Інтэрв’ю кардынала Шонбарна: ці можна давяраць “пляткарскаму магістэрыю”?

card-schoenborn-GuentherZ-cc-by

На мінулым тыдні адбылася публікацыя важнага інтэрв’ю (PDF, англ.), якое кардынал Крыстаф Шонбарн, арцыбіскуп Вены і адзін з найбольш верных тэолагаў-дарадчыкаў і прадстаўнікоў Папы Францішка, даў рымскаму часопісу езуітаў La Civiltà Cattolica. Тэмай інтэрв’ю стала апостальская адгартацыя Amoris Laetitia (AL).

Гэтае інтэрв’ю ўжо некалькі разоў абляцела свет, галоўным чынам, таму, што Яго Эмінэнцыя зрабіў тры заявы: па-першае, што апостальская адгартацыя, такая як AL, сапраўды з’яўляецца афіцыйным настаўніцкім дакументам, які ўтрымлівае абавязковае для каталікоў вучэнне; па-другое, што ўсё папярэдняе вучэнне пра сужэнства і сям’ю цяпер мусіць інтэрпрэтавацца ў святле AL; і, нарэшце, што AL сапраўды трэба разумець у тым сэнсе, што яна дазваляе разведзеным і паўторна жанатым каталікам у некаторых выпадках прымаць сакрамэнты паяднання і Эўхарыстыі нават без пастановы жыць “як брат і сястра”.

Дарэчы, я ў прынцыпе згаджаюся з першай заявай кардынала Шонбарна наконт статусу апостальскіх адгартацый. Хоць яны ўзялі пачатак адносна нядаўна, яны маюць даволі высокі ўзровень у неафіцыйнай іерархіі дакументаў магістэрыя — магчыма, крыху ніжэй за энцыклікі. У вялікай ступені яны, праўда, павучальныя і пастырскія і тонам, і зместам, але не сцісла дактрынальныя. Але Шонбарн кажа верна, што, калі пэўныя ўрыўкі сфармуляваныя такім чынам, быццам Пантыфік мае намер укараніць нейкую дактрынальную праўду, то гэта напэўна лічыцца за дактрынальнае вучэнне. Я таксама ў прынцыпе згаджаюся з тэалагічным метадам, які ляжыць у аснове другой спрэчнай заявы кардынала Шонбарна, што ўсе папярэднія настаўніцкія выразы наконт сужэнства і сям’і адгэтуль трэба інтэрпрэтаваць у святле AL. Аднак Яго Эмінэнцыя кажа не ўсю праўду.

Дазвольце я растлумачу. У гістарычным развіцці касцёльнага вучэння часта здаралася, што пэўныя вучэнні, якія ў былыя часы не былі растлумачаны да канца, пазней праясняліся новымі дакументамі магістэрыя. Напрыклад, старажытная вера Касцёла ў тое, што Благаслаўлёная Дзева была без граху, не давала поўнай інфармацыі наконт таго, ці яе дасканалая бязгрэшнасць пачалася ад самага моманту яе зачацця. Таму, як добра вядома, некаторыя выбітныя тэолагі на працягу стагоддзяў спрачаліся ў справе яе Беззаганнага Зачацця, пакуль бл. Пій ІХ дагматычна не замацаваў гэтае пытанне ў 1854 годзе. Такім чынам, калі пазнейшае вучэнне дадае дакладнасць ці яснасць да папярэдняга альбо выводзіць з яго лагічныя наступствы, тады, вядома, мы мусім інтэрпрэтаваць ранейшыя заявы ў святле больш позніх.

Але што бывае ў адваротным выпадку, калі больш позняе настаўніцкае сцвярджэнне выражана менш ясна за ранейшае? Такой была праблема з пэўнымі дакументамі Другога Ватыканскага сабору. Паколькі часам трэба было залагодзіць глыбокія тэалагічныя супярэчнасці паміж “ліберальнымі” і “кансерватыўнымі” Айцамі і атрымаць кансэнсуснае меркаванне, фінальныя дакументы па некаторых тэмах — напрыклад, па рэлігійнай свабодзе, беспамылковасці Бібліі, экуменізме, па азначэнні Хрыстовага Касцёла і Яго сацыяльнага валадарства, па пытанні таго, ці будуць збаўленыя тыя, хто памёр няверуючымі, — выкладзеныя менш ясна, чым ранейшыя адпаведныя заявы магістэрыя. У гэтай новай сітуацыі правільная тэалагічная метадалогія патрабуе, каб мы інтэрпрэтавалі новае вучэнне ў святле старога. На жаль, аднабокая заява кардынала Шонбарна нічога не кажа пра гэтую камплементарную норму.

У абедзвюх сітуацыях базавы прынцып інтэрпрэтацыі адзін і той жа: мы павінны інтэрпрэтаваць менш ясныя настаўніцкія выказванні ў святле тых, якія выкладзены больш ясна, незалежна ад таго, якія былі першымі. Гэтая разумная норма бярэ пачатак ад яшчэ больш базавага прынцыпа, а менавіта, ад абяцання Езуса, што Святы Дух заўсёды будзе прысутнічаць у Касцёле, каб накіроўваць і трымаць яго на шляху веры (пар. Ян 14:16-17, 26). Таму, калі дзве відавочна кантрастныя навучальныя заявы можна разумна пагадзіць між сабою, іх трэба пагадзіць.

Аднак паўстае іншае пытанне: што, калі пагадзіць два папскія сцвярджэнні, якія маюць дачыненне да веры і маралі, здаецца немагчымым? Тут мы прыходзім да трэцяй і найбольш спрэчнай пазіцыі, якую цяпер падтрымаў кардынал Шонбарн. Некаторыя імкнуліся пагадзіць з папярэднім папскім вучэннем заявы Папы Францішка ў AL № 305 і сумна вядомай зносцы 351, якая кажа, што “ў пэўных выпадках” каталікі, якія жывуць “у аб’ектыўна грахоўнай сітуацыі” (асабліва разведзеныя і паўторна жанатыя) могуць атрымліваць “дапамогу сакрамэнтаў” — сакрамэнтаў, якія канкрэтна называе тая самая зноска: пакаяння і Эўхарыстыі. Паводле тых, хто выступае за пагаджэнне гэтага вучэння з папярэднім, Святога Айца ў гэтым месцы трэба разумець так, быццам ён яўна абмяжоўвае гэтую сакрамэнтальную “дапамогу” да тых выпадкаў, калі людзі вырашаюць жыць “як брат і сястра”.

Гэтае прымітыўнае прачытанне зноскі 351 ніколі не здавалася мне вартым даверу з увагі на кантэкст. У любым выпадку, цяпер яно рашуча — амаль пагардліва! — адкінута адукаваным пралатам, якога сам Францішак неаднакроць вылучаў як найбольш надзейнага інтэрпрэтатара новай апостальскай адгартацыі. Больш за тое, гэта здарылася ў інтэрв’ю, якое Папа амаль дакладна прачытаў загадзя. (Кожны нумар гэтага першакласнага часопіса правяраецца Дзяржаўным сакратарыятам Ватыкана перад публікацыяй.) Калі рэдактар Спадара пытаецца Шонбарна, ці згодны ён, што гэта “відавочная справа”, што Папа Францішак не абмяжоўвае гэтую сакрамэнтальную “дапамогу” да параў, якія жывуць як брат і сястра, Яго Эмінэнцыя проста адказвае: “Так, вядома!” Затым ён кажа проста: цяперашні Святы Айцец “пераступае межы выпадкаў, апісаных [Янам Паўлам ІІ] у № 84 Familiaris consortio“. (У сэнсе, тых выпадкаў, калі пары ўстрымліваюцца ад сэксуальнай інтымнасці.)

Будзем спадзявацца, што аўтарытэт Шонбарна прынамсі спыніць дэбаты аб тым, якія думкі і намеры мае Папа Францішак. Але давайце яшчэ раз узглянем на ключавы параграф ў апостальскай адгартацыі св. Яна Паўла ІІ пра сям’ю. З прыходам AL большасць апелюе да FC № 84, цытуючы тэкст пра выключэнне (сэксуальна актыўных) разведзеных і паўторна жанатых з Эўхарыстыі. Але больш важна тое, што гэты параграф кажа пра сакрамэнт пакаяння. Бо калі чалавек не можа атрымаць адпушчэнне грахоў, ён і так нідзе не можа прыступіць да Камуніі, нават у касцёле, у якім гэта не выклікала б скандалу. І Ян Павел пацвярджае: “Паяднанне ў сакрамэнце пакаяння, якое адкрывае дарогу да Эўхарыстыі, можа быць дадзена толькі тым, хто, пакаяўшыся ў ламанні знаку Запавету і вернасці Хрысту… бяруць на сябе абавязак жыць у поўным устрыманні, гэта значыць, ва ўстрыманні ад актаў, якія належаць жанатым парам”.

І вось тут узнікаюць праблемы, сябры. Папа Ян Павел у пераемнасці з усімі сваімі папярэднікамі ад старажытных часоў пацвердзіў, што толькі тыя разведзеныя і паўторна жанатыя каталікі, якія выбіраюць жыццё ў поўным устрыманні, могуць атрымаць сакрамэнтальнае адпушчэнне грахоў. Але Папа Францішак цяпер кажа, што не толькі тыя, хто робіць такі выбар, могуць атрымаць адпушчэнне грахоў.

“Толькі” — “не толькі”. Ніякая “герменеўтыка пераемнасці” не можа скрыць гэтую моцную супярэчлівасць. Але гэта не спыніла некаторых ад таго, каб паспрабаваць. Мы бачылі дзве прынцыповыя спробы зрабіць кола квадратам.

Па-першае, некаторыя прызнаюць разыходжанне, але прыводзяць аргумент, што мінулае выключэнне з сакрамэнтаў тых, хто жыве ў паўторным шлюбе і не ўстрымліваецца, гэта справа простай людской дысцыпліны — касцёльнага права. Таму Папа Францішак, даўшы цяпер большае прызнанне пэўным выпадкам, калі спаведнікі могуць распазнаць зменшаную прымяняльнасць віны ў гэтых аб’ектыўна распусных паводзінах, проста змякчыў, як нам кажуць, гэтую дысцыпліну, не паставіўшы пад сумнеў існую дактрыну ці Божы закон.

Аднак у самім № 84 Familiaris Consortio Папа Ян Павел прадстаўляе відавочна настаўніцкае сцвярджэнне — тое, якое па самай сваёй прыродзе прымяняльнае паўсюль і ва ўсе часы — як галоўную прычыну, чаму тым людзям забаронена прымаць Камунію (а таксама атрымліваць сакрамэнтальнае адпушчэнне грахоў, якое зняло б гэтую забарону). Ён сцвярджае: “Яны не могуць атрымаць такі доступ таму, што іх стан і ўмовы жыцця аб’ектыўна супярэчаць таму саюзу любові паміж Хрыстом і Касцёлам, які абазначае і выконвае Эўхарыстыя” (вылучэнне дададзенае). Паколькі галоўнай перашкодай для прыняцця Камуніі з’яўляецца менавіта “аб’ектыўны” стан распуснай супярэчнасці з аб’яўленым сакрамэнтальным значэннем хрысціянскага сужэнства (Ян Павел дадае правакацыю скандалу як асобную, другую прычыну), і паколькі гэты аб’ектыўны стан застаецца пастаянным у Законе Хрыста незалежна ад таго, наколькі суб’ектыўна вінаватыя ці невінаватыя могуць быць людзі, заява пра змяняльную касцёльную дысцыпліну несур’ёзная. Да Amoris Laetitia Касцёл разумеў і навучаў пра гэтую забарону менавіта як пра дактрынальную справу — нязменнае патрабаванне Божага закона ў Новым Запавеце, запячатаным Крывёю Хрыста.

Гэта даволі шчодра пацвярджаецца наступнымі настаўніцкімі дакументамі пантыфікатаў Яна Паўла ІІ і Бенедыкта XVI, напрыклад, апостальскай адгартацыяй Reconciliatio et Paenitentia (1984), лістом да біскупаў Кангрэгацыі дактрыны веры (1994), у якім выключэнне з сакрамэнтаў дадзенай катэгорыі людзей называецца “дактрынай” не менш за тры разы (пар. арт. 3, 4 і 6); апостальскай адгартацыяй Папы Бенедыкта XVI Sacramentum Caritatis (2007), дзе ў пар. 29 ён пацвярджае, што гэтая практыка Касцёла “заснаваная на Святым Пісанні”, гэта значыць, яна мае боскі, а не чыста людскі аўтарытэт.

Другая лінія аргументацыі, якая імкнецца паяднаць “толькі” Яна Паўла з “не толькі” Францішка, прасоўваецца некаторымі вядомымі пралатамі і тэолагамі. Тым не менш, я знаходжу яе настолькі недарэчнай, што не магу зразумець, варта мне плакаць ці смяяцца. Гэтая лінія ўсур’ёз заяўляе, што Папы Ян Павел і Бенедыкт насамрэч не мелі на ўвазе ў сваіх фармальных настаўніцкіх дакументах, што “толькі” тыя разведзеныя і паўторна жанатыя каталікі, якія жывуць як брат і сястра, могуць атрымліваць сакрамэнты. Нас просяць паверыць, што сапраўдная, аўтэнтычная каталіцкая пазіцыя па гэтым пытанні ніколі не была выразна акрэсленай нормай без выключэнняў, апісанай ў настаўніцкіх дакументах да Amoris Laetitia, але хутчэй увесь час была пушыстым, мяккім падыходам, які Папа Францішак абараняе ў восьмым раздзеле AL. Згодна з гэтым другім бачаннем, Францішак цяпер робіць не што іншае, як ідзе ў народ з нормай, якую папярэднія Папы ўжо пацвердзілі, але пакуль трымалі ў сакрэце — а нават публічна і афіцыйна адмаўлялі! Гэта быў, як трэба думаць, вельмі ахоўваны клерыкальны сакрэт, які падыходзіў толькі для вушэй спаведнікоў і канфідэнцыйна перадаваўся з вуснаў у вусны ў семінарыйных класах і на плябаніях. Згодна з гэтым сцэнарыем, падчас папярэдніх пантыфікатаў пра гэты сакрэт маглі даведацца толькі тыя свецкія асобы, якія жылі ў незаконных сэксуальных саюзах і якія змаглі давесці спаведніку шчырае насупадзенне сваіх поглядаў на сужэнства і развод з вучэннем Хрыста і Касцёла. Альбо якія паказалі сваё шчырае адчуванне, што яны, магчыма, не змогуць з гэтым вучэннем справіцца. У такіх выпадках, кажуць нам, Касцёл яшчэ задоўга да гэтага пантыфікату ціха дазваляў святару: (а) ацаніць “шчырасць” такіх пенітэнтаў наконт адсутнасці поўных ведаў ці поўнай дабравольнасці; (б) засноўваючыся на гэтым, заключыць, што іхняе пастаяннае здзяйсненне аб’ектыўна распусных дзеянняў не ставіць іх у сітуацыю смяротнага граху, і таму (в) даць ім адпушчэнне грахоў пры ўмове, што яны будуць пазбягаць скандалу, захоўваючы гэта ў сакрэце і прыступаючы да Камуніі толькі там, дзе іх не раскрыюць.

Гэта падобна да настаўніцкай канспірацыйнай тэорыі альбо хутчэй да пляткарскага магістэрыя, які можа пабіць козырам публічныя настаўніцкія дакументы. Шчыра кажучы, я знаходжу гэта бязглуздым. Па-першае, я ўжо даволі даўно знаходжуся ў клерыкальным клубе (святар і прафесар тэалогіі на працягу больш чым 30 гадоў), але я ніколі не чуў нават шэптам пра такую тэорыю, пакуль нядаўна не прачытаў каментарыі да Amoris Laetitia.

Я не сумняваюся ні на хвіліну, што ў спрыяльным клімаце, які пачаў даваць метастазы ў касцёльных установах пасля Другога Ватыканскага сабору, крокі (а), (б) і (в) часта рэкамендаваліся будучым святарам пэўнымі выкладчыкамі маральнай тэалогіі. Аднак нават, калі выказаць нясмелую здагадку, што крокі (а) і (б) могуць быць часам апраўданымі (я кажу нясмелую, бо нязгода з тым, што вядома як каталіцкая дактрына, сама па сабе цяжка грэшная, а таму з’яўляецца абцяжарвальнай акалічнасцю, а не змякчальнай), я лічу неверагоднай заяву, што святар будзе дзейнічаць у адпаведнасці з “рэальным” (хоць і падпольным) магістэрыем Папаў Яна Паўла ІІ і Бенедыкта XVI, калі ён пяройдзе ад (б) да (в). Бо крок (в) наўпрост супярэчыць публічным і афіцыйным словам Яна Паўла, якія цытаваліся вышэй і якія не маюць на ўвазе ніякіх выключэнняў: ён пацвярджае, што толькі тыя разведзеныя і паўторна жанатыя, якія пастанаўляюць практыкаваць устрыманне, могуць атрымаць адпушчэнне грахоў. А ліст Кангрэгацыі дактрыны веры да біскупаў (1994) на гэтую тэму заяўляе, што без такой пастановы гэтыя каталікі знаходзяцца “ў аб’ектыўнай сітуацыі, якая сама па сабе робіць прыняцце Святой Камуніі немагчымым”. Паколькі гэта менавіта іхняя “аб’ектыўная сітуацыя” “сама па сабе” мае такі эфект, лагічна заключыць, што святар павінен адмовіць ім у адпушчэнні грахоў, нават калі ў такіх выпадках (верагодна, рэдкіх) яны здаюцца суб’ектыўна свабоднымі ад смяротнага граху. Ён павінен спагадліва, але цвёрда сказаць ім, што яны пакуль што не могуць атрымаць адпушчэнне, таму што гэта будзе азначаць дазвол на прыняцце Эўхарыстыі; а прычына, па якой яны не могуць атрымаць гэты дазвол, гэта тое, што іхні цяперашні спосаб жыцця сур’ёзна канфліктуе з вучэннем Хрыста і Касцёла, разумеюць яны гэта ці не.

Айцец Тама Мішле OP (Thomas Michelet) — адзін з тэолагаў, якія імкнуцца пагадзіць Amoris Laetitia з Familiaris Consortio пры дапамозе ненармальнай тэорыі пра тое, што рэальнае вучэнне Яна Паўла было такім жа, як у Францішка, і што ягонае адваротнае публічнае вучэнне “без выключэнняў” было толькі фасадам, каб пазбегнуць замяшання сярод неадукаваных свецкіх.

Мішле піша: “Інавацыя гэтага дакумента перадусім вось у чым: у факце прадстаўлення ў поўным святле практыкі, якая раней заставалася ў ценю, ва ўкрыцці канфесіянала”. Іншымі словамі (хоць, вядома, Мішле і не прызнаецца ў гэтым), нядаўна кананізаваны Папа Ян Павел, навучаючы як Вікарый Хрыста на зямлі, насамрэч ілгаў у ключавым вучэнні вялікага дакумента, закранаючы жыцці мільёнаў каталікоў!

Больш за тое, а. Мішле не заўважае глыбокай іроніі ў сваёй пазіцыі. Паводле ягонага меркавання, гэты “зацверджаны” канфесіянальны сакрэт трымалі “ў ценю”, каб пазбегнуць скандалу сярод вернікаў, гэта значыць, каб не давесці іх да граху, замяшання і нават страты веры. Добра, гэта мае сэнс. Бо калі б свецкім вернікам сказалі, што Касцёл насамрэч робіць выключэнні са свайго ўласнага правіла для нястрыманых паўторна жанатых параў, яны маглі б апынуцца “у памылцы і замяшанні адносна вучэння Касцёла наконт неразрыўнасці сужэнства” (цытуючы Яна Паўла ІІ ў FC № 84). Вядома, такая памылка не засталася б на тэарэтычным узроўні. Векавая гісторыя нашых аддзеленых братоў-хрысціянаў паказвае, што за ёй хутка паследавалі б нарастаючыя выпадкі разводаў і паўторных саюзаў (ужо не кажучы пра сужыцельства, пазашлюбныя сувязі, аднаполыя саюзы і г. д.). Іронія заключаецца ў тым, што, паколькі публічная вядомасць гэтых (уяўных) выключэнняў з нормы выклікала б скандал да таго моманту, як Папа Францішак раструбіў іх па свеце 8 красавіка 2016 года, то яна ўсё роўна выкліча скандал пасля гэтай даты, бо сапсаваная людская натура засталася той самай. Але замест таго, каб аплакваць той факт, што гэты вельмі небяспечны кот быў выпушчаны з мяшка, а. Мішле чакае, калі мы будзем уздыхаць з палёгкай, дазнаўшыся, што раней ён быў у мяшку, гэта значыць, што ў AL Святы Айцец (быццам бы) вучыць у пераемнасці са сваімі папярэднікамі.

Насамрэч Францішак не выпусціў ніякага ката з мяшка; хутчэй, ён выцягнуў труса са свайго капелюша. Раней не існавала сакрэтнага папскага адабрэння тых выключэнняў, якія ён дазваляе ў AL, зносцы 351. Ён “стварыў” іх з нічога, такім чынам стварыўшы падвойны скандал: разрыў з папярэднім каталіцкім вучэннем і далейшы шлях да сужэнскай нестабільнасці, сэксуальнай распусты і прафанацыі Эўхарыстычнага Цела Хрыста.

Кардынал Шонбарн у сваім інтэрв’ю La Civiltà Cattolica таксама робіць намёк на штучную “герменеўтыку пераемнасці” Мішле ў сваёй спробе згладзіць непрымірымую розніцу, якую мы бачылі паміж адпаведнымі вучэннямі Папаў Яна Паўла і Францішка. Запэўніваючы нас, што Amoris Laetitia прадстаўляе сабою “аднародную эвалюцыю ў разуменні і выразе дактрыны”, Яго Эмінэнцыя заяўляе, што і Папа Ян Павел, прыхавана, і будучы Папа Бенедыкт, у прыватнай размове, ужо па сутнасці навучалі той самай ліберальнай дактрыне з восьмага раздзела AL, якая так моцна ўсхвалявала мільёны верных каталікоў ад пабожных свецкіх асобаў да князёў Касцёла. Паводле Шонбарна,

Францішак прадпрыняў важны крок, абавязваючы нас праясніць тое, што засталося невідавочным у Familiaris consortio, наконт сувязі паміж аб’ектыўнай сітуацыяй граху і жыццём ласкі ў адносінах з Богам і Яго Касцёлам, а таксама — як лагічна следуе — наконт канкрэтнай прымяняльнасці віны. У 1990-х кардынал Ратцынгер растлумачыў, што мы больш не можам аўтаматычна казаць пра сітуацыю смяротнага граху ў выпадках новых сужэнскіх саюзаў. Я памятаю, як спытаўся кардынала Ратцынгера ў 1994 годзе, калі Кангрэгацыя дактрыны веры апублікавала свой дакумент наконт разведзеных і паўторна жанатых асобаў: “Ці магчыма, што старая практыка, якая лічылася дадзенай і якую я памятаю перад Саборам, яшчэ дзейнічае? Яна мае на ўвазе магчымасць на ўнутраным форуме са спаведніком прымаць сакрамэнты пры ўмове, што не ствараецца скандальнай сітуацыі”. Ягоны адказ быў вельмі ясны і супадаў з тым, што кажа Францішак: не існуе агульнай нормы, якая можа прымяняцца да ўсіх канкрэтных выпадкаў. Агульная норма вельмі ясная, але таксама ясна, што яна не ахоплівае ўсе выпадкі цалкам.

З усёй належнай пашанай да кардынала Шонбарна, нібыта “аднародная эвалюцыя” дактрыны, заснаваная на такой хісткай аргументацыі і сведчанні, проста не вытрымлівае крытыкі. Мы не павінны дазволіць падазронаму “пляткарскаму магістэрыю”, які складаецца з быццам дазволеных спавядальных практык, канфідэнцыйных і імправізаваных размоваў, нібыта “прыхаванага” навучання Папаў, якія адкрыта і афіцыйна казалі супрацьлеглае, адвярнуць нашае сэрца і розум ад сапраўднага каталіцкага магістэрыя. Таго магістэрыя, якія мы заўсёды ведалі. Магістэрыя, які складаецца з афіцыйных, публічных і адпаведна апублікаваных папскіх і саборных пастановаў, якія могуць азначаць толькі тое, што яны наўпрост кажуць.

А калі непарыўная плынь папярэдніх дакументаў гэтага сапраўднага магістэрыя яднаецца ў навучанні пэўнай яснай дактрыны пра тое, хто можа ці не можа прымаць сакрамэнты, мы павінны з павагай, але цвёрда супраціўляцца і адхіляць усялякія заявы пра тое, што апошні папскі дакумент можа перакульваць і замяняць гэтую дактрыну з дапамогай толькі намёкаў, інсінуацый і зносак.


Аўтар: Father Brian Harrison, O.S.
Крыніца: OnePeterFive
Ілюстрацыя: GuenterZ, CC BY

А. Браян Харысан O.S., M.A., S.T.D. — святар супольнасці аблатаў мудрасці, асацыяваны прафесар тэалогіі Пантыфікальнага каталіцкага універсітэта Пуэрта-Рыка на пенсіі. У 1997 годзе ён здабыў ступень доктара ў дагматыцы (summa cum laude) у Пантыфікальным Атэнэуме Святога Крыжа ў Рыме. З 2007 года а. Харысан працаваў у даследчым цэнтры аблатаў мудрасці ў Сэнт-Луісе, штат Місуры. З’яўляецца аўтарам трох кніг, больш за 130 артыкулаў у каталіцкіх кнігах і часопісах ЗША, Аўстраліі, Брытаніі, Францыі, Іспаніі і Пуэрта-Рыка.

Тэкст перакладзены з англійскай мовы і перадрукаваны з дазволу рэдакцыі OnePeterFive.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

You may also like...

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: