letter-mini

Прэс-рэліз

11/07/2016

Група каталіцкіх навукоўцаў і пастыраў даслала заклік кардыналу Анджэла Садана, дэкану Калегіі кардыналаў у Рыме, з просьбай, каб кардыналы і ўсходнія каталіцкія патрыярхі заклікалі Яго Святасць Папу Францішка абвергнуць шэраг памылковых суджэнняў, якія можна выцягнуць пры простым чытанні паслясінадальнай апостальскай адгартацыі Amoris Laetitia. У бліжэйшыя тыдні гэты заклік будзе дасланы на розных мовах кожнаму кардыналу і патрыярху, якіх цяпер жыве 218.

Сцвярджаючы, што адгартацыя ўтрымлівае “шматлікія заявы, якія можна зразумець у сэнсе, супярэчным каталіцкай веры і маралі”, падпісаныя даслалі разам са сваім заклікам задакументаваны пералік прымяняльных тэалагічных цэнзураў, удакладняючы “прыроду і ступень памылак, якія можна прыпісаць Amoris Laetitia”.

Сярод 45 падпісаных — каталіцкія пралаты, навукоўцы, прафесары, аўтары і клерыкі з розных пантыфікальных універсітэтаў, семінарый, каледжаў, тэалагічных інстытутаў, рэлігійных ордэнаў і дыяцэзій па ўсім свеце. Яны папрасілі Калегію кардыналаў па праве афіцыйных дарадчыкаў Папы скіраваць да Святога Айца просьбу аб “рашучым і канчатковым аспрэчванні памылак, пералічаных у дакуменце, і аўтарытэтнай заяве, што Amoris Laetitia не патрабуе верыць у іх ці прымаць іх як патэнцыйна праўдзівыя”.

“Мы не абвінавачваем Папу ў ерасі, — сказаў прэс-сакратар аўтараў, — Але мы лічым, што шматлікія заявы ў Amoris Laetitia могуць быць інтэрпрэтаваныя як ерэтычныя пры простым прачытанні тэкста. Іншыя заявы могуць падпасці пад іншыя ўстаноўленыя тэалагічныя цэнзуры, напрыклад, скандальныя заявы, памылкі ў веры і няпэўныя заявы”.

Кодэкс кананічнага права 1983 года кажа, што “паводле ведаў, кампетэнцыі і кваліфікацыі, якімі яны валодаюць, яны [хрысціянскія вернікі] маюць права і нават часам абавязак абвясціць святым пастырам сваё меркаванне ў справах, якія датычацца дабра Касцёла, і паведаміць сваё меркаванне астатнім хрысціянскім вернікам” (ККП, кан. 212, § 3).

Дакумент на трынаццаці старонках цытуе дзевятнаццаць урыўкаў з адгартацыі, якія, як выдаецца, супярэчаць каталіцкаму вучэнню. Сярод гэтых пунктаў вучэння: рэальная здольнасць з дапамогай Божай ласкі падпарадкоўвацца запаведзям, факт, што дзеянні пэўнага роду кепскія ва ўсіх абставінах, кіроўнае становішча мужа, вышэйшасць кансэкраванага дзявоцтва над сужэнскім жыццём і законнасць смяротнага пакарання ў пэўных абставінах. Дакумент таксама сцвярджае, што адгартацыя падрывае вучэнне Касцёла аб тым, што разведзеныя і паўторна жанатыя каталікі, якія не зрабілі пастановы аб стрыманасці, не могуць быць дапушчаныя да сакрамэнтаў, пакуль яны застаюцца ў такім стане.

Прэс-сакратар сказаў: “Мы спадзяемся, што, просячы нашага Святога Айца аб рашучым асуджэнні гэтых памылак, мы можам дапамагчы сцішыць замяшанне, якое Amoris Laetitia пасеяла сярод пастыраў і свецкіх вернікаў. Бо гэтае замяшанне можа быць эфектыўна рассеяна толькі шляхам адназначнага пацвярджэння сапраўднага каталіцкага вучэння Наступнікам Пятра”.

Д-р Джозэф Шоў (Joseph Shaw), навуковец з Оксфарда і падпісант закліку, выступае як прэс-сакратар гэтай групы каталіцкіх навукоўцаў і пастыраў. Група стварыла адрас электроннай пошты (appealtocardinals@gmail.com), каб адказваць на запыты прэсы.

Персанальныя дадзеныя д-ра Шоў можна знайсці па спасылцы.

http://casuistrycentral.blogspot.co.uk/p/about-me.html

Ягоная роля як падпісанта і прэс-сакратара групы павінна разглядацца як ініцыятыва прыватнай асобы, адданага каталіка і філосафа і не павінна асацыявацца з установамі, дзе ён служыць на афіцыйнай пасадзе.


Крыніца: Rorate Caeli
Ілюстрацыя: PD

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакінуць каментар