2317596146_0a61f1b1c6_o

[ddownload id=”980″]

Гісторыя паўстання альтэрнатываў Рымскаму Канону, цяпер вядомаму як І Эўхарыстычная малітва, у гады пасля Другога Ватыканскага сабору набірае новае значэнне ў свеце цяперашняй глабальнай рэвізіі Рымскага Імшала [артыкул напісаны ў 1996 годзе — рэд.]. Гэты тлумачальны артыкул будзе прадстаўлены ў трох частках.

У лацінскіх выданнях Рымскага Імшала 1970 і 1975 гадоў прысутнічаюць чатыры Эўхарыстычныя малітвы (гэтая лічба можа павялічыцца ў трэцім editio typica, якое мусіць з’явіцца ўвосень). У найноўшых амерыканскіх выданнях Рымскага Імшала, акрамя чатырох згаданых малітваў, у дадатку прыведзеныя яшчэ пяць: дзве аб паяднанні і тры для Імшаў з удзелам дзяцей. Такім чынам, за апошнія дваццаць пяць гадоў рымскі абрад паспрабаваў шмат Эўхарыстычных малітваў.

Аднак так было не заўсёды. На працягу папярэдніх прыкладна 1600 гадоў рымскі абрад ведаў толькі адну Эўхарыстычную малітву — Рымскі Канон.

Сёння ў сярэдняй парафіі нават у нядзелі найчасцей выкарыстоўваецца ІІ Эўхарыстычная малітва. ІІІ Эўхарыстычная малітва ўжываецца таксама даволі часта, асабліва ў нядзелі і святы. Чацвёртая Эўхарыстычная малітва не ўжываецца амаль ніколі; часткова таму, што яна доўгая, а часткова таму, што ў некаторых месцах Злучаных Штатаў яна была неафіцыйна забаронена з-за частага выкарыстання слова “man” [англ. чалавек, мужчына — рэд.]. Першая Эўхарыстычная малітва, Рымскі Канон, які больш за паўтары тысячагоддзі эксклюзіўна выкарыстоўвалі ў рымскім абрадзе, сёння не ўжываецца амаль ніколі. Як кажа італьянскі літургіст: “яго выкарыстанне сёння настолькі малое, што яно статыстычна нязначнае” [1].

Гэта радыкальная змена ў рымскай літургіі. Чаму большасць людзей не ведае пра маштабы гэтай змены? Магчыма, таму што Канон звычайна казалі ціхім голасам, і яго змест і якасці былі вядомыя святарам, але не большасці свецкіх. Таму, калі Эўхарыстычную малітву пачалі прамаўляць услых на нацыянальных мовах з магчымасцю выбару з чатырох — а Рымскі Канон пры гэтым выбіралі рэдка, калі ўвогуле выбіралі, — звыклы свецкі вернік не разумеў, што 1600 гадоў традыцыі раптоўна зніклі, як загінулая цывілізацыя, амаль не пакінуўшы следу і выклікаючы цікавасць толькі археолагаў і турыстаў.

Што адбылося? Чаму гэта адбылося? Як адказаць на гэтую новую сітуацыю? Дадзенае эсэ разбіраецца з гэтымі пытаннямі.

І. ШТО ЗДАРЫЛАСЯ?

Пра тое, што здарылася, расказваць доўга, таму што перыяд літургічнай гісторыі, які мы мусім разабраць, заблытаны і складаны. Аднак неабходна трымацца розных паваротаў і разваротаў на шляху гэтага развіцця, каб зразумець, чаму рэчы сталіся так, як сталіся.

1. Sacrosanctum Concilium (4 снежня 1963 года)

Артыкул 37 Схемы літургіі (у фінальным дакуменце ён стане артыкулам 50) датычыўся парадку Імшы. Пры абмеркаванні гэтага тэксту толькі адзін з Айцоў Сабору, біскуп Вільгельм Душак (Wilhelm Duschak) SVD, папрасіў аб новай Эўхарыстычнай малітве альбо ўзамен Рымскаму Канону, альбо для выкарыстання яе ў якасці альтэрнатывы [2].

З іншага боку, каментуючы артыкул 37/50, некалькі Айцоў падкрэслілі, што Канон не варта закранаць. У самім галасаванні некалькі галасоў placet iuxta modum [згода з артыкулам з некаторымі заўвагамі — рэд.] выказалі тую самую заўвагу. На гэта рэлятар адказаў, што гэтыя засцярогі ўжо адлюстраваныя фразай “дакладна захоўваючы іх [абрадаў] сутнасць” (probe servata eorum substantia), хоць фактычна паслясаборная камісія адкіне гэтую заўвагу. Паводле Юнгмана, рэлятар наўмысна хацеў развязаць рукі паслясаборнай рэформе [3].

У любым выпадку, ані Схема, ані фінальны тэкст Sacrosanctum Concilium не згадваюць новых Эўхарыстычных малітваў.

2. Прыватныя ініцыятывы перагледзець Рымскі Канон альбо стварыць новыя Эўхарыстычныя малітвы (1963—1968)

Аднак прыватныя ініцыятывы перагледзець Рымскі Канон ужо рабіліся. Дзве такія ініцыятывы былі апублікаваныя ў навуковых журналах, у працах Кюнга [4] ў 1963 годзе і Карла Амона [5] ў 1965 годзе [6]. З’явіліся і шматлікія іншыя новыя Эўхарыстычныя малітвы: некаторыя з іх былі апублікаваныя, а некаторыя — не. Адным з найбольш важных элементаў гэтай гісторыі стаў палітычны ціск на Святы Пасад з боку Касцёла ў Нідэрландах. Паміж 1965 і 1966 гадамі, да таго, як для Канона былі дазволеныя нацыянальныя мовы, пераклады Канона і тэксты новых Эўхарыстычных малітваў ужо распаўсюджваліся ў Галандыі [7].

Галандская біскупская канферэнцыя ў асобе біскупа Жана Блёйсэна (Jean Bluyssen) з Хертагенбоса, старшыні нацыянальнай літургічнай камісіі і члена паслясаборнай камісіі па правядзенні літургічных рэформаў (далей — Камісія), скіравала да Святога Пасаду афіцыйны запыт з просьбай дазволіць выкарыстанне гэтых тэкстаў. (Заўважце парадак дзеянняў: спачатку недазволенае эксперыментаванне, а пасля ціск з мэтай атрымання дазволу). Увосень 1966 года шмат лістоў і пасланцоў курсавала паміж Нідэрландамі і Рымам, каб вырашыць гэтую праблему. Анібале Буньіні (Annibale Bugnini), старшыня Камісіі, расказвае, што адбылося:

У выніку візіту айца Буньіні ў Нідэрланды была заснавана спецыяльная камісія, якая мусіла праверыць некаторыя Эўхарыстычныя малітвы, дасланыя [нідэрландскай] літургічнай камісіяй. Некалькі сустрэчаў паказалі, што будзе цяжка атрымаць дазвол на іх, таму Камісія прапанавала нідэрландцам пачакаць новых Эўхарыстычных малітваў, якія тады складаліся (Буньіні, с. 461, № 7) [6].

У студзені 1967 года тыя, хто меў уладу, згадзіліся, што некаторыя запыты галандскай канферэнцыі неабходна задаволіць. Сярод гэтых запытаў былі пераклад Канона і вывучэнне з наступным адабрэннем трох новых Эўхарыстычных малітваў. Папа Павел VI склікаў спецыяльную курыяльную камісію, якая вырашала, “ці не адпаведным было б пашырыць саступкі, прадугледжаныя для Нідэрландаў, на іншыя краіны ці нават на ўвесь Касцёл” (Буньіні, с. 106) [7].

Аднак, не жадаючы чакаць адказу з Рыма, шматлікія асобы і групы проста пайшлі наперад сваім ходам. Галандскія біскупы выбралі адзінаццаць Эўхарыстычных малітваў са шматлікіх малітваў, якія былі ў абарачэнні, і апублікавалі іх для афіцыйнага выкарыстання (11 лістапада 1969 года). Фламандскія біскупы з Бельгіі зрабілі тое самае, але скарацілі набор малітваў да пяці (1 лістапада 1969 года). Годам раней інданэзійскія біскупы дазволілі дзесяць Эўхарыстычных малітваў (24 кастрычніка 1968 года). Галандскія малітвы был перакладзеныя на нямецкую мову [8] (1968) і шматкроць надрукаваныя (пар. Буньіні, с. 465). У Францыі выкарыстоўвалася каля сотні Эўхарыстычных малітваў [9]. Бернар Бот (Bernard Botte) у 1968 годзе жаліўся на абсалютную анархію, якая панавала на французскамоўных тэрыторыях з-за выкарыстання недазволеных Эўхарыстычных малітваў [10].

Што ж адбывалася на афіцыйным ўзроўні ў той час, як мелі месца гэтыя прыватныя ініцыятывы?

3. Даследчая група 10 і яе праца над Ordo Missae (1965)

Клопатам Сабору была не сама Эўхарыстычная малітва, а рэвізія Ordo Missae. Гэтай задачай занялася Даследчая група 10. З цягам працы непазбежна паўстала пытанне пра Рымскі Канон. Вось як Буньіні апісвае гэтую сітуацыю:

Рымскі Канон быў самай далікатнай і складанай праблемай з усіх. З аднаго боку, павага да гэтай малітвы не дазваляла групе змяняць яе. З іншага боку, гучалі прапановы экспертаў і просьбы пастыраў арганізаваць Эўхарыстычную малітву па-іншаму і больш лагічна. Каб дамагчыся пераадолення гэтых цяжкасцяў, быў прапанаваны эксперымент з трыма перагледжанымі формамі Рымскага Канона (Буньіні, с. 343).

Навіны пра гэтыя эксперыменты хутка выйшлі вонкі, і розныя людзі пачалі скардзіцца Святому Пасаду. Стала відавочна, што правая рука не ведае, што робіць левая. Буньіні расказвае, што дзяржаўны сакратар кард. Чыканьяні (Amleto Cicognani) пісаў старшыні Камісіі кард. Леркара (Giacomo Lercaro) 25 кастрычніка 1965 года і зноў 10 снежня 1965 года, заклікаючы да надзвычайнай асцярожнасці (Буньіні, с. 152, № 30). 7 сакавіка 1966 года дзяржаўны сакратар перадаў Камісіі наступнае пасланне ад Папы Паўла VI:

Спяшаюся паведаміць пра жаданне Яго Святасці, каб Канон не змяняўся, прынамсі ў бліжэйшы час; адпаведна, кожная магчымая змена павінна прадстаўляцца для яўнага адабрэння Святым Айцом, які, са свайго боку, лічыць, што не павінен ўносіць ніякія змены ў Канон без папярэдніх задакументаваных і старанных даследаванняў, а затым, калі ўзнікне патрэба, кансультацый з біскупамі. Я павінен сказаць вам, што, улічваючы гэтыя рэчы, быць можа, лепей пакінуць традыцыйны тэкст без зменаў; гэта, аднак, не азначае, што даследаванне не мусіць працягвацца (Буньіні, с. 152, № 30).

Святы Айцец ціснуў на тармазы, але не перашкаджаў далейшым даследаванням. Таму Камісія вярнулася да прадмета Эўхарыстычнай малітвы праз пару месяцаў, прадстаўляючы новую просьбу Паўлу VI 25 мая 1966 года:

Калі прыйдзе час зноў адкрыць пытанне аб складанні новай Эўхарыстычнай малітвы (з увагі на складанасці, якія выклікае цяперашні Рымскі Канон з пастырскага пункту гледжання), даследчая група 10 будзе мець гонар распрацаваць некалькі мадэляў. У такім выпадку група будзе таксама адчуваць свой абавязак падбаць пра тое, каб новая малітва паказвала рымскі геній і каб рымская Імша працягвала быць вернай духу рымскай літургіі (Буньіні, с. 449).

Праз месяц, 20 чэрвеня 1966 года, кардынал Леркара накіраваў наступны запыт Святому Айцу:

Кожная з праектаваных рэвізій тэксту Эўхарыстычнай малітвы мае шматлікія і далікатныя праблемы; але і захаванне малітвы ў цяперашняй форме выклікае цяжкасці. Асабліва, калі яго прамаўляць уголас, Рымскі Канон стане ярмом з-за яго нязменнасці і некаторых надта лакальных элементаў, такіх як спіс святых…

Каноны, прапанаваныя рознымі крыніцамі, уяўляюць сабою рэвізіі тэксту з мэтай скарачэння ўзгаданых элементаў і перастаноўкі іншых заступніцкіх малітваў (Memento, Communicantes, Nobis quoque), каб зрабіць Эўхарыстычную малітву больш цэласнай адзінкай, якая ўключае ў сябе прэфацыю, Sanctus і анамнэзу. Але рэвізіі заўсёды небяспечныя, асабліва калі яны азначаюць умяшанне ў тэксты, якія маюць за сабой такую шанаваную традыцыю.

Выдаецца больш мэтазгодным пакінуць традыцыйны тэкст Канона некранутым і скласці ад пачатку адну ці болей Эўхарыстычных малітваў, якія будуць дадазеныя да традыцыйнага Канона і выкарыстаныя як альтэрнатывы яму, нават калі мэтай будзе толькі большая разнастайнасць тэкстаў (Буньіні, с. 449—450).

Цікава вылучыць матывы для прапанаваных зменаў:

  1. Рымскі Канон будзе ярмом, калі яго чытаць уголас, бо ён ўвесь час той самы.
  2. Спісы святых надта лакальныя.
  3. Канон з’яўляецца незадавальняючым са стылістычнага пункту гледжання і патрабуе значнай перапрацоўкі, каб атрымалася адзіная літаратурная адзінка.

Аднак, нягледзячы на гэтыя пратэсты супраць Рымскага Канона, Камісія разумна разважыла, што надта небяспечна ўмешвацца ў тэкст і што будзе лепш прадставіць некалькі альтэрнатываў, каб выправіць узгаданыя недахопы і дадаць разнастайнасці. Як распавядае Буньіні, “рашэнне Папы было кароткім і дакладным: цяперашняя Эўхарыстычная малітва павінна застацца некранутай; трэба скласці ці пашукаць дзве ці тры малітвы для выкарыстання ў вызначаныя перыяды часу” (Буньіні, с. 450).

Калі гэтае рашэнне разглядаць намінальна, яно пакідае Рымскаму Канону першае месца, дадаючы да рэпертуара некалькі іншых Эўхарыстычных малітваў другараднай ролі. (Фактычна, здарылася іншае.) “Вызначаныя перыяды часу” не азначаныя, а Святы Айцец пакінуў адкрытай магчымасць браць новыя Эўхарыстычныя малітвы з традыцыі ці складаць абсалютна новыя малітвы.

Маючы зялёнае святло ад Святога Айца, Камісія неадкладна прыступіла да працы.

Працяг будзе.


1. Enrico Mazza, The Eucharistic Prayers of the Roman Rite (New York: Pueblo Publishing Company, 1986), p.xxxi.

2. Больш позняе гістарычнае даследаванне, якое ўзгадвае гэтую просьбу гл. Notitiae 8 (1972), p.132. Упершыню біскуп Душак прапанаваў гэтую ідэю па-за залай паседжанняў Сабору на прэс-канферэнцыі 5 лістапада 1962 года. Больш інфармацыі ў G. Caprile, Il Concilio Vaticano II, vol 2: Il primo periodo 1962-1963 (Roma 1968), p.114.

3. Josef Jungmann, “Um die Reform des römischen Kanons: eine kritische Stellungnahme zu C. Vagagginis Entwürfen”, Liturgisches Jahrbuch 17 (1967) 2.

4. Hans Küng, “Das Eucharistiegebet: Konzil und Erneuerung der römischen Liturgie”, Wort und Wahrheit 18 (1963) 102-107.

5. Karl Amon, “Gratias Agere: Zur Reform des Messcanons”, Liturgisches Jahrbuch 15 (1965) 79-98.

6. Абодва тэксты зручна працытаваныя ў Cipriano Vagaggini, The Canon of the Mass and Liturgical Reform (Staten Island, NY: Alba House, 1967), pp.76-83.

7. Я перадаю гісторыю ўслед за аповедам Анібале Буньіні: The Reform of the Liturgy: 1948-1975 (Collegeville: The Liturgical Press, 1990), pp.105-107. Паколькі я моцна абапіраюся на словы Буньіні наконт гэтага перыяду і часта цытую яго, усе цытаты ягонай працы далей будуць з’яўляцца ў самім тэксце.

8. Пар. A. Schilling, Fürbitten und Kanongebete der Holländischen Kirche, Essen 1968.

9. Philippe Béguerie, “La Prière Eucharistique”, Notitiae 20 (1984) 196.

10. Bernard Botte, “Où en est la réforme du Canon de la Messe?”, Les Questions Liturgiques et Paroissiales 49 (1968) 138-141.


Аўтар: а. Касіян Фолсам OSB (Fr. Cassian Folsom OSB), манах архіабацтва св. Мейнрада. Пасвячэнне атрымаў у 1984 годзе. З 1993 года ён выкладае ў Пантыфікальным літургічным інстытуце ў Сант-Ансельма ў Рыме.
КрыніцаAdoremus 1996, Vol. II, № 4-6
Ілюстрацыя: Jacob Maurer (CC BY-NC-ND)

Артыкул перакладзены з англійскай мовы і перадрукаваныя з дазволу рэдакцыі Adoremus.

Пакінуць каментар