mass-j-shaw-cc-by-nc-sa

Паводле розных абставінаў пры цэлебрацыі Імшы, паводле ўжываных цырымоній і асаблівай мэты, дзеля якой здзяйснялася Імша, ёй даваліся розныя назвы, такія як урачыстая спяваная Імша, простая спяваная Імша, ціхая Імша, канвентуальная Імша, шлюбная Імша, залатая Імша, прыватная Імша, адзінотная Імша, ватыўная Імша, сухая Імша, вечаровая Імша і Імша апоўначы, Імша раней асвячаных Дароў, Імша-рэквіем і Імша правасуддзя.

Урачыстая спяваная Імша. — Калі Імша цэлебравалася з дыяканам і субдыяканам, а таксама з поўным складам малодшых прыслугоўваючых, яна называлася ўрачыстай спяванай Імшой. Ува многіх месцах Еўропы яе называлі вялікай з прычыны выгляду яе рытуалу. Таксама гэтую Імшу часта называюць высокай (high), бо большая яе частка спяваецца гучным голасам. У адсутнасці дыякана і субдыякана гэтая Імша называецца простай спяванай Імшой.

Ціхая Імша. — Ціхая Імша называецца так, бо яе прамаўляюць ціхім голасам, у адрозненне ад спяванай Імшы, якую спяваюць гучна. На гэтай Імшы апускаюцца звычайныя прыкметы ўрачыстасці. Большую яе частку святар прамаўляе звычайным голасам. На Імшы адсутнічаюць усе прыслугоўваючыя, акрамя міністранта, які прамаўляе адказы ад імя народу і прыслугоўвае пры алтары.

Канвентуальная Імша. — Сцісла кажучы, канвентуальная Імша — гэта тая Імша, якую пасля кананічнай трэцяй гадзіны (г. зн. каля 9:00) павінны цэлебраваць рэктары і канонікі пры катэдральным саборы.

Згодна з некаторымі аўтарытэтнымі крыніцамі, такая Імша таксама з’яўляецца абавязковай у супольнасцях, дзе захоўваецца Найсвяцейшы Сакрамэнт, і нават у вясковых храмах, якія карыстаюцца тым жа прывілеем (De Herdt, i. 14). Канвентуальная Імша таксама вядомая пад назвамі кананічнай, публічнай, супольнай і галоўнай. Апошняе азначэнне дадзенае ёй з прычыны асаблівых прывілеяў, якімі яна карыстаецца ў параўнанні са звычайнымі Імшамі.

Шлюбная Імша. — Жаданнем Касцёла заўсёды было, каб разам з урачыстасцю святога сужэнства, калі магчыма, за маладую пару складалася Імша, каб Усемагутны Бог благаславіў іхні саюз і надзяліў іх шчаслівым патомствам. З гэтай мэтай у Імшале вылучана адмысловае набажэнства, якое па-лацінску завецца “Missa pro Sponso et Sponsa” — Імша за маладога і маладую. Сама Імша лічыцца даволі прывілеяванай, бо яе можна служыць у дні вышэйшага рангу (Bouvry, Expositio Rubricarum, ii. 601).

На Імшы такога тыпу можна ўбачыць некаторыя цырымоніі, характэрныя толькі для яе. Да “Pater Noster” яна нічым не адрозніваецца ад звыклай Імшы, але, калі святар даходзіць да гэтага моманту Імшы, непасрэдна перад “Libera nos” ён становіцца на бок Паслання і, павярнуўшыся да маладых, якія кленчаць перад ім, чытае над імі дзве малітвы з Імшала пра прыроду і ўрачыстасць іх саюзу. Пасля гэтага маладыя сыходзяць на свае месцы, а Імша працягваецца, як звычайна, да апошняга благаслаўлення. Тады святар зноў паварочваецца да маладых і чытае над імі наступную малітву:

“Бог Абрагама, Бог Ізаака, Бог Якуба няхай будзе з вамі; няхай Ён пралье сваё благаслаўленне на вас, каб вы маглі ўбачыць дзяцей сваіх дзяцей у трэцім і чацвёртым пакаленні, а затым маглі цешыцца вечным, бясконцым жыццём з дапамогай нашага Пана Езуса Хрыста, Які з Айцом і Святым Духам жыве і валадарыць, Бог, праз усе вякі вечныя. Амэн”.

Пасля гэтага святару прадпісваецца нагадаць маладым пра ўзаемны давер і любоў, якія яны павінны адно аднаму, а таксама пра абавязкі, якія накладаюцца на іх у сэнсе ўстрымання ў тыя перыяды, якія Касцёл адасобіў для паглыбленай малітвы і посту. Нарэшце святар заахвочвае іх жыць у Божым страху. Затым ён акрапляе іх асвячанай вадой, і Імша працягваецца далей, як звычайна.

Шлюбная Імша ў сарумскім абрадзе. — Згодна з сарумскім абрадам, падрабязнае апісанне якога мы пададзім ніжэй, шлюбная Імша цэлебравалася з асаблівымі цікавымі цырымоніямі. Сам шлюб заключаўся пры дзвярах касцёла, каб кожны мог усё бачыць. Пасля святар прыводзіў маладых да прыступак алтара, дзе ён маліўся над імі, а таксама прасіў люд маліцца за іх. Далей пачыналася Імша, і калі званіў званочак на “Sanctus”, маладыя кленчылі на прыступках алтара, а некаторыя з клерыкаў гэтай святыні трымалі над імі вялікі кавалак тканіны, які называўся ахоўнай тканінай (care cloth). Гэтая тканіна не падымалася да самага “Pax”. Маладая рабіла так, каб яе валасы спадалі на плечы, і насіла на галаве вянок з каштоўных камянёў, калі ёй дазвалялі абставіны, альбо прынамсі вянок з кветак [6].

Адзенне Маргарэт, старэйшай дачкі караля Англіі Генры VII, падчас шлюбу з шатландскім каралём Джэймсам апісвалі наступным чынам: “Яна мела вельмі дарагія залатыя каралі, каштоўныя камяні і перліны вакол яе шыі, на галаве яе была карона, а валасы яе спадалі”. Непасрэдна перад “Pax” святар паварочваўся да маладых і ўдзяляў шлюбнае благаслаўленне, пасля якога ахоўная тканіна прыбіралася. Затым перадаваўся знак супакою, які спачатку атрымліваў ад святара малады і перадаваў яго жонцы. Пасля Імшы ўсім сябрам маладых, якія прысутнічалі на цырымоніі, раздаваліся хлеб і віно, благаслаўлёныя святаром.

Паводле традыцыі, якая захоўвалася ў Ёрку, шлюбнае благаслаўленне зазвычай удзялялася келіхам з увагі на вялікую годнасць сакрамэнту сужэнства. (Чытач, які хоча больш падрабязна даведацца пра гэтую справу, можа пазнаёміцца з цудоўнай працай д-ра Рока (Dr. Rock) пад назвай Church of our Fathers, vol. iii, part 2, 172.)

Залатая Імша (Missa aurea). — Залатую Імшу раней цэлебравалі ў серады сухіх дзён Адвэнту ў гонар Багародзіцы. Зазвычай гэта была ўрачыстая спяваная Імша найбольш велічнага характару, якая часта працягвалася тры ці чатыры гадзіны, каб цалкам рэалізаваць усе цырымоніі і музычныя фрагменты, прадугледжаныя з гэтай нагоды. У гэтай Імшы ўдзельнічалі біскуп і ўсе ягоныя канонікі, а таксама члены ўсіх рэлігійных супольнасцяў у дадзенай мясцовасці. Таксама сярод удзельнікаў Імшы існаваў звычай абменьвацца найкаштоўнейшымі падарункамі, і з-за велічы той таямніцы, якая стала нагодай для абмену падарункамі, яны падпісваліся залатымі літарамі, адкуль і пайшла назва гэтай Імшы (Gavantus, Thesaur. Sacr, Rit., 27; Bouvry, ii. 105). У тым ці іншым месцы Германіі яшчэ можна знайсці гэтую Імшу, а ў касцёле св. Гудулы ў Брусэлі такая Імша цэлебруецца рэгулярна штогод 23 снежня. У ёй удзельнічаюць тысячы людзей.

Прыватная Імша. — Калі рубрыкі кажуць пра “Missa privata”, амаль заўсёды маецца на ўвазе ціхая Імша. Аднак пад прыватнай Імшой мы маем на ўвазе нешта зусім іншае. Сцісла кажучы, прыватная Імша — гэта тая Імша, на якой адзін толькі святар прымае Камунію (Gavantus, p. 29). Назва “прыватная” паходзіць адтуль, што ў такой Імшы не прымае ўдзелу сход людзей і што яна цэлебруецца ў прыватным араторыі ці капліцы, да якой не ўсе маюць доступ. Паводле азначэння Трыдэнцкага сабору (сесія 22, частка 6), ніводная Імша не з’яўляецца прыватнай у каталіцкім разуменні гэтага слова. Бо кожная Імша, ці то прыватная, ці то публічная, прыносіцца публічным слугою Касцёла не толькі за сябе, а за ўсю сям’ю вернікаў (там жа).

Імшы такога роду практыкаваліся яшчэ ў дні апосталаў, што пацвярджаецца бясспрэчнымі сведчаннямі, хоць ерэтыкі шаснаццатага стагоддзя былі б шчаслівыя прыняць, што такіх Імшаў не было ці што яны былі забароненыя раннім Касцёлам. Але кардынал Бона паказвае, што прыватныя Імшы існавалі заўсёды, і як доказ узгадвае, сярод іншага, сведчанне Тэртуліяна, які жыў яшчэ ў другім стагоддзі (Bona, Rer. Liturg., p. 231).

Першым атакаваць такія Імшы асмеліўся сам архіерэтык Лютэр, які заявіў, што ў ягоных размовах з д’яблам яму было адкрыта, што такія Імшы з’яўляюцца сапраўдным ідалапаклонствам (Bouvier, Theol. Moral., iii. 224).

Каб пакласці канец усім прыдзіркам па гэтым пытанні, Трыдэнцкі сабор на 22 сесіі, у каноне 8 пастанавіў наступнае: “Si quis dixerit Missas in quibus solus sacerdos sacramentaliter communicat illicitas esse ideoque abrogandas, anathema sit.” Гэта значыць, калі хто скажа, што Імшы, у якіх толькі святар прымае сакрамэнтальную Камунію, незаконныя і таму яны павінны быць адмененыя, няхай будзе адлучаны.

Адзінотная Імша. — Калі Імшу гаворыць адзін святар без удзелу народа і нават прыслугоўваючага, яна называецца адзінотнай Імшой. Імшы такога роду калісьці былі распаўсюджаныя ў манастырах і рэлігійных супольнасцях (Bona, p. 230), і іх служаць дагэтуль у вялікай колькасці ў місійных краінах. Аднак гэтыя Імшы няможна служыць без крайняй неабходнасці, бо тэолагі лічаць сур’ёзным парушэннем цэлебрацыю без прыслугоўваючага, і прыслугоўваючы заўсёды павінен быць мужчынам і ніколі не можа быць жанчынай, незалежна ад таго, наколькі пільная патрэба ў ім.

Даволі дзіўна, але ў мінулыя дні адзінотныя Імшы былі забароненыя некаторымі мясцовымі саборамі, і ў асноўным гэта здаралася па той прычыне, што здавалася бязглуздым казаць “Dominus vobiscum” (“Пан з вамі”), “Oremus” (“молімся”) і “Orate fratres” (“маліцеся, браты”), калі на Імшы больш ніхто не прысутнічаў. Сабор у Майнцы, які праходзіў у часы Папы Льва ІІІ (AD 815), проста забараняў святару спяваць Імшу аднаму. Забарона не толькі спяваць, але і ўвогуле цэлебраваць Імшу без сведкаў, была паўторана саборам ў Нанце па сумніўных прычынах. Грацыян цытуе канон, з-за якога для належнай цэлебрацыі кожнай Імшы былі патрэбныя прынамсі два сведкі. Такое правіла існавала таксама ў ранніх цыстэрцыянцаў.

Кардынал Бона (Rer. Liturg., p. 230), у якога мы пазычаем гэтыя нататкі, мае сумнівы наконт таго, ці былі цалкам адмененыя адзінотныя Імшы ў ягоныя часы. Ён спасылаецца на вядомы прыклад пэўнага манастыра, які меў прывілей, нададзены Святым Пасадам, цэлебраваць Імшы без асобаў, якія прамаўляюць адказы.

Згодна з цяперашняй дысцыплінай Касцёла, калі патрэба прымушае святара цэлебраваць Імшу ў адзіноце, ён павінен сам прамаўляць адказы і ў іншых выпадках дзейнічаць так, як быццам яго слухае сход людзей. Ён не павінен прапускаць, скарачаць, дадаваць ці змяняць нешта, каб падладзіцца пад абставіны, а павінен пад пагрозай граху выконваць усё, што рубрыкі прадпісваюць для звычайнай Імшы.


[6] У сярэднявечным мастацтве так заўсёды прадстаўляюць благаслаўлёную Дзеву Марыю.


Аўтар: Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыйнае фота: Joseph Shaw (CC BY-NC-SA)

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар