№1. Паходжанне слова “Імша”

ite-missa-est-fr-james-bradley-cc-by

Аўтары кніг пра літургію не згаджаюцца ў тым, што датычыцца паходжання слова Імша. Паводле некаторых, яно паходзіць ад габрэйскага Massah, доўг ці абавязак; іншыя ўтвараюць гэтае слова ад грэцкага Myesis, ініцыяцыя; тады як трэція найстойваюць на тым, што гэта не што іншае, як вытворная форма ад састарэлага Mes альбо Messe [1], што для народаў Паўночнай Еўропы азначала банкет ці святочны сход, а часта таксама і ахвярапрынашэнне.

Аднак найбольшая колькасць літургічных аўтараў схіляюцца да паходжання гэтага слова з лацінскага “Missa” альбо “Missio”, роспуск, спасылаючыся на звычай, распаўсюджаны ў першых пяці ці шасці стагоддзях хрысціянскага Касцёла, калі пераважала Disciplina Arcani, дысцыпліна сакрэту [2], — звычай роспуску катэхумэнаў [3] і публічных грэшнікаў [4] з Божага дому перад пачаткам больш урачыстай часткі Божай службы.

З-за падвойнага роспуску (спачатку катэхумэнаў, а напрыканцы астатніх, вернікаў) усё набажэнства было вядома пад дзвюма назвамі ў множным ліку: Missae альбо Missiones (гэта значыць, роспускі). Адсюль такое частае запазычанне гэтых словаў у творах ранніх Айцоў: “inter Missarum solemnia”, “Missas facere” ці “Missas tenere”. Адсюль таксама і дзяленне на “Імшу катэхумэнаў” і “Імшу вернікаў”, першая з якіх працягваецца ад пачатку да аферторыя, а другая — ад аферторыя да канца.

Пад якімі назвамі была вядомая Імша ў Грэцкім Касцёле ў старажытныя часы?

Адзін з найбольш моцных аргументаў супраць таго, што слова Імша мае габрэйскае паходжанне, з’яўляецца тое, што ніводзін з Усходніх Айцоў ніколі не ўжыў слова Massah, а выбіраў іншае слова. Імшу называлі рознымі словамі: Mystagogia, Synaxis, Anaphora, Eulogia, Hierurgia, Mysterion, Deipnon, Teleion, Agathon, Prosphora і Liturgia.

Св. Дыянісій называў яе Mystagogia з той прычыны, што гэта боскі ўдзел альбо ініцыяцыя ў святыя таямніцы. Тэрмін Synaxis, альбо саюз, прымяняўся таму, што людзі яднаюцца з Хрыстом, нашым Збаўцам. Назва Anaphora ўжывалася таму, што Імша ўздымае розумы і сэрцы да Бога. Словам Eulogia Імшу называлі з-за яе адкупленчай прыроды; Hierurgia — таму, што гэта была святая справа; Mysterion — з-за таямніцаў, якія яна ў сабе ўтрымлівала; Deipnon, альбо вячэра, — бо яна дае нам Хлеб жыцця на вечны спажытак нашых душаў. Тэрмін Teleion, альбо дасканаласць, ужываўся, бо гэта ахвяра таго Святога Баранка без плямы і заганы, які прыйшоў на зямлю, каб быць дасканаласцю і спаўненнем старажытнага закону. Назва Agathon, альбо дабро, была дадзена Імшы, таму што гэта адзінае пастаяннае дабро, на якое чалавек можа разлічваць. З той прычыны, што яна нарэшце прывядзе нас да шчаслівага канца, дзеля якога мы былі створаныя, Імша называлася Prosphora. З усіх гэтых назваў найбольш часта выкарыстоўвалася слова Liturgia.  Яно ж выключна выкарыстоўваецца паўсюль на Усходзе і па сённяшні дзень.


[1] Ад таго самага корня паходзяць суфіксы ў англійскіх словах Christmas, Childermas, Michaelmas, Lammas і г. д. (Holy Days of the English Church, p. 154)

[2] Disciplina Arcani, дысцыпліна сакрэту — гэта закон, уведзены ў раннім Касцёле, згодна з якім асноўныя таямніцы святой веры былі схаваныя ад язычнікаў, няверуючых і ўсіх, хто не быў абноўлены збаўчымі водамі хросту. Гэта рабілася ў адпаведнасці з урачыстым загадам нашага Боскага Пана не кідаць пярлінаў перад свіннямі і не даваць сабакам таго, што святое (Мц 7:6). Гэтая дысцыпліна захоўвалася ва Усходнім Касцёле да канца пятага стагоддзя, а ў Заходнім — да сярэдзіны шостага (Ferraris, art. Discip. Arcani, 735-12).

[3] Катэхумэн (ад грэцкага κατηχέω) — я вучу словам вуснаў. Пад азначэнне катэхумэна падпадаў кожны, хто праходзіў навучанне ў руках катэхетаў перад прыняццем хросту. Паводле агульнага меркавання, існавала дзве групы катэхумэнаў: слухачы, альбо тыя, хто толькі выразіў сваё жаданне стаць хрысціянінам, і выбраныя, якія прайшлі падрыхтоўчы курс, неабходны для прыняцця хросту.

[4] Тых, хто публічна каяўся, было чатыры групы: плачучыя, месца якіх было знадворку альбо ў першым бабінцы; слухачы, якія стаялі ў другім бабінцы; пакорныя (prostrates), месца якіх было каля амбоны; і сустаяльнікі, якія стаялі з вернікамі ў верхняй частцы навы.


Аўтар:  Джон О’Браен (John O’Brien), A. M., прафесар святой Літургіі ў Каледжы Маўнт Сэйнт Мэры (Mount St. Mary’s College), Эмітсбург, Мэрылэнд, ЗША.
Выданне: A History of the Mass and Its Ceremonies in the Eastern and Western Church (15 ed., 1879).
Ілюстрацыйнае фота: Fr James Bradley (CC BY)

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

You may also like...

Пакіньце адказ

1 Каментар да "№1. Паходжанне слова “Імша”"

Leave a Reply

Сартаваць:   найноўшыя | найстарэйшыя | найбольш галасоў
Канстанцін
Госць
Канстанцін

Laudetur Iesus Christus! Дзякуй за цікавы артыкул. Пра большасць тэрмінаў ніколі не чуў. Hierurgia – амаль “хірургія”, і ў гэтым ёсць нешта! 🙂

wpDiscuz

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: