Прамова кардынала Сара на канферэнцыі “Sacra Liturgia UK 2016”

card-sarah-address

Прамова Яго Эмінэнцыі кардынала Рабэра Сара,
Прэфекта Кангрэгацыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў,
на канферэнцыі “Sacra Liturgia UK 2016”
Лондан, Англія, 5 ліпеня 2016 года

“На шляху да сапраўднай рэалізацыі Sacrosanctum Concilium

Вітанні

Вашыя Эксцэленцыі, дарагія айцы, дыяканы, дарагія кансэкраваныя асобы, дарагія браты і сёстры ў Хрысце,

Спачатку я хачу выказаць сваю падзяку Яго Эмінэнцыі кардыналу Вінсэнту Нікалсу за ягонае запрашэнне ў сваю архідыяцэзію Вэстмінстэра і за яго цёплыя словы прывітання. Таксама я хачу падзякаваць Яго Эксцэленцыі Дамініку Рэ, біскупу Фрэжус-Тулон, за ягонае запрашэнне быць з вамі на гэтай трэцяй міжнароднай канферэнцыі “Sacra Liturgia” і прадставіць тут прамову на адкрыццё гэтым вечарам. Ваша Эксцэленцыя, я віншую вас з гэтай міжнароднай ініцыятывай, якая спрыяе вывучэнню важнасці літургічнай фармацыі і цэлебрацыі ў жыцці і місіі Касцёла.

Я вельмі шчаслівы быць тут з усімі вамі сёння. Я дзякую кожнаму з вас за прысутнасць, якая адлюстроўвае вашае разуменне важнасці таго, што кардынал Ратцынгер аднойчы назваў “пытаннем літургіі”, сёння, у пачатку дваццаць першага стагоддзя. Гэта вялікі знак надзеі для Касцёла.

 

Уводзіны

У сваім пасланні на сімпозіуме ў гонар 50-й гадавіны Канстытуцыі Другога Ватыканскага сабору пра Святую Літургію Sacrosanctum Concilium, якое датуецца 18 лютага 2014 года, Святы Айцец Францішак заўважыў, што адзнака ў пяцьдзясят гадоў ад публікацыі гэтай Канстытуцыі павінна прымусіць нас “ажывіць адданасць справе прыняцця і рэалізацыі вучэння [Sacrosanctum Concilium] яшчэ больш поўным спосабам”. Святы Айцец сказаў наступнае:

Важна з’яднаць адноўленае жаданне ісці наперад шляхам, які паказалі Айцы Сабору, бо яшчэ шмат засталося зрабіць дзеля вернага і поўнага засваення Канстытуцыі пра Святую Літургію з боку ахрышчаных і эклезіяльных супольнасцяў. Я кажу асабліва пра адданасць сур’ёзнай і арганічнай літургічнай ініцыяцыі і фармацыі як свецкіх вернікаў, так і святароў і кансэкраваных асобаў.

Святы Айцец кажа правільна. Нам яшчэ шмат трэба зрабіць, калі мы хочам рэалізаваць бачанне Айцоў Другога Ватыканскага сабору ў сферы літургічнага жыцця Касцёла. У нас вельмі шмат працы, калі сёння, прыкладна праз пяцьдзясят гадоў пасля завяршэння Сабору, мы хочам дасягнуць “вернага і поўнага засваення Канстытуцыі пра Святую Літургію”.

У гэтай прамове я хачу падзяліцца з вамі некаторымі разважаннямі пра тое, як Заходні Касцёл мог бы рушыць да больш вернай рэалізацыі Sacrosanctum Concilium. У сувязі з гэтым прапаную задаць сабе пытанне: “Што Айцы Другога Ватыканскага сабору планавалі ў межах літургічнай рэформы?” Затым я хацеў бы разглядзець тое, як іхнія намеры былі рэалізаваныя пасля Сабору. Нарэшце, я хацеў бы падзяліцца пэўнымі прапановамі для літургічнага жыцця сённяшняга Касцёла, каб нашая літургічная практыка магла больш верна адлюстроўваць намеры Айцоў Сабору.

 

А. Што такое Святая Літургія?

Але спачатку нам трэба разгледзець папярэдняе пытанне. Пытанне такое: “Што такое Святая Літургія?” Бо калі мы не разумеем прыроду каталіцкай літургіі як рэчы, якая адрозніваецца ад абрадаў іншых хрысціянскіх супольнасцяў і іншых рэлігій, мы не можам мець надзеі на зразуменне Канстытуцыі Другога Ватыканскага сабору пра Святую Літургію і рушыць да яе больш вернай рэалізацыі.

У сваім motu proprio Tra le sollecitudini (22 лістапада 1903 года) Папа св. Пій Х навучаў, што “святыя таямніцы” і “публічная і ўрачыстая малітва Касцёла”, гэта значыць, Святая Літургія, гэта “галоўная і неабходная крыніца” набыцця “сапраўднага хрысціянскага духа”. Таму св. Пій Х заклікаў усіх да сапраўднага і плённага ўдзелу ў літургічных абрадах Касцёла. Як мы ведаем, гэтае вучэнне і ягоны заклік будзе паўтораны ў артыкуле 14 Sacrosanctum Concilium.

Папа Пій ХІ таксама выказваўся на тую ж тэму прыблізна праз дваццаць пяць гадоў у сваёй Апостальскай Канстытуцыі Divini Cultus (20 снежня 1928 года), навучаючы, што “літургія сапраўды з’яўляецца святой рэччу, бо праз яе мы ўздымаемся да Бога і яднаемся з Ім, такім чынам вызнаючы нашую веру і наш глыбокі абавязак перад Ім за ўсе даброты, якія мы атрымалі, і за дапамогу, у якой мы пастаянна маем патрэбу”.

Папа Пій ХІІ прысвяціў Святой Літургіі энцыкліку Mediator Dei (20 лістапада 1947 года), дзе ён вучыў наступным чынам:

Святая Літургія — гэта … публічная малітва, якую наш Збаўца як Галава Касцёла складае Айцу, а таксама малітва, якую супольнасць вернікаў складае яе Заснавальніку, а праз Яго — нябеснаму Айцу. Калі коратка, гэта малітва, якую Містычнае цела Хрыста прыносіць у еднасці са сваім Галавою і членамі (№ 20).

Папа навучаў, што “прырода і аб’ект святой літургіі” заключаецца ў тым, што яна мае на мэце яднанне душаў з Хрыстом і іх асвячэнне боскім Збаўцам, каб Хрыстус праславіўся, а праз Яго і ў Ім — Найсвяцейшая Тройца” (№ 171).

Другі Ватыканскі сабор вучыў, што праз літургію “здзяйсняецца справа нашага адкуплення” (Sacrosanctum Concilium, 2) і што літургія:

…лічыцца выкананнем святарскага абавязку Хрыста; у ёй праз бачныя знакі выражаецца і ўласцівым кожнаму знаку спосабам ажыццяўляецца асвячэнне чалавека, а Містычнае цела Езуса Хрыста, г. зн. Галава і яго члены, выконвае цэласны публічны культ.

Таму ўсякая літургічная цэлебрацыя як справа Хрыста Святара і Яго цела, якім ёсць Касцёл, — гэта першаснае сакральнае дзеянне, з плённасцю якога па ступені і вартасці не зраўняецца ніякае іншае дзеянне Касцёла (№ 7).

Далей Sacrosanctum Concilium вучыць, што літургія:

…гэта вяршыня, да якой скіравана дзейнасць Касцёла, і адначасова крыніца, з якой выцякае ўся ягоная сіла. Апостальскія працы маюць на мэце тое, каб усе, стаўшы Божымі дзецьмі праз веру і хрост, збіраліся разам, праслаўлялі Бога сярод Касцёла, удзельнічалі ў Ахвяры і спажывалі Вячэру Пана (№ 10).

Можна было б і далей працягваць дэманстрацыю вучэння Касцёла наконт прыроды Святой Літургіі, прыводзячы вучэнне паслясаборных Папаў і Катэхізіса Каталіцкага Касцёла. Але цяпер давайце спынімся на Саборы. Я думаю, гэта вельмі ясна, што Касцёл навучае аб тым, што каталіцкая літургія гэта асаблівае, упрывілеяванае месца збаўчага дзеяння Хрыста ў сённяшнім свеце, дзякуючы рэальнаму ўдзелу, у якім мы атрымліваем Ягоную ласку і моц, якія так неабходныя для нашай непахіснасці і ўзрастанні ў хрысціянскім жыцці. Гэта Богам устаноўленае месца, куды мы прыходзім, каб выканаць наш абавязак складання ахвяры Богу, складання Адзінай Сапраўднай Ахвяры. Гэта тое месца, дзе мы ўсведамляем нашую глыбокую патрэбу пакланяцца трыадзінаму міласэрнаму Богу. Каталіцкая літургія — гэта святая рэч, святая па самой сваёй прыродзе. Каталіцкая літургія — гэта не проста сход людзей.

Я хачу падкрэсліць вельмі важны факт: Бог, а не чалавек, знаходзіцца ў цэнтры каталіцкай літургіі. Мы прыходзім пакланяцца Яму. У літургіі галоўныя не вы ці я, гэта не тое месца, дзе мы святкуем нашую асабовасць ці дасягненні, узносім ці спрыяем сваёй уласнай культуры і мясцовым рэлігійным звычаям. Літургія найперш і найбольш скіравана на Бога і на тое, што Ён зрабіў для нас. Праз Божы Провід Усемагутны Бог заснаваў Касцёл і заснаваў Святую Літургію, дзякуючы якой мы можам прыносіць яму сапраўднае пакланенне ў адпаведнасці з Новым Запаветам, які ўстанавіў Хрыстус. Робячы гэта, уваходзячы ў патрабаванні святых абрадаў, развітых у традыцыі Касцёла, мы набываем сваю сапраўдную ідэнтычнасць і значэнне як сыны і дочкі Айца.

Важна, каб мы зразумелі гэтую спецыфіку каталіцкай малітвы, таму што ў апошніх дзесяцігоддзях мы бачылі шмат літургічных цэлебрацый, дзе людзі, асобы і людскія дасягненні вельмі кідаліся ў вочы, аж амаль да выключэння Бога. Як аднойчы напісаў кардынал Ратцынгер, “калі літургія становіцца найперш майстэрняй для нашай дзейнасці, тады забытым атрымліваецца нешта істотнае: Бог. Бо літургія — гэта справа не наша, але Божая. Забыцца пра Бога — гэта найбольш немінучая небяспека нашага часу” (Joseph Ratzinger, Theology of the Liturgy, Collected Works, vol. 11, Ignatius Press, San Francisco 2014, p. 593).

Калі мы хочам карэктна прачытаць і верна рэалізаваць Канстытуцыю Другога Ватыканскага сабору пра Святую Літургію, нам трэба быць максімальна яснымі наконт прыроды каталіцкай малітвы. Бо Айцы Сабору былі сфармаваныя магістэрыем Папаў дваццатага стагоддзя, якіх я цытаваў. Св. Ян ХХІІІ не склікаў Экуменічны Сабор, каб падарваць тое вучэнне, якое ён сам падтрымліваў. Айцы Сабору не прыехалі ў Рым у кастрычніку 1962 года з намерам выпрацаваць антрапацэнтрычную літургію. Хутчэй Папа і Айцы Сабору шукалі шляхі да таго, каб Хрыстовыя вернікі маглі яшчэ больш чэрпаць з “галоўнай і неабходнай крыніцы”, каб атрымаць “сапраўдны хрысціянскі дух” дзеля свайго ўласнага збаўлення, а таксама збаўлення ўсіх сучасных ім мужчынаў і жанчын.

 

Б. Якія намеры мелі Айцы Другога Ватыканскага сабору?

Нам трэба вывучыць намеры Айцоў Сабору больш дэтальна, асабліва калі мы сёння хочам быць больш вернымі іхнім намерам. Чаго яны жадалі дамагчыся з дапамогай Канстытуцыі пра Святую Літургію?

Пачнем з самага першага параграфа Sacrosanctum Concilium, які кажа:

Святы Сабор паставіў сабе мэты: з кожным днём развіваць хрысціянскае жыццё сярод вернікаў; лепей дастасоўваць да патрэб нашага часу тыя інстытуцыі, якія падлягаюць зменам; падтрымліваць усё, што можа аблегчыць аб’яднанне ўсіх веруючых у Хрыста; умацоўваць тое, што дапамагае заклікаць усіх людзей ва ўлонне Касцёла (№ 1).

Варта памятаць, што, калі Сабор адкрыўся, літургічная рэформа ўжо была характэрнай рысай мінулага дзесяцігоддзя і што Айцы былі добра знаёмыя з гэтымі рэформамі. Яны не разглядалі гэтыя пытанні тэарэтычна, па-за кантэкстам. Яны разлічвалі працягнуць ужо пачатую працу і разгледзець “altioria principia”, вышэйшыя ці фундаментальныя прынцыпы літургічнай рэформы, пра якую казаў св. Ян ХХІІІ ў сваім motu proprio Rubricarum Instructum ад 25 ліпеня 1960 года.

Такім чынам, першы параграф Канстытуцыі падае чатыры прычыны правядзення літургічнай рэформы. Першая прычына — “развіваць хрысціянскае жыццё сярод вернікаў” — з’яўляецца пастаянным клопатам пастыраў Касцёла ва ўсе часы.

Другая прычына — “лепей дастасоўваць да патрэб нашага часу тыя інстытуцыі, якія падлягаюць зменам” — можа прымусіць нас спыніцца і задумацца, асабліва з улікам духу часу 1960-х гадоў. Але папраўдзе, калі прачытваць яе з той герменеўтыкай працягласці, з якой, найбольш верагодна, Айцы задумвалі яе, гэта азначае, што Сабор жадаў літургічнага развіцця, дзе яно магчымае, каб аблегчыць узрастанне сілы хрысціянскага жыцця. Айцы Сабору не хацелі змяняць рэчы толькі дзеля самой змены!

Падобна і трэцяя прычына — “падтрымліваць усё, што можа аблегчыць аб’яднанне ўсіх веруючых у Хрыста” — можа прымусіць нас спыніцца, каб мы не падумалі, што Айцы жадалі інструменталізаваць Святую Літургію і зрабіць з яе экуменічную прыладу і сродак дасягнення канчатковай мэты. Але ці магло быць так? Напэўна, пасля Сабору некаторыя імкнуліся гэта зрабіць. Але самі Айцы ведалі, што гэта немагчыма. Еднасць у пакланенні перад ахвярным алтаром і з’яўляецца жаданай мэтай экуменічных высілкаў. Літургія — гэта не сродак для стымулявання добрай волі ці кааперацыі ў апостальскай працы. Не, у дадзеным месцы Айцы Сабору кажуць, што яны лічаць, што літургічная рэформа можа быць часткай імпульсу, які можа дапамагчы людзям дасягнуць той каталіцкай еднасці, без якой поўная еднасць у веры немагчымая.

Тую самую матывацыю мы знаходзім у чацвёртай прычыне літургічнай рэформы: “умацоўваць тое, што дапамагае заклікаць усіх людзей ва ўлонне Касцёла”. Тут мы пераходзім ад нашых аддзеленых хрысціянскіх братоў і сясцёр і пераходзім да “ўсіх людзей”. Місія Касцёла скіравана да кожнага мужчыны і кожнай жанчыны! Айцы Касцёла так лічылі і спадзяваліся, што больш плённы ўдзел у літургіі паскорыць аднаўленне місіянерскай актыўнасці Касцёла.

Дазвольце прывесці адзін прыклад. Задоўга да Сабору ў місіянерскіх, а таксама ў больш развітых краінах, існавала шмат спрэчак наконт магчымасці большага выкарыстання.нацыянальных моваў у літургіі, пераважна для чытанняў са Святога Пісання, а таксама для некаторых іншых абрадаў першай часткі Імшы (якую мы цяпер называем “Літургіяй слова”) і для літургічных спеваў. Святы Пасад ужо даў шмат дазволаў на выкарыстанне нацыянальных моваў пры ўдзяленні сакрамэнтаў. Гэта і ёсць той кантэкст, у якім Айцы Сабору казалі пра магчымыя пазітыўныя экуменічныя ці місійныя рэзультаты літургічнай рэформы. Гэта праўда, што нацыянальная мова займае пазітыўнае месца ў літургіі. Айцы шукалі гэтага, а не зацвярджалі пратэстантызацыю Святой Літургіі і не згаджаліся паддаваць яе фальшывай інкультурацыі.

Я афрыканец. Дазвольце мне сказаць ясна: літургія — гэта не месца, каб прасоўваць маю культуру. Хутчэй, гэта месца, дзе мая культура прымае хрост, дзе мая культура ўзносіцца да боскага. Праз літургію Касцёла (якую місіянеры разнеслі па ўсім свеце) Бог прамаўляе да нас, Ён змяняе нас і дае нам магчымасць удзельнічаць у Яго боскім жыцці. Калі нехта становіцца хрысціянінам, калі нехта ўваходзіць у поўную еднасць з Каталіцкім Касцёлам, ён атрымлівае штосьці большае, штосьці, што змяняе яго. Вядома, культуры і іншыя хрысціяне прыносяць з сабою дары ў Касцёл. Цудоўным прыкладам гэтага з’яўляецца літургія англіканскіх ардынарыятаў, якія цяпер маюць поўную еднасць з Каталіцкім Касцёлам. Але яны прыносяць гэтыя дары з пакорай, і Касцёл у сваёй мацярынскай мудрасці выкарыстоўвае іх так, як лічыць патрэбным.

Тым не менш выдаецца абавязковым ясна сказаць пра тое, што мы разумеем пад інкультурацыяй. Калі мы правільна разумеем сэнс гэтага тэрміна як сродка для пранікнення ў таямніцу Езуса Хрыста, тады ў нас ёсць ключ да інкультурацыі, якая не з’яўляецца ані пошукам, ані сцвярджэннем легітымнасці афрыканізаціі, лацінаамерыканізацыі або азіянізацыі хрысціянства замест яго вэстэрнізацыі. Інкультурацыя не з’яўляецца ані кананізацыяй мясцовай культуры, ані яе абсалютызацыяй. Інкультурацыя — гэта ўварванне і прыход Пана ў глыбіні нашага існавання. Уварванне Пана ў нашае жыццё выклікае збой, адасабленне, якое адкрывае магчымасць ісці новым шляхам, згодным з новымі арыентырамі, са стваральнымі элементамі новай культуры, інструмента Добрай Навіны для чалавека і ягонай годнасці як Божага дзіцяці. Калі Евангелле ўваходзіць у нашае жыццё, яно парушае яго, яно перамяняе яго. Яно задае новы напрамак, новыя маральныя і этычныя арыентыры. Яно скіроўвае сэрца чалавека да Бога і бліжняга, каб ён мог любіць і служыць ім абсалютна і бескарысліва. Калі Езус прыходзіць у нашае жыццё, Ён перамяняе яго, абагаўляе яго зыркім святлом свайго Аблічча, як у выпадку Паўла на дарозе да Дамаска (гл. Дз 9:5-6).

Паколькі пры сваім уцелаўленні Божае Слова сталася ва ўсім падобным да чалавека, апроч граху (Гбр 4:15), так Евангелле прымае ўсе чалавечыя і культурныя каштоўнасці, але адмаўляецца прымаць форму граху. Гэта азначае, што чым больш індывідуальных і калектыўных грахоў знаходзіцца ў людской ці касцёльнай супольнасці, тым менш месца застаецца для інкультурацыі. І наадварот, чым больш хрысціянская супольнасць ззяе святасцю і выпраменьвае евангельскія каштоўнасці, тым больш магчымасць інкультураваць хрысціянскае пасланне. Інкультурацыя веры — гэта выклік святасці. Яна правярае ступень святасці і ўзровень пранікнення Евангелля і веры ў Езуса Хрыста ў хрысціянскую супольнасць. Такім чынам, інкультурацыя — гэта не рэлігійны фальклор.

Інкультурацыя рэалізуецца не ў выкарыстанні ў літургіі і сакрамэнтах нацыянальных моваў, інструментаў, лацінаамерыканскай музыкі, афрыканскіх танцаў і афрыканскіх ці азіяцкіх абрадаў і сімвалаў. Інкультурацыя — гэта Бог, які сыходзіць у жыццё, у маральнае захаванне, у культуры і традыцыі чалавека, каб вызваліць яго з граху і ўвесці яго ў жыццё Тройцы. Напэўна, вера мае патрэбу ў культуры, каб яе можна было перадаваць. Вось чаму святы Ян Павел ІІ пацвердзіў, што вера, якая не становіцца культурай, гэта вера, якая памірае: “Пры правільнай рэалізацыі інкультурацыя мусіць кіравацца двума прынцыпамі: сумяшчальнасцю з Евангеллем і еднасцю з паўсюдным Касцёлам” (энцыкліка Redemptoris Missio, 7 снежня 1990 года, № 54).

Я пэўны час разглядаў першы параграф Канстытуцыі, таму што вельмі важна, каб мы чыталі Sacrosanctum Concilium ў ягоным кантэксце, як дакумент, які мае намер прасоўваць законнае развіццё (як, напрыклад, павялічанае выкарыстанне нацыянальных моваў) у працягласці з прыродай, вучэннем і місіяй Касцёла ў сучасным свеце. Не трэба вычытваць рэчаў, якіх там няма. Айцы задумвалі не рэвалюцыю, а эвалюцыю, умераную рэформу.

Намеры Айцоў Сабору вельмі ясныя з іншых ключавых урыўкаў. Параграф 14 з’яўляецца адным з найбольш важных ва ўсёй Канстытуцыі:

Маці-Касцёл горача жадае весці ўсіх вернікаў да таго поўнага, свядомага і актыўнага ўдзелу ў літургічных абрадах, якога патрабуе сама сутнасць Літургіі і на які хрысціянскі народ, «выбраны род, каралеўскае святарства, народ святы, люд, узяты Богам ва ўласнасць» (1 П 2, 9; пар. 2, 4-5), мае права і да якога абавязаны на моцы хросту.

На гэты поўны і актыўны ўдзел усяго народу трэба звяртаць асаблівую ўвагу пры аднаўленні і развіцці святой Літургіі, бо Літургія — гэта першая і неабходная крыніца, з якой вернікі чэрпаюць сапраўдны хрысціянскі дух. Таму пастыры ва ўсёй сваёй пастырскай дзейнасці павінны старанна імкнуцца дасягнуць такога ўдзелу праз належнае выхаванне вернікаў.

Але нельга спадзявацца на дасягненне гэтых вынікаў, калі найперш самі пастыры цалкам не пранікнуцца духам і моцай Літургіі і не стануць яе настаўнікамі. Таму вельмі неабходна найперш паклапаціцца пра літургічнае выхаванне духавенства.

Тут мы чуем голас дасаборных Папаў, якія шукалі сапраўднага і плённага ўдзелу ў літургіі, і настойлівыя словы аб тым, што для таго, каб такі ўдзел быў рэалізаваны, тэрмінова неабходны старанная адукацыя і літургічная фармацыя. Тут Айцы праяўляюць рэальны погляд на рэчы, які пазней быў забыты. Давайце зноў паслухаем гэтыя словы Сабору і паразважаем над іх важнасцю: “нельга спадзявацца на дасягненне гэтых вынікаў (актыўнага ўдзелу), калі найперш самі пастыры цалкам не пранікнуцца духам і моцай Літургіі і не стануць яе настаўнікамі”.

У пачатку 21 параграфа мы таксама вельмі ясна чуем намеры Айцоў: “Каб хрысціянскі народ з большай пэўнасцю дасягаў у святой Літургіі паўнаты ласкі, святая Маці-Касцёл жадае правесці агульнае аднаўленне Літургіі”. “Ut populus christianus in sacra Liturgia abundantiam gratiarum securius assequatur…” Вывучаючы лацінскую мову, мы даведваемся, што слова “ut” азначае яўную мэту, якая ідзе далей ў тым самым сказе. Чаго хацелі Айцы Сабору? Таго, каб хрысціянскі народ з большай пэўнасцю дасягаў у святой Літургіі паўнаты ласкі. Як яны прапаноўвалі гэтага дамагчыся? З вялікай асцярогай праводзячы агульнае аднаўленне самой Літургіі (“ipsius Liturgiae generalem instaurationem sedulo curare cupit”). Калі ласка, заўважце, што Айцы кажуць пра “аднаўленне”, а не рэвалюцыю!

Адзін з найбольш ясных і прыгожых выразаў намераў Айцоў Сабору знаходзіцца ў пачатку другога раздзелу Канстытуцыі, які разглядае таямніцу Найсвяцейшай Эўхарыстыі. У параграфе 48 мы чытаем:

Таму Касцёл рупліва клапоціцца аб тым, каб хрысціяне падчас гэтай таямніцы веры прысутнічалі не як староннія маўклівыя гледачы, але каб праз абрады і малітву добра разумелі гэтую таямніцу і каб свядома, пабожна і актыўна ўдзельнічалі ў сакральным дзеянні. Яны павінны выхоўвацца Божым словам, падмацоўвацца са стала Божага Цела і дзякаваць Богу. Прыносячы беззаганную Ахвяру не толькі праз рукі святара, але і разам з ім, яны павінны вучыцца прыносіць у ахвяру саміх сябе і праз пасрэдніцтва Хрыста з кожным днём удасканальвацца ў еднасці з Богам і паміж сабой, каб урэшце Бог быў усім ува ўсіх.

Мае браты і сёстры, гэта і ёсць тое, чаго жадалі Айцы Сабору. Так, напэўна яны абмяркоўвалі і галасавалі за канкрэтныя шляхі дасягнення сваіх намераў. Але давайце скажам ясна: абрадавыя рэформы, прапанаваныя ў Канстытуцыі, такія як аднаўленне малітвы вернікаў падчас Імшы (пар. 53), пашырэнне канцэлебрацыі (пар. 57), а таксама некаторыя з яе прынцыпаў, такіх як спрашчэнне, пра якое кажуць параграфы 34 і 50, падпарадкоўваюцца фундаментальным намерам Айцоў Сабору, пра якія я толькі што казаў. Усё гэта сродкі дасягнення мэты, і менавіта мэты мы мусім дасягнуць.

Калі мы хочам рушыць наперад да больш аўтэнтычнай рэалізацыі Sacrosanctum Concilium, менавіта гэтыя мэты мы мусім найперш паставіць перад сабою. Можа быць, калі мы вывучым іх свежым позіркам і праз прызму досведу апошніх пяці дзесяцігоддзяў, мы ўбачым некаторыя канкрэтныя рэформы абрадаў і пэўныя літургічныя прынцыпы ў іншым святле. Калі сёння, каб “з кожным днём развіваць хрысціянскае жыццё сярод вернікаў” і “заклікаць усіх людзей ва ўлонне Касцёла”, некаторыя з іх трэба перагледзець, давайце папросім Пана даць нам любоў, пакору і мудрасць, каб зрабіць гэта.

 

В. Што адбылося пасля публікацыі Sacrosanctum Concilium?

Я заахвочваю яшчэ раз паглядзець на Канстытуцыю і на рэформу, якая адбылася пасля яе публікацыі, таму што я не думаю, што мы сёння можам сумленна прачытаць хоць бы першы параграф Sacrosanctum Concilium і быць упэўненымі, што мы дасягнулі ягоных мэтаў. Мае браты і сёстры, дзе тыя вернікі да якіх прамаўлялі Айцы Сабору? Многія з вернікаў сёння ўжо няверуючыя: яны ўвогуле не прыходзяць на літургію. Калі казаць словамі св. Яна Паўла ІІ: “Ігнараванне Бога прывяло да пакінутасці чалавека. Таму нічога дзіўнага, што ў такім кантэксце адкрылася шырокае поле для нястрымнага развіцця нігілізму ў філасофіі, рэлятывізму ў каштоўнасцях і маралі і прагматызму — а нават цынічнага геданізму — у штодзённым жыцці. Еўрапейская культура стварае ўражанне “ціхага вераадступніцтва” з боку людзей, якія маюць усё патрэбнае і жывуць так, быццам Бога няма” (апостальская адгартацыя Ecclesia in Europa, 28 чэрвеня 2003 года, № 9). Дзе ж еднасць, якой Сабор спадзяваўся дасягнуць? Мы яшчэ не дайшлі да яе. Ці дамагліся мы рэальнага поспеху ў закліку ўсіх людзей ва ўлонне Касцёла? Я так не думаю. І ўсё ж мы вельмі шмат зрабілі для літургіі!

За сваё 47-гадовае святарскае жыццё і больш за 36 гадоў біскупскага служэння я магу пацвердзіць, што шматлікія каталіцкія супольнасці і асобы жывуць і моляцца ў межах паслясаборнай літургіі з запалам і радасцю, атрымліваючы ад яе шмат, калі не ўсе даброты, якіх жадалі Айцы Сабору. Гэта вялікі плён Сабору. Але са свайго досведу — а цяпер і з досведу службы Прэфектам Кангрэгацыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў — я таксама ведаю, што па ўсім Касцёле сёння існуе шмат скажэнняў літургіі і што ёсць шмат сітуацый, якія можна было б палепшыць, каб дасягнуць мэтаў Сабору. Перад тым, як паразважаць пра некаторыя магчымыя паляпшэнні, давайце разгледзім тое, што адбылося пасля публікацыі Канстытуцыі пра Святую Літургію.

У шаснаццатым стагоддзі Папа даверыў літургічную рэформу, якой пажадаў Трыдэнцкі сабор, адмысловай камісіі, якая працавала над падрыхтоўкай перагледжаных літургічных кніг, што былі ўрэшце ўведзены Папам. Гэта нармальная працэдура, і менавіта ёю скарыстаўся благаслаўлёны Павел VI ў 1964 годзе, заснаваўшы Consilium ad exsequendam constitutionem de sacra liturgia. Мы шмат ведаем пра гэтую камісію, дзякуючы апублікаваным успамінам яе сакратара, арцыбіскупа Анібале Буньіні (The Reform of the Liturgy: 1948-1975, Liturgical Press, Collegeville 1990).

Праца гэтай камісіі па рэалізацыі Канстытуцыі напэўна была паддадзена ўплывам, ідэалогіям і новым прапановам, якіх не было ў Sacrosanctum Concilium. Напрыклад, Сабор насамрэч не прапаноўваў уводзіць новыя Эўхарыстычныя малітвы, але такая ідэя з’явілася і была прынята, і гэтыя новыя малітвы былі законна апублікаваныя Папам. Праўда і тое, як тлумачыць сам арцыбіскуп Буньіні, што некаторыя малітвы і абрады былі сканструяваны і перагледжаны згодна з духам часу, асабліва з экуменічнымі меркаваннямі. Ці было зроблена зашмат? Ці зробленае сапраўды дапамагло дасягнуць мэтаў Канстытуцыі? Ці насамрэч змены зрабілі дасягненне мэтаў больш цяжкім? Вось пытанні, якія трэба вывучыць. Я вельмі рады, што сёння навукоўцы старанна разглядаюць гэтыя рэчы. Тым не менш важна і тое, што благаслаўлёны Павел VI палічыў прапанаваныя камісіяй рэформы прыдатнымі і ўвёў іх у жыццё. Сваёй апостальскай уладай ён устанавіў іх як нарматыўныя і гарантаваў іх законнасць і сапраўднасць.

Але пакуль трывала афіцыйная рэформа, у розных частках свету ўзніклі і ўкараніліся сур’ёзныя памылковыя інтэрпрэтацыі літургіі. Гэтыя злачынствы ў Святой Літургіі з’явіліся з-за памылковага разумення Сабору і выявіліся ў суб’ектыўных літургічных цэлебрацыях, якія былі больш сканцэнтраваныя на жаданнях асобнай супольнасці, чым на ахвярным пакланенні Усемагутнаму Богу. Мой папярэднік на пасадзе Прэфекта кангрэгацыі кардынал Фрэнсіс Арынзэ аднойчы назваў гэта “Імша-зрабі-сам”. Святы Ян Павел нават палічыў неабходным напісаць наступныя словы ў сваёй энцыкліцы Ecclesia de Eucharistia (17 красавіка 2003 года):

Далучэнне Настаўніцтва Касцёла да справы абвяшчэння прынесла плён духоўнага росту хрысціянскай супольнасці. Несумненна, літургічная рэформа Сабору ў значнай ступені спрычынілася да больш свядомага, дзейснага і больш плённага ўдзелу вернікаў у Найсвяцейшай Ахвяры алтара. Больш за тое, у многіх месцах адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту знаходзіць сваю, адпаведную ролю ў штодзённым жыцці і становіцца невычэрпнаю крыніцаю святасці. Пабожны ўдзел вернікаў у эўхарыстычнай працэсіі ва ўрачыстасці Цела і Крыві Панскай — гэта ласка ад Пана, якая штогод напаўняе радасцю ўсіх, хто бярэ ў ёй удзел. Можна было б яшчэ і яшчэ пералічваць іншыя пазітыўныя прыклады веры і любові да Эўхарыстыі.

На жаль, побач з гэтым святлом хапае таксама і ценю, бо ёсць месцы, у якіх заўважаецца амаль цалкавітае занядбанне практыкі эўхарыстычнай адарацыі. Да гэтага дадаюцца таксама там-сям, у розных касцёльных асяроддзях, злоўжыванні, якія выклікаюць скажэнне сапраўднай веры і каталіцкага вучэння адносна гэтага незвычайнага Сакрамэнту. Часам сустракаецца вельмі абмежаванае разуменне таямніцы Эўхарыстыі. Пазбаўленая ахвярнага вымярэння, яна перажываецца такім чынам, што не выходзіць па-за сэнс і значэнне звыклага братэрскага спаткання. Акрамя таго, часам адмаўляецца неабходнасць святарскай паслугі, угрунтаванай на апостальскай пераемнасці, а сакрамэнтальнасць Эўхарыстыі зводзіцца толькі да дзейснасці яе абвяшчэння. Адсюль таксама дзе-нідзе з’яўляюцца экуменічныя ініцыятывы, якія, хоць і не пазбаўленыя добрых намераў, прымяняюць эўхарыстычныя практыкі, неадпаведныя дысцыпліне, у якой Касцёл выяўляе сваю веру. Як жа, у сувязі з такімі фактамі, не выказаць глыбокага болю? Эўхарыстыя — гэта занадта вялікі дар, каб можна было дапускаць двухзначнасць і ўмаленне.

Веру, што гэтая энцыкліка дзейсна спрычыніцца да рассейвання ценю дактрынальных сумневаў і адпрэчвання недапушчальнай практыкі з тым, каб Эўхарыстыя надалей яснела поўным святлом усёй сваёй таямніцы (№ 10).

Нароўні з надужывальнымі практыкамі існавала і адваротная рэакцыя на афіцыйна праведзеныя рэформы. Некаторыя людзі палічылі, што гэтыя рэформы зайшлі надта далёка і адбыліся надта хутка, альбо нават успрынялі афіцыйныя рэформы як дактрынальна падазроныя. Узгадаем спрэчкі, якія паўсталі ў 1969 годзе, калі кардыналы Атавіяні і Бачы накіравалі Папу Паўлу VI ліст, дзе выказалі сур’ёзную заклапочанасць, пасля чаго Папа палічыў патрэбным зрабіць некаторыя дактрынальныя ўдакладненні. Гэтыя пытанні таксама трэба старанна вывучыць.

Існавала таксама і пастырская рэальнасць: з добрых прычынаў ці не, некаторыя людзі не маглі ці не хацелі ўдзельнічаць у рэфармаваных абрадах. Яны заставаліся здалёк або ўдзельнічалі толькі ў нерэфармаванай літургіі там, дзе маглі яе знайсці, нават калі такая цэлебрацыя не была афіцыйна дазволенай. Так літургія стала выразам падзелаў унутры Касцёла, а не выразам каталіцкай еднасці. Сабор не хацеў, каб літургія падзяліла нас! Св. Ян Павел ІІ працаваў над тым, каб залячыць гэты падзел. Яму таксама дапамагаў кардынал Ратцынгер, які ўжо як Папа Бенедыкт XVI хацеў прыспешыць неабходнае ўнутранае паяднанне ў Касцёле, пастанавіўшы ў сваім motu proprio Summorum Pontificum (7 чэрвеня 2007 года), што больш старажытная форма рымскага абраду павінна быць даступна без абмежаванняў тым асобам і групам, якія жадаюць карыстацца яе багаццем. Дзякуючы Божаму провіду, цяпер стала магчыма цешыцца нашай каталіцкай еднасцю, у той самы час паважаючы і нават радуючыся законнай разнастайнасці абрадавых практык.

Нарэшце, я хацеў бы заўважыць, што сярод працы па рэформе і перакладзе, якая распачалася пасля Сабору (і мы ведаем, што некаторая такая праца была зроблена надта хутка, з-за чаго сёння нам прыходзіцца пераглядаць пераклады, каб зрабіць іх больш вернымі арыгінальнай лацінскай мове), магчыма, недастаткова ўвагі было аддадзена таму, што Айцы Сабору называлі неабходным для таго, каб плённы ўдзел ў літургіі быў дасягнуты: каб “найперш самі пастыры цалкам пранікліся духам і моцай Літургіі і сталі яе настаўнікамі”. Мы ведаем, што будынак са слабым фундаментам знаходзіцца пад рызыкай пашкоджання ці нават абвалу.

Магчыма, мы збудавалі вельмі новую, сучасную літургію на нацыянальнай мове, але калі мы не заклалі правільны падмурак — калі нашыя семінарысты і духавенства не “пранікліся цалкам духам і моцай Літургіі”, як патрабаваў Сабор, — тады яны самі не могуць фармаваць людзей, даручаных іхняй апецы. Нам трэба ўспрымаць словы самога Сабору вельмі сур’ёзна: спадзяванне на літургічную аднову будзе марным без грунтоўнай літургічнай фармацыі. Без гэтай неабходнай фармацыі клерыкі могуць нават нанесці шкоду людской веры ў таямніцу Эўхарыстыі.

Не хачу здавацца празмерна песімістычным, там кажу зноў: на свеце шмат, шмат свецкіх вернікаў, мужчынаў і жанчын, шмат клерыкаў і кансэкраваных асобаў, для якіх літургія ў рэфармаваным выглядзе з’яўляецца крыніцай духоўных і апостальскіх плёнаў, і за гэта дзякуй Усемагутнаму Богу. Але нават пасля майго кароткага аналізу, думаю, вы пагодзіцеся, што мы можам працаваць лепш, каб Святая Літургія сапраўды стала крыніцай і вяршыняй жыцця і місіі Касцёла ў пачатку дваццаць першага стагоддзя, як таго вельмі жадалі Айцы Сабору.

Так ці інакш, вось што Папа Францішак просіць нас рабіць: “Неабходна, — кажа ён, — з’яднаць адноўленае жаданне ісці наперад шляхам, які паказалі Айцы Сабору, бо яшчэ шмат застаецца зрабіць дзеля правільнага і поўнага засваення Канстытуцыі пра Святую Літургію ў ахрышчаных і касцёльных супольнасцях. У прыватнасці, я кажу пра падтрымку цвёрдай і арганічнай літургічнай ініцыяцыі і фармацыі як свецкіх вернікаў, так і клерыкаў і кансэкраваных асобаў”.

 

Г. Як нам ісці да больш сапраўднай рэалізацыі Sacrosanctum Concilium сёння?

У святле фундаментальных жаданняў Айцоў Сабору, а таксама розных сітуацый, якія мы бачылі пасля Сабору, я хацеў бы прадставіць некаторыя практычныя меркаванні наконт таго, як мы сёння можам больш верна рэалізаваць Sacrosanctum Concilium. Хоць я і выконваю функцыю Прэфекта Кангрэгацыі Божага культу, я раблю гэтыя прапановы сціпла, як святар і біскуп, спадзеючыся, што яны паспрыяюць даросламу разважанню і вывучэнню, а таксама добрай літургічнай практыцы ва ўсім Касцёле.

Для вас не стане сюрпрызам, калі я скажу, што перш за ўсё мы павінны ацаніць якасць і глыбіню нашай літургічнай фармацыі, тое, як мы пранікаем нашых клерыкаў, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў духам і моцай літургіі. Аднак Сабор не рабіў націск на ведах, хоць, вядома, Канстытуцыя падкрэслівае важнасць літургічнай навукі (гл. пар. 15-17). Не, першасная і неабходная літургічная фармацыя — гэта больш паглыбленне ў літургію, у глыбокую таямніцу Бога, нашага любячага Айца. Гэта пытанне жыцця літургіяй ва ўсім яе багацці, каб, чэрпаючы з яе глыбокіх крыніцаў, мы заўсёды мелі прагу гэтай асалоды, прагу яе парадку і прыгажосці, яе цішыні і сузірання, яе радасці і пакланення, яе здольнасці цесна яднаць нас з Тым, хто працуе ў святых абрадах Касцёла і праз іх.

Вось чаму тыя, хто знаходзіцца ў фармацыі для пастырскай службы, павінны ў сваіх семінарыях і дамах фармацыі жыць літургіяй так поўна, як гэта магчыма. Кандыдаты ў пастаянны дыяканат таксама павінны на доўгі час паглыбіцца ў інтэнсіўнае літургічнае жыццё. Дадам, што поўная і багатая цэлебрацыя старажытнай формы рымскага абраду, usus antiquior, павінна быць важнай часткай літургічнай фармацыі клерыкаў, бо як мы можам разумець і цэлебраваць рэфармаваныя абрады паводле герменеўтыкі працягласці, калі мы ніколі не пасмакавалі прыгажосці літургічнай традыцыі, якую ведалі самі Айцы Сабору і якая дала столькіх святых цягам стагоддзяў? Разумная адкрытасць да таямніцы Касцёла і яго багаццяў, шматвекавой традыцыі і пакорная паслухмянасць таму, што Святы Дух кажа Касцёлу сёння — вось сапраўдныя знакі таго, што мы належым Езусу Хрысту. Ён жа сказаў ім: “Вось чаму ўсялякі кніжнік, навучаны пра Валадарства Нябеснае, падобны да гаспадара, які вымае са скарбніцы сваёй новае і старое” (Мц 13:52).

Калі мы будзем займацца гэтым, калі нашыя новыя святары і дыяканы будуць сапраўды прагнуць літургіі, яны здолеюць самі фармаваць тых, хто даручаны іхняй апецы, нават калі літургічныя абставіны і магчымасці іх касцёльнай місіі будуць больш сціплыя, чым магчымасці семінарыі ці катэдральнай святыні. Я ведаю шматлікіх святароў, якія знаходзяцца ў такіх абставінах і выхоўваюць сваіх людзей у духу і моцы літургіі, парафіі якіх з’яўляюцца прыкладам вялікай літургічнай прыгажосці. Мы павінны памятаць, што годная прастата — гэта не тое самае, што рэдуктыўны мінімалізм альбо неахайны і вульгарны стыль. Як навучае Святы Айцец Францішак у сваёй апостальскай адгартацыі Evangelii Gaudium, “Касцёл евангелізуе і сам евангелізуецца праз прыгажосць літургіі, якая з’яўляецца як святкаваннем задання евангелізацыі, так і крыніцай яго адноўленай самаахвярнасці” (№ 24).

Па-другое, я лічу вельмі важным тое, каб мы ясна казалі пра прыроду ўдзелу ў літургіі, прыроду participatio actuosa, да якой заклікаў Сабор. На працягу апошніх дзесяцігоддзяў у гэтым пытанні было шмат замяшання. Параграф 48 Канстытуцыі кажа: “Таму Касцёл рупліва клапоціцца аб тым, каб хрысціяне падчас гэтай таямніцы веры прысутнічалі не як староннія маўклівыя гледачы, але каб праз абрады і малітву добра разумелі гэтую таямніцу і каб свядома, пабожна і актыўна ўдзельнічалі ў сакральным дзеянні”. Сабор бачыць удзел найперш як удзел унутраны, які бярэцца з “добрага разумення гэтай таямніцы”. Унутранае жыццё, жыццё, паглыбленае ў Бога і цесна населенае Богам, з’яўляецца неабходнай умовай паспяховага і плённага ўдзелу ў святых таямніцах, якія мы цэлебруем у літургіі. Эўхарыстычная цэлебрацыя павінна быць перажыта ўнутрана. Бог хоча сустрэцца з намі ўнутры нас. Айцы заклікалі вернікаў спяваць, адказваць святару, ўдзельнічаць у літургічнай паслузе, якая сапраўды ім належыць, але ўсё гэта мусіць выконвацца “свядома, пабожна і актыўна”.

Калі мы зразумеем прыярытэт перанясення нашага ўдзелу ў літургіі ў свае ўнутраныя абшары, мы пазбегнем гучнай і небяспечнай літургічнай актыўнасці, якая надта кідалася ў вочы ў апошнія дзесяцігоддзі. Мы не прыходзім на літургію выконваць дзеянні, каб усе бачылі. Мы прыходзім, каб з’яднацца з Хрыстовым дзеяннем праз унутранае засваенне знешніх літургічных абрадаў, малітваў, знакаў і сімвалаў. Можа быць, мы, святары, чыё пакліканне заключаецца ў службовым святарстве, павінны памятаць пра гэта больш за іншых! Але нам трэба таксама фармаваць іншых, асабліва нашых дзяцей і моладзь, у правільным разуменні ўдзелу ў літургіі, у сапраўдным разуменні літургічнай малітвы.

Па-трэцяе, я казаў пра той факт, што некаторыя рэформы, праведзеныя пасля Сабору, магчыма, былі створаны згодна з духам часу, і што ўзрастае аб’ём крытычнага вывучэння вернымі сынамі і дачкамі Касцёла, якія задаюць пытанне, ці насамрэч тое, што ўдалося атрымаць, было задумана мэтамі Сабору, ці рэформы пайшлі далей за гэтыя мэты. Гэтая дыскусія часамі праводзіцца пад назвай “рэформа рэформы”, і я памятаю, што айцец Томас Коцік прадставіў навуковае даследаванне па гэтым пытанні на канферэнцыі Sacra Liturgia ў Нью-Ёрку мінулым годам.

Я не думаю, што можна адкінуць магчымасць ці пажаданасць афіцыйнай рэформы літургічнай рэформы, таму што яе прыхільнікі робяць некаторыя важныя заявы, спрабуючы быць вернымі жаданню Сабору, выказанаму ў параграфе 23 Канстытуцыі: “захаваць здаровую традыцыю і адначасова адкрыць шлях да правамернага прагрэсу”. Павінна пачацца стараннае тэалагічнае, гістарычнае і пастырскае даследаванне, а “інавацыі трэба ўводзіць толькі тады, калі гэтага патрабуе праўдзівае і несумненнае дабро Касцёла, і з умовай, што новыя формы пэўным чынам арганічна вырастаюць з ужо існуючых”.

Сапраўды, я магу сказаць, што, калі Святы Айцец прыняў мяне на аўдыенцыі ў красавіку, ён папрасіў мяне вывучыць пытанне рэформы рэформы і шляхі, якімі дзве формы рымскага абраду могуць ўзаемна абагаціць адна адну. Гэта будзе доўгая і далікатная праца, і я прашу вашай цярплівасці і малітваў. Але, калі мы хочам рэалізаваць Sacrosanctum Concilium больш верна, калі мы хочам дасягнуць таго, чаго жадаў Сабор, гэтае сур’ёзнае пытанне трэба старанна вывучыць і дзейнічаць па ім з неабходнай яснасцю і разумнасцю, у малітве і поўным падпарадкаванні Богу.

Мы, святары і біскупы, нясем вялікую адказнасць. Як наш добры прыклад будуе добрую літургічную практыку, так нашая бесклапотнасць, нашая руціна і правіны шкодзяць Касцёлу і яго Святой Літургіі!

Мы, святары, мусім быць веруючымі найперш. Людзі адрозніваюць святароў, якія цэлебруюць літургію з верай, і святароў, якія цэлебруюць літургію спяшаючыся, гледзячы на гадзіннік, як быццам яны хочуць хутчэй вярнуцца да сваёй пастырскай працы, іншых абавязкаў ці паглядзець тэлевізар! Айцы, у нас няма больш важных справаў за цэлебрацыю святых таямніцаў: давайце будзем асцерагацца літургічнай ляноты і адсутнасці запалу, таму што гэта спакушэнне д’ябла.

Мы павінны памятаць, што мы не з’яўляемся аўтарамі літургіі, мы — яе пакорныя слугі, падпарадкаваныя дысцыпліне і законам. Мы таксама адказваем за фармацыю тых, хто дапамагае нам у літургічным служэнні, у духу і моцы літургіі, а таксама паводле яе правілаў. Часам я бачыў, як святары саступаюць удзяленне Святой Камуніі надзвычайным служыцелям: гэта няправільна, гэта адмова ад святарскага служэння, а таксама клерыкалізацыя свецкіх. Калі гэта здараецца, гэта знак, што фармацыя адбываецца зусім няправільна і што яе неабходна карэктаваць (гл. Мц 14:18-21). “Затым, узяўшы пяць хлябоў… даў іх вучням, каб раздалі людзям… А тых, хто еў хлябы, было каля пяці тысяч мужчын” (Мк 6:30-44; Мц 14:18-21).

Я таксама бачыў, як святары і біскупы, апранутыя для цэлебрацыі Святой Імшы, дастаюць тэлефоны і камеры і выкарыстоўваюць іх падчас Святой Літургіі. Гэта сур’ёзнае злачынства супраць таго, што яны лічаць сваёй місіяй, апранаючы літургічнае адзенне, якое апранае і перамяняе нас ў alter Christus — і нават больш, у ipse Christus, самога Хрыста. Гэта сапраўднае блюзнерства. Ніводзін біскуп, святар ці дыякан, апрануты для літургічнага служэння ці прысутны ў прэзбітэрыі, не павінен рабіць фотаздымкі нават на вялікай канцэлебраванай Імшы. На жаль, святары часта робяць гэта на такіх Імшах, альбо размаўляюць паміж сабою, альбо вольна сядзяць. Я думаю, гэта знак таго, што мы тэрмінова павінны перагледзець адпаведнасць гэтых аграмадных канцэлебрацый, асабліва, калі яны даводзяць святароў да такіх скандальных паводзінаў, нягодных той таямніцы, якую яны цэлебруюць, ці калі памер такіх цэлебрацый даводзіць да рызыкі прафанацыі Найсвяцейшай Эўхарыстыі.

Таксама скандалам і прафанацыяй з’яўляецца сітуацыя, калі свецкі вернік робіць фотаздымкі падчас Святой Эўхарыстыі. Свецкія вернікі павінны ўдзельнічаць у Імшы праз малітву, а не бавячы час з фотаапаратам!

Я хачу заклікаць усіх святароў. Магчыма, вы чыталі мой артыкул у L’Osservatore Romano год таму (12 чэрвеня 2015 года) ці маё інтэрв’ю часопісу Famille Chrétienne ў маі бягучага года. У абодвух выпадках я казаў, што лічу вельмі важным як мага хутчэй вярнуцца да супольнай арыентацыі святароў і вернікаў у адным напрамку — на ўсход, ці прынамсі да апсіды — да Пана, які прыходзіць, у тых частках літургічных абрадаў, дзе мы звяртаемся да Бога. Гэтая практыка дазваляецца сучасным літургічным заканадаўствам. Яна абсалютна законная ў сучасным абрадзе. Я сапраўды лічу, што гэта вельмі важны крок да таго, каб упэўніцца, што ў нашых цэлебрацыях Пан сапраўды знаходзіцца ў цэнтры.

І таму, дарагія айцы, я сціпла і па-брацку прашу вас увесці гэтую практыку дзе толькі мажліва, з разважлівасцю і з неабходнай катэхезай, вядома, але і з пастырскай упэўненасцю, што гэта штосьці добрае для Касцёла, штосьці добрае для нашых людзей. Вашае ўласнае пастырскае суджэнне падкажа вам, як і калі гэта стане магчымым, але, можа, першая нядзеля Адвэнту гэтага года, калі мы чакаем “Пана, які прыйдзе і не затрымаецца” (гл. інтроіт Імшы серады першага тыдня Адвэнту), будзе вельмі добрым часам, каб зрабіць гэта. Дарагія айцы, нам варта зноў пачуць крык Бога, перададзены прарокам Ераміем: “яны адвярнуліся плячамі да мяне” (2:27). Звернемся ж зноў у напрамку Пана! З дня свайго хросту хрысціянін ведае толькі адзін накірунак: усход. “Ты ўвайшоў, каб супрацьстаяць свайму ворагу, бо ты захацеў адвярнуцца ад яго перад ягоным абліччам. Мы павярнуўся на Усход (ad Orientem), бо той, хто адмаўляецца ад д’ябла, павяртаецца да Хрыста і проста на Ім спыняе свой позірк” (св. Амброзій, з пачатку трактата пра таямніцы).

Я хацеў бы таксама сціпла і па-брацку заклікаць маіх братоў біскупаў: калі ласка, вядзіце вашых святароў і людзей да Пана гэтым спосабам, асабліва ў вялікіх цэлебрацыях у вашых дыяцэзіях і ў вашых катэдральных святынях. Калі ласка, выхоўвайце вашых семінарыстаў у рэальнасці, дзе мы пакліканыя да святарства, не каб самім стаць у цэнтры літургічнай малітвы, але дзе мы вядзем Хрыстовых верных да Яго як тыя, хто таксама моліцца. Калі ласка, паспрыяйце гэтай простай, але глыбокай рэформе ў вашых дыяцэзіях, вашых катэдральных святынях, вашых парафіях і вашых семінарыях.

Мы, біскупы, нясем вялікую адказнасць і аднойчы мы павінны будзем адказаць Пану за нашае кіраўніцтва. Мы не валодаем нічым! Нішто не належыць нам! Як навучае св. Павел, мы проста “слугі Хрыста і распарадчыкі таямніц Божых. Ад распарадчыкаў жа патрабуецца, каб кожны з іх аказаўся верным” (1 Кар 4:1-2). Мы адказныя за забеспячэнне таго, каб у нашых дыяцэзіях паважаліся святыя таямніцы літургіі і каб нашыя святары і дыяканы не толькі захоўвалі літургічныя законы, але і ведалі дух і моц літургіі, з якой яны паходзяць. Я з вялікай радасцю прачытаў даклад “The Bishop: Governor, Promoter and Guardian of the Liturgical Life of the Diocese” (“Біскуп: кіраўнік, натхняльнік і ахоўнік літургічнага жыцця дыяцэзіі”), які на канферэнцыі Sacra Liturgia 2013 зрабіў арцыбіскуп Аляксандр Сэмпл з Портланда ў Арыгоне, ЗША, і я па-брацку заахвочваю маіх братоў біскупаў старанна вывучыць ягоныя разважанні.

Усе літургічныя распарадчыкі павінны перыядычна рабіць рахунак сумлення. Для гэтага я рэкамендую другую частку апостальскай адгартацыі Sacramentum Caritatis Бенедыкта XVI (22 лютага 2007 года) “Эўхарыстыя, цэлебраваная таямніца”. Прайшло амаль дзесяць гадоў з моманту публікацыі гэтай адгартацыі, калегіяльнага плёну Сіноду біскупаў 2005 года. Якога прагрэсу мы дамагліся за гэты час? Што яшчэ нам трэба зрабіць? Мы павінны задаць сабе гэтыя пытанні перад Панам, кожны паводле сваёй адказнасці, і затым зрабіць тое, што мы можам і што павінны, каб дасягнуць таго бачання справы, як апісаў Папа Бенедыкт.

Тут я паўтару тое, што ўжо казаў у іншым месцы, а менавіта, што Папа Францішак папрасіў мяне працягнуць найдзвычайную літургічную працу, якую пачаў Папа Бенедыкт (гл. Пасланне да Sacra Liturgia USA 2015, Нью-Ёрк). Тое, што мы маем новага Папу, не азначае, што погляды ягонага папярэдніка цяпер з’яўляюцца памылковымі. Наадварот, як мы ведаем, Святы Айцец Францішак мае вельмі вялікую пашану да літургічных поглядаў і мераў Папы Бенедыкта XVI, якія ажыццяўляліся ў поўнай вернасці намерам і мэтам Айцоў Сабору.

Перад тым, як скончыць, калі ласка, дазвольце мне ўзгадаць некаторыя невялікія крокі, якія таксама могуць паўплываць на вернае ажыццяўленне Sacrosanctum Concilium. Адным з такіх крокаў з’яўляецца тое, што мы павінны спяваць літургічныя тэксты, паважаючы літургічныя традыцыі Касцёла і радуючыся багаццю сакральнай музыкі, якой з’яўляецца грыгарыянскі харал — музыка, што найбольш адпавядае рымскаму абраду. Мы павінны спяваць сакральную літургічную музыку, а не проста рэлігійную ці нават свецкую музыку.

Мы павінны знайсці правільны баланс паміж нацыянальнымі мовамі і выкарыстаннем лацінскай мовы ў літургіі. Сабор ніколі не жадаў хітрасцю прыйсці да таго, каб рымскі абрад цэлебраваўся выключна на нацыянальнай мове. Намерам Сабору было павялічыць яго выкарыстанне, асабліва ў чытаннях. Сёння можна палегчыць разуменне ўсімі лацінскай мовы, асабліва пры наяўнасці сучасных сродкаў друку,  прынамсі для літургіі Эўхарыстыі, і, вядома, гэта найбольш адпаведна для міжнародных сабранняў, дзе многія не разумеюць мясцовую мову. І, натуральна, калі выкарыстоўваецца нацыянальная мова, яна павінна верна перадаваць арыгінальны лацінскі тэкст, як мне нядаўна пацвердзіў Папа Францішак.

Мы павінны ўпэўніцца, што пакланенне знаходзіцца ў цэнтры нашых літургічных цэлебрацый. Сэрца нашых літургічных цэлебрацый — гэта пакланенне Богу. Надта часта мы не пераходзім ад цэлебрацыі да пакланення, але калі мы не робім гэтага, я думаю, мы не ўдзельнічаем у літургіі цалкам, унутрана. У гэтым выпадку дапамагаюць дзве цялесныя паставы, яны тут неабходныя. Першая пастава — цішыня. Калі я ніколі не захоўваю цішыню, калі літургія не дае мне прасторы для ціхай малітвы і сузірання, як я магу ўшаноўваць Хрыста, як я магу яднацца з Ім у сваім сэрцы і душы? Цішыня вельмі важная, і не толькі перад і пасля літургіі. Гэта аснова любога глыбокага духоўнага жыцця.

Таксама важным з’яўляецца кленчанне падчас кансэкрацыі (калі толькі чалавек не хворы). На Захадзе гэта акт цялеснага пакланення, які ўпакорвае нас перад нашым Панам і Богам. Гэты акт сам па сабе з’яўляецца малітвай. Там, дзе стаянне на каленях і ўкленчванне зніклі з літургіі, іх трэба вярнуць, асабліва падчас прыняцця Найсвяцейшага Пана ў Святой Камуніі. Дарагія айцы, дзе магчыма і з пастырскай разважлівасцю, пра якую я казаў раней, выхоўвайце ваш народ у гэтым прыгожым акце пакланення і любові. Укленчым жа ў пакланенні і любові перад нашым Эўхарыстычным Панам яшчэ раз! “Чалавек не з’яўляецца чалавекам поўнасцю, калі ён не падае на калені перад Богам, каб пакланіцца Яму, каб сузіраць Яго асляпляльную святасць і дазволіць Яму змяніць яго на свой вобраз і падабенства” (R. Sarah, On the Road to Ninive, Paulines Publications Africa 2012, p. 199).

Кажучы пра прыняцце Святой Камуніі на каленях, я хацеў бы прыгадаць ліст Кангрэгацыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў (2002), які паясняе, што “любая адмова ў Святой Камуніі члену са сходу вернікаў з прычыны яго ці яе кленчання з’яўляецца цяжкім парушэннем аднаго з найбольш базавых правоў хрысціянскіх вернікаў” (ліст ад 1 ліпеня 2002 года, Notitiae, n. 436, Nov-Dec 2002, p. 583).

Правільнае адзенне ўсіх літургічных служыцеляў у прэзбітэрыі, уключна з лектарамі, таксама вельмі важнае, калі такое служэнне лічыцца сапраўдным і калі яно выконваецца з прыстойнасцю, адпаведнай для Святой Літургіі, а таксама калі служыцелі самі жадаюць паказаць пашану да Бога і да таямніцаў, падчас якіх яны прыслугоўваюць.

Вось некалькі прапановаў; я ўпэўнены, што можна зрабіць і іншыя. Я прыводжу іх як магчымыя шляхі руху наперад да “правільнага спосабу цэлебрацыі літургіі ўнунтрана і знешне”, жаданне якога выказваў кардынал Ратцынгер у пачатку сваёй вялікай працы Дух літургіі (Joseph Ratzinger, Theology of the Liturgy, Collected Works vol. 11, Ignatius Press, San Francisco 2014, p. 4). Я заахвочваю вас зрабіць усё магчымае для дасягнення гэтай мэты, якая вельмі адпавядае мэце Канстытуцыі пра Святую Літургію Другога Ватыканскага сабору.

 

Заключэнне

Я пачаў гэтую прамову разважаннем пра навучанне Папаў дваццатага стагоддзя наконт Святой Літургіі. Першы з іх, св. Пій Х, меў асабісты дэвіз: instaurare omnia in Christo — аднавіць усё ў Хрысце. Я прапаную, каб мы прынялі гэтыя словы і зрабілі іх сваім стандартам па меры таго, як мы працуем ў накірунку больш вернага ажыццяўлення Sacrosanctum Concilium, бо ў тым выпадку, калі мы прыходзім на Святую Літургію і уваходзім у склад розуму Хрыста, калі мы апранаемся ў Хрыста, як апранаемся ў хрысцільную вопратку альбо адзенне, адпаведнае нашаму літургічнаму служэнню, мы не зможам збіцца са шляху.

На жаль, праўда і тое, што ў дзесяцігоддзі пасля Другога Ватыканскага сабору ў літургічным жыцці Касцёла “побач са святлом хапае таксама і ценю”, як сказаў св. Ян Павел ІІ ў Ecclesia de Eucharistia (№ 10). Наш абавязак — змагацца з прычынамі гэтага. Але вялікую надзею і радасць прыдае тое, што сёння, у дваццаць першым стагоддзі, шмат верных каталікоў упэўненыя ў важнасці літургіі ў жыцці Касцёла і прысвячаюць сябе літургічнай апостальскай працы, таму, што агульна можна назваць новым літургічным рухам.

Мае браты і сёстры, я дзякую вам за вашую адданасць Святой Літургіі. Я заахвочаю і благаслаўляю вас ва ўсіх вашых высілках, вялікіх і малых, па вяртанні “правільнага спосабу цэлебрацыі літургіі ўнутрана і знешне”. Трывайце ў гэтай апостальскай працы: Касцёл і свет мае патрэбу ў вас!

Прашу вашых малітваў аб маім служэнні.

Дзякуй. Няхай вас благаславіць Бог.

© Кардынал Рабэр Сара,
Прэфект Кангрэгацыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў


Крыніцаhttps://drive.google.com/file/d/0B8CZzED2HiWJNzdaOE9ycVI4ekU/view
ФотаSacra Liturgia 2016

Неафіцыйны пераклад на беларускую мову зроблены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу арганізатараў канферэнцыі Sacra Liturgia 2016.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

You may also like...

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: