з семінарыі, калі яны пачнуць выкладаць надзвычайную форму?

Чаму семінарыям варта прыняць надзвычайную форму?

Ніводная з пералічаных з’яваў (хоць яны і рэальныя) не павінна перашкаджаць семінарыям з радасцю прыняць надзвычайную форму ў сваё штодзённае жыццё. На сённяшні дзень кожнаму павінна быць відавочна, што значная колькасць людзей, што цікавяцца семінарыяй, таксама, калі і не з энтузіязмам, то прынамсі без непрыязнасці ставяцца да надзвычайнай формы. Вядома, гэта адносіцца толькі да пэўных краінаў і пэўных рэгіёнаў у гэтых краінах. Але нават калі інтарэс малы ці адсутнічае, усё ж існуюць прычыны, па якіх семінарыі могуць прыняць надзвычайную форму.

Найважнейшая прычына заключаецца ў тым, што магістэрый ясна выказаўся, што рымскі абрад мае дзве формы аднолькавай годнасці. Калі ўсе святары лацінскага абраду маюць права цэлебраваць абедзве формы, значыць семінарыям варта выхоўваць усіх святароў у абедзвюх формах. Такім чынам, яны змогуць адказаць на просьбы тых вернікаў, якія жадаюць цэлебрацыі надзвычайнай формы, і пашыраць свае ўласныя пастырскія гарызонты.

Прыняцце надзвычайнай формы ў семінарыйным жыцці таксама зніме напружанне, якое адчуваюць семінарысты, прыхільныя да надзвычайнай формы. Калі семінарыя не дае ім магчымасці вучыцца служыць надзвычайную форму, шматлікія з іх возьмуць на сябе цяжар паралельнай самаадукацыі, якая будзе аддаляць іхнія розумы, сэрцы, а часта і целы, ад семінарыйнага акружэння. Калі семінарысты бяруцца за такую паралельную фармацыю, то яны, каб магчы ёю займацца, развіваюць у сабе пэўную форму двудушнасці. Улічваючы цяперашні стан клерыкаў у Касцёле, ніводная семінарыя не можа даваць семінарыстам карт-бланш на атрыманне адукацыі дзе-небудзь яшчэ.

План па інтэграцыі надзвычайнай формы ў семінарыйнае жыццё

Як жа можна інтэграваць надзвычайную форму ў семінарыйнае жыццё? Перш за ўсё, адказныя за фармацыю ў семінарыях мусяць прыняць тое, што Папа Бенедыкт XVI зрабіў для рымскай літургіі: ён заявіў, што існуе дзве формы аднаго рымскага абраду, і кожны святар мае права цэлебраваць абедзве формы. Калі гэта так, то паўстае наступнае пытанне: чаму кожнага семінарыста ў лацінскім абрадзе не вучаць абедзвюм формам? Некаторыя семінарыі прапаноўваюць абмежаваныя курсы для зацікаўленых, але ўсё адно надзвычайная форма выглядае, як хобі некаторых святароў або як нейкі эксцэнтрычны рух, які Касцёл пераносіць з цяжкасцю, але не як форма той жа значнасці, што і звычайная форма.

Аднак перад тым, як семінарыя зможа інтэграваць надзвычайную форму ў семінарыйнае жыццё, яна павінна арганізаваць усебаковую падрыхтоўку па лацінскай мове і сакральнай музыцы. Калісьці гэтыя два прадметы былі неад’емнай часткай адукацыі ў кожнай семінарыі, але цяпер у многіх месцах іх скарацілі да некалькіх заняткаў па выбары, тады як яны павінны быць фундаментам праграмы.

Спрабуючы падрыхтаваць маладых людзей да рэалій парафіяльнага жыцця, да якога яны аднойчы дажывуць, многія семінарыі прапануюць семінарыстам удзельнічаць у іспанскіх Імшах альбо народных Імшах, альбо ў Імшах іншых “літургічных стыляў”. Не будзем разбірацца ў тым, ці добры гэта тып фармацыі, але паставім наступнае пытанне: калі ў паўсюдным Касцёле звычайная і надзвычайная форма Імшы існуюць побач адна з адной як дзве формы рымскага абраду, як іх можна не цэлебраваць побач адну з адной у семінарыі? Чаму б не чаргаваць ціхую, дыялогавую, спяваную і ўрачыстую Імшу ў якасці супольнай Імшы ў семінарыі?

Бачныя прыкметы таго, што ўва многіх семінарыях самі маладыя людзі прымушаюць рэктараў і выкладчыкаў прызнаць сапраўднасць і магчымасць цэлебрацыі як звычайнай, так і надзвычайнай формы ў сваіх супольнасцях. На гэтую тэму ідзе адкрытая дыскусія, прычым узровень страху значна ніжэйшы, чым быў у мае часы, а гэта не так ужо і даўно. Адкрытасць і празрыстасць, з якой літургічныя пытанні можна задаваць, абмяркоўваць і вырашаць, прадракаюць добрую будучыню. Не прыводзячы да выхавання аднабокіх святароў, якія пакідаюць семінарыі нязноснымі літургічнымі нацыстамі і рэфармуюць парафіі паводле свайго меркавання, частая цэлебрацыя надзвычайнай формы ў семінарыях можа стварыць атмасферу шчырай літургічнай адукацыі, у межах якой маладыя людзі могуць лепш ацаніць абедзве формы і навучыцца больш эфектыўна адкрываць скарбы літургіі Божаму люду.

Што можа здарыцца, калі надзвычайную форму інтэграваць у семінарыйнае жыццё

Нядаўна я быў у адной катэдральнай святыні на поўначы краіны, дзе збіраўся цэлебраваць прыватную Імшу. У той самы час, як я апранаў свой рымскі арнат, а мой міністрант, семінарыст, рыхтаваў алтар для Імшы ў надзвычайнай форме ў свята святога Дамініка, новапасвячаны святар апранаў гатычны арнат, а свецкі чалавек рыхтаваў іншы бакавы алтар для ягонай Імшы ў звычайнай форме ў свята святога Яна Марыі Віянэя. Мой калега яшчэ не вывучыў надзвычайную форму, але яна яго цікавіла. Мы абодва выйшлі да сваіх бакавых алтароў у той самы час, каб цэлебраваць дзве формы рымскага абраду ў прысутнасці клерыкаў, семінарыстаў і свецкіх. Мы не планавалі гэтага, проста так атрымалася. Пазней, у той жа тыдзень мой калега сядзеў у хоры на спяванай Імшы ў надзвычайнай форме, падчас якой я і мой семінарыст падтрымлівалі спеў, а потым я канцэлебраваў звычайную форму ў той самай катэдральнай святыні, дзе ён быў пасвячаны. Адна маладая жанчына, дырэктар рэлігійнай адукацыі, тэолаг і студэнт літургікі, выпадкова прысутнічала пры кожнай з гэтых сітуацый і пазней падзялілася з намі сваім меркаваннем аб тым, як мы па-свойму спраўджвалі бачанне Папы Бенедыкта наконт рымскага абраду ў дзвюх формах. Ніхто не блытаўся, ніхто не злаваўся, ніхто не паддаваў іншага ідэалагічнай крытыцы.

Маладыя клерыкі маюць цудоўную магчымасць атрымаць веды пра дзве формы рымскага абраду і з іх дапамогай збудаваць масты там, дзе папярэднія літургічныя баталіі падзялілі вернікаў. Настаяцелі семінарый справядліва хочуць любым коштам пазбегнуць далейшай літургічнай палярызацыі Касцёла. Але далейшая маргіналізацыя той формы рымскага абраду, якая атрымала адноўленае поўнае грамадзянства ў Касцёле, толькі працягне палярызаваць людзей. Наданне надзвычайнай форме адпаведнага месца ў святарскай фармацыі будзе шляхам ад канфліктуючых лагераў да Касцёла, дзе абедзве формы будуць суіснаваць у гармоніі.


Аўтар
Крыніца: The Chant Café
Ілюстрацыя: Roman Catholic Archdiocese of Boston (CC BY-ND)

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны на ўмовах ліцэнзіі CC BY.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz