fr-lombardi-mini

Прапанова кардынала Рабэра Сара цэлебраваць Святую Імшу ў накірунку ўсходу выклікала несувымерна гучны адказ тых, каму такая ідэя не прыйшлася даспадобы.

Сярод шматлікіх прыватных меркаванняў раптоўна з’явілася “тлумачэнне” прэс-сакратара Апостальскай сталіцы айца Федэрыка Ламбардзі. Ён паведаміў, што СМІ “няверна інтэрпрэтавалі” прамову кардынала Сара. А. Ламбардзі заўважыў, што прэфект Кангрэгацыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў “заўсёды справядліва дбаў пра годную цэлебрацыю Імшы”, каб яна адэкватна “адлюстроўвала паставу пашаны і пакланення ў адносінах да Эўхарыстычнай таямніцы”, але ён не выдаваў дырэктывы для святароў цэлебраваць Імшу ў накірунку ўсходу ад пачатку Адвэнту.

Ніжэй прыведзены поўны тэкст паведамлення, як ён пададзены на старонцы ватыканскай прэс-службы, бо ў цэласці ён больш яскрава аддае намеры аўтараў і іх стыль.

Тлумачэнне наконт цэлебрацыі Імшы
(Паведамленне прэс-службы Святога Пасаду, 11/07/2016)

Паведамленні СМІ, якія з’явіліся пасля звароту, прамоўленага некалькі дзён таму ў Лондане кардыналам Сара, прэфектам Кангрэгацыі Божага культу, патрабуюць тлумачэння.

Кардынал Сара заўсёды справядліва дбаў пра годную цэлебрацыю Імшы, каб яна магла адэкватна адлюстроўваць паставу пашаны і пакланення ў адносінах да Эўхарыстычнай таямніцы. Аднак некаторыя ягоныя словы былі няверна інтэрпрэтаваныя, як быццам бы яны абвяшчалі новыя інструкцыі, адрозныя ад тых, што пададзены ў літургічных нормах і ў словах Папы наконт цэлебрацыі versus populum, і датычыліся звычайнай формы Імшы.

Таму нагадаем, што ў Institutio Generalis Missalis Romani (Агульных уводзінах да Рымскага Імшала), у якіх утрымліваюцца нормы, датычныя Эўхарыстычнай цэлебрацыі, і якія дагэтуль маюць моц, параграф 299 кажа наступнае: “Altare extruatur a pariete seiunctum, ut facile circumiri et in eo celebratio versus populum peragi possit, quod expedit ubicumque possibile sit. Altare eum autem occupet locum, ut revera centrum sit ad quod totius congregationis fidelium attentio sponte convertatur“, гэта значыць: “Алтар робіцца аддзеленым ад сцяны, каб можна было зручна абыходзіць вакол яго і цэлебрацыю на ім можна было здзяйсняць, павярнуўшыся да народа, што пажадана рабіць паўсюль, дзе гэта магчыма”.

Са свайго боку, Папа Францішак, наведваючы Кангрэгацыю Божага культу, яўным чынам нагадаў, што “звычайная” форма цэлебрацыі Імшы стала падмуркам для Імшала, апублікаванага Паўлам VI, тады як “надзвычайная” форма, якую дазволіў Папа Бенедыкт XVI, а мэты і спосаб цэлебрацыі якой ён растлумачыў у motu proprio Summorum Pontificum, не павінна займаць месца “звычайнай” формы.

Не існуе новых літургічных дырэктываў, уступленне ў моц якіх прадугледжана з наступнага Адвэнту, пра што многія памылкова выказалі здагадку, абапіраючыся на словы кардынала Сара, а таксама лепш пазбягаць выразу “рэфармаванне рэформы” датычна да літургіі, бо ён часам з’яўляецца крыніцай непаразуменняў.

Гэта было адназначна выражана падчас нядаўняй аўдыенцыі, дадзенай Папам кардыналу прэфекту Кангрэгацыі Божага культу.

Паведамленне Апостальскай Сталіцы ў адказ на прыватны выступ кардынала на спецыялізаванай канферэнцыі выклікае шмат пытанняў. Найперш гэта сам факт таго, што прэс-служба тлумачыць літургічныя прадпісанні чалавеку, адказнаму за стварэнне і сапраўдную інтэрпрэтацыю гэтых прадпісанняў.

Аднак, з пункту гледжання каталіцкай літургіі, цікава наступнае: у цэнтры тлумачэння Святога Пасаду знаходзіцца цытата з Агульных уводзінаў да Рымскага Імшала, а менавіта № 299, спачатку ў лацінскім варыянце, а потым у англійскім. Паколькі з беларускім перакладам праблема тая самая, англійскі тэкст рубрыкі мы замяняем беларускім без усялякай шкоды для сэнсу.

Лацінскі тэкст

299. Altare maius exstruatur a pariete seiunctum, ut facile circumiri et in eo celebratio versus populum peragi possit, quod expedit ubicumque possibile sit.

Актуальны беларускі пераклад

299. Алтар робіцца аддзеленым ад сцяны, каб можна было зручна абыходзіць вакол яго і цэлебрацыю на ім можна было здзяйсняць, павярнуўшыся да народа, што пажадана рабіць паўсюль, дзе гэта магчыма.

Праблема з гэтай рубрыкай заключаецца ў тым, што як у англійскім, так і ў беларускім варыянце яна стварае ўражанне заахвоты да цэлебрацыі ў накірунку народа: “павярнуўшыся да народа, што пажадана рабіць паўсюль, дзе гэта магчыма”. Аднак у лацінскай версіі тая самая частка “quod expedit ubicumque possibile sit” хоць і знаходзіцца на тым самым месцы, аднак адносіцца не да цэлебрацыі, а да “аддзялення” алтара ад сцяны. Найбольш дбайна гэтае пытанне разгледзелі а. Джон Ханвік і а. Джон Зюльсдорф, паводле якіх у лацінскай мове, у адрозненне ад сучасных, сэнс сказа не залежыць ад парадку словаў, а таму трэба адмыслова шукаць частку сказа, да якой выраз “quod expedit ubicumque possibile sit” адносіцца. А. Ханвік, які ўсё жыццё выкладае лацінскую мову, паказвае, што слова quod ніякага роду не можа адносіцца да цэлебрацыі (celebratio) жаночага роду. Хутчэй яно адносіцца да ўсяго папярэдняга сказа, ключавым словам якога з’яўляецца possit (бел. можна), якое на працягу дакумента (напрыклад, у папярэдніх двух і наступных двух параграфах) ужываецца толькі для рэчаў, якія сапраўды з’яўляюцца апцыянальнымі. Такім чынам, рубрыка 299 жадае не цэлебрацыі versus populum, а адасаблення алтара ад сцяны. Сярэдняя ж частка сказа пра абыход алтара і цэлебрацыю ў накірунку народу ўсяго толькі ўдакладняе, наколькі алтар мусіць быць адсунуты ад сцяны — калі гэта сапраўды магчыма.

Правільны беларускі пераклад

299. Алтар робіцца аддзеленым ад сцяны, што пажадана рабіць паўсюль, дзе гэта толькі магчыма, каб можна было зручна абыходзіць вакол яго і цэлебрацыю на ім можна было здзяйсняць, павярнуўшыся да народа.

Corpus Christi Watershed падае гістарычную эвалюцыю гэтай рубрыкі ў розных рэдакцыях уводзінаў да Рымскага Імшала. Напачатку інструкцыя па ўвядзенні новых літургічных нормаў Inter oecumenici (1964) ўтрымлівала вельмі кароткі варыянт гэтай рубрыкі (тады яшчэ пад нумарам 91):

91. Praestat ut altare maius exstruatur a pariete seiunctum, ut facile circumiri et in eo celebration versus populum peragi possit.

91. Пажадана, каб алтар рабіўся аддзеленым ад сцяны, каб можна было зручна абыходзіць вакол яго і цэлебрацыю на ім можна было здзяйсняць, павярнуўшыся да народа.

У 1969 годзе ў Агульных уводзінах зніклі словы “praestat ut”, а астатняе засталося без зменаў:

262. Altare maius exstruatur a pariete seiunctum, ut facile circumiri et in eo celebratio versus populum peragi possit.

Нарэшце, рэдакцыя 2000 года (якая знайшла сваё месца ў Імшале 2002 года) дадае тыя самыя словы “што пажадана рабіць паўсюль, дзе гэта толькі магчыма“, каб спыніць людзей, якія разбуралі ўжо збудаваныя алтары.

Калі заахвочвальны фрагмент адносіцца не да цэлебрацыі versus populum, а да пазіцыі алтара, то як будзе правільна інтэрпрэтаваць дадзеную рубрыку? На гэтае пытанне па просьбе кардынала Крыстафа Шонбарна 25 верасня 2000 года ўжо адказала Кангрэгацыя Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў (Prot. No 2036/00/L).

Кангрэгацыя Божага культу і дысцыпліны сакрамэнатаў атрымала пытанне, ці словы ў № 299 Institutio Generalis Missalis Romani з’яўляюцца нормай, паводле якой пастава святара versus absidem [да апсіды] павінна быць выключана. Кангрэгацыя Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў пасля сур’ёзнага разважання і ў святле літургічных прэцэдэнтаў адказвае:

Адмоўна і ў адпаведнасці з наступным тлумачэннем.

Гэтае тлумачэнне ўключае ў сябе розныя элементы, якія неабходна браць пад увагу. Па-першае, слова expedit выражае не сціслы абавязак, а прапанову, якая адносіцца да збудавання алтара a pariete sejunctum (аддзеленым ад сцяны). Яно не патрабуе, напрыклад, каб ад сцяны адасабляліся ўжо існыя алтары. Словы ubi possibile sit (дзе гэта магчыма) адносяцца, напрыклад, да тапаграфіі мясцовасці, даступнай прасторы, мастацкай значнасці існага алтара, адчувальнасці людзей, якія ўдзельнічаюць у цэлебрацыях у дадзеным касцёле, і г. д.

Цікава, што падчас выхаду новага перакладу англійскага Імшала напрыканцы 2011 года, калі справа няправільнага перакладу стала паўсюдна вядомай, а Кангрэгацыя Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў ужо выдала афіцыйны каментар, рубрыка 299 зноў-такі не была выпраўлена і ўвайшла ў англамоўныя літургічныя кнігі без зменаў. Магчыма, камусьці так падабаецца.

Te igitur

Ілюстрацыя: Medol, CC BY-SA

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz