bp-gadecki-mazur-catholicnews.org.uk-cc-by-nc-sa-mini

Крыстафер Лэмб, КРАКАЎ — Лідар польскіх біскупаў заявіў, што “не існуе падставаў” для таго, каб дазволіць удзяленне Камуніі разведзеным і паўторна жанатым, хоць Папа Францішак і адкрывае такую магчымасць у сваім дакуменце пра сям’ю.

Усяго праз некалькі гадзінаў пасля таго, як іерархі краіны сустрэліся з Папам у Кракаве, арцыбіскуп Станіслаў Гандэцкі адпрэчыў магчымасць удзялення Камуніі паўторна жанатым каталікам пасля працэсу распазнавання, як тое прапануе Францішак у Amoris Laetitia.

“Гэтую справу няможна вырашыць у канфесіянале цягам дзвюх хвілін ці нават цягам двух гадоў, — сказаў старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Польшчы прадстаўнікам СМІ мінулым вечарам. — Гэта шлях, які святар і свецкія мусяць прайсці разам, ведаючы, што калі сужэнства было заключана сапраўдна, то не існуе падставаў для ўдзялення Камуніі разведзеным і паўторна жанатым”.

Арцыбіскуп звярнуўся да дакумента Яна Паўла ІІ Familiaris Consortio, у якім удзяленне Камуніі разведзеным і паўторна жанатым забаронена, калі толькі пара не жыве “як брат і сястра”.

Ён патлумачыў, што апостальская адгартацыя Amoris Laetitia, якую Папа Францішак апублікаваў пасля двух сінодаў біскупаў, улічвае рэкамендацыі польскіх іерархаў, якія “захоўваюць праўду Евангелля, згодна з якой мы не можам дабравольна пераступіць Хрыстовы наказ супраць разводаў”.

Арцыбіскуп Гандэцкі таксама працытаваў частку адгартацыі, якая кажа, што Рым і магістэрый не мусяць рэгуляваць усе маральныя, дактрынальныя і пастырскія справы. Гэта, па яго словах, дазволіла польскім біскупам вырашаць, якія інструкцыі выконваць.

“Святы Айцец кажа, што агульныя законы вельмі цяжка выканаць у кожнай краіне — Папа кажа пра дэцэнтралізацыю, якая дазволіць канферэнцыям біскупаў у паасобных краінах інтэрпрэтаваць папскія энцыклікі, зважаючы на ўласную рэлігійную і культурную сітуацыю”, — сказаў арцыбіскуп.

У сераду вечарам Папа ў прыватным парадку сустрэўся з польскімі біскупамі ў кракаўскай катэдральнай святыні: планавалася, што Францішак зробіць прамову, але замест яе адбыўся “нефармальны дыялог”.

Падчас нядаўніх візітаў у Мексіку і Злучаныя Штаты Папа выкарыстаў сустрэчы з біскупамі, каб дакарыць іх і заклікаць да прыняцця іншай пастырскай стратэгіі.


Крыніца: Vatican Insider
Ілюстрацыя: Mazur / catholicnews.org.uk (CC BY-NC-SA)

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу рэдакцыі La Stampa.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz