28.07.2016 / Joseph Shaw

Заклік да кардыналаў: тэкст раскрыты🕑 3 хвілін

letter-mini

У святле публікацыі спіса падпісантаў і тэкста закліку да Кардыналаў арганізатары гэтага закліку публікуюць наступны прэс-рэліз.

Сам заклік і суправаджальны ліст можна знайсці тут:

http://www.onepeterfive.com/theological-censures-amoris-laetitia-revealed/

Я буду працягваць выконваць функцыю прэс-сакратара нашай групы і буду рады адказаць на пытанні.

Д-р Джозэф Шоу

appealtothecardinals@gmail.com

Прэс-рэліз з нагоды публікацыі тэалагічнай крытыкі
і суправаджальнага ліста да кардыналаў і патрыярхаў

Выданне National Catholic Reporter з Канзаса (Місуры) нядаўна без дазволу апублікавала імёны падпісантаў ліста да Калегіі кардыналаў і ўсходніх патрыярхаў; таксама без дазволу аўстралійская газета The Australian нядаўна апублікавала поўны тэкст ліста і суправаджальнага дакумента. Апошні з’яўляецца тэалагічнай крытыкай апостальскай адгартацыі Amoris Laetitia, у якой выражана патрабаванне, каб кардыналі і патрыярхі заклікалі Папу Францішка рашуча і канчаткова асудзіць пэўныя выказванні. Дзеля абароны падпісантаў і дакумента ад нявернай інтэрпрэтацыі арганізатары жадаюць даць некаторыя каментарыі і тлумачэнні.

Як было растлумачана ў папярэдніх заявах, арганізатары не рабілі гэтыя дакументы публічнымі, паколькі яны звярталіся да кардыналаў і патрыярхаў, якія ў ідэале мелі б час разглядзець іх без перашкодаў з боку публічнай дыскусіі наконт дакументаў.

Крытычны дакумент з’яўляецца працай некалькіх каталіцкіх навукоўцаў, якія мелі перасцярогі, што каталікі могуць зразумець некаторыя ўрыўкі Amoris Laetitia як супярэчныя дактрыне каталіцкай веры. Лекам ад гэтай небяспекі з’яўляецца аўтарытэтная і канчатковая заява Вярхоўнага Пантыфіка, якая пацвярджае, што гэтыя заявы не могуць быць падтрыманы каталікамі і што Amoris Laetitia не прадстаўляе іх як навучанне магістэрыя і не патрабуе, каб у іх верылі. Калегія кардыналаў выконвае функцыю дарадчыкаў Папы. Патрыярхі ўсходніх Касцёлаў таксама маюць права і адказнасць даць параду Вярхоўнаму Пантыфіку па гэтым пытанні на моцы важнасці іхняга служэння. Адпаведна, у дакуменце былі пералічаны найбольшыя небяспечныя фрагменты тэкста Amoris Laetitia, і дакумент быў накіраваны кардыналам і патрыярхам разам з лістом, у якім мы заклікалі іх папрасіць Папу асудзіць гэтыя памылкі.

Небяспека для веры, якая знаходзіцца ва ўрыўках Amoris Laetitia і праяўляецца з прычыны спосабаў, якімі гэтыя ўрыўкі можна зразумець, пазначана пры дапамозе тэалагічных цэнзураў. Тэалагічныя цэнзуры — гэта тэрміны, якія абазначаюць канкрэтны характар небяспекі для веры і маральнасці, якія знаходзяцца ў выказванні. Разнастайныя цэнзуры, выкарыстаныя ў дакуменце, адносяцца альбо да цяжару памылкі ў выказванні, альбо да шкодных эфектаў, якія могуць з яго наступіць. Цэнзуры ў крытычным дакуменце маюць выключна дактрынальны характар і не з’яўляюцца юрыдычнымі па прыродзе, таму што падпісанты не прэтэндуюць і не маюць улады, неабходнай для накладання юрыдычных цэнзураў. Яны не ставяць пад сумнеў асабістую веру Папы Францішка і не заяўляюць, што ён згаджаецца з цэнзураванымі выказваннямі. Гэта адпавядае мэце дакумента, якая заключаецца ў тым, каб атрымаць ад Папы асуджэнне гэтых выказванняў. Цэнзуры прыведзеныя дзеля дапамогі кардыналам і патрыярхам, а іх вага паходзіць ад тэкстаў Пісання і магістэрыя, якія цытуюцца для іх пацвярджэння. Цэнзуры такога роду могуць быць устаноўлены любым чалавекам у Касцёле, які мае веды, ролю і місію, неабходныя для навучання па пытаннях веры і маралі.

Цэнзуры і спасылкі, якія прыводзяцца для іх пацвярджэння, заснаваныя на каталіцкім разуменні веры і Божага аб’яўлення. Згодна з гэтым разуменнем, калі сцвярджэнне прапануецца Касцёлам як тое, якое патрабуе згоды веры (найбольш аўтарытэтны ўзровень навучання), то гэтае сцвярджэнне з’яўляецца не людской інтэрпрэтацыяй Божага дзеяння ці вучэння, а сцвярджэннем, якое зрабіў сам Бог. Такія сцвярджэнні фармулююцца з выкарыстаннем моваў і канцэпцый, што належаць да людскіх культур, і выкладаюцца Касцёлам у канкрэтных гістарычных абставінах. Але гэтыя мовы, канцэпцыі і абставіны ніякім спосабам не змяняюць і не скажаюць праўдаў, аб’яўленых Богам. Яны выкарыстоўваюцца ўсемагутным Божым провідам, каб выказаць менавіта тое значэнне, якое Бог хоча перадаць. Падпісанты шчыра спадзяюцца і моляцца, каб кардыналы і патрыярхі выказаліся супраць памылак, пералічаных у дакуменце, і каб Святы Айцец аўтарытэтна асудзіў гэтыя памылкі.


Крыніца: Rorate Caeli
Ілюстрацыя: PD

Пакінуць каментар

Scroll Up