card-sarah-fr-lawrence-lew-op-cc-by-nc-nd

Кардынал Рабэр Сара, прэфект Кангрэгацыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў, папрасіў усіх святароў “як найхутчэй” вярнуцца да цэлебрацыі Імшы ad orientem, гэта значыць, тварам у накірунку ўсходу, а не ў накірунку сабраных людзей.

Кардынал зрабіў заяву, якую многія палічылі гістарычнай, учора вечарам на канферэнцыі Sacra Liturgia ў Лондане. Ён сказаў, што “вельмі важна” зноў увесці гэтую практыку, і прапанаваў Адвэнт гэтага году як добры час, каб гэта зрабіць.

Ён заклікаў святароў “увесці гэтую практыку дзе толькі мажліва, з разважлівасцю і неабходнай катэхезай”, але таксама і з “упэўненасцю, што гэта штосьці добрае для Касцёла, штосьці добрае для нашых людзей”.

Да прыходу літургічных зменаў, якія наступілі пасля Другога Ватыканскага сабору, святары лацінскага абраду цэлебравалі Імшу толькі ad orientem.

Кардынал Сара таксама паведаміў у сваім выступе, што Папа Францішак у красавіку папрасіў яго пачаць даследаванне рэформавання літургічнай рэформы, якая адбылася пасля Сабору, а таксама вывучыць магчымасць узаемнага ўзбагачэння старой і новай формаў рымскага абраду, пра што першым казаў Папа Бенедыкт XVI.

“Гэта будзе далікатная праца, і я прашу вашай цярплівасці і малітваў”, — сказаў кардынал Сара. — “Але, калі мы хочам дасягнуць таго, чаго жадаў Сабор, гэтае сур’ёзнае пытанне трэба старанна вывучыць і дзейнічаць з неабходнай яснасцю і разважлівасцю”.

Вось словы з выступу кардынала Сара адносна яго жадання, каб усе святары пачалі цэлебраваць Імшу ad orientem:

“Я хачу заклікаць усіх святароў. Магчыма, вы чыталі мой артыкул у L’Osservatore Romano год таму (12 чэрвеня 2015 года) ці маё інтэрв’ю часопісу Famille Chrétienne ў маі бягучага года. У абодвух выпадках я казаў, што лічу вельмі важным як мага хутчэй вярнуцца да супольнай арыентацыі святароў і вернікаў у адным напрамку — на ўсход, ці прынамсі да апсіды — да Пана, які прыходзіць, у тых частках літургічных абрадаў, дзе мы звяртаемся да Бога. Гэтая практыка дазваляецца сучасным літургічным заканадаўствам. Яна абсалютна законная ў сучасным абрадзе. Я сапраўды лічу, што гэта вельмі важны крок да таго, каб упэўніцца, што ў нашых цэлебрацыях Пан сапраўды знаходзіцца ў цэнтры.

…І таму, дарагія айцы, я прашу вас увесці гэтую практыку дзе толькі мажліва, з разважлівасцю і з неабходнай катэхезай, вядома, але і з пастырскай упэўненасцю, што гэта штосьці добрае для Касцёла, штосьці добрае для нашых людзей. Вашае ўласнае пастырскае суджэнне падкажа вам, як і калі гэта стане магчымым, але, можа, першая нядзеля Адвэнту гэтага года, калі мы чакаем “Пана, які прыйдзе і не затрымаецца” (гл. інтроіт Імшы серады першага тыдня Адвэнту), будзе вельмі добрым часам, каб зрабіць гэта. Дарагія айцы, нам варта зноў пачуць крык Бога, перададзены прарокам Ераміем: “яны адвярнуліся плячамі да мяне” (2:27). Звернемся ж зноў у напрамку Пана!

…Я хацеў бы таксама заклікаць маіх братоў біскупаў: калі ласка, вядзіце вашых святароў і людзей да Пана гэтым спосабам, асабліва ў вялікіх цэлебрацыях у вашых дыяцэзіях і ў вашых катэдральных святынях. Калі ласка, выхоўвайце вашых семінарыстаў у рэальнасці, дзе мы пакліканыя да святарства, не каб самім стаць у цэнтры літургічнай малітвы, але дзе мы вядзем Хрыстовых верных да Яго як тыя, хто таксама моліцца. Калі ласка, паспрыяйце гэтай простай, але глыбокай рэформе ў вашых дыяцэзіях, вашых катэдральных святынях, вашых парафіях і вашых семінарыях”.

Больш фрагментаў з выступу кардынала Сара можна знайсці на старонцы Sacra Liturgia ў Фэйсбуку.


Аўтар: Edward Pentin
Крыніца: National Catholic Register
Ілюстрацыйнае фота: Fr Lawrence Lew OP (кардынал Сара на пантыфікальных Нешпарах падчас канферэнцыі Sacra Liturgia ў Лондане), CC BY-NC-ND

Пераклад зроблены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу аўтара.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz