Meirelles-primeiramissa

Я адношу сябе да тых, каго цешаць словы кардынала Сара, прэфекта Кангрэгацыі Божага культу, які сказаў: “Важна, каб святар і вернікі разам глядзелі ў накірунку ўсходу”. Тут, у прыватнасці, ён мае на ўвазе Эўхарыстычную малітву, а не Літургію слова, якая справядліва звернута ў накірунку людзей.

Але Эўхарыстычная малітва скіраваная да Бога Айца. Святар, дзейнічаючы in persona Christi, аддае Айцу вялікае і дасканалае пакланенне і падзяку Хрыста-Галавы, Які прамаўляе і моліцца за ўсіх членаў свайго цела, Касцёла. Нават словы кансэкрацыі “бярыце і ешце з гэтага ўсе…” кіруюцца да Айца і яднаюць літургію з адзінай і дасканалай Ахвярай Хрыста на алтары Крыжа. Святары не павінны імкнуцца ўзнавіць Апошнюю Вячэру, адмыслова наставіўшы вочы на людзей падчас словаў “бярыце і ешце з гэтага ўсе…” Не, нават гэтыя словы скіраваныя да Айца.

Такім чынам, Эўхарыстычная малітва скіраваная вонкі і ўверх да Айца, якому скіроўваецца ўся хвала і пашана, хоць і з Езусам і праз Езуса ў еднасці Святога Духа.

Але ўсё гэта хаваецца і, я б сказаў, блытаецца, калі святар глядзіць на людзей. Ён можа старацца глядзець увышыню падчас Эўхарыстычнай малітвы, але дзіўна і нязручна глядзець на людзей і ў той самы час паўз іх размаўляць з Іншым.

Таму ўся арыентацыя Эўхарыстычнай малітвы ў дадзены момант нязручная і перавернутая. Усім варта глядзець і сумаваць па Айцу і Пану, Які прыходзіць. Але, замест гэтага, мы становімся ў замкнёнае кола, скіроўваемся адзін да аднаго, а не да Бога, у той самы момант, калі Ён (а не мы) павінен быць ў цэнтры нашай увагі.

Нехта скажа, што Імша тварам да людзей дапамагае ім бачыць і дапамагае падкрэсліць характар Імшы як вячэры. Але ў вызначаныя моманты святар высока падымае кансэкраваную Гостыю і Келіх, а што яшчэ трэба бачыць?

Магчыма, Імша з’яўляецца вячэрай, але гэта таксама ахвяра і акт дасканалага пакланення Айцу праз Сына ў еднасці Святога Духа. А нават як вячэра, гэта незвычайная вячэра, гэта святая вячэра, Пасхальная вячэра. Пасхальная вячэра, якая, верагодна, служыла кантэкстам для першай Імшы, святкавалася вельмі фармальна і рабіла акцэнт на падарожным народзе. Паводле найстаражытнейшых крыніцаў, габрэі мусілі святкаваць вячэру як народ, які бяжыць з Егіпта гэтага свету, з падпярэзанымі сцёгнамі, сандалямі на нагах і посахам у руках (гл. Зых 12:11). Таму, калі б нехта ўявіў сабе Апошнюю Вячэру, гэта была б не простая вячэра, а Езус правёў бы шмат часу ў малітве і размове са сваім Айцом ад імя сваіх вучняў (гл. Ян 17).

Таксама існуе шмат памылковых меркаванняў наконт літургій у так званых хатніх касцёлах у эпоху перад Канстанцінам. Гэта не былі літургіі, якія нефармальна цэлебраваліся за абеднымі сталамі. Яны былі фармалізаваныя і цэлебраваліся ў накірунку ўсходу, што праясняюць шматлікія старажытныя дакументы (напрыклад, Дыдаскалія) і сучасныя раскопкі (напрыклад, Дура-Эўропас). Нядаўнія даследаванні з большага разбурылі міф пра “простую вячэру”, які расквітнеў у 1950-я гады, калі з’явілася ідэя наконт Імшы ў накірунку людзей.

Такім чынам, можна даволі добра прадэманстраваць, што цяперашняя распаўсюджаная практыка цэлебрацыі Эўхарыстычнай малітвы тварам да людзей з’яўляецца навіной ХХ стагоддзя, якой старажытны Касцёл не ведаў. Рэдкія выключэнні менавіта такімі і былі: рэдкімі. Вучоныя, большыя за мяне, доўга працавалі над гэтай тэмай і прыйшлі да падобных высноваў.

Таму лічыце мяне тым, хто апладзіруе закліку кардынала Сара.

Аднак у мяне ёсць сумнівы, што з яго нешта выйдзе, пакуль значная колькасць біскупаў не прыняла такі ж пункт гледжання. Кардынал Ратцынгер дзесяцігоддзямі казаў пра гістарычную перавагу Эўхарыстычнай малітвы ў накірунку ўсходу. Аднак, будучы Папам, ён рэдка цэлебраваў Імшу гэтым спосабам. Кардынал Сара з’яўляецца прэфектам Кангрэгацыі Божага культу, і я малюся, каб мы ўбачылі, што ён цэлебруе Імшу такім чынам больш часта і публічна. На сённяшні дзень я гэтага не бачыў. Можа, так было, тады папраўце мяне, калі ласка.

Як пастыр, я прыняў меры, каб прывучыць людзей у маёй парафіі да гэтай манеры цэлебрацыі Эўхарыстыі. Падчас штодзённых Імшаў мы больш карыстаемся такім спосабам як у капліцы, так і пры алтары Багародзіцы, які стаіць каля сцяны. Наш галоўны алтар застаўся некранутым, і я часам выкарыстоўваю яго, каб навучыць людзей і прадэманстраваць ім Імшу ad orientem таксама і ў нядзелі. Некалькі разоў у год, на асаблівыя святы я цэлебрую Імшу ў надзвычайнай форме

У цэлым, людзі разумеюць вучэнне наконт літургіі ў накірунку ўсходу і ім падабаецца такая Імша. Але большасці не падабаецца сталы ці поўны пераход. Зазвычай людзі не любяць шмат зменаў, нават калі за іх прамаўляюць істотныя інтэлектуальныя аргументы. Але гэта толькі мая парафія, разнародная і гарадская.

Як святар і чалавек падуладны, я таксама мушу сказаць, што сумняваўся б наконт увядзення сур’ёзнай змены, асабліва пастаяннай, без кансультацыі з маім біскупам. Некаторыя неспакойныя традыцыяналісты называюць мяне за гэта баязліўцам і настойваюць, што мне не патрэбны на гэта ніякі дазвол. Юрыдычна яны правыя, але дзеля дабра варта шукаць еднасці і пазбягаць разладу сярод Божага люду па справах, якія зараз не прынятыя шырока і не кожнаму зразумелыя. Біскуп застаецца галоўным спецыялістам па літургіі ў сваёй дыяцэзіі, а святары маюць пэўны абавязак паважаць яго жаданні. Я кажу гэта не як юрыст па кананічным праве (якім я не з’яўляюся), а як чалаевк, які паклаў свае рукі ў рукі біскупа і абяцаў яму (і яго наступнікам) паслухмянасць і пашану.

Паводле майго досведу, ментальнасць “just do it” можа некаторым спадабацца (і мне таксама), але яна таксама ўстрывожыць астатніх, якія могуць быць негатовымі да такіх істотных зменаў, якія адбываюцца толькі ў іхняй парафіі, а не ў іншых месцах, не ў базіліцы ці катэдральнай святыні. Надта моцны ціск можа разварушыць пчалінае гняздо, што прывядзе да празмернай рэакцыі і скарачэння нават той свабоды, якую мы цяпер маем для цэлебрацыі літургіі тварам на ўсход.

Таму мая цяперашняя пазіцыя заключаецца ў тым, каб выкарыстоўваць гэтую опцыю ў асаблівых абставінах і паступова ўводзіць яе ў нядзелі. Але, на мой погляд, без лідарства з боку біскупаў паасобныя святары мусяць задавольвацца павольным прагрэсам і шукаць арганічнага развіцця пры дастасаванні Божага люду да нашай сапраўднай традыцыі і арыентацыі.

Я ведаю прынамсі двух біскупаў у гэтай краіне, які заахвочваюць літургію тварам на ўсход у пастырскіх лістах і цэлебруюць літургію такім чынам у сваіх катэдральных святынях. Я спадзяюся, што больш біскупаў пачуюць заахвочванне ад кардынала Сара і таксама прасігналізуюць сваім святарам, што адукацыя ў гэтай справе і паступовае ўвядзенне ўсходняга накірунку Эўхарыстычнай малітвы з пастырскай разважлівасцю з’яўляецца пахвальнай справай, якая не разарве еднасці ці добрых адносінаў з імі.

Тым часам свецкія вернікі таксама могуць адыграць сваю ролю, заахвочваючы сваіх святароў і пішучы сваім біскупам. Пакрысе мы можам павярнуць хвалю і вярнуць нашыя алтары туды, дзе ім месца, літургічна, гістарычна і справядліва. Хвала Богу.


Аўтар: мансіньёр Чарльз Поуп (Charles Pope), дэкан і пробашч у архідыяцэзіі Вашынгтона, дзе ён працаваў у святарскай радзе, радзе кансультантаў і службе кадраў для святароў. Акрамя штодзённых публікацый ў блогу на старонцы архідыяцэзіі Вашынгтона, ён таксама пісаў артыкулы ў пастырскія часопісы, праводзіў шмат рэкалекцый для святароў і свецкіх вернікаў, а таксама праводзіў штотыднёвыя біблійныя заняткі ў Кангрэсе ЗША і Белым Доме. У 2005 годзе атрымаў тытул мансіньёра.

Крыніца: National Catholic Register
Ілюстрацыя: В. Мэйрэлеш. Першая Імша ў Бразіліі (1860)

Артыкул перакладзены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу аўтара.

Пакінуць каментар