7172348090_2da834b0bc_o

Мяне завуць Стыў. Я хаджу на лацінскую Імшу, але не ведаю лацінскай мовы.

Гэта цягнецца ўжо многія гады. Спачатку, калі я пачаў наведваць індультную Імшу да выхаду Summorum Pontificum, я думаў, што нехта заўважыць. Але я па-майстарску хаваў сімптомы, і ніхто не здагадаўся. Калі я глядзеў у свой імшалік, яны не маглі зразумець, якую калонку я чытаю. Калі мяне запрашалі на абед у дом калегі, які таксама наведваў лацінскую Імшу, я ціха пратэставаў, калі яны маліліся па-лацінску, а не па-англійску. Нарэшце, праз шматлікія паўторы я навучыўся маліцца большую частку ружанца па-лацінску, і гэта дало мне крыху большую бяспеку. Час ад часу я кідаў у размове адзіны радок, які змог запамятаць з заняткаў па лацінскай мове ў той год, калі займаўся дома:

“Non tam praeclarum est scire latine quam turpe nescire.”

Яны сказалі мне, што гэта з Цыцэрона. Калі я кажу гэтыя словы, яны гучаць падобна да італьянскай мовы. Але, магчыма, гэта таму, што так казаў настаўнік на аўдыёкасеце. Даволі цікава, што гэты сказ значыць наступнае: “Не так выдатна ведаць лацінскую мову, як сорамна яе не ведаць”. Прынамсі, так я запамятаў пераклад, хоць я і не ўпэўнены, бо я не размаўляю па-лацінску. Я мог зразумець усё зусім няправільна, як студэнты, якія робяць татуіроўкі з кітайскімі сімваламі, якія, як яны лічаць, кажуць нешта накшталт “Надзея”, ці “Любоў”, ці “Спакой”, а насамрэч яны азначаюць “Я зняў з гэтага дурнога амерыканца $50 за тату, якая кажа, наколькі ён дурны. Дурны. Дурныыы”.

Калі нарэшце да мяне дайшло, што ніхто ніколі мяне не выкрые, гэта здавалася крыху нерэальным. Я зразумеў, што я той, каго яны называюць “функцыянальным лацінскім ігнарамусам”. Я хаджу на традыцыйную лацінскую Імшу кожную нядзелю з 2004 года. Я з усім разабраўся, я малюся, я нават прыступаю да Камуніі. Я ўсміхаюся. Я паціскаю рукі. Часам я жартую з навакольнымі. “Як вам гэтая калекта, а?” ці “Вау, гэты інтроіт сёння быў як раз у тэму, праўда?” Ніхто не ведае праўды, а ім і не трэба.

“І праўда, — падумаў я, — каму ад гэтага кепска?”

Аднак рэчы змяніліся, калі людзі пачалі спрачацца са мной наконт таго, наколькі лацінская мова ў літургіі выключае іншых людзей. Наколькі яна падымае ўзровень, што большасць людзей не можа сюды прыйсці. Як яна робіць немагчымым зразумець, што адбываецца, амаль для кожнага, хто яе ніколі не вывучаў. Я адчуў, як мяне кінула ў пот, з горла падняўся гнеў, страх выкрыцця пранёсся праз мяне, як хваля гарачай панікі. Я хацеў сказаць ім. Я хацеў выпусціць гэта з сябе. Я хацеў закрычаць з дахаў: “Я ХАДЖУ НА ЛАЦІНСКУЮ ІМШУ І Я ЗУСІМ НЕ ВЕДАЮ ДЗЁЎБАНАЙ ЛАЦІНЫ! ЦІ АД ГЭТАГА Я ГОРШЫ? ЦІ Я ПРАВІЛЬНА СПЯВАЮ SALVE REGINA? ЦІ БОГ УВОГУЛЕ ЛЮБІЦЬ МЯНЕ?!”

Але я не адкрыў рота. У мяне была сям’я. У мяне была рэпутацыя. У той час я ўжо дастаткова рэгулярна пісаў у абарону традыцыйнай лацінскай Імшы. Выкрыцця я мог не перажыць.

Як і любы залежны чалавек, я сказаў сабе, што я не такі. Са мной не стане нічога дрэннага. Я змагу надалей хадзіць на традыцыйную Імшу, чытаць часткі Імшы па-англійску, глядзець, што робіць святар, і іншымі сродкамі ахоўваць свой фасад. А дзесьці ў глыбіні я ведаў, што святар не меў ува мне патрэбы. Я ведаў, што, як святары-левіты Старога Запавету, толькі ён мог уваходзіць у Святая Святых і прыносіць ахвяру, прынашэнне за грахі, Ахвяру дасканалую. Я ведаў, што ніводная рэч, якую я рабіў, ці то маліўся па імшаліку, ці то хадзіў з заплаканым дзіцём, ці то адключаўся з-за стомы, ці то нават маліўся на ружанцы падчас літургіі, ніяк не ўплывала на тое, ці будзе ахвяра мець сілу. Я абсалютна не меў ніякага ўплыву на рэзультат літургіі, нават калі гэты рэзультат быў для мяне найбольш важнай справай на свеце.

Можа быць, вы падумаеце, што гэта хвалявала мяне, але насамрэч гэта рабіла ўсё прасцейшым. У нейкім сэнсе, гэта зрабіла мяне яшчэ больш сузалежным, чым дагэтуль. Я не мусіў трымаць чыесьці рукі падчас Pater Noster. Мне не трэба было дакранацца да кагосьці падчас знаку супакою. Мне не трэба было мармытаць сваё адабрэнне рэспансарыйнаму псальму ці абазначаць свой удзел у малітве вернікаў. Я кінуў усё гэта. Я проста ўвайшоў у самую сярэдзіну літургіі, дзе ў мяне няма абсалютна ніякай знешняй працы, акрамя як толькі кленчыць, стаяць, сядзець і прымаць Камунію. Гэта было дасканалае прыкрыццё, і святар быў маім памочнікам.

Але затым сталася вось што.

Майму старэйшаму сыну, які стараўся засяродзіцца на Імшы нават пасля сваёй першай Камуніі, падарылі імшалік. Гэта нават быў не паўнавартасны імшалік. У ім не было вокладак, не было зменных частак Імшы. Гэта была не тая кніга, у якой можна было знайсці ўсё на свеце і якая магла б напужаць малады розум, — проста тэкст, па якім можна было сачыць, і крыху сакральнага мастацтва. Спачатку я не звярнуў на гэта ўвагі, але потым я зразумеў, што ўжо позна. Ён сапраўды сачыў. Восем год, гіперактыўны, не можа засяродзіцца ні на чым, акрамя Lego і тэлебачання, — і раптам, замест таго, каб маляваць на парафіяльных канвертах маленькімі аловачкамі, ён сачыў. Я думаў, яго не кране. Усе заўсёды казалі, што гэта надта цяжка для дзяцей. Што нават дарослыя не могуць сачыць за гэтай пыльнай старой Імшой. Бар’еры былі надта высокія, каб іх пераскочыць. Але вось, я назіраў за дзіцём, за сваім родным дзіцём, якое перагортвала старонкі гэтай малой кніжачкі і ведала, дзе цяпер святар і што ён робіць, а ягоны ціхі шэпт часам далятаў да мяне: “Тата, на якой мы зараз старонцы?”

Ён быў, як я. Ён хадзіў на лацінскую Імшу, нешта атрымліваў з яе і не ведаў ані слова па-лацінску.

Думаю, што я прапусціў пэўныя намёкі, калі яго старэйшыя сёстры і маці рабілі тое самае. Я казаў сабе, што насамрэч яны не звярталі ўвагі, а проста трымалі кніжкі і думалі пра кацянятаў, вясёлкі, макіяж і іншыя дзявочыя рэчы. Але бачыць свайго сына, старэйшага з чатырох, які ідзе па маіх слядах? Нарэшце я зразумеў, што падаваў прыклад, і гэта была мая памылка.

Таму я хачу прызнаць праўду: я атрымліваю ад традыцыйнай лацінскай Імшы больш, чым калі-небудзь атрымліваў ад якой іншай літургіі, і я раблюся поўным пазёрам, калі справа даходзіць да “лаціны, жывой мовы Касцёла”. (Калі б я не быў пазёрам, я б ведаў, як напісаць гэта па-лацінску. Я спрабаваў. Нічога не атрымалася. Нават з дапамогай гугла.)

Аднак, вяртаючыся да справы, я вырашыў не бегчы ад таго, хто я ёсць. Наадварот, я хачу змірыцца з гэтым. У мяне няма намеру змяняцца. Мая залежнасць усё адно не знікне. Мне патрэбна змястоўная Імша, багатая на сімвалы, жэсты, малітву і павагу. Якая выстаяла на працягу шматлікіх стагоддзяў і карміла безліч святых. Людзі кажуць, што гэта цяжка, што яны не могуць так жыць, але перад тым, як асуджаць мяне, няхай пабудуць на маім месцы. Я не кепскі чалавек, таму што люблю традыцыйную лацінскую Імшу і цалкам бездапаможны супраць другой часткі на літару “л”. Ва ўсіх ёсць свае праблемы. Але я скажу вам… гэта таго каштуе. Хто вы, каб судзіць мяне?

Я хацеў бы таксама сказаць слова за тых, хто баіцца выказацца сам. Шмат з вас, магчыма, як і я, ціха хаваеце сваё няведанне лацінскай мовы, калі прыходзіце на Імшу ў вашых гарнітурах, доўгіх спадніцах і хустках і робіце рухі разам з усімі намі, ціха чытаючы малітвы каля прыступак алтара па-англійску, часам зазіраючы ў лацінскі тэкст, проста таму што ён класна гучыць і вы можаце зразумець у ім адно ці два асноўныя словы.

Я тут, каб сказаць вам, што ВЫ НЕ АДНЫ.

На дайце ім прысароміць вас! Усё добра, Імша можа заставацца таямніцай. Цалкам нармальна разумець не ўсё, што адбываецца, на 100 %. Думаеце, людзі ведалі, што рабіў першасвятар, калі ён уваходзіў, каб прынесці ахвяру ў дзень адкуплення? Божа, ды яны стаялі звонку. Яны прывязвалі вяроўку да ягонай нагі, каб выцягнуць яго, калі што здарыцца, бо нікому, акрамя яго, няможна было ўваходзіць. Ці гэта іх спыняла?

Таксама няма нічога дрэннага ў жаданні ўвайсці ў святое месца і святы час. Выйсці з банальнасці штодзённага свету і ўвайсці ў нешта выключнае. Узвышанае. Мы не прыходзім па нейкую штодзённасць. Гэта штосьці таямнічае, штосьці асаблівае. Яно не прамаўляе да нас простымі словамі. Яно прымушае нас абудзіцца і зважаць. Звяртаць увагу. Яно нечага патрабуе ад нас — як і павінна добрая літургія.

Касцёл тым не менш рэкамендуе лацінскую мову. Як ні дзіўна, сам Папа Ян ХХІІІ, ініцыятар Другога Ватыканскага сабору, які ў асноўным (і часткова несправядліва) абвінавачаюць у адкідванні лацінскай мовы ў літургіі, прыгожа выказаўся наконт важнасці лацінскай мовы ў жыцці Касцёла ў сваёй апостальскай канстытуцыі Veterum Sapientia:

Па сваёй прыродзе лацінская мова найбольш падыходзіць для распаўсюджвання кожнай формы культуры сярод народаў. Яна не выклікае зайздрасці. Яна не аддае перавагу ніводнай нацыі, але праяўляе аднолькавую бесстароннасць да ўсіх і лёгка прымаецца ўсімі.

Не трэба забывацца і пра адметную шляхетнасць фармальнай структуры лацінскай мовы. Яе “лаканічны, разнастайны і гарманічны стыль, поўны велічы і годнасці” прычыняецца да выключнай яснасці і паважнасці выразу. […]

Каталіцкі Касцёл мае годнасць, якая значна перавышае годнасць кожнай чыста людской супольнасці, бо ён быў заснаваны Хрыстом Панам. Таму цалкам адпаведна, каб мова, якою ён карыстаецца, была годнай, велічнай і не народнай.

Працягваючы, Папа загадаў біскупам забяспечыць вывучэнне лацінскай мовы для кандыдатаў у святары і для заняткаў па тэалогіі. Ён таксама хацеў, каб вярнулі традыцыйную праграму і ўсе студэнты мелі базавыя веды гэтай старажытнай і шанаванай мовы.

Як усе мы ведаем, ягоных загадаў не паслухаліся.

Таму такія каталікі, як я, засталіся без ведаў лацінскай мовы. Але калі казаць начыстую, калі выйсці з ценю на святло, магчыма, можна нешта змяніць. Як казаў адзін жудасны, сапраўды агідны гімн, якія мяне прымусілі спяваць падчас маёй першай Камуніі, “няхай нашыя слёзы зменяцца ў танец”. Я не змагу працытаваць больш з-за пачуцця агіды, але, магчыма, усведамленне таго, што мы любім літургію Касцёла і хочам быць на ёй, нават калі мы не разумеем яе мовы, можа дапамагчы нам выклікаць аднаўленне вывучэння лацінскай мовы для наступных пакаленняў.

А пакуль мы будзем працягваць. І я скажу вам, што гэта не так цяжка, як вы можаце думаць. Ёсць нават пэўныя выгоды нашага становішча. Напрыклад, калі вы сочыце за літургіяй па імшаліку, гэта вымагае ад вас крыху больш, чым калі вы ведаеце літургію на памяць. Калі вы згубіліся ў малітве, вам трэба правяраць, дзе цяпер святар. Трэба гартаць старонкі, заглядаць у зменныя часткі Імшы і ўпэўнівацца, што вы знаходзіцеся ў адпаведным месцы ў адпаведны час. Хочаце верце, хочаце не верце, але гэта значна больш актыўная форма ўдзелу, чым простае паўтарэнне “як зомбі” (калі казаць словамі маёй дзевяцігадовай дачкі). Калі не верыце, можаце паспрабаваць.

Пакуль у вас ёсць імшалік, вы можаце паехаць ў любое месца на планеце, дзе ёсць традыцыйная лацінская Імша, і атрымаць тую самую Імшу — Імшу, за якой вы зможаце сачыць вачыма, розумам і сэрцам. Вы можаце знаходзіцца ў Манхэтэне, Вене, Будапешце ці Ганконгу і адчуваць універсальнасць Касцёла ў адзінай, структураванай літургіі і ў адзінай, структураванай мове. (І наадварот, кожную нядзелю на працягу месяца выбірайце новую парафію хоць бы ў сваёй дыяцэзіі, і вы ўжо атрымаеце найшырэйшы досвед, не кажучы ўжо пра міжнароднае падарожжа.)

Многія думаюць, што прыхільнікі лацінскай Імшы так захопленыя лацінскай мовай у літургіі, таму што яны вельмі моцна любяць гэтую мову. Мне сапраўды падабаецца, як яна гучыць, і мяне вельмі цікавіць тое, што яна абазначае, але, мне здаецца, цяжка любіць тое, чаго не ведаеш. У гэтым сэнсе, Цыцэрон меў рацыю. Для каталікоў сапраўды вельмі добра ведаць лацінскую мову. І таксама сорам яе не ведаць, але для мяне гэта прымальна. Для многіх таксама.

Размаўляючы пра літургію, я часта казаў людзям, што лацінская мова ў многіх аспектах з’яўляецца найменш важнай рэччу, якая адрознівае традыцыйную лацінскую Імшу ад новага Імшала. Але гэта не азначае, што яна не важная. У старажытнай літургіі важнае ўсё.

Не дайце сябе прысароміць. Прызнаваць праўду нармальна. Нелацінамоўныя прыхільнікі традыцыйнай лацінскай Імшы, яднайцеся!


Аўтар: Steve Skojec, заснавальнік і выканаўчы дырэктар партала OnePeterFive.com. Атрымаў ступень бакалаўра (BA) па камунікацыях і тэалогіі ў Францысканскім універсітэце Сцюбэнсвіля ў 2001 годзе. Ягоныя каментарыі з’яўляліся ў The New York Times, USA Today, The Washington Post, The Washington Times, Crisis Magazine, EWTN, Huffington Post Live, The Fox News Channel, Foreign Policy і BBC. Жыве ў Паўночнай Вірджыніі з жонкай Джэймі і іх сямю дзецьмі.
Крыніца: OnePeterFive
Ілюстрацыйнае фота: Carlos Ramalhete (CC BY-NC)

Пераклад зроблены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу аўтара.

Калі вы знайшлі арфаграфічную памылку, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter.

Пакіньце адказ

Напішыце першы каментар!

Leave a Reply

wpDiscuz