6940535165_3a425b8d3f_b

Назва гэтага артыкула спасылаецца на тое, што заўсёды здзіўляла мяне як адна з найбольш дзіўных рэчаў у паслясаборнай рэформе: выкарыстанне слова “свята” ў якасці назвы ступені свята. Да 1969 года “свята” было агульным тэрмінам для ўсіх ступеняў ва ўсіх традыцыях і абрадах, ад Вялікадня да таямнічага сярэднявечнага пустэльніка з лакальнага календара. Гэта як быццам рэфармаваць воінскія званні і адно з іх назваць “афіцэр”.

Так ці інакш, бюлетэнь Святога Пасаду апублікаваў дэкрэт Кангрэгацыі Божага культу, які павышае свята св. Марыі Магдалены ў звычайнай форме ад ступені абавязковага ўспаміну да ступені свята, да ступені, якую маюць апосталы, калі не лічыць урачыстасці св. Пятра і Паўла. Да яе Імшы дадаецца новая нязменная прэфацыя. (Больш пра гэта ніжэй.) Афіцый свята зменіцца больш грунтоўна, бо ў Гадзіне чытанняў мусяць з’явіцца ўласныя псальмы з антыфонамі, а малітва на працягу дня (тэрцыя, сэкста ці нона) больш не будзе брацца з дня, як гэта робіцца на ўспаміны. У дэкрэце не ўзгадваецца надзвычайная форма рымскага абраду, у якой свята захоўвае ранг трэцяга класа. Магчыма, камісія Ecclesia Dei разгледзіць яго павышэнне да другога класа, па аналогіі з дадзеным дэкрэтам.

Айцец Зюльсдорф, напэўна, мае рацыю, прадказваючы, што надта шмат будзе выцягнута з таго факту, што Папа Францішак падняў цэлебрацыю жанчыны да ўзроўню, які заняты амаль выключна (калі казаць пра агульны каляндар) апосталамі. Але гэта не толькі навіна, але часткова і вяртанне да гістарычнай практыкі Трыдэнцкага абраду. У брэвіярыі св. Пія V, які выйшаў толькі за два гады да ягонага Імшала (1568), было тры ступені свята: duplex, semiduplex і simplex. Свята св. Марыі Магдалены было двайным (duplex), што азначае, што яно мела адны і другія Нешпары, двайныя антыфоны на вялікія гадзіны, дзевяць чытанняў на ранішняй гадзіне (Matutinum), першынство перад звычайнымі нядзелямі і мусіла пераносіцца, калі ўзнікала перашкода. Праўда, пазней, калі двайныя святы падзялілі на чатыры катэгорыі, Марыя Магдалена апынулася ў найніжэйшай з іх (разам з усімі дактарамі Касцёла, сярод іншых). Тым не менш, літургічныя прывілеі гэтага свята нават не пачыналі скарачаць аж да праўлення Папы Льва ХІІІ напрыканцы ХІХ стагоддзя.

Як я адзначаў у артыкуле пра гэтае свята ў 2014 годзе, на Імшы пра св. Марыю Магдалену традыцыйна прамаўлялі Сімвал веры як прызнанне таго факту, што яна першая аб’явіла пра ўваскрасенне апосталам. (Гэты ўдалы звычай быў выдалены з Рымскага Імшала ў 1955 годзе па незразумелай прычыне.) Таксама гэта прычына таго, што ў вялікім мностве сярэднявечных літургічных тэкстаў Марыю Магдалену называюць “апосталам апосталаў” (напрыклад, у антыфоне да песні Benedictus у адпаведным Афіцыі дамініканскага абраду).

O mundi lampas, et margaríta praefúlgida, quae resurrectiónem Christi nuntiando, Apostolórum Apóstola fíeri meruisti! María Magdaléna, semper pia exoratrix pro nobis adsis ad Deum, qui te elégit.

О, светач свету і ззяючая пярліна, якая праз абвяшчэнне ўваскрасення Хрыста заслужыла стаць апосталам апосталаў! Марыя Магдалена, у сваёй дабрыні заўсёды стой перад Богам, які цябе выбраў, каб маліць Яго за нас.

Новая прэфацыя была апублікавана па-лацінску з умовай, што моўныя версіі будуць падрыхтаваныя біскупскімі канферэнцыямі і дададзеныя ў наступнае выданне Імшала. Нельга не заўважыць, што першая частка прэфацыі граматычна карэктная, але словы без патрэбы пастаўлены ў няскладным парадку, і таму ў тым ці іншым месцы яны будуць дысанаваць з музычнымі сказамі мелодыі для прэфацый, калі б нехта паспрабаваў гэтую прэфацыю праспяваць.

“Vere dignum et iustum est, aequum et salutáre, nos te, Pater omnípotens, cuius non minor est misericordia quam potestas, in ómnibus praedicáre, per Christum Dóminum nostrum. Qui in hortu manifestus appáruit Maríae Magdalénae, quippe quae eum diléxerat vivéntem, in cruce víderat morientem, quaesíerat in sepulcro iacentem, ac prima adoráverat a mórtuis resurgentem, et eam apostolátus officio coram apóstolis honorávit, ut bonum novae vitae nuntium ad mundi fines perveníret. Unde et nos, Dómine, cum Angelis et Sanctis universis tibi confitémur, in exsultatióne dicentes:”

“Сапраўды годна гэта і справядліва, слушна і збавенна, каб мы Цябе, усемагутны Ойча, чыя міласэрнасць не меншая за моц, ва ўсіх рэчах абвяшчалі, праз Хрыста, Пана нашага, які ў садзе адкрыта з’явіўся Марыі Магдалене, якая сапраўды любіла Яго пры жыцці, бачыла Яго паміраючым на крыжы, шукала яго пакладзеным у магілу і першай пакланілася Яму, калі Ён паўстаў з мёртвых; і Ён ўганараваў яе апостальскім служэннем у прысутнасці апосталаў, каб добрая навіна новага жыцця магла дайсці да краёў зямлі. Таму і мы, Пане, з анёламі і з усімі святымі Цябе праслаўляем, з радасцю ўсклікаючы…”

* * *

Дадатак: А. Ханвік знайшоў граматычную памылку ў новай прэфацыі, якую я, на свой сорам, прапусціў. Лацінскае слова “hortus” — сад — мае 2-е скланенне, а не 4-е, і павінна ў форме ablativus мець форму “horto”, а не “hortu”. Эх…


Аўтар: Gregory DiPippo
Крыніца: New Liturgical Movement
Ілюстрацыя: Saint Joseph (CC BY-NC-ND)

Пераклад зроблены з англійскага арыгінала і перадрукаваны з дазволу аўтара. Пераклад прэфацыі пра Марыю Магдалену неафіцыйны.

Пакінуць каментар