bp-schneider-skojec-cr-mini

Што ж я кажу пра будучыню? Гэтая таямніца і тут робіць для цябе зямлю небам. Адчыні ж брамы нябёсаў і паглядзі, а лепш брамы не нябёсаў, а нябёсаў нябёсаў, і тады ты ўбачыш сказанае. Самае каштоўнае там я пакажу табе і на зямлі. Як у каралеўскіх пакоях важнейшыя за ўсё не сцены і не залаты дах, а цела караля, які сядзіць на пасадзе, так і на нябёсах — цела Валадара. Але тое самае ты можаш бачыць і цяпер на зямлі, бачыць не анёлаў і арханёлаў, не нябёсы і нябёсы нябёсаў, а самога Валадара ўсяго гэтага.

— Св. Ян Хрызастом, 24-я гамілія на 1 Кар.

14 лютага 2015 года біскуп Атаназіус Шнайдэр з Астаны (Казахстан), дзякуючы фінансавай дапамозе Paulus Instituteпрачытаў лекцыю ў Вашынгтоне. Падчас прамовы ён прапанаваў канкрэтныя дзеянні — дзесяць найважнейшых элементаў, якія трэба ажыццявіць, каб правесці літургічную аднову.

Як наведнік, я быў зноў уражаны дбаннем Яго Эксцэленцыі аб пашане і пабожнасці ў каталіцкай малітве. З-за глыбіні прапановаў, якія ён прадставіў, я хацеў бы падзяліцца з вамі маім уласным пераказам яго асноўных думак.

Біскуп паведаміў, што яшчэ з апостальскіх часоў Касцёл імкнуўся да святасці літургіі і што толькі праз дзеянне Святога Духа можна сапраўды пакланяцца Хрысту. Знешнія жэсты пакланення, якія выражаюць унутраную пашану, вельмі важныя ў кантэксце літургіі. Яны ўключаюць у сябе паклоны, кленчанні, прастрацыі і таму падобнае. Яго Эксцэленцыя працытаваў творы св. Яна Хрызастома наконт літургіі, асабліва засяродзіўшыся на наступнай тэме: літургія Касцёла — гэта ўдзел ў нябеснай літургіі анёлаў, і яна мусіць на гэтай жа нябеснай літургіі засноўвацца.

Ідэя нябеснай літургіі і нашага удзелу ў ёй падчас Ахвяры Святой Імшы прапануе пэўную перспектыву тым з нас, хто ўжо спакушаўся прыняць гэты незвычайны цуд сярод нас за нешта дадзенае. Рэальнасць жа такая, што кожная каталіцкая святыня сама па сабе з’яўляецца месцам, дзе прабываюць анёлы, арханёлы, Божае валадарства і сама Божая існасць. Калі б мы мелі магчымасць транспартавацца на нябесную літургію, мы не змаглі б вымавіць ані слова нават да тых, каго ведаем і любім. Таму, калі мы знаходзімся ў касцёле, мы павінны размаўляць стрымана і толькі пра святыя рэчы.

У старажытнасці ў касцёлах алтар і іншыя святыя рэчы засланяліся тканінай з пашаны да святой таямніцы, у якой яны выкарыстоўваліся. Насуперак сучаснаму папулярнаму меркаванню, тады не існавала цэлебрацыі Імшы versus populum і нават шырока распаўсюджанай практыкі ўдзялення Камуніі ў руку. Святар і народ разам глядзелі ў накірунку Бога, да літургічнага Усходу.

Калі мы цэлебруем літургію, менавіта Бог павінен быць у цэнтры. Уцелаўлёны Бог. Хрыстус. Ніхто іншы. Нават не святар, які выконвае дзеянні ад імя Хрыста.

Калі мы змяншаем колькасць знакаў і жэстаў пакланення, гэта абядняе літургію. Таму літургічная аднова павінна вярнуць іх і дадаць больш хрыстацэнтрычнага і трансцэндэнтнага характару да зямной літургіі, якая больш нагадвае літургію анёлаў.

Дзесяць элементаў адновы

Біскуп Шнайдэр прапанаваў наступныя 10 пунктаў, якія ён разглядае як фундаментальныя для літургічнай адновы.

1. Табернакулюм, у якім пад выглядам хлеба сапраўды прысутнічае Езус Хрыстус, Уцелаўлёны Бог, мусіць быць змешчаны ў сярэдзіне прэзбітэрыя, таму што больш ні ў адным знаку на зямлі Бог, Эмануэль, не прысутнічае так блізка да чалавека, як там. Табернакулюм — гэта знак, які паказвае і ўтрымлівае Сапраўдную Прысутнасць Хрыста, і таму ён павінен быць бліжэй да алтара і ствараць з алтаром адзін цэнтральны знак, які ўказвае на Эўхарыстычную таямніцу. Сакрамэнт Табернакулюма не мусіць аддзяляцца ці супрацьпастаўляцца Ахвяры Алтара, але абодва мусяць быць на цэнтральным месцы і бліжэй адзін да аднаго ў прэзбітэрыі. Уся увага тых, хто ўваходзіць у касцёл, павінна аўтаматычна скіроўвацца да табернакулюма і алтара.

2. Падчас Эўхарыстычнай літургіі — як найменш, ад пачатку Эўхарыстычнай літургіі, калі Хрыстус, Баранак Божы, прыносіцца з ахвяру, вернікі не павінны бачыць твар святара. Нават серафімы закрываюць свае абліччы (Іс 6:2), калі пакланяюцца Богу. Таму твар святара павінен быць звернуты да крыжа, абраза ўкрыжаванага Бога.

3. Падчас літургіі павінна быць больш знакаў пакланення, асабліва кленчанняў, асабліва кожны раз, калі святар дакранаецца да кансэкраванай Гостыі.

4. Вернікі, якія прыступаюць да Святой Камуніі і прымаюць Божага Баранка, павінны вітаць і прымаць Яго з актам пакланення, на каленях. Які момант у жыцці верніка больш святы за гэты момант сустрэчы з Панам?

5. Падчас літургіі павінна існаваць больш прасторы для цішыні, асаблівы ў тыя моманты, якія больш поўна раскрываюць таямніцу адкуплення. Асабліва, калі падчас Эўхарыстычнай малітвы робіцца прысутнай Ахвяра Крыжа.

6. Павінна існаваць больш знешніх знакаў, якія выражаюць залежнасць святара ад Хрыста, Найвышэйшага Святара, якія павінны больш ясна паказваць, што словы, якія святар кажа (напрыклад, Dominus vobiscum), і благаслаўленні, якія ён удзяляе вернікам, залежаць і паходзяць ад Хрыста, Найвышэйшага Святара, а не ад яго самога, прыватнай асобы. Не “я вітаю вас”, не “я благаслаўляю вас”, а “Я, Пан” раблю гэтыя рэчы. Хрыстус. Такім знакам, які практыкаваўся стагоддзямі, можа быць цалаванне алтара перад вітаннем вернікаў, каб паказаць, што гэтая любоў паходзіць не ад святара, а ад алтара. Таксама і перад благаслаўленнем можна было б цалаваць алтар, а потым благаслаўляць людзей. (Гэта тое, што існавала цягам тысячагоддзя і, на жаль, было адкінута ў новым абрадзе.) Таксама паклоны крыжу паказваюць, што Хрыстус больш важны за святара. Часта ў літургіі — у старым абрадзе — калі святар называў імя Езуса, ён павінен быў павярнуцца да крыжа і зрабіць паклон, каб паказаць, што ўвага павінна засяроджвацца на Хрысце, а не на ім.

7. Павінна існаваць больш знакаў, якія выражаюць нязмерную таямніцу адкуплення. Гэтага можна дасягнуць праз засланенне літургічных рэчаў тканінай, таму што такое засланенне — гэта дзеянне з літургіі анёлаў. Засланенне келіха, засланенне патэны наплечным велюмам, засланенне карпарала, засланенне рук біскупа, калі ён цэлебруе ўрачыстасць, выкарыстанне агароджы для Камуніі, а таксама алтарнага покрыва. Іншыя знакі — знак крыжа святара і вернікаў. Знакі крыжа, якія робіць святар падчас Эўхарыстычнай малітвы, і знакі крыжа, якія робяць вернікі падчас розных момантаў літургіі. Калі мы робім на сабе знак крыжа, гэта знак благаслаўлення. У старажытнай літургіі вернікі рабілі знак крыжа падчас Gloria, Credo і Sanctus. Гэта выраз таямніцы.

8. Павінен існаваць пастаянны знак, які выражае таямніцу пры дапамозе людской мовы — лацінская мова, святая мова, якой патрабаваў Другі Ватыканскі сабор у цэлебрацыі кожнай Святой Імшы. У кожным месцы частку Эўхарыстычнай малітвы варта заўсёды казаць на лацінскай мове.

9. Усе тыя, хто выконвае актыўную ролю ў літургіі, напрыклад, лектары, альбо тыя, хто прамаўляе малітву вернікаў, павінны заўсёды быць апранутыя ў літургічнае адзенне, прычым такое служэнне могуць выконваць толькі мужчыны, але не жанчыны, таму што гэта служэнне ў прэзбітэрыі, блізкае да святарства. Таму ў прэзбітэрыі павінны знаходзіцца толькі мужчыны, апранутыя ў літургічнае адзенне.

10. Музыка і спевы падчас літургіі павінны больш праўдзіва адлюстроўваць сакральны характар літургіі і павінны нагадваць спевы анёлаў, такія як Sanctus, каб мы маглі спяваць у адзін голас з анёламі. Не адзін толькі Sanctus, а ўсю Святую Імшу. Трэба, каб сэрцы, розумы і галасы святара і вернікаў былі накіраваныя да Пана. І каб гэта таксама выяўлялася ў знешніх знаках і жэстах.

Тут ёсць шмат над чым паразважаць. Прынамсі мне кожны з гэтых дзесяці пунктаў выдаецца абавязковым у нашым імкненні да сапраўднай пабожнай малітвы ў касцёлах. Ніводзін з гэтых пунктаў не супярэчыць ані старажытнай літургіі Касцёла, ані літургіі, якой жадалі Айцы Сабору ў Sacrosanctum Concilium (што яшчэ больш важна).

Было б сапраўдным благаслаўленнем, калі б больш біскупаў прынялі гэтыя дзесяць пунктаў як асноўныя накірункі развіцця літургіі ў сваіх дыяцэзіях. Я заахвочваю вас даслаць іх свайму біскупу для разважання. Сярод пытанняў і адказаў было яшчэ шмат каштоўных рэчаў, якія я вырашыў не транскрыптаваць з-за іх вялікай даўжыні.

Таксама я меў магчымасць сустрэцца з біскупам пасля заканчэння ягонай прамовы. Калі я падзякаваў яму за яго лідарства ў тым часе, калі так шмат пастыраў не выказваецца ясна пра вучэнне Касцёла, ён адказаў мне: “Гэта павінны рабіць вы. Вы, вернікі, вашыя сем’і. Вы павінны быць святымі. Вы павінны вучыць веры сваіх дзяцей. Вы павінны натхняць святароў”. Наконт пакліканняў ён сказаў, што мы мусім ахвяроўваць Богу сваіх дзяцей, калі мы жадаем паклікання для іх. Выдаецца, што гэтай парадай, разам з канкрэтнымі прапановамі, якія ён зрабіў раней, ён заклікае нас, свецкіх, пачаць рэвалюцыю святасці, калі мы хочам бачыць рэформы ў Касцёле.

Здаецца, нам час пачынаць.

* * *

У каментарыях аўтар прыводзіць адно цікавае пытанне, зададзенае біскупу падчас канферэнцыі.

П: Здаецца, усе вашыя дзесяць пунктаў, дзесяць вашых прапановаў па аднове літургіі можна выканаць, проста вярнуўшыся да старой формы Імшы (апладысменты).

АШ: (усміхаецца) Vox Populi, Vox Dei. (смех) Вы зразумелі? Голас народа — голас Божы. А вы… і ёсць народ. Нават калі вы жанчына, вы таксама з’яўляецеся членам паўсюднага святарства. І таму вы сказалі вельмі добра. Ну… Я згодны… Але мы таксама мусім разглядаць рэальнасць, у якой жывем. У вялікай большасці парафій людзі не ведаюць старажытнай літургіі, і таму для многіх з іх… яны псіхалагічна не гатовыя да поўнага пераходу да старой літургіі. Мы мусім разглядаць псіхалагічны эфект гэтага. І таму я прапанаваў паступова ўводзіць гэтыя дзесяць пунктаў, якія выражаныя ў старажытнай літургіі і якія адпавядаюць ідэям Другога Ватыканскага сабору.


Аўтар: Steve Skojec
Крыніца: OnePeterFive

Тэкст перакладзены з англійскага арыгінала. Тэкст і фота перадрукаваныя з дазволу аўтара. (На фота: біскуп Атаназіус Шнайдэр з аўтарам артыкула.)

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар