21.07.2016 / Te igitur

Свята св. Марыі Магдалены: што новага🕑 2 хвілін

S-Mariae-Magdalenae-1

[ddownload id=”994″]

У чэрвені гэтага года Кангрэгацыя Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў узняла ступень цэлебрацыі святой Марыі Магдалены да ўзроўню свята. Як растлумачыў сакратар Кангрэгацыі арцыбіскуп Артур Рош у артыкуле для L’Osservatore Romano, гэта зроблена для таго, каб глыбей разважыць над годнасцю жанчыны, новай евангелізацыяй і веліччу таямніцы Божай міласэрнасці.

Што азначае змена ў ступені цэлебрацыі для канкрэтных набажэнстваў? Святую Імшу чакаюць невялікія змены. Па-першае, гэта гімн Хвала на вышынях Богу, які выконваецца падчас кожнага свята і ўрачыстасці, але не падчас успамінаў і будніх дзён. Другім істотным элементам з’яўляюцца ўласныя чытанні, якія гэты дзень меў яшчэ ў статусе ўспаміну, але тады іх выкарыстанне не было абавязковым, бо можна было таксама прачытаць чытанні, якія адпавядаюць бягучаму дню. Нарэшце, да Святой Імшы дадалася адмыслова створаная для яе прэфацыя (чым можа пахваліцца рэдкае свята). На дадзены момант яе беларускі пераклад знаходзіцца на стадыі зацвярджэння Апостальскай сталіцай, а пакуль яе можна замяніць прэфацыяй пра святых.

Літургія Гадзінаў у гэты дзень зменіцца больш істотна, але не настолькі, як гэтага можна было б чакаць. Зазвычай святы адрозніваюцца ад успамінаў шматлікімі элементамі, найперш, уласнымі тэкстамі, гэта значыць, тэкстамі, якія напісаныя адмыслова для гэтага свята і не супадаюць з тэкстамі іншых дзён. Напрыклад, гадзіна чытанняў на свята ўключае ў сябе два чытанні (адно біблійнае і адно з Айцоў Касцёла ці з біяграфіі святога), якія маюць непасрэднае дачыненне да асобы ці таямніцы гэтага дня. Успаміны ж амаль не маюць уласных тэкстаў і вымушаны задавольвацца так званымі тэкстамі дня, альбо буднімі тэкстамі, якія складаюць гадавы ці сезонны цыкл і амаль не звязаныя з асобай святога.

З былым успамінам св. Марыі Магдалены справа іншая. Гэты ўспамін меў такую вялікую колькасць уласных тэкстаў, што знешне ягоная цэлебрацыя цалкам нагадвала свята. Напрыклад, падчас Ютрані ўжо тады чыталіся псальмы з нядзелі І тыдня — характэрная рыса святаў і ўрачыстасцяў. Таму вялікія гадзіны — Ютрань і Нешпары — ад заўтрашняга дня застаюцца амаль без зменаў, бо яны і так мелі ўсе неабходныя элементы свята.

Да Гадзіны чытанняў дадалося ўласнае першае чытанне з Паслання да Рымлянаў. Адпаведна, цяпер знікае магчымасць выбраць чытанне з цыкла будніх дзён. Новае чытанне таксама з’яўляецца ўласным , хоць фізічна яно змешчана ў агульных тэкстах пра святых мужчын (!). Можа быць, гэта і не зусім дзіўна для жанчыны, якая ад заўтра “падымаецца” на адзін узровень з апосталамі-мужчынамі. Таксама ўрачысты характар гэтай гадзіне дадае гімн Te Deum.

Змянілася і заканчэнне дзённай малітвы. Цяпер пасля стандартных псальмаў з дня прамаўляюцца чытанне і верш з агульных тэкстаў, а таксама ўласная малітва пра Марыю Магдалену.

Нарэшце, Камплета (малітва перад сном) застаецца той самай. Гэтая кароткая малітва размеркавана па днях тыдня і змяняецца толькі на ўрачыстасці (тады проста бярэцца нядзельны варыянт).

Для зручнасці ўсе важныя змены заўтрашняга літургічнага дня прыведзеныя ў графічным выглядзе, а файл можна спампаваць у фармаце PDF. Афіцыйны дакумент з апісаннем зменаў у літургічныя кнігі можна знайсці на старонцы Кангрэгацыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў.

Te igitur

Пакінуць каментар

Scroll Up