requiem-mass-j-shaw-by-nc-sa-mini

Ватыўная Імша. — Кожны дзень літургічнага года мае сваю Імшу, больш ці менш адрозную ад іншых. Калі гэты парадак перарываецца, то дадзеная Імша называецца ватыўнай. Спецыялісты па рубрыках азначаюць яе як Імшу, якая не супадае з афіцыем дня. Яна атрымала сваю назву па той прычыне, што яна цэлебруецца, каб задаволіць пабожныя пажаданні самога святара ці некага з членаў сабранага люду.

На Імшы такога роду накладаюцца розныя абмежаванні. Яны могуць служыцца толькі ў дні нізкага рангу і толькі з паважнай прычыны, бо рубрыкі Імшала вельмі ясна кажуць, што Імша павінна згаджацца з афіцыем дня калі толькі можна. Св. Лігуоры кажа, што ватыўную Імшу нельга казаць пад тым толькі апраўданнем, што яна карацейшая за Імшу з дня, бо павінна быць больш сур’ёзная прычына (кніга vi, № 419). Дастатковай прычынай з’яўляецца той выпадак, калі асоба, якая просіць ці ахвяруе на Імшу, мае асаблівую пабожнасць да святога ці нейкай таямніцы (De Herdt, i. 27).

Сухая Імша. — Калі на Імшы не адбываецца ані кансэкрацыі, ані спажывання Святых Постацяў, такая Імша называецца сухой Імшой. У старажытныя часы такую Імшу называлі марской, бо яна асацыявалася пераважна з падарожжамі па моры, дзе існавалі сур’ёзныя перашкоды для служэння звычайнай Імшы, бо судна гайдалася з боку ў бок. У цэлебрацыі такой Імшы дазвалялася выкарыстанне ўсяго літургічнага адзення, але, паколькі не здзяйснялася кансэкрацыя, выкарыстанне келіха было забаронена. Можна было прамаўляць усе малітвы, якія не датычыліся непасрэдна аферторыя і кансэкрацыі, напрыклад, уступны псальм, інтроіт, Kyrie eleison, Gloria in excelsis, Credo, пасланне і Евангелле, а таксама прэфацыю. Напрыканцы Імшы дазвалялася ўдзяліць звычайнае благаслаўленне. У некаторых месцах існаваў звычай карыстацца паслугамі дыякана і субдыякана, каб стварыць больш урачыстую атмасферу. Манах-бенедыктынец Генебрард, які памёр напрыканцы шаснаццатага стагоддзя, сведчыць, што ён сам прысутнічаў на ўрачыстай сухой Імшы, якую адным вечарам цэлебравалі ў Турыне аб супакоі для душы пэўнага знанага чалавека, які толькі што памёр. Такія Імшы часта служыліся дзеля хворых, якія не маглі наведаць касцёл з прычыны сваёй хваробы, а таксама для вязняў і, як мы казалі раней, для падарожных морам. Але такія Імшы даўно прыйшлі ў заняпад. Яны больш не практыкуюцца — і справядліва, бо шмат людзей з добрымі намерамі і простым розумам верылі, што эфектыўнасць такіх Імшаў такая ж, як і эфектыўнасць рэальных Імшаў (гл. Durandus, Rationale Divinorum, § par. 23; Bona, Rer. Liturg., 235, 236; Gavantus, Thesaur. S. Rit., 33).

Вечаровая Імша (Missa vespertina). — У часы св. Аўгустына (пятае стагоддзе) у Афрыцы існавала традыцыя цэлебраваць Імшу Вялікага Чацвярга ўвечары на ўспамін устанаўлення Эўхарыстыі ў гэты дзень. Зазвычай яе служыў святар, які ўжо не захоўваў пост (Martene, De Antiquis Eccl. Ritibus; Bona, Rer. Liturg., 255). Адносна гэтай Імшы Чацвёрты Карфагенскі сабор пастанавіў наступнае: “Сакрамэнт Алтара павінен служыцца толькі святаром, які посціць, акрамя гадавіны ўстанаўлення Святой Эўхарыстыі”.

Іншая традыцыя, якая таксама захоўвалася ў пэўных месцах, заключалася ў тым, што Імша за памерлых служылася ў любы час дня, калі чалавек паміраў, незалежна ад таго, ці захоўвае святар пост (гл. артыкул пра аферторый Імшаў за памерлых). Але такая практыка была асуджана амаль адразу пасля яе ўвядзення некалькімі саборамі, сярод іншых, саборам у Карфагене ў Афрыцы і саборам ў Бразе ў Іспаніі (Бона, 255).

Вечаровая Імша ва Усходнім Касцёле. — Паколькі большасць Усходніх Касцёлаў не захоўвае Найсвяцейшы Сакрамэнт так, як робім гэта мы, таму што квасны хлеб хутка раскладаецца ў іхнім клімаце, ім прыходзіцца часта цэлебраваць Імшу ўвечары, каб удзяліць Святы Віятык паміраючаму. Вядома, святары пры гэтым парушаюць свой пост.

Копты ніколі не захоўваюць Найсвяцейшы Сакрамэнт паміж Імшамі па прычынах, пра якія мы скажам у адпаведным раздзеле пра Святую Камунію. Яны цэлебруюць Імшу ў любы час дня і ночы, калі іх паклічуць да паміраючага (Denzinger, Ritus Orientalium, p. 85).

Імша апоўначы. — Імшы апоўначы альбо ўвогуле начныя Імшы часта служыліся ў дні пераследу, калі хрысціянам забаранялі збірацца ўдзень. У пазнейшыя часы таксама існавала некалькі святаў, калі прадпісвалася Імша апоўначы, але гэтыя прывілеі ўжо даўно адмененыя. Адзін з іх застаўся толькі для Божага Нараджэння, калі, як і раней, ўначы цэлебруецца начная Імша.

Ва Усходнім Касцёле Імша апоўначы ніколі не была распаўсюджанай. Аднак адну з найбольш велічных рытуальных падзеяў можна бачыць ў Расіі на Пасхальнай Імшы апоўначы. Як толькі наступае 12 гадзінаў, пачынае званіць легіён крамлёўскіх званоў, і ім адразу адказваюць усе астатнія званы ў Маскве. На гук гэтых званоў кожны жыхар прачынаецца і кіруецца ў святыню, каб пачуць навіну пра Уваскрослага Збаўцу. Увесь горад ззяе, у кожным вакне гарыць святло, а на кожным рагу вуліц гарыць ліхтар. Галоўная вежа катэдральнага сабора асвятляецца мірыядамі ліхтарыкаў ад нізу да верху, а ў руцэ кожнага мужчыны, жанчыны і дзіцяці гарыць свечка. Атмасферу ўнутры святыняў, асабліва кафедральнай, немагчыма апісаць. З гэтай нагоды ўжываецца найбольш дарагое літургічнае адзенне, на якое не пашкадавалі ані грошай, ані працы (Burder, Religious Rites and Ceremonies, p. 154).

Імша раней асвячаных Дароў. — Гэтая Імша атрымала сваю назву па той прычыне, што яна цэлебруецца з Гостыяй, кансэкраванай пры ранейшай нагодзе, і таму не ўтрымлівае ў сабе абраду кансэкрацыі. У лацінскім Касцёле такая Імша служыцца толькі адзін раз у год, а менавіта ў Вялікую Пятніцу, але ў грэцкім Касцёле такая Імша цэлебруецца кожны дзень падчас Вялікага посту, акрамя суботы, нядзелі і свята Звеставання Пана, калі служыцца звычайная Імша (Goar, Euchologium Graecorum, p. 205). Гэты ўсходні звычай не цэлебраваць штодзённую Імшу ў Вялікім посце прынамсі такі ж стары, як і Лаадыкійскі сабор, які праводзіўся ў AD 314. Нялёгка вызначыць, калі гэтая традыцыя пачалася ў лацінскім Касцёле. Іншая розніца ў дысцыпліне паміж лацінскім і грэцкім Касцёлам адносна гэтай Імшы наступная: у першым выпадку падчас набажэнства не ўдзяляецца Камунія, тады як у другім выпадку ёсць звычай удзялення Камуніі кожны раз. Вось як апісвае набажэнства ў Рускай Царкве Раманаў:

“У раннія часы хрысціянскага Касцёла Айцы не лічылі прыстойным цэлебраваць суцяшальнае свята ў дні прыніжэння і пакуты за грэх і падчас Вялікага посту дазвалялі спяваць Імшу толькі ў суботы і нядзелі, а таксама ў свята Звеставання і Вялікі Чацвер [7]. Але паколькі шматлікія пабожныя хрысціяне прызвычаіліся да штодзённай Камуніі і не маглі адмовіць сабе ва ўмацаванні і аднаўленні сваіх душаў Целам і Крывёю Хрыста, святая Царква дала ім міласць літургіі раней асвячаных Дароў, калі хлеб і віно кансэкруюцца ў нядзелю, якая папярэднічае ўдзяленню Камуніі ў сераду і пятніцу тым, хто гэтага жадае” (Romanoff, Rites and Customs of the Greco-Russian Church, p. 123).

Імша-рэквіем. — Гэтая Імша цэлебруецца за памерлых і падпарадкоўваецца амаль тым самым правілам, як і звычайная ватыўная Імша. Калі падчас цэлебрацыі прысутнічае цела памерлага, яна мае асаблівыя прывілеі, якіх не мела б у адваротным выпадку, бо яе нельга цэлебраваць інакш, як толькі ў пэўных абмежаваннях. Імшы такога роду служацца на ўспамін пра памерлых вернікаў, па-першае, калі чалавек памірае (як кажа лацінскі сказ, dies obitus seu depositionis), што азначае любы дзень паміж тым, як чалавек памёр, і пахаваннем; па-другое, на трэці дзень пасля смерці, на ўспамін таго, што Пан уваскрос на трэці дзень пасля смерці; па-трэцяе, на сёмы дзень, на ўспамін таго, што ізраільцяне сем дзён сумавалі па Якубу (Быц 50:10); па-чацвёртае, на трыццаты дзень, на ўспамін Майсея і Аарона, бо па іх ізраільцяне плакалі менавіта такі час (Ліч 20; Дрг 34); і, нарэшце, у першую гадавіну пасля смерці (Gavant., Thesaur. Rit., 62). Гэты звычай таксама распаўсюджаны на ўсходзе.


[7] Мы не змаглі даведацца ці існуе ў Грэцкай Царкве рэгулярная служба ў Вялікі Чацвер, як у астатнія ўказаныя тры дні. Гор (Goar) нічога пра гэта не кажа. У кнізе Primitive Liturgies (Introduction, xxxvii., note) аўтарства Ніла і Літлдэйла (Neale, Littledale) на гэты конт узгадваецца, што ў Вялікі Чацвер літургія раней асвячаных Дароў не выкарыстоўваецца ўвогуле, а замест яе цэлебруецца літургія св. Базыля, прычым тая самая, што будзе служыцца ў Вялікую Суботу (Neale, Holy Eastern Church, vol. ii, p. 713). Мы губляемся, які вывад з гэтага трэба рабіць: ці служылася рэгулярная Імша, ці не, але мы моцна схіляемся да таго, што не служылася, бо ўсходнія каноны ўзгадваюць толькі суботы, нядзелі і свята Звеставання.


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыйнае фота: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA)

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар