2010-10-16_Mindener_Dom_034_PD

[ddownload id=”980″]

Першая частка гэтага эсэ ў трох частках пачала апавядаць пра гісторыю паўстання альтэрнатываў Рымскаму Канону, цяпер вядомаму як І Эўхарыстычная малітва. Заўважаючы, што на працягу 1600 гадоў рымскі абрад ведаў толькі адну Эўхарыстычную маліту, а. Касіян кажа, што павелічэнне колькасці “опцый” ад пачатку да сярэдзіны 1970-х прывяло да амаль поўнага знікнення Рымскага Канона. “Звыклы свецкі вернік не разумеў, што 1600 гадоў традыцыі раптоўна зніклі, як загінулая цывілізацыя, амаль не пакінуўшы следу і выклікаючы цікавасць толькі археолагаў і турыстаў”.

Хоць дакументы Другога Ватыканскага сабору не ўзгадвалі новых Эўхарыстычных малітваў, прыватныя спробы перагляду Рымскага Канона і/ці складання новых Эўхарыстычных малітваў рабіліся яшчэ ў 1963 годзе тэолагам Гансам Кюнгам. Агітацыя да стварэння новых альтэрнатываў Рымскаму Канону асабліва павялічвалася ў Галандыі, і галандскія і фламандскія біскупы публікавалі новыя малітвы і выкарыстоўвалі іх без дазволу Рыма.

Тым часам, на афіцыйным узроўні Камісія (група, адказная за ажыццяўленне Саборнага дэкрэта пра літургію Sacrosanctum Concilium) і “даследчая група 10”, якая займалася пераглядам Рымскага Імшала, таксама разглядалі альтэрнатывы традыцыйнаму Канону. Вось іх аргументы: 1. Рымскі Канон будзе ярмом, калі яго чытаць уголас, бо ён ўвесь час той самы. 2. Спісы святых надта лакальныя. 3. Канон з’яўляецца незадавальняючым са стылістычнага пункту гледжання.

Нягледзячы на ціск з боку прыхільнікаў альтэрнатыўных малітваў, Папа Павел VI адмовіўся ўносіць змены ў Канон. Урэшце ён быў вымушаны дазволіць “дзве ці тры” альтэрнатывы “для выкарыстання ў канкрэтны вызначаны перыяд часу”, хоць ён і настойваў, што Рымскі Канон мусіць застацца нязменным. Але Папа не ўдакладніў, што такое “вызначаны перыяд часу”, таму “маючы зялёнае святло ад Святога Айца, Камісія неадкладна прыступіла да працы”.

Аповед пра тое, што здарылася з Рымскім Канонам, працягваецца ў другой частцы эсэ.

4. Вагаджыні і лета 1966 года

Даследчая група 10, якая працавала над Ordo Missae, была павялічана з увагі на набліжэнне новай задачы. Айцец Вагаджыні (Cipriano Vagaggini), бенедыктынец і прафесар у Папскім атэнэуме св. Ансельма ў Рыме, правёў лета 1966 года ў бібліятэцы Мон-Сэзар у Бельгіі, старанна вывучаючы Рымскі Канон і ствараючы дзве новыя Эўхарыстычныя малітвы (якія з’яўляюцца падмуркам цяперашніх III і IV). У тым самым годзе праца Вагаджыні была апублікавана ў выглядзе кнігі [11], таму дыскусія выйшла за межы вузкага кола Камісіі ў публічную прастору, павялічваючы чаканні адных і незадаволенасць іншых [12].

Прапановы Вагаджыні затым былі вывучаныя ўсёй даследчай групай, рознымі кансультантамі і Айцамі Сабору. Было вырашана дзейнічаць паводле наказаў Папы Паўла, прымаючы дзве ўжо існуючыя малітвы: малітву Іпаліта (падмурак для ІІ Эўхарыстычнай малітвы) і александрыйскую малітву св. Базыля (якая ўрэшце не была прынятая з-за пэўных тэалагічных цяжкасцяў). Таксама былі прынятыя два новыя творы: дзве малітвы, прапанаваныя самім Вагаджыні.

Адной з галоўных прычын для прапановы гэтых новых Эўхарыстычных малітваў быў прынцып разнастайнасці. Паводле арцыбіскупа Анібале Буньіні, шматгадовага сакратара Кангрэгацыі Божага культу, “такая разнастайнасць выдаецца патрэбнай, калі рымская літургія хоча мець большыя духоўныя і пастырскія багацці, якія не могуць знайсці поўны выраз у адзіным варыянце тэксту” (Буньіні, Рэформа літургіі, с. 452).

У тлумачэннях, якія суправаджалі гэтыя новыя тэксты, пэўны націск клаўся на іх даўжыню. З трох новых тэкстаў, якія ўрэшце зацвердзілі, адзін вельмі кароткі (ІІ), адзін мае сярэднюю даўжыню (ІІІ), а адзін даволі доўгі, паколькі ён уключае ў сябе поўнае прадстаўленне ўсёй эканоміі збаўлення (IV).

5. Крокі на шляху да афіцыйнага апублікавання

Ніжэй вельмі схематычна прадстаўленыя крокі, праз якія прайшлі тэксты новых Эўхарыстычных малітваў, каб атрымаць канчатковае адабрэнне (пар. Буньіні, с. 460—465):

А. Красавік 1967 года: Схема была адобрана прэзідэнцкай камісіяй Сабору, а затым Айцамі. Яна была накіравана Папу 3 мая 1967 года. (Схема таксама ўтрымлівала дзевяць новых прэфацый.)

Б. Святы Айцец загадаў, каб Схему накіравалі ў Кангрэгацыю дактрыны веры і Кангрэгацыю абрадаў (чэрвень 1967 года). Кангрэгацыя дактрыны веры не адобрыла александрыйскую Эўхарыстычную малітву св. Базыля з-за тэалагічнай праблемы ў эпіклезе (закліку Святога Духа).

В. 10 ліпеня 1967 года: з нагоды набліжэння Сіноду біскупаў Папа Павел VI напісаў Камісіі наступныя інструкцыі: “Дазваляю вам падрыхтаваць буклет [з новымі Эўхарыстычнымі малітвамі], які будзе раздадзены Айцам надыходзячага Сіноду; аднак, з улікам усіх рэчаў, пажадана, каб формула кансэкрацыі не змянялася” [13].

Г. Сінод біскупаў быў праведзены ў кастрычніку 1967 года. Сярод абмеркаваных літургічных рэчаў знаходзілася і пытанне новых Эўхарыстычных малітваў. 14 кастрычніка 1967 года перад Айцамі было пастаўлена некалькі “папскіх пытанняў”: “Ці варта ўвесці ў лацінскую літургію тры іншыя Эўхарыстычныя малітвы ў дадатак да Рымскага Канона?” Са 183 Айцоў, якія бралі ўдзел у галасаванні большасць адказала “Так”, 22 адказалі “Не”, а 33 сказалі “Так з заўвагамі” (placet iuxta modum) [14]. Заўвагі былі наступныя:

  1. Рымскі Канон павінен заўсёды шанавацца і выкарыстоўвацца ў нядзелі і больш урачыстыя святы.
  2. Для выкарыстання кожнай малітвы трэба стварыць вельмі дакладныя нормы; выбар малітвы не трэба пакідаць цэлебранту.
  3. Тры новыя Эўхарыстычныя малітвы трэба зарэзерваваць для асаблівых, добра падрыхтаваных груп.
  4. Перад тым, як будзе дазволена выкарыстанне малітваў, яны павінны быць накіраваны на вывучэнне ў біскупскія канферэнцыі, а вернікаў варта старанна навучыць загадзя.
  5. Павінны існаваць не толькі тры дадатковыя Эўхарыстычныя малітвы, але нашмат больш: іх трэба ўзяць з усходніх літургій. Больш за тое, біскупскім канферэнцыям варта надаць уладу складаць іншыя, адпаведныя ім малітвы.
  6. Сам Рымскі Канон трэба перагледзець, каб аблегчыць яго выкарыстанне.

Як можна бачыць, не ўсе заўвагі прытрымліваліся аднаго накірунку аргументацыі. Буньіні адзначае, што каштоўнасць галасавання была “даволі адносная”, таму што Айцы галасавалі не як сапраўдныя прадстаўнікі сваіх біскупскіх канферэнцый, а як індывідуальныя біскупы (Буньіні, с. 351). У любым выпадку, адказ Сіноду быў з большага пазітыўны.

Д. Аднак публікацыя новых Эўхарыстычных малітваў затрымалася. Буньіні тлумачыць затрымку “звыклымі перашкодамі”. У дадатак, 28 студзеня 1968 года дзяржаўны сакратар настойваў, каб разам з новымі тэкстамі была выдадзена адпаведная інструкцыя.

Е. Канчатковае адабрэнне было дадзена 27 красавіка 1968 года.

Ж. Тры новыя Эўхарыстычныя малітвы былі ўведзеныя дэкрэтам Кангрэгацыі абрадаў 23 мая 1968 года [15], які таксама вызначыў, што гэтымі малітвамі можна карыстацца, пачынаючы з 15 жніўня 1968 года.

З. У той самы дзень быў выдадзены дакумент “Нормы выкарыстання Эўхарыстычных малітваў I-IV” [16]. Паколькі гэтыя нормы не вельмі вядомыя, варта прывесці іх тут.

а) Першую эўхарыстычную малітву, альбо Рымскі канон, якую можна ўжываць заўсёды, больш пажадана прамаўляць у дні, для якіх прадпісаныя ўласныя малітвы У еднасці і Пане, ласкава прымі, а таксама на цэлебрацыях апосталаў і святых, якія ўзгадваюцца ў самой малітве; прамаўляецца гэтая малітва і ў нядзелі, калі толькі з пастырскіх меркаванняў не аддаецца перавага іншай эўхарыстычнай малітве. [У актуальным, трэцім выданні Рымскага Імшала (2002) апошнія словы змененыя на “перавага трэцяй эўхарыстычнай малітве” — рэд.]

(Фактычна, гэтая норма абмяжоўвае выкарыстанне Рымскага Канона да некалькіх асаблівых сітуацый.)

б) Другую эўхарыстычную малітву, з-за яе асаблівых рысаў, лепш браць у будні тыдня альбо ў асаблівых абставінах.

(Гэтая норма, фактычна, пашырае выкарыстанне гэтай Эўхарыстычнай малітвы; яе найбольш асаблівая рыса — лаканічнасць).

в) Трэцюю эўхарыстычную малітву можна прамаўляць з любой прэфацыяй. Як і Рымскаму Канону, ёй варта аддаваць перавагу ў нядзелі і ў святы. [У трэцім выданні Рымскага Імшала (2002) словы “як і Рымскаму Канону” выдаленыя — рэд.]

(Гэтая норма, фактычна, замяняе Рымскі Канон ІІІ Эўхарыстычнай малітвай.)

г) Чацвёртая эўхарыстычная малітва мае нязменную прэфацыю… Можна ўжыць яе, калі Імша не мае ўласнай прэфацыі; яе выкарыстанне асабліва падыходзіць для сходу людзей з больш развітымі ведамі Пісання. [У трэцім выданні Рымскага Імшала (2002) дадазеныя словы “і ў нядзелі звычайнага перыяду”, а словы пра сход людзей выдаленыя — рэд.]

(Фактычна, гэтая норма абмяжоўвае выкарыстанне гэтай Эўхарыстычнай малітвы да рэдкіх сітуацый: яе няможна выкарыстоўваць падчас аніякіх асаблівых літургічных перыядаў, дзе ёсць уласная прэфацыя, г. зн. падчас Адвэнту, Вялікага посту, Велікоднага перыяду. Таксама паблажлівая заўвага пра больш адукаваны сход людзей, калі ўспрымаць яе сур’ёзна, яшчэ больш абмяжоўвае яе выкарыстанне.)

І. Прыкладна праз тыдзень, 2 чэрвеня 1968 года, новы старшыня Камісіі кард. Бэна Гут (Benno Gut) накіраваў старшыням біскупскіх канферэнцый тлумачальны ліст [17], а таксама інструкцыі адносна катэхізацыі ў справе Эўхарыстычных малітваў Імшы [18].

К. 3 кастрычніка 1969 года, у свята Святой Тройцы, была апублікавана Апостальская канстытуцыя Missale Romanum, але з-за гарачай дыскусіі тыпавое выданне Імшала не было надрукавана да Вялікага Чацвярга наступнага года, 26 сакавіка 1970 года.

6. Праблемы пасля афіцыйнай публікацыі новых Эўхарыстычных малітваў

Можна было чакаць, што афіцыйная публікацыя новага Імшала з трыма новымі Эўхарыстычнымі малітвамі ў дадатак да Рымскага Канона пакладзе канец нястрымным эксперыментам. “Было спадзяванне, што публікацыя новых Эўхарыстычных малітваў знішчыць альбо прынамсі зменшыць праблему [шматлікіх прыватных твораў у абарачэнні]”, — піша Буньіні. — “Гэтага не адбылося” (Буньіні, с. 465). Джын быў выпушчаны з бутэлькі і адмаўляўся туды вяртацца. Пэўныя біскупскія канферэнцыі адкрыта ігнаравалі выразы пратэсту з Рыма. Сігналы, аднак, былі няясныя, таму што Кангрэгацыя Божага культу давала дазвол на выкарыстанне некалькіх Эўхарыстычных малітваў асобным групам на асобныя выпадкі [19].

27 мая 1971 года Кангрэгацыя Божага культу патлумачыла праблему Папу Паўлу VI, прапаноўваючы больш старанна вывучыць праблему:

“Мы чулі, што Літургічны інстытут Парыжа сабраў і вывучыў больш за дзвесце Эўхарыстычных малітваў… Калі Святы Айцец пагодзіцца, Кангрэгацыя хацела б сабраць сістэматычную калекцыю ўсяго існуючага матэрыялу і вывучыць яго…. каб атрымаць разуменне маштабаў праблемы і змагчы вырашыць яе з большай яснасцю і грунтоўнасцю” (Буньіні, с. 467).

22 чэрвеня 1971 года прыйшоў адказ ад дзяржаўнага сакратара:

“Улічваючы маштабы неразборлівага выкарыстання незацверджаных Эўхарыстычных малітваў, Святы Айцец жадае, каб было зроблена стараннае даследаванне гэтай праблемы ва ўсіх яе аспектах, каб знайсці рашэнне, якое будзе лекам для гэтай сур’ёзнай сітуацыі недысцыплінаванай літургічнай практыкі” (Буньіні, с. 467).

Такім чынам, 17 верасня 1971 года была прызначана спецыяльная даследчая група, якая займалася гэтай праблемай.

7. Праца спецыяльнай даследчай групы

З кастрычніка 1971 года да сакавіка 1972 года гэтая спецыяльная даследчая група сустракалася некалькі разоў, ствараючы працоўны дакумент прыблізна на сотню старонак, аналізуючы праблему і прапануючы рашэнні. На трэцяй сустрэчы 25—26 студзеня 1972 года гэтая група з 17 членаў прагаласавала па чатырох пытаннях (пар. Буньіні, с. 467—469):

  1. Ці трэба павялічыць лічбу Эўхарыстычных малітваў у Рымскім Імшале?
    Так: 10, Не: 3, iuxta modum: 4
  2. Ці трэба дазволіць большую колькасць Эўхарыстычных малітваў у рэгіёнах, дзе біскупскія канферэнцыі лічаць гэта мэтазгодным?
    Так: 12, Не: 0, iuxta modum: 5
  3. Ці прымальнае рашэнне, прапанаванае ў пункце 39а схемы? (г. зн., што Кангрэгацыя Божага культу павінна падрыхтаваць мадэлі сама)
    Так: 8, Не: 8, iuxta modum: 1
  4. Ці прымальнае рашэнне, прапанаванае ў пункце 29b? (г. зн., што Кангрэгацыя Божага культу павінна падрыхтаваць інструкцыі біскупскім канферэнцыям для выкарыстання пры вынясенні ўласных рашэнняў)
    Так: 8, Не: 5, iuxta modum: 4

Ясным кансэнсусам групы было тое, што трэба дазволіць больш Эўхарыстычных малітваў. Аднак не было яўнай згоды наконт ролі Кангрэгацыі Божага культу ў накіраванні працэсу складання гэтых малітваў.

Некаторыя кансультанты Кангрэгацыі, якіх не пыталіся па гэтых пытаннях, але якія вельмі хацелі выказацца па іх, апублікавалі свае ўласныя вывады, прыйшоўшы да амаль супрацьлеглых заключэнняў, а менавіта да таго, што было няўчасна ствараць новыя Эўхарыстычныя малітвы ў дадатак да тых, што ўжо былі ў Рымскім Імшале. Апублікаваная справаздача выклікала трывогу ў розных колах, уключаючы Кангрэгацыю дактрыны веры, і ўзнікла шмат нязгодаў. Быў абавязаны ўмяшацца дзяржаўны сакратар, які зрабіў дыпламатычную заўвагу Кангрэгацыі Божага культу і ўзяў пад кантроль нанесеную шкоду. 28 лютага 1972 года Папа Павел VI, удзяляючы аўдыенцыю Буньіні (якога ён высвяціў на біскупа 13 лютага 1972 года) таксама зрабіў нешта накшталт заўвагі: “Я яшчэ раз вельмі заклікаю Кангрэгацыю Божага культу пастарацца кантраляваць тэндэнцыю памнажэння колькасці Эўхарыстычных малітваў”, дадаўшы некалькі паясненняў:

  • трэба кансультавацца з іншымі кангрэгацыямі, кампетэнтнымі ў гэтай справе (пераклад: Кангрэгацыя Божага культу не павінна дзейнічаць сама па сабе);
  • трэба зрабіць націск на літургічную аднастайнасць;
  • адвольныя эксперыменты павінны скончыцца;
  • біскупскія канферэнцыі не маюць улады ўводзць новыя Эўхарыстычныя малітвы, калі яны не атрымалі дазвол ад Святога Пасаду (Буньіні, с. 470—471).

На пленарным пасяджэнні спецыяльнай даследчай групы 7—11 сакавіка 1972 года дзяржаўны сакратарыят папрасіў, каб членаў пазнаёмілі з нядаўняй перапіскай паміж Святым Айцом і Кангрэгацыяй Божага культу, калі толькі Айцы не хочуць “у няведанні рэальнага меркавання Яго Святасці ісці шляхам, пракладзеным кансультантамі, хоць ён і не супадае з выдадзенымі ім інструкцыямі…” (Буньіні, с. 471, № 31).

8. Прапушчаныя ці праігнараваныя сігналы

Такім чынам, Кангрэгацыі Божага культу і даследчай групе былі пасланыя негатыўныя сігналы, але відавочна, гэтыя сігналы не былі зразуметыя. Наадварот, праца хутка ішла наперад, і на пленарным спатканні ўсёй Кангрэгацыі Божага культу быў разгледжаны і вынесены на галасаванне працоўны дакумент для Эўхарыстычных малітваў (Буньіні, с. 471—472):

  1. З увагі на цяперашнюю сітуацыю, якая датычыцца развіцця і выкарыстання Эўхарыстычных малітваў, ці павінна кампетэнтная ўлада зрабіць некаторыя крокі, каб павялічыць колькасць гэтых малітваў?
    Так: 13, Не: 3, iuxta modum: 3
  2. Ці дастаткова таго, што Святы Пасад падрыхтуе некалькі новых Эўхарыстычных малітваў?
    Так: 2, Не: 12, iuxta modum: 2
  3. Ці дастаткова таго, што Святы Пасад прадставіць некаторыя мадэлі, якія прымуць біскупскія канферэнцыі?
    Так: 0, Не: 16, iuxta modum: 0
  4. Ці павінны магчы біскупскія канферэнцыі складаць новыя Эўхарыстычныя малітвы, што задавальняюць крытэрыям, якія выказаў Святы Пасад, і затым будуць дасланыя апошняму?
    Так: 11, Не: 3, iuxta modum: 2
  5. Ці прымальныя інструкцыі, выкладзеныя ў раздзеле VI для падрыхтоўкі і ацэнкі Эўхарыстычных малітваў?
    Так: 9, Не: 2, iuxta modum: 5

Прагрэсіўныя тэндэнцыі ў групе відавочныя. Патрабуецца больш Эўхарыстычных малітваў; Святы Пасад не павінен ані рыхтаваць гэтыя малітвы, ані даваць мадэлі для іх; замест гэтага, біскупскія канферэнцыі павінны мець магчымасць складаць новыя малітвы самастойна.

Справаздача кардынала-прэфекта, накіраваная ў дзяржаўны сакратарыят 12 красавіка 1972 года, была больш збалансаваная і мела сціплы тон, але ўсё ж утрымлівала прапанову, каб біскупскія канферэнцыі “ў надзвычайных выпадках і паасобку” атрымлівалі дазвол рыхтаваць новыя Эўхарыстычныя малітвы. Прапанова, аднак, была стрыманая абмоўкай, што канферэнцыя мусіць спачатку запытацца пра дазвол, затым падрыхтаваць тэкст, які мусіць быць дасланы кампетэнтным органам Святога Пасаду (Буньіні, с. 472). Папа Павел VI ўдзяліў аўдыенцыю кардыналу-прэфекту 20 красавіка, выдаўшы пісьмовы адказ месяцам пазней, 23 мая 1972 года, у якім ён забараняў разгалошваць бягучую дыскусію, але дазваляў рыхтаваць чарнавы тэкст Інструкцыі наконт Эўхарыстычных малітваў.

Гэты чарнавы тэкст быў падрыхтаваны падчас летніх месяцаў і быў дасланы даследчай групе 8 верасня 1972 года. Буньіні паведамляе, што “група доўга яго абмяркоўвала, а на фінальным пасяджэнні 25—26 верасня панавала ў нейкай ступені прыгнечаная атмасфера” (Буньіні, с. 473). Хоць яны былі збянтэжаныя, што іх прапановы не былі прынятыя, яны настойвалі на сваіх рэкамендацыях, што біскупскія канферэнцыі мусяць атрымаць дазвол пры пэўных умовах ствараць новыя Эўхарыстычныя малітвы. 17 лістапада 1972 года дзяржаўны сакратарыят паслаў чарнавую Інструкцыю ў Кангрэгацыю дактрыны веры. Іхні адказ быў адмоўны. Буньіні тлумачыць чаму:

Тым часам загучалі іншыя галасы, якія былі супраць адабрэння новых Эўхарыстычных малітваў: група тэолагаў Міжнароднай тэалагічнай камісіі (11 кастрычніка), французскі арцыбіскуп і тыя кансультанты Кангрэгацыі Божага культу, якія прагаласавалі адмоўна на даследчых сэсіях. Усе яны націснулі на Вярхоўнага Пастыра… (Буньіні, с. 474, № 32).

9. “Не” ад Папы: “халодны душ”

11 студзеня 1973 года дзяржаўны сакратар перадаў адказ Кангрэгацыі дактрыны веры ў Кангрэгацыю Божага культу: “Кангрэгацыя дактрыны веры дала адмоўны адказ наконт своечасовасці выдачы біскупскім канферэнцыям дазволу рэдагаваць новыя Эўхарыстычныя малітвы. Трэба прыняць забарону гэтых дзеянняў” (Буньіні, с. 474).

Ліст дзяржаўнага сакратара таксама ўключаў у сябе наступныя дырэктывы, якія пазней з’явяцца ў Інструкцыі наконт Эўхарыстычных малітваў, выдадзенай Кангрэгацыяй Божага культу:

  • Біскупскія канферэнцыі павінны пакласці канец эксперыментальным Эўхарыстычным малітвам.
  • Святы Пасад не выключае безумоўна магчымасці адабрэння новай Эўхарыстычнай малітвы, але яе падрыхтоўка і апублікаванне павінны загадзя ўзгадняцца са Святым Пасадам.
  • Рымскі Імшал ужо цяпер дае шмат прасторы для адаптацыі [20].

Рэакцыя Буньіні паказвае, што даследчая група працавала на іншай хвалі, чым Святы Пасад. Ён прызнаецца: “Гэты адказ прыйшоў як халодны душ пасля году з паловай цяжкай і разумнай працы” (Буньіні, с. 474). Ён меў аўдыенцыю з Папам Паўлам 21 снежня 1972 года, дзе ён патлумачыў пазіцыю Кангрэгацыі Божага культу: Касцёл сутыкнуўся “з пашыраным феноменам, які, як здаецца, няможна стрымаць простымі забаронамі і ігнараваннем, а толькі яго накіраваннем, каб Святы Пасад мог захаваць кантроль”. Затым Папа заявіў пра сваё рашэнне: “Не — усялякім далейшым эксперыментам. Святы Пасад захоўвае за сабою (націск у арыгінале) уладу рыхтаваць новыя Эўхарыстычныя малітвы ў паасобных выпадках” (Буньіні, с. 475, № 33).

20 студзеня 1973 года Кангрэгацыя Божага культу пакорна напісала чарнавік Інструкцыі ў форме цыркулярнага ліста. Дзяржаўны сакратар адказаў 31 студзеня 1973 года, напісаўшы: “Змест ліста добры, але трэба, каб ён меў больш мяккую форму, і таксама трэба прывесці дактрынальныя і пастырскія прычыны рашэння” (Буньіні, с. 474).

У выніку з’явіўся вельмі сціплы дакумент Eucharistiae participationem [21], апублікаваны 27 красавіка 1973 года. Пасля тлумачэння сітуацыі адносна прыватна складзеных Эўхарыстычных малітваў і іх злоўжывальнай прыроды цыркулярны ліст кажа:

“Пасля таго, як усе фактары былі старанна ўзважаныя, было прынята наступнае рашэнне: у гэты час немэтазгодна даваць канферэнцыям біскупаў агульны дазвол складаць і зацвярджаць новыя Эўхарыстычныя малітвы. Наадварот, мы лічым, што разумна было б рэкамендаваць больш поўную катэхезу пра сапраўдную прыроду Эўхарыстычнай малітвы…” [22]

Кангрэгацыя Божага культу была спынена вельмі жорстка.

Працяг будзе.


11. Il canone della messa e la riforma liturgica, Torino-Leumann: Elle di Ci, 1966. Англійскі пераклад, пар. зноска 6.

12. Умераная крытыка прапановаў Вагаджыні: J. Jungmann, “Um die Reform des römischen Kanons: eine kritische Stellungnahme zu C. Vagagginis Entwürfen“, Liturgisches Jahrbuch 17 (1967) 1-17. Заключэнне Юнгмана: “Такім чынам, калі ставіцца пытанне пра новы канон, яго не трэба найперш шукаць у суцэльна новым творы альбо ў (не такой ужо і немагчымай) адаптацыі замежнай малітвы, але трэба ісці шляхам, на якім вечныя і дастойныя элементы нашай уласнай традыцыі не адкідваюцца, а ачышчаюцца і далей развіваюцца. Таму па гэтых прычынах у працы Вагаджыні нельга знайсці задавальняючага рашэння. Мы не можам пайсці шляхам да замежнай літургіі, не вывучыўшы старанна і не падбаўшы пра наш уласны скарб. Кніга Вагаджыні, тым не менш, гэта важная праца. Яна робіць свой унёсак, праясняе тое ці іншае меркаванне, а таксама яна карысная для ўзмацнення смеласці для сапраўднай рэформы. Але як канкрэтныя прапановы, абедзве ягоныя ідэі нават не варта разглядаць” (с. 17).

13. Камісія не задаволілася адказам Папы і растлумачыла прычыны прапанаваных зменаў, папрасіўшы, каб “прынамсі новыя Эўхарыстычныя малітвы мелі ўжо зацверджаны тэкст”. Дазвол быў дадзены 12 кастрычніка 1967 года. Пазней гэтыя змены ўвойдуць і ў Рымскі Канон. Пар. Буньіні, с. 462.

14. У тэксце Буньіні памылка, бо лічбы не складаюцца. Тэкст кажа: “Са 183 Айцоў, якія бралі ўдзел у галасаванні 173 адказалі “Так”, 22 адказалі “Не”, а 33 сказалі “Так з заўвагамі”. Гэта ў суме дае 228 чалавек.

15. Prece eucharistica: Notitiae 4 (1968) 156. Англійскі тэкст: International Commission on English in the Liturgy, Documents on the Liturgy: 1963-1979 (Collegeville: The Liturgical Press, 1982), #241, pp.608-609. (Далей цытуецца як DOL).

16. Notitiae 4 (1968) 157-160; DOL #242, pp. 609-612.

17. “La publication“, Notitiae 4 (1968) 146-148; DOL #243, pp. 612-613.

18. “Au cours des derniers mois,” Notitiae 4 (1968) 148-155; DOL #244, pp. 614-619.

19. Спіс можна знайсці ў Буньіні, с. 466.

20. Поўны тэкст: Буньіні, с. 474.

21. “Eucharistiae participationem“, Notitiae 9 (1973) 192-201; cf. DOL #248, pp. 623-629.

22. DOL, pp. 624-625.


Аўтар: а. Касіян Фолсам OSB (Fr. Cassian Folsom OSB), манах архіабацтва св. Мейнрада. Пасвячэнне атрымаў у 1984 годзе. З 1993 года ён выкладае ў Пантыфікальным літургічным інстытуце ў Сант-Ансельма ў Рыме.
КрыніцаAdoremus 1996, Vol. II, № 4-6
Ілюстрацыя: Імшал з Міндэнскай катэдры (1513, PD)

Артыкул перакладзены з англійскай мовы і перадрукаваныя з дазволу рэдакцыі Adoremus.

Пакінуць каментар